Вы тут

НD-фармат, 5G, сістэма маніторынгу грамадскай бяспекі


Зрабіць паслугі тэлекамунікацыі яшчэ больш камфортнымі, прадаставіць роўныя магчымасці іх выкарыстання незалежна ад геаграфіі і гарантаваць нацыянальную бяспеку — вось асноўныя накірункі працы, якія вызначылі прадстаўнікі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі, дзяржаўнага прадпрыемства «БелДІЭ» і РУП «Белтэлекам». Перспектывы развіцця тэлекамунікацый у Беларусі і ўкаранення сучасных тэхналогій у гэтыя працэсы абмеркавалі днямі.


Фота: Мінсувязі

— Мы забяспечваем поўнавартаснае і ўсебаковае развіццё сеткі тэлекамунікацый у Рэсупубліцы Беларусь і заўсёды працуем па прынцыпе, што для паспяховай рэалізацыі неабходна апераджальнае развіццё ўсёй інфраструктуры. І першае, што хочацца адзначыць — тэлебачанне: наша краіна першая сярод краін СНД завяршыла пераход на лічбавае вяшчанне яшчэ ў 2015 годзе, забяспечыўшы патрабаванні міжнароднай стандартызацыі электрасувязі. Зараз у нас больш за 99 працэнтаў тэрыторыі краіны ахоплена лічбавым тэлевізійным вяшчаннем. Наступны этап — мы ў актыўнай стадыі яго прапрацоўкі — каб праз антэну прадаставіць людзям ужо праграмы ў НD-фармаце, што дасць магчымасць камфортнага прагляду на тэлевізійным прыёмніку вялікай дыяганалі ў высокім раздзяленні, — распавёў першы намеснік міністра Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Павел ТКАЧ. — Зараз мы маем універсальную мультысервісную платформу, якая з выкарыстаннем аднаго валаконна-аптычнага кабелю аказвае ўвесь комплекс паслуг. Гэта дало і высокую якасць, і скарачэнне ў тым ліку энергаспажывання.

І цяпер ужо больш за 90 % насельніцтва падключаныя да гэтай платформы. Да 2025 года работы ў такім напрамку будуць поўнасцю завершаны. 

Як адзначыў прадстаўнік ведамства, для здзяйснення гэтых задум было пабудавана шмат аб’ектаў і ліній электрасувязі. Колькасць ліній на сёння складае больш за 150 тысяч кіламетраў (што дазволіла б 4 разы абагнуць зямлю вакол экватара). У лідарах, што датычыцца еўрапейскага рэгіёну, Беларусь і па колькасці тых, хто сёння ўжо падключаны да валаконна-аптычных ліній сувязі (64% дамоў). На перспектыву тут ставяць задачу завяршыць распачатае і разам з тым забяспечыць максімальную перадачу дадзеных і больш высокахуткасныя спалучэнні — 100 МГб і вышэй. У апошнія два гады з’явілася паслуга «відэакантроль», што дазваляе як гарантаваць грамадскую бяспеку, так і ажыццяўляць, да прыкладу, нагляд за ўласным аўто альбо за дзецьмі, якія гуляюць у двары. Можна нават скарыстацца паслугай відэааналітыкі і пераканацца, ці своечасова прыбралі пад’езд, як здзяйсняецца рамонт і г.д. Такім чынам зараз ужо актыўна прапрацоўваецца пытанне , каб уключыць паслугу відэаназірання ў склад камунальных паслуг. 

Што датычыцца развіцця сотавай сувязі ў Беларусі, то сёння завяршаецца будаўніцтва сеткі 4G. І да 2023 года павінна быць забяспечана пакрыццё ўсёй тэрыторыі рэспублікі. Безумоўна, усіх цікавіць пытанне, а што з 5G? Гэта перспектыўная тэхналогія і самая чакаемая, як у самім міністэрстве, так і сярод карыстальнікаў. На дадзены момант створана працоўная група і распрацавана тры варыянты стратэгіі , кожная з якіх мае свае недахопы і перавагі як у фінансавай, так і арганізацыйнай і тэхнічнай мадэлі, як для аператараў, так і для дзяржавы . Варыянты вынесены на разгляд рабочай групы. Чакаецца, што ў бліжэйшы час з’явіцца канчатковае рашэнне адносна таго, па якой стратэгіі будзе рэалізоўвацца работа ў гэтым напрамку ў Беларусі. Перавагі сеткі відавочныя: гэта высокая хуткасць перадачы дадзеных, якая будзе ў дзясяткі раз перавышаць існуюцую 4G, нізкая затрымка сігналу і магчымасць будаўніцтва некалькіх слаёў такіх сетак, дзе кожная зможа існаваць незалежна і не перашкаджаючы іншым. 

Павел Ткач таксама адзначыў, што расце колькасць карыстальнікаў «Белтэлекама», як і колькасць тых, хто карыстаецца мабільным інтэрнетам. Сумеснае развіццё як праваднога, так і бесправаднога інтэрнету робіць папулярнымі так званыя канвергентныя паслугі. Калі ў рамках аднаго пакету абанент можа мець і той, і іншы від паслуг. Гэта дазволіць вырашыць пытанне лічбавай няроўнасці, паколькі правядзенне валакна ў аддаленыя населеныя пункты не заўсёды эканамічна мэтазгодна. А выкарыстанне радыёхваль дапамагае забяспечыць сучаснымі лічбавымі тэхналогіямі насельніцтва ў такіх месцах. 

У сваю чаргу першы намеснік генеральнага дырэктара РУП «Белтэлекам» Генадзь МЕЛЬНІКАЎ распавёў аб актыўным нарошчванні сеткі і валаконна-аптычных ліній сувязі (на сёння пабудавана 7,9 тысяч кіламетраў такіх ліній). Дзякуючы таму, што сёння ў краіне пабудавана сучасная разгалінаваная сетка ліній сувязі, ствараецца інфраструктура для развіцця лічбавай эканомікі і трансфармацыі ўсіх сучасных паслуг на тэрыторыі нашай краіны. 

— Адна з самых галоўных задач, якія мы вырашаем — гэта адсочванне і сціранне лічбавай няроўнасці паміж горадам і вёскай. Паколькі сетка «Белтэлекам» прысутнічае на тэрыторыі ўсёй Беларусі, то мы паспяхова рэалізоўваем і гэты праект, — распавядае Генадзь Васільевіч.

— Асноўная задача «Белтэлекама» на сённяшні дзень — гэта далейшае развіццё тэхналогій на базе сучасных аптычных сетак. Па пранікненні такіх сетак мы на другім месцы ў Еўропе. Зараз актыўна развіваем платформы «Мой горад», «Мой універсітэт», супрацоўнічаем з установамі аховы здароўя і адукацыі. Валаконна-аптычнымі лініямі сувязі забяспечаны ўсе нашы аб’екты аховы здароўя і адукацыі, на базе якіх маецца магчымасць прымяняць свае высокатэхналагічныя паслугі і платформы. Яшчэ кіраўніцтвам дзяржавы нядаўна быў падпісаны ўказ, дзе «Белтэлекам» надзелены правам аператара рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі. І тая валаконна-аптычная сетка, якая сёння ў нас пабудавана, дазволіць нам паспяхова ў адведзеныя тэрміны рэалізаваць гэты важны праект для бяспекі нашай кріны. У Беларусі было распачата стварэнне рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі. І зараз гэтае пытанне набыло першаснае значэнне, таму нам даручылі працягваць ствараць такую сістэму. І мы сумесна з міністэрствам сувязі знаходзімся ў актыўнай фазе рэалізацыі пастаўленай задачы. 

Так, камеры з’явяцца ў спецыяльна вызначаных месцах (дарогі, будынкі, запраўкі, плошчы і г.д), што дасць магчымасць адсочваць і аператыўна рэагаваць на надзвычайныя сітуацыі, ажыццяўляць маніторынг, напрыклад, пажарнай бяспекі, спрыяць раскрыццю злачынстваў і іншае. І «Белтэлекам» зараз стварае патрэбную для гэтага інфраструктуру. У планах да канца 2023 года завяршыць праект. 

Прысутныя таксама падкрэслілі, што на сёлетняй выстаўцы «TIBO-2022» прадэманструюць свае напрацоўкі ў кантэксце таго, каб і далей захоўвалася інавацыйнасць і пашыраліся паслугі тэлекамунікацый на тэрыторыі краіны. Напрыклад, дырэктар Дзяржаўнага прадпрыемства «БелДІЭ» Аляксей ІВАШКІН анансаваў, што будзе прадстаўлена пробная версія мабільнага дадатку «Хваля», з дапамогай якога кожны абанент зможа стаць асобнай вымяральнай адзінкай і здолее аператыўна сігналізіраваць аб праблемных месцах і паказчыках у сетках сотавай перасоўнай мабільнай сувязі. Што заклікана падштурхнуць аператараў да развіцця сваіх сетак і павышэння якасці абслугоўвання абанентаў. 

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».