Вы тут

Нікуленкаў: Калі спартсмены называюць трэнера добрым — значыць, трэнер ён дрэнны


Спартсмены — людзі, моцныя не толькі целам, але і духам. Спорт вучыць думаць на тры крокі наперад, аналізаваць сітуацыю і прымаць правільныя рашэнні. Таму ў спартсменаў ёсць чаму павучыцца. У рубрыцы «Моцныя думкі» прапануем даведацца, пра што думаюць спартсмены.


Дзмітрый Нікуленкаў прайшоў вялікую гандбольную школу. За яго плячыма — выступленні ў вядучых клубах: мінскіх «Дынама» і СКА, брэсцкім БГК, польскім «Віве». Не раз ён выходзіў на пляцоўку ў складзе нацыянальнай зборнай. У 2020 годзе Дзмітрый скончыў спартыўныю кар'еру, але з гандболам не развітаўся. Нядаўна ён быў прызначаны старшым трэнерам мужчынскай нацыянальнай каманды. Таксама ў яго рабочым графіку — праца на пасадзе галоўнага трэнера маладзёжных зборных Беларусі і ў клубе «СКА-Мінск». Як адбываецца пераход са спартсмена ў трэнеры, Дзмітрый Нікуленкаў расказаў «Звяздзе».

На пляцоўку мяне не цягне. Год таму яшчэ цягнула моцна. Сны пра гандбол ужо не сняцца, а раней часта снілася, што я зноў гуляю. Я нічога не хацеў бы змяніць у сваёй спартыўнай кар'еры, мяне ўсё задавальняе. Вядома, хацелася б выйграць нейкі буйны турнір, гэта было марай. Але ўсё склалася, як было патрэбна.

Рытм майго жыцця не змяніўся. Канешне, пасля заканчэння спартыўнай кар'еры стала больш свабоднага часу. Магу з'ездзіць на рыбалку, схадзіць у саўну — вельмі гэта люблю. А падчас гульнявой кар'еры дазволіць сабе не мог: трэба было трэніравацца, выступаць.

Матывацыя трэнера такая ж, як і ў гульца. Адказнасці больш, вядома, але з-за гэтага расце і цікавасць. І трэнеру, і спартсмену трэба марыць і ставіць вялікія мэты, тады ўсё атрымаецца.

Трэнеру трэба прайсці спартыўную школу. Калі ты бачыў розныя каманды, розныя клубы — гульню на пляцоўцы бачыш зусім інакш. Як бы трэнер ні казаў, што рабіць, на пляцоўцы ўсё вырашае гулец. І я хачу свой вопыт перадаць нашым спартсменам, каб яны хутчэй раслі і ім было прасцей на гэтым шляху.

Мы стараемся стварыць калектыў са здаровай атмасферай. Каманда «Дынама-Мінск» была сапраўднай сям'ёй. Там склаўся калектыў, які хацеў перамагаць і жыў адной мэтай. Гульцы, трэнеры, кіраўніцтва ставілі агульныя мэты і разам іх дасягалі. Шкада, што клуб распаўся. Як хутка ўварваўся ў эліту еўрапейскага гандбола, так хутка і знік. Гэтыя пяць гадоў выдаліся вельмі крутыя, было шмат спартсменаў з Расіі, Украіны, Беларусі, і паміж усімі — цёплыя, сяброўскія адносіны. Многае залежыць ад трэнера. І я стараюся стварыць здаровы калектыў з такой жа цёплай і сямейнай атмасферай.

Не трэба заўсёды даваць спартсменам пернікі — патрэбны і бізуны. Здаралася, што ў Сяргея Бябешкі ў «Дынама» ў раздзявалках лёталі крэслы. Там усё часам лётала. Лічу, што так і трэба. Трэнер можа быць справядлівым, добрым, але часам трэба выцягнуць са спартсмена патрэбныя эмоцыі. І для гэтага можа і крэсла, і бутэлька з вадой паляцець. Але гэта толькі для таго, каб задаць гульцам неабходны настрой. Ад кожнага трэнера, з якім я працавў, стараўся ўзяць нешта карыснае. І з такім комплексам працую.

Часам нават трэба пайсці на канфлікт. Майго аўтарытэту хапае, каб спартсмены мяне слухалі. Часам даводзіццца прыкрыкнуць, вядома. Я адштурхоўваюся ад таго, што, калі спартсмены называюць трэнера добрым, значыць, трэнер ён дрэнны. Часам трэба быць і дрэнным, пайсці на канфлікт. Звярнуць увагу на аднаго, каб даць матывацыю іншаму. Гэта як цікавая гульня. І гэта чыстая псіхалогія. Але трэнер — і псіхолаг, і выхавальнік.

Без цяжкіх трэніровак не абысціся. У свой час я крыху трэніраваўся пад кіраўніцтвам Спартака Пятровіча Мірановіча, які праводзіў па тры трэніроўкі на дзень. Сёння мы працуем у такім рэжыме толькі ў падрыхтоўчы перыяд. Гэта цяжкі перыяд, але без яго нельга, па сваім вопыце ведаю. І яго нічым нельна замяніць, асабліва ў маладых спартсменаў 18-20 гадоў, калі ідзе прырост мышачнай масы. Цяжкія, насычаныя трэніроўкі даюць вынікі. Некаторыя спецыялісты кажуць, што можна змяніць падыход. Але мы бачым, што такая работа прадукцыйная для росту маладых гульцоў.

«Незаменных няма — ёсць непаўторныя»

Некаторыя спартсмены не спраўляюцца з нагрузкамі, і гэта непазбежна. Гэта натуральны адбор, калі можна так сказаць. За спінай кожнага гульца стаяць тры-чатыры чалавекі. Адзін не вытрымае — прыйдзе іншы. Нават калі сыдзе гулец, які забівае па 10—15 галоў, прыйдуць іншыя, і гэтыя галы размяркуюцца па ўсёй камандзе. Незаменных няма — ёсць непаўторныя. І такіх прыкладаў шмат: Ваня Броўка, Сяргей Рутэнка, Сяргей Шыловіч. Я магу назваць шмат імёнаў «непаўторных».

Маладыя гандбалісты — абсалютна іншыя людзі. У іх не тыя мары, якія былі ў нас. Раней мы менш думалі аб грошах — у першую чаргу хацелі перамагаць. А грошы неяк самі сабой прыходзілі. А яны сёння больш думаюць аб матэрыяльным дабрабыце. Мабыць, гэта правільна. Свет перайшоў пэўную мяжу, і ўсе хочуць добра жыць.

Бацькі ні ў якім разе не павінны ўмешвацца ў трэніровачны працэс. А часам узнікаюць пытанні, чаму, напрыклад, мой сын не гуляе. Я скажу так: ні адзін трэнер не паставіць гульца горшага, чым у яго ёсць. Заўсёды ў кожнага трэнера на пляцоўку будуць выходзіць найлепшыя ігракі. І гэта адказ на ўсе пытанні бацькоў. І я лічу няправільным, што бацькі прысутнічаюць на трэніроўках. Спартсменам трэба расці ў сваёй камандзе, на сваёй хвалі. Абмяркоўвалі гэтае пытанне з калегам Сяргеем Кастрамой, і ён нават супраць таго, каб бацькі на машынах забіралі спартсменаў з трэніровак. Ён павінен сам, стомлены ехаць на транспарце, тады ён будзе больш самастойны. І я з гэтым згодзен. У маім дзяцінстве першая трэніроўка пачыналася ў восем гадзін раніцы. Потым мы ехалі на тры ўрокі ў школу, затым — на трэніроўку і вярталіся ў школу. Гэта цяжка, але загартоўвае характар.

Я ўсю сваю кар'еру вяду рабочы сшытак. Сёння ўжо сшыткаў стала шмат. Цікава адсочваць, як мяняецца трэніровачны працэс. Сёння з'явілася мноства практыкаванняў, і трэба ведаць, каму і што даваць. Трэнер павінен аналізаваць гульца, глядзець відэа з гульняў і працаваць над недахопамі. Часам я звяртаюся да старых сшыткаў — там ёсць цікавыя камбінацыі.

«У нас расце добрае пакаленне маладых спартсменаў»

Сёння ўсе гуляюць у аднолькавы гандбол. Мне вельмі не падабаецца, што ўвесь свет сёння гуляе адныя і тыя ж схемы. Можна паглядзець дзясяткі матчаў паміж рознымі камандамі і ўбачыць аднолькавыя схемы, толькі выканаўцы адрозніваюцца. Гэта маё суб'ектыўнае меркаванне, але здаецца, што раней было больш цікавых схем. Сёння хіба што Талант Дуйшабаеў, трэнер польскага «Віве», кожную гульню паказвае новыя камбінацыі.

Гандбол не разлічвае на замежных гульцоў, а выхоўвае сваіх. Калі паглядзець на клуб «СКА-Мінск», то там выступаюць толькі беларусы. Лічу, гэта правільна. Навошта аплачваць кантракт легіянеру, калі вынік з беларусам будзе такі ж. Няма сэнсу. Беларускія гульцы растуць для нацыянальнай зборнай. І мы павінны кіравацца тым, што рост беларускіх гульцоў для нас — прыярытэт.

У нас расце добрае пакаленне маладых гандбалістаў. З іх вылучаецца Арцём Каралёк. Для мяне ён аснова нашага сённяшняга гандбола. На ім у зборнай будзе трымацца многае, і, думаю, будзе вынік. Вельмі спадзяюся на гэта. За апошнія некалькі гадоў мы ўбачылі велізарны прыліў маладых таленавітых гандбалістаў. Сёння ў нацыянальных зборных розных узростаў ёсць гульцы з усіх рэгіёнаў краіны. Гэта значыць, што ў рэгіёнах вельмі добра працуюць трэнеры. Калі некалькі гадоў у нас па ўсёй краіне было 2-3 тысячы гульцоў, то сёння іх 10 тысяч. Перспектыву відаць няўзброеным вокам. Не скажу, што яны ўсе вырастуць прафесіяналамі, але рэзерв ёсць. І я хачу сказаць вялікі дзякуй гэтым трэнерам. Трэнерская праца не такая простая, як здаецца. І гэтыя людзі робяць вялікую справу.

У «СКА-Мінск» сабраліся вельмі перспектыўныя гандбалісты, якія хочуць перамагаць. І няважна, які сапернік перад імі. Раней яны яшчэ баяліся некаторых сапернікаў, а сёння страх знік, і яны гатовыя ісці да сваіх мэт. Гэта вынік вялікай працы. У мінулым сезоне мы далі ім магчымасць прайграваць. Для таго каб стаць моцнай камандай, трэба нейкі час прайграваць — так выпрацоўваецца характар і вопыт. Мы вельмі амаладзілі каманду. І пройгрышы былі запланаваныя. Гульцам трэба было прайсці шмат розных сітуацый, каб убачыць свае слабыя і моцныя бакі. Цяпер яны ведаюць, як сябе паводзіць у розных гульнявых сітуацыях. Мінулы год мы прысвяцілі менавіта такой адаптацыі. І сёння мы бачым, што эксперымент удаўся. Былі вельмі цяжкія трэніроўкі, і яны іх прайшлі з высока ўзнятай галавой. Хаця рэальна было цяжка, і «фізухі» было шмат, і тактычных, тэхнічных нюансаў. Усё атрымалася, і сёлета мы ўбачылі зусім іншых гульцоў. Мы вельмі спадзяваліся на гэты сезон. Але, на жаль, еўрапейскі Кубак адмянілі. Мы засмуціліся, але ад нас нічога не залежыць. Цяпер працуем над матывацыяй, бо без спаборніцтваў яе цяжка падтрымліваць на належным узроўні.

Спадзяёмся, што хутка зноў зможам выступаць. Я кажу сваім спартсменам, што сёння трэба трэніравацца дзеля будучыні кожнага. Так, сёння мы не выступаем на вялікіх спаборніцтвах. Але калі не будзем трымаць сябе ў форме, праз два гады з нас нічога не застанецца.


У тэму

Федэрацыі гандбола Беларусі і Расіі плануюць стварыць сумесную гандбольную лігу

Плануецца, што ў лізе прымуць удзел ад шасці да васьмі клубаў, а матчы будуць праходзіць у дні, адведзеныя для еўракубкаў. Прынцыповая згода аб арганізацыі лігі ўжо дасягнута, хуткім часам працоўная група федэрацый вызначыць кандыдатаў на ўдзел і прапануе схему правядзення. Стартаваць новы турнір можа ў верасні.

«Думаю, гэта будзе вельмі цікавае спаборніцтва, не менш займальнае, чым еўракубкі. Мы выкарыстоўваем гэты час для падрыхтоўкі рэзерву і выхаду на новы ўзровень. Задача — стварыць турнір па міжнародных стандартах, з захаваннем спартыўных прынцыпаў, запатрабаваны і нацэлены на павышэнне майстэрства гандбалістаў дзвюх брацкіх краін», — адзначыў старшыня Федэрацыі гандбола Расіі Сяргей Шышкароў.

Кіраўнік Беларускай федэрацыі гандбола Уладзімір Канаплёў падкрэсліў, што без справы не застануцца не толькі клубы, але і зборныя, як мужчынскія, так і жаночыя, як дарослыя, так і маладзёжныя.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Культура

З энергіі агню. Янка Купала для беларусаў — не проста паэт

З энергіі агню. Янка Купала для беларусаў — не проста паэт

 140 гадоў таму адбыўся галоўны купальскі цуд Беларусі.

Калейдаскоп

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

У ходзе аперацыі савецкая армія разграміла групу армій «Цэнтр» Вермахта.