Вы тут

Ноччу цуды крочаць


Самае неверагоднае, што мы можам адчуць, — таямніца, лічыў Альберт Эйнштэйн. Гэта крыніца ўсякага сапраўднага мастацтва і навукі. Таямніца часта асацыіруецца з ноччу, якую суправаджаюць цуды, мары, адкрыцці, рэдкія з’явы прыроды... Напрыклад, ноччу назіраецца такое дзіўнае прыгожае відовішча, як паўночнае ззянне. Убачыць яго — запаветнае жаданне любога вандроўніка ў Арктыку. Думаецца, гэта наймацнейшыя ўражанні, ды, на жаль, мала каму дасягальныя. Зрэшты, у нашым культурным асяроддзі ёсць штосьці падобнае, што падорыць феерверк эмоцый. «Бібліяноч» — час пачуццёвасці і адкрыццяў, якія, быццам паўночнае ззянне, пераліваюцца рознымі адценнямі натхнення: зялёнымі, фіялетавымі, блакітнымі, а часам — жоўтымі, чырвонымі... Хочаце пераканацца — тады гайда ў вір цікавостак сёлетняга «культурнага паўночнага ззяння»!


Баль аб'ядноўвае.

Запрашае пушкінскі баль

Упершыню акцыя «Бібліяноч» (а спярша «Ноч у бібліятэцы») прайшла ў нашай краіне ў 2015 годзе ў дзіцячай бібліятэцы № 10 Мінска. Хутка акцыя набрала абароты і ладзілася штогод, збіраючы прыхільнікаў. Але праз пандэмію вымушана была ўзяць тайм-аўт, ды, на шчасце, вярнулася праз два гады. Такім чынам, сёлета ў нашай краіне панавалі сем (у Мінску) і адна (у Брэсце) бібліяначэй і безліч варыянтаў спазнаць штосьці новае. Не абышлося без сюрпрызаў і прыемных неспадзяванняў. Згадзіцеся, баль звычайна мы прывыклі бачыць у оперным тэатры... А гэтым разам ён у... кніжніцы! Мінская абласная бібліятэка імя А. С. Пушкіна ўвасобіла мары рамантыкаў: пераступаючы парог установы, наведвальнікі чулі гукі паланэза і шоргат сукенак прыбраных дзяўчат.

— Цудоўна, што баль прыйшоў у бібліятэку, якая дадаткова стварае, узнаўляе эпоху, як бачым, не толькі з дапамогай літаратуры, — адзначае вучоны сакратар Мінскай абласной бібліятэкі імя А. С. Пушкіна Таццяна Кузьмініч. — Таму баль, арганізаваны нашай кніжніцай, — таксама частка інфармацыйнага асяроддзя, дзе кожны знойдзе для сябе штосьці цікавае. Тут падсілкуецца чалавек творчы, той, хто неабыякавы да гісторыі сваёй краіны, да кантэнту той эпохі. У гэтым плане бібліятэка аб’ядноўвае інфармацыйную прастору, якая складаецца са шматлікіх друкаваных крыніц, рукапісных, відэаматэрыялаў, музыкі, танцаў.

Бібліятэка пашырае гарызонты, прапаноўваючы не толькі кнігу, але і актыўны рэлакс. Але ці не губляе яна, такім чынам, свае асноўныя функцыі ў пагоні за модай рэлаксу, забаў?

— Гэта ж добры піяр для бібліятэкі, прасоўванне яе, — пераканана Таццяна Кузьмініч. — Любы наведвальнік павінен ведаць: тут цікава. Тут ты можаш пачытаць, паслухаць, убачыць і, самае галоўнае, паўдзельнічаць. І сябе рэалізаваць. А мы прывыклі, што бібліятэка прадугледжвае нейкую пасіўнасць. Мы э заклікаем да актыўнасці. І спадзяёмся, што бібліятэка як сацыяльны інстытут будзе пашыраць свой функцыянал, у тым ліку сацыякультурны.

Чытачы і карыстальнікі не павінны забываць пра тое, што бібліятэка — самы надзейны сродак атрымання інфармацыі, даводзіць Таццяна Кузьмініч: «Але ж гэта месца, дзе можна і адпачыць. Не хочацца, каб пра бібліятэку складвалася ўражанне толькі як пра штосьці ўтылітарнае. Бібліятэка — гэта сучасна». І сённяшні баль — таму сведчанне.

Фрагмент французскай кадрылі.

Атмасферу балю і саму дзею стварыў ваенна-гістарычны клуб «Фузілёры-грэнадзёры Імператарскай гвардыі». Перад наведвальнікамі паўстала рэканструкцыя старажытнага балю ХІХ стагоддзя, дзе распарадчыкам стаў гісторык Дзмітрый Ракаў.

Паланэз... Кругавы вальс, у якім не трэба вальсіраваць. Полька-тройка, дзе кавалеры запрашаюць адразу дзвюх дам. Французская кадрыля. Контрданс герцага Кентскага... Танцавальная праграма ўразіла!

— З Мінскай абласной бібліятэкай імя А. С. Пушкіна мы супрацоўнічалі і раней. Праводзім тут перыядычна танцавальныя заняткі, я чытаю лекцыі, — расказвае Дзмітрый Ракаў, кіраўнік ваенна-гістарычнага клуба «Фузілёры-грэнадзёры Імператарскай гвардыі». — У гэтай сферы я ўжо 12 гадоў. А з бібліятэкай супрацоўнічаем некалькі гадоў. Вельмі важна, што тут ёсць вялікая ўтульная зала.

Добра, што бібліятэка дае магчымасці для ўсебаковага развіцця наведвальнікаў, у тым ліку з дапамогай танцаў, лічыць Дзмітрый Ракаў: «Такім чынам мы лепш паглыбляемся ў эпоху, бо адна справа, калі ты чытаеш пра баль Наташы Растовай, і зусім іншая — калі сам спрабуеш штосьці станцаваць. Тады іншыя адчуванні і разуменне эпохі. Спасцігаем новае не толькі праз чытанне, але і праз танец, мастацтва».

Наталіцца мастацтвам, але ўжо музыкі, дазволілі саліст (барытон) Вялікага тэатра Беларусі Ілья Пеўзнер і канцэртмайстар Святлана Жыгала, якія, выконваючы старажытныя рамансы, падарылі перажыванні гарачых пачуццяў і палкіх прызнанняў. 

Ілья Пеўзнер выконвае рамансы.

Штучны інтэлект побач

Ад рамантыкі — да навукі. У бібліятэцы Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта «Бібліяноч» наблізіла будучыню. Мяркуйце самі: акуляры віртуальнай рэальнасці і робаты — разынка сёлетняй дзеі ў БрДТУ. Прыйсці ў бібліятэку, каб перанесціся ў віртуальны свет, прычым цалкам бясплатна, — чым не цуд?! З дапамогай акуляраў віртуальнай рэальнасці можна трапіць у іншы горад, краіну, спусціцца на марское дно ці нават адправіцца на іншую планету і, галоўнае, разгледзець усё ў драбнюткіх дэталях. Чалавек у такіх акулярах здольны бегаць, скакаць, дакранацца да прадметаў — і заўсёды будзе знаходзіцца ў цэнтры падзей. Але, што важна, прымяненне акуляраў не абмяжоўваецца толькі забаўляльнымі мэтамі. Ужо сёння ўладальнікі дронаў, знаходзячыся на зямлі, могуць кіраваць траекторыяй палёту сваёй прылады. Прымяненне акуляраў віртуальнай рэальнасці знаходзіць месца ў любой сферы чалавечага жыцця, у нашым выпадку — у сацыякультурнай. 

