Вы тут

Алена Атрашкевіч: Для кампазітара талент — гэта шчаслівы стан


У наступным годзе Беларускі саюз кампазітараў адзначыць сваё 90-годдзе. Яго старшыня Алена Атрашкевіч распавяла, што праца над падрыхтоўкай свята пачалася ўжо зараз — збіраюцца ідэі, прыдумляюцца праекты, ладзяцца сустрэчы з Міністэрствам культуры. Але гэта толькі маленькая частка таго, чым займаецца Алена Атрашкевіч. Штодзённа яна сустракаецца са студэнтамі — выкладае ў Мінскім каледжы мастацтваў, а таксама стварае музыку і ладзіць канцэрты. Нават наша сустрэча адбылася ў перапынку паміж урокам і наступным інтэрв'ю Алены Віктараўны на радыё.


— Амаль у кожным са сваіх інтэрв'ю вы згадваеце, якую моцную падтрымку ў жыцці вам дала маці...

— Маёй маці 90 гадоў, і яна чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, з тымі прыярытэтамі і ўстоямі, якія выхавалі ў ёй гады Вялікай Айчыннай вайны. Маці не толькі дзіця вайны, але і юная партызанка: яшчэ будучы, па сутнасці, маленькай дзяўчынкай, яна ўжо выконвала баявыя заданні, за якія ў далейшым атрымала ўзнагароды. Таму маці, дзякуй богу, у страі. Не сумуе, паказвае прыклад мне і маёй старэйшай сястры. Маці дала нам многае, пачынаючы з азоў — магчымасць атрымаць годную адукацыю, каб потым выбудаваць шчаслівы шлях. Я развівалася як музыка, а сястра — як чалавек навукі. Мы з ёй педагогі, і ў гэтым заслуга нашай маці.

— Якія ўмовы вам неабходны, каб ствараць музыку? Ці можаце пісаць па дарозе на працу або ў вас ёсць пэўны расклад для заняткаў уласнай творчасцю?

— На работу я еду разам з мужам — гэта магчымасць для нас абоіх зарадзіцца на цэлы дзень. У дарозе я музыку не ствараю. Хаця аднойчы была гісторыя, калі адну са сваіх песень напісала ў тралейбусе. Вось прыйшоў у той момант імпульс... Таксама ўспамінаю сябе, калі дапамагала бабулі капаць бульбу — праца дастаткова цяжкая, і я музіцыравала на полі. Але стварэнне музыкі для мяне — усвядомлены працэс. У мяне шмат часу займае педагагічная работа, і калі даводзіцца знайсці вольны час, я свядома саджуся ствараць. Выпадковасцяў амаль не бывае.

— Як лічыце, якія рысы неабходны чалавеку, які займаецца творчасцю на прафесійным узроўні?

— Валоданне прафесіяй — гэта ўменне на ёй канцэнтравацца і затрачвацца. Тут трэба зараджацца на вялікі і доўгі шлях. Гэта як з нараджэннем дзіцяці: ты павінен не толькі яго вынасіць і выхаваць, але і выпусціць у вольнае плаванне. І калі гэты музычны твор паспяховы — назіраць збоку за плёнам сваёй працы. Самае галоўнае — гэта цярпенне і, як мне падаецца, не чакаць імгненнага выніку. У кампазітараў ёсць такое паняцце — пісаць у стол. Не ў кожнага атрымліваецца так, што твор адразу знаходзіць свайго выканаўцу. Я вельмі рада, што зараз ёсць запатрабаванасць у беларускай музыцы, а значыць, і ў дзейнасці аўтараў Беларускага саюза кампазітараў.

— Тады якую ролю ва ўсім гэтым іграе талент? Або ўвогуле гэта прыгожы міф?

— Для кампазітара талент — гэта шчаслівы стан. Не хацелася б нікога пакрыўдзіць, але ёсць кампазітары, якія валодаюць усімі неабходнымі рысамі, каб прафесійна адбыцца, рэалізаваць свой талент. А ёсць крыху іншая катэгорыя — здольныя аўтары. Такія людзі таксама могуць ствараць вельмі якасны прадукт. І, ведаеце, я назіраю сітуацыі, калі чалавек валодае талентам, але не самарэалізоўваецца як кампазітар толькі з-за таго, што не прыклаў аніякіх намаганняў. Ёсць і іншы бок — чаканне, што прафесія дасць імгненны вынік. Працягваючы ідэю, кампазітар павінен працаваць пра запас. Колькі аўтараў XVІІІ—XІX стагоддзяў не адразу былі зразумелыя і запатрабаваныя! Не ўсім пашанцавала стаць Моцартам, якому плацілі шмат грошай за музыку. Якія ён тут жа шчодра раскідваў і памёр у галечы... На сённяшні момант важная падушка бяспекі для кампазітараў — педагагічная дзейнасць, вельмі важна, што веды перадаюцца наступным пакаленням.

— Алена Віктараўна, у адным з інтэрв'ю вы казалі: «Амаль усё жыццё працую з моладдзю. Шмат пішу для дзяцей». На вашу думку, ці дастаткова прасторы для творчасці ў маладых кампазітараў, якія пачынаюць свой прафесійны шлях?

— Дастаткова. Таму што зараз арганізавана шмат конкурсаў, удзельнічаць у якіх можна і анлайн. Ёсць і беларускія конкурсы, у прыватнасці, Саюз кампазітараў ужо трэці раз правёў «Ступені творчасці», дзе самай галоўнай і важнай намінацыяй з'яўляецца кампазітарская. Дзякуючы гэтаму конкурсу, у старэйшых калег ёсць магчымасць убачыць таленавітую моладзь. Ці гэта не патэнцыял? Даволі часта людзі, якія атрымалі акадэмічную адукацыю, уступаюць у наш саюз. Паверце, мы з задавальненнем прымаем маладых сяброў. Акрамя таго, існуе вялікі шэраг конкурсаў, які дазваляе самадзейным аўтарам сябе рэалізоўваць.

У мяне ёсць вучаніца Кацярына Паўловіч, яна скончыла каледж як вакалістка, цяпер працуе па размеркаванні ў Смалявічах. А пад творчым псеўданімам Катка піша песні. Такі камплект «аўтар-выканаўца» вельмі паспяховы. Зараз моладзь у плане поп-музыкі, сучаснай стылістыкі развіваецца актыўна — дапамагаюць у гэтым і розныя анлайн-платформы накшталт TіkTok. Гэта раней, да 80-х гадоў, каб атрымаць прызнанне, трэба было, каб цябе запісала фірма грамзапісу ў Ленінградзе.

— Алена Віктараўна, на якой музыцы і базе фарміруецца пакаленне маладых кампазітараў Беларусі?

— Калі я вучылася ў Ленінградзе, то ўжо мела добрую музыказнаўчую адукацыю — разумела і ведала розную музыку. І паралельна са мной вучылася дзяўчына, якая заўсёды пыталася: «А навошта мне ведаць гармонію, паліфонію, аналіз музычных формаў?» Гэта тыя прадметы і навукі, якімі кампазітар павінен валодаць абавязкова. Па-мойму, яна так і не скончыла навучанне. Не ведаючы традыцый, ты не зможаш стаць наватарам. Ты павінен спачатку «паварыцца», дазнацца пра тую музыку, якая ўжо была створана. Дзеля чаго? Каб не пайсці па тым жа шляху і не пісаць у стылістыцы Шапэна, Моцарта і гэтак далей. Канешне, трэба заточваць вуха і на сучасную музыку.

Важна казаць аб наслуханасці не толькі аўтара, але і публікі. Таму што яна хоча «есці» тое, да чаго прызвычаілася. Гатоўнасць слухача неабходная — мы павінны ўзрошчваць і тых, хто піша, і тых, хто слухае. Тады, магчыма, і менталітэт будзе крыху іншы.

— На ваш погляд, студэнты і маладыя кампазітары ў большай ступені імкнуцца да традыцыі або наватарства?

— Па-рознаму, гