Вы тут

Пераможцы рэспубліканскіх алімпіяд і навучэнцы ліцэя МУС наведалі Палац Незалежнасці


Будынак ужо даўно арганічна ўпісаўся ў ландшафт беларускай сталіцы. Убачыць яго як звонку, а тым больш унутры, жадаюць многія жыхары краіны, а таксама яе госці. Такая магчымасць ёсць: рэгулярна для самых разнастайных дэлегацый з розных рэгіёнаў краіны Палац Незалежнасці адчыняе свае дзверы. Паказаць славутасць Мінска, месца, дзе прымаюцца самыя важныя дзяржаўныя рашэнні, — жаданне Прэзідэнта. 


На гэты раз пахадзіць па велічных залах, кожная з якіх мае сваю гісторыю, унікальнае творчае аздабленне, выпаў гонар найлепшым у вучобе школьнікам Віцебска, а таксама тым, хто плануе прысвяціць сваё жыццё служэнню Айчыне. 

Пачалася экскурсія з наведвання галоўнай цырыманіяльнай пляцоўкі нашай краіны. Тут маладыя людзі даведаліся аб дэталях і цікавых фактах, звязаных з будаўніцтвам Палаца Незалежнасці. У прыватнасці, хлопцаў і дзяўчат уразіла тое, што ва ўзвядзенні аб’екта ўдзельнічалі выключна беларускія майстры. Да слова, пры будаўніцтве Палаца прымянялася ўсё, што можна вырабіць у краіне. Кожная зала — прадмет мастацтва. Кожная дэталь інтэр’еру — ўласны почырк беларускіх майстроў, на якіх багатая наша краіна. 

Як прызналася Лізавета Барысава, адзінаццацікласніца гімназіі № 9 Віцебска, заходзячы ў іх, яна адчувае сябе важным чалавекам. «Вельмі прыемна, што магчымасць наведаць гэтае сімвалічнае ў нашай краіне месца прадастаўляецца звычайным школьнікам, — удакладніла дзяўчына. — Асабліва ганарова, калі ўсведамляеш той факт, што па гэтых калідорах ходзіць наш Прэзідэнт, кіраўнікі іншых дзяржаў». 

Наведвальнікі з цікавасцю даведаліся, што замест запланаваных 57 месяцаў Палац Незалежнасці быў пабудаваны за 30. Аднак паскоранае ўзвядзенне гэтага знакавага аб’екта ніколькі не сказалася на якасці работы: дагэтуль майстры з іншых краін, якія бываюць у гэтых сценах, здзіўляюцца прафесіяналізму нашых спецыялістаў, якія здолелі за дастаткова кароткі тэрмін увасобіць задуманнае. 

— Вельмі цікава наведаць залы, дзе адбываліся знакавыя падзеі ў нашай, а таксама сусветнай гісторыі, — адзначыў старшы віцэ-сяржант 4 курса Спецыялізаванага ліцэя МУС Арцём Кавалёў. — Кожная зала мае сваю адметнасць: характэрны свой дэкор, свая атмасфера. Напрыклад, у самай вялікай мне вельмі спадабалася люстра, якая па сваёй велічыне і масе заслужана знаходзілася ў топ-10 свету. 

Усяго ў Палацы Незалежнасці — 20 залаў. Сярод найбольш папулярных у наведвальнікаў — зялёная, якая ўвайшла ў сусветную гісторыю як месца, дзе ў лютым 2015 года на працягу амаль 16 гадзін адбываліся перагаворы па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне. Актыўна фатаграфаваліся школьнікі і ліцэісты і ў зале ўрачыстых цырымоній, якая з’яўляецца адной з самых вялікіх у краіне і адначасова можа прыняць да тысячы чалавек. Уважліва юныя наведвальнікі вывучалі і экспазіцыю музея падарункаў, у якім захоўваюцца падарункі Прэзідэнту, уручаныя ў розны час рознымі людзьмі і дэлегацыямі. Нікога не пакінуў раўнадушным і зімовы сад, які вельмі арганічна ўпісаны ў канцэпцыю Палаца Незалежнасці. Тут, дарэчы, растуць фруктовыя дрэвы, якія яшчэ і даюць плён — у гэтым школьнікі і ліцэісты маглі пераканацца асабіста. 

На вучаніцу 10 класа віцебскай гімназіі № 9 Арыну Цімчанку ўражанне аказала камінная зала Палаца Незалежнасці. «Сама атмасфера, яе афармленне настройвае на працу, — заўважыла школьніца. — Запомніліся карціны беларускіх мастакоў і дзіцячы фотаздымак Прэзідэнта: такога дакладна не ўбачыш у інтэрнэце». 

— Сёння мы даведаліся шмат чаго новага, у тым ліку атрымалі веды аб гісторыі Палаца Незалежнасці, гісторыі нашай краіны, аб некаторых дэталях жыцця нашага Прэзідэнта, — падзялілася ўражаннямі вучаніца 9 класа гімназіі № 8 Віцебска Дзіяна Озерава. — Такім чынам, мы ўмацоўваем любоў да нашай краіны. Такія экскурсіі аказваюць значны ўплыў на фарміраванне нашага патрыятычнага светапогляду. Вельмі прыемна, што ўсё, што мы ўбачылі, створана беларускімі майстрамі. Гэта ўсяляе ў нас гонар за сваіх суайчыннікаў, рукамі якіх створаны такі велічны будынак, гонар за сваю краіну. 

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.