Акуляры віртуальнай рэальнасці — ноу-хау для наведвальнікаў. Фота са старонкі бібліятэкі БрДТУ ў vk.com

А як вы сабе ўяўляеце змаганне са штучным інтэлектам? У БрДТУ наведвальнікі скарысталіся такой магчымасцю — нездарма тэма бібліяночы тут — «Штучны інтэлект супраць інтэлекту чалавека». Папярэднічала бітве знаёмства з робатам: той ноччу ён быў у якасці экскурсавода. І, уявіце, не толькі сустракаў гасцей, але і чытаў прытчы. Ці не варта насцярожыцца бібліятэкарам? Канкурэнт? 

Беручы гэта пад увагу, напрыклад, адрэагавалі ў прафесійнай кузні кадраў. Так, у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў на факультэце інфармацыйна-дакументных камунікацый уводзяць новыя спецыяльнасці «Бібліятэчна-інфармацыйная дзейнасць (лічбавізацыя)» і «Бібліятэчна-інфармацыйная дзейнасць (аналітыка)». Актуальнасць адкрыцця новых напрамкаў у падрыхтоўцы бібліятэчных спецыялістаў не выклікае сумнення: многія тавары і паслугі перамяшчаюцца ў віртуальную прастору, тэхналагічная рэальнасць задае мабільнасць. І цяпер бібліятэкар павінен сам умець ствараць лічбавыя рэсурсы, не кажучы ўжо пра аналіз існуючага кантэнту. Вось дзе і спатрэбяцца веды па напрамку «Аналітыка». Без лічбавых кампетэнцый сёння абысціся немагчыма, прытым ва ўсіх сферах. Нездарма яшчэ ў 2017 годзе выйшаў Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб развіцці лічбавай эканомікі». Распаўсюджанымі становяцца майстар-класы па розных напрамках праграмавання, у тым ліку як рабіць боты для ўсюдыіснага Telegram, адным словам — як найлепш прэзентаваць сябе ў эпоху digital. Дарэчы, паслугамі робата карыстаюцца і ў галоўнай кніжніцы краіны: у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі з дапамогай адмысловага сканера-робата алічбоўваюць дакументы. І, трэба адзначыць, вельмі паспяхова.

Робат-гаспадар «Бібліяночы» ў БрДТУ.

Рабатызацыя адкрывае новыя магчымасці для бібліятэчна-інфармацыйнага абслугоўвання. І ў БрДТУ гэта яскрава засведчылі. Госці маглі пазмагацца з шахматным робатам, наведаць майстар-клас «Праграміст на гадзіну».

Атрымаўшы цесны кантакт з робатам, нельга не задумацца над каштоўнасцю жывых зносін адзін з адным. А гэта з лішкам дае суперкарысная і прадукцыйная акцыя «Бібліяноч», якая даказвае, што сучасная кніжніца — цэнтр новага, пазітыўнага, а яшчэ — месца актыўнасці і, вядома, прыемных цудаў!

Наталля СВЯТЛОВА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

4 простыя спосабы зрабіць добрае ўражанне на мужчыну. Адказвае псіхолаг

4 простыя спосабы зрабіць добрае ўражанне на мужчыну. Адказвае псіхолаг

Дзе б вы ні працавалі і чым бы ні займаліся, уменне мець зносіны і зрабіць добрае ўражанне – адзін з самых галоўных навыкаў.

Культура

Аб гумары і сатыры ў жыцці Купалы і Коласа распавядае сумесны музейны праект

Аб гумары і сатыры ў жыцці Купалы і Коласа распавядае сумесны музейны праект

Сёлета адзначаецца 140-годдзе з дня нараджэння класікаў.

Грамадства

Гаджэт для фельчара. Як працуюць ФАП і амбулаторыя ў самым аддаленым сельсавеце Пружанскага раёна

Гаджэт для фельчара. Як працуюць ФАП і амбулаторыя ў самым аддаленым сельсавеце Пружанскага раёна

Паведаміла Людміла Аляксееўна, якая загадвае фельчарска-акушэрскім пунктам і з'яўляецца фельчарам, акушэркай, медсястрой у адной асобе.