Вы тут

У Лоеўскім раёне дзеці далі свае імёны саджанцам новага саду


Вішні «Настасся», «Арцём», «Ігар» і яшчэ амаль тры дзясяткі маладых дрэўцаў з імёнамі дзяцей цяпер будуць упрыгожваць Каўпенскі дзіцячы сад — базавую школу, што ў Лоеўскім раёне. Свае імёны дзеці далі саджанцам новага саду. Так школьнікі падтрымалі рэспубліканскую прыродаахоўную акцыю «Сад надзеі».


Сёння ў дзіцячым садзе — базавай школе аграгарадка Каўпень 46 вучні, 17 настаўнікаў. Педагогі на ўзроўні раёна выказалі ініцыятыву залажыць «Сад надзеі» менавіта на тэрыторыі іх навучальнай установы. Высадзілі амаль тры дзясяткі саджанцаў — вішні, яблыні, абрыкосы і грэцкія арэхі. Дрэўцы для пасадкі прынеслі з дамашніх прысядзібных участкаў. У садовым дэсанце бралі ўдзел вучні ўсіх класаў пачатковай і базавай школы, увесь педагагічны калектыў. Вучні 9-га класа, а сёлета гэта чацвёра навучэнцаў, асобна высадзілі Дрэва выпускнікоў — 2022.

— «Сад надзеі» для нас, дзяцей і ўсіх супрацоўнікаў школы вельмі сімвалічны. Ён — сімвал надзеі на тое, што наша школа будзе жыць! Вучні вызначацца з прафесіяй, паспяхова паступяць у навучальныя ўстановы, будуць праслаўляць сваю родную школу, — спадзяецца дырэктар Каўпенскага дзіцячага сада — базавай школы Святлана Лёгкая.

У каўпенскіх вучняў ёсць вопыт работы ў цяпліцы і на прышкольным участку на ўроках працоўнага навучання. Актыўна ўключаюцца дзеці таксама ў акцыі па азеляненні свайго аграгарадка. Таму, упэўненая галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Лоеўскага райвыканкама Таццяна Гаспадарова, школьнаму «Саду надзеі» гарантаваны належны догляд. Вучні асабліва падкрэслілі, што мараць самастойна даглядаць імянныя дрэўцы.

— Вучні з такім задавальненнем высаджвалі дрэўцы, а пасля давалі ім свае імёны. Прыемна было назіраць за гэтым і раздзяліць радасць з дзецьмі, — падзялілася Таццяна Гаспадарова.

Галоўны спецыяліст райвыканкама падчас рэспубліканскай прыродаахоўнай акцыі не толькі словам, але і справай падтрымала каўпенскіх вучняў і педагогаў: дапамагла высадзіць расліны. Цяпер Таццяна Мікалаеўна матывуе ўсе ўстановы адукацыі Лоеўшыны ўключыцца ў экалагічны рух. Кажа, гарантаваны выдатны эмацыянальны эфект ад такой карыснай справы.

— Хацелася б, каб да гэткіх ініцыятыў далучаліся і бацькі вучняў. Бо дзеці з такой цікавасцю бяруцца за падобныя акцыі. І важна, каб бацькі змаглі раздзяліць з імі радасць ад удзелу ў чымсьці карысным для прыроды. Хацелася б, каб бацькі ўбачылі, наколькі іх дзеці з захапленнем бяруцца даглядаць саджанцы, імкнуцца далучацца да працоўнай дзейнасці. Гэта абавязкова варта падтрымліваць і ў сям'і, — перакананая галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Дарэчы, рэспубліканская прыродаахоўная акцыя «Сад надзеі» — ініцыятыва Савета Міністраў — сёмы год запар актыўна падтрымліваецца ў розных рэгіёнах краіны. Сёлета на Гомельшчыне новыя «Сады надзеі» ўжо закладзены ў Хойніцкім, Петрыкаўскім, Ельскім, Рагачоўскім і Лоеўскім раёнах.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Валянціны ХУДАЛЕЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?