Вы тут

У Лунінцы перапахавалі астанкі ахвяр фашызму


У рамках расследавання фактаў генацыду народа Беларусі ад рук нямецка-фашысцкіх акупантаў пракуратура Лунінецкага раёна выявіла раней невядомае месца пахавання ахвяр фашызму. Таямніца адной з трагедый вайны, пра якую паведамлялі ў публікацыі «У жніўні сорак першага», стала відавочнай праз 80 гадоў пасля расстрэлу гітлераўцамі больш як тысячы мірных жыхароў Лунінца.


Астанкі, знойдзеныя ваеннаслужачымі 52-га асобнага спецыялізаванага батальёна Міністэрства абароны, былі накіраваны ў Брэсцкую абласную пракуратуру. Спецыялісты на працягу шасці месяцаў праводзілі судова-медыцынскую экспертызу. І нават супрацоўнікі, якія маюць за плячыма салідны стаж у прафесіі, уздрыгвалі ад выгляду чэрапаў дзяцей з дзіркамі ад куль у патыліцы...

Днямі ў Лунінцы адбылося перапахаванне ахвяр фашызму з удзелам Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Дзяржавы Ізраіль у Беларусі Алекса Гольдмана-Шаймана, прадстаўнікоў мясцовай улады, пракуратур раёна і вобласці, працоўных калектываў і ўстаноў адукацыі, дэлегацый з іншых гарадоў і нават краін. Пераадолеўшы розныя перашкоды, з Ізраіля на радзіму продкаў прыехалі сваякі нявінна загінулых. Пасля іх выступленняў многія юныя лунінчане ўсвядомілі ісціну, што «гібель мільёнаў людзей — статыстыка, а гібель аднаго чалавека — трагедыя».

Хана Ахітуў праз слёзы чытала ліст, адрасаваны прадзеду, які марыў аб Святой Зямлі, але, як і яго жонка, дзве дачкі і двое ўнукаў, стаў ахвярай фашызму. Двое сыноў Якава Хвацюка змагаліся з гітлераўцамі, а пасля вайны працягнулі род — няхай у іншай краіне. Восем нашчадкаў аднаго з сыноў былі ўдзельнікамі цырымоніі перапахавання і першымі кінулі па жмені зямлі ў брацкую магілу, дзе пахаваныя астанкі і іх родных...

Прадстаўнікі сям'і Ахітуў упершыню наведалі Беларусь. Яшчэ адна госця з Ізраіля — Ілана Сэла — добра вядомая лунінчанам.

Бацька нашай зямлячкі, Сандамір Абрамавіч Эльпінер (15.02.1917—18.05.2003), пасля падзей верасня 1939 года быў абраны загадчыкам мясцовай друкарні. Ездзіў у Гомель па шрыфты, паколькі ў Лунінцы быў толькі лацінскі, і выпусціў першы нумар раённай газеты «Авангард». У 1940 годзе быў прызваны ў Чырвоную Армію. Прайшоў усю вайну. Неаднаразова быў паранены, адзначаны баявымі ўзнагародамі. Вярнуўшыся ў Лунінец, напаткаў страшную вестку — усе яго родныя, у тым ліку жонка і дачка, былі расстраляныя гітлераўцамі... Праз год заключыў другі шлюб з такой жа сіратой. У сям'і нарадзіліся дзве дачкі. У 1957 годзе лунінецкі друкар пераехаў у Ізраіль.

Па волі палітыкаў толькі ў пачатку 1990-х змог наведаць малую радзіму. Менавіта ён першым стаў шукаць масавае пахаванне ахвяр фашызму — дзяцей ад 14-ці гадоў і мужчын да 60-ці гадоў, сярод якіх — яго бацька, браты, дзядзькі... Калі завяршыў зямны шлях, пошукі працягнула яго дачка.

— Дазвольце сказаць не як афіцыйнай асобе, а ад свайго сэрца. Беларусь, як і Ізраіль, не забывае трагедыі вайны і шануе памяць ахвяр фашызму. Мой тата, Шлома Эльпінер, заўсёды маліўся на брацкіх магілах яўрэяў у Лунінцы і ва ўсіх мястэчках. Мой тата шукаў магілу свайго бацькі і братоў — гэта і яго малітвы дапамаглі выявіць месца злачынства фашыстаў. І цяпер малітва гучыць у гэтым месцы, што стала для нас святым. Мы будзем прыязджаць сюды са сваімі дзецьмі і ўнукамі... Дзякую кіраўніцтву і Беларусі, і Брэста, і Лунінца... Дзякую ўсім вам, хто зрабіў святую справу, — знайшоў астанкі нашых продкаў, і цяпер яны дастойна пахаваныя. Ніколі не забудзем ахвяр фашызму. Завяршу словамі песні: «Ну а тым, каму выпала жыць, трэба помніць пра іх і дружыць», — скзала Ілана Сэла...

Гістарычная памяць таксама не мае тэрміну даўнасці, як і адказнасць за злачынствы нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх памагатых. Выяўленне брацкай магілы ахвяр фашызму праз 80 гадоў пасля трагедыі пераконвае ў неабходнасці актывізаваць работу па аднаўленні белых плям ваеннага мінулага на нашай зямлі, якіх яшчэ шмат...

Таццяна КАНАПАЦКАЯ

Фота Аляксандра МАТОРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».