Вы тут

Рубель з капейкі паходзіць. Чаму батон адзін і той жа — а цана розная?


Нядаўна ў сталічным супермаркеце пазнаёмілася з жанчынай. Звярнула на яе ўвагу, бо Вольга набывала ажно 20 пачак цукру. Як аказалася, не сабе, а сваячцы, якая жыве ў вёсцы на Віцебшчыне. «Хутка ж пачнецца сезон нарыхтовак, а мая Галка фанат гэтай справы. Днямі званіла, распавядала, што цукар у іх вясковай краме каштуе ўжо тры рублі з капейкамі. Дык я ёй наказала, каб нават не думала страчваць грошы, я ёй тут, у Мінску, набуду амаль на рубель танней за кілаграм і з дзецьмі перадам. Калі адзін пачак купляеш, дык, можа, і не прынцыпова. А як 20 — дык розніца адчувальная. Парадокс нейкі — у людзей на вёсцы заробкі меншыя, а цэны там вышэйшыя», — паціснула плячыма жанчына і накіравалася да касы.


З падобным пытаннем у рэдакцыю звярнуўся і Віктар Шасцюк з вёскі Раз'езд Фалічы Старадарожскага раёна Мінскай вобласці. Ён піша, што спачатку купіў батон «Нежный» у горадзе Старыя Дарогі, а потым, праз некалькі дзён, — дакладна такі ж у сябе па месцы жыхарства, у аўталаўцы Любанскага райпа. «Батон вырабляецца ўсё тым жа Любанскім райпа. Адпаведна, не павінна быць накрутак, бо пакупнік набывае яго напрамую ў вытворцы, без пасрэднікаў. Але чамусьці ў аўталаўцы батон «Нежный» каштуе на 6 % даражэй, чым у гарадской краме?! Лічу, што гэта неабгрунтаванае ўстанаўленне няроўнасці жыхароў вёскі і горада».

Чаму адзін і той жа батон у розных крамах можа каштаваць па-рознаму? Пракаментаваць зварот чытача мы папрасілі ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь (далей — МАРГ).

Жыхар вёскі Раз'езд Фалічы 28 сакавіка быў у райцэнтры. Зайшоў там у краму «Юлія» (належыць гандлёваму ўнітарнаму прадпрыемству «Гандлёвая кампанія «Камплімілк Трэйд») і набыў батон «Нежный». Заплаціў за яго 1,19 руб. 7 красавіка такі ж батон у аўталаўцы абышоўся яму ў 1,25 руб.

Адпускная цана вытворцы на батон «Нежный» як на 28 сакавіка, так і на 7 красавіка складала 0,95 руб. Чаму ж тады ён у гарадской краме каштаваў на 6 капеек танней? Як патлумачылі ў МАРГ, розніца ў коштах абумоўлена тым, што да адной і той жа адпускной цаны Любанскае райпа прымяніла гандлёвую надбаўку ў памеры 20 працэнтаў, а кампанія «Камплімілк Трэйд» — у памеры 14 працэнтаў.

Паводле слоў першага намесніка міністра МАРГ Івана Вежнаўца, згодна з нашым заканадаўствам, рознічныя кошты на аналагічныя тавары, якія прадаюцца ў гандлёвых аб'ектах (у тым ліку ў аўтакрамах) Любанскага райпа і гандлёвых аб'ектах іншых гаспадарчых суб'ектаў (у тым ліку гандлёвай кампаніі «Камплімілк Трэйд») могуць адрознівацца памерамі прымененых гандлёвых надбавак. Да 9 красавіка гэтага года дзяржаўнае рэгуляванне цэн на «хлеб, вырабы булачныя (батон) з мукі пшанічнай» (за выключэннем хлябоў з даданнем збожжавых, фруктовых дабавак, дабавак з гародніны, арэхаў, сухафруктаў, спецый, клейкавіны пшанічнай сухой (глютэн пшанічны), малочных і яечных прадуктаў, хлябоў для тостаў, хлябцоў (хрумсткіх, збожжавых, экструзійных і іншых), лаваша і іншага нацыянальнага хлеба, здобных булачных вырабаў) ажыццяўлялася ў адпаведнасці з пастановай МАРГ Рэспублікі Беларусь № 25 «Аб рэгуляванні цэн на сацыяльна значныя тавары». Згодна з ёй, максімальная гандлёвая надбаўка (з улікам аптовай надбаўкі) на дадзеную групу тавараў была ўстаноўлена ў памеры 20 працэнтаў для ўсіх суб'ектаў гаспадарання. Таму відавочна, што рознічныя цэны на батон «Нежный» як Любанскім райпо, так і кампаніяй «Камплімілк Трэйд» сфармаваны правільна, надбаўка не завышана, з пункту гледжання заканадаўства ніхто нічога не парушыў.

Тым не менш для Віктара Іванавіча, як і для іншых пакупнікоў, ёсць прыемная навіна. Месяц таму максімальная гандлёвая надбаўка на «хлеб, вырабы булачныя (батон) з мукі пшанічнай» зменшылася. Адпаведна, у сувязі з гэтым знізіўся і цана батона «Нежный» у аўталаўцы Любанскага райпо.

— З 9 красавіка гэтага года ўступіла ў сілу новая пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 7 красавіка 2022 г. № 214 «Аб рэгуляванні цэн», якой чарговы раз працягнута цэнавае рэгуляванне на сацыяльна значныя тавары, — паведаміў Іван Вежнавец. — Цяпер для суб'ектаў гандлю ўсталяваны гранічны максімальны ўзровень гандлёвай надбаўкі (з улікам аптовай надбаўкі) на «хлеб, вырабы булачныя (батон) з пшанічнай мукі» ў памеры 15 працэнтаў. А гэта на 5 працэнтаў ніжэй за ўзровень гандлёвай надбаўкі, якая дзейнічала да гэтага.

У суб'ектаў гандлю няма заканадаўчага абавязку ўстанаўліваць адзіны ўзровень гандлёвай надбаўкі на тавары. Кожная крама па сваім рашэнні ў сувязі са сваім фінансавым становішчам можа прымяняць любы яе памер. Галоўнае, каб яна не перавысіла максімальна дапушчальны ўзровень, устаноўлены Саўмінам. У прыватнасці, на сёння Любанскае райпа можа зрабіць на батон «Нежный» надбаўку 15 працэнтаў і ніжэй. Перавышаць жа 15-працэнтны парог ніхто не мае права. За гэта прадуглежаны штрафныя санкцыі. Часам падчас маніторынгаў МАРГ устанаўлівае факты перавышэння цэн на вызначаныя групы тавараў і, вядома, прыцягвае парушальнікаў да адказнасці. Гэта раней, у савецкія часы (як любіць згадваць мая бабуля), хлеб паўсюль каштаваў аднолькава. Зараз жа ва ўсіх крамах цэны, хоць не нашмат, але адрозніваюцца. Бо ў дзяржавы няма мэты іх выраўняць. Наадварот, ствараюцца ўсе ўмовы для здаровай канкурэнцыі суб'ектаў гаспадарання. Максімальныя ж гандлёвыя надбаўкі створаны ў першую чаргу, каб стрымліваць бескантрольны рост цэн.

Пры гэтым намеснік міністра падкрэсліў, што МАРГ як орган дзяржаўнага кіравання (згодна з артыкулам 25 Закона Рэспублікі Беларусь ад 8 снежня 2014 г. № 128-З «Аб дзяржаўным рэгуляванні гандлю і грамадскага харчавання ў Рэспубліцы Беларусь») не мае права прымушаць суб'екты гандлю (суб'екты грамадскага харчавання, пастаўшчыкоў тавараў) заключаць у прыярытэтным парадку дагаворы, якія прадугледжваюць пастаўкі тавараў, з пэўнымі контрагентамі (калі іншае не ўстаноўлена заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь), а таксама абмяжоўваць канкурэнцыю і прычыняць шкоду іх правам, свабодам і законным інтарэсам.

— Але ўсё ж такі чаму ў вясковых крамах і аўталаўках, як правіла, прымяняюцца максімальныя гандлёвыя надбаўкі на тавары, а ў гарадскіх супермаркетах усё можна купіць танней?

— Гандлёвае абслугоўванне вёсак спалучана з дастаткова высокімі выдаткамі на дастаўку тавараў да пакупнікоў, — тлумачыць Іван Вежнавец. — Гэта, у сваю чаргу, адбіваецца на іх канчатковай цане. Гандлёвая надбаўка дае суб'ектам гандлю магчымасць пакрываць выдаткі, якія звязаны з продажам тавару (у тым ліку транспартныя) і разам з тым атрымліваць прыбытак. У гарадах тавараабарот суб'ектаў гандлю вышэйшы, чым у вясковых. Гэта дазваляе ім зніжаць свае пастаянныя выдаткі на адзінку тавару (напрыклад, выдаткі на арэнду гандлёвых памяшканняў, заробак работнікаў) і, адпаведна, устанаўліваць ніжэйшыя ўзроўні гандлёвых надбавак. Адначасова ўзровень пераменных выдаткаў на абслугоўванне пакупнікоў у горадзе таксама ніжэйшы (у прыватнасці, выдаткі на дастаўку тавараў да пакупнікоў). Але яшчэ раз хачу падкрэсліць: прымяненне максімальнай гандлёвай надбаўкі суб'ектам гаспадарання згодна з дзеючым заканадаўствам не з'яўляецца цэнавым злоўжываннем.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Культура

Што пакажа «Славянскі базар у Віцебску»? Добры настрой і незабыўныя ўспаміны гарантаваны

Што пакажа «Славянскі базар у Віцебску»? Добры настрой і незабыўныя ўспаміны гарантаваны

Канцэртныя праграмы, тэатральныя пастаноўкі, майстар-класы, кірмаш і многае іншае.

Грамадства

З серады дажджы, а з чацвярга спякота «адпусціць»

З серады дажджы, а з чацвярга спякота «адпусціць»

Начныя тэмпературы стануць яшчэ ніжэй у пятніцу.

Калейдаскоп

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

У ходзе аперацыі савецкая армія разграміла групу армій «Цэнтр» Вермахта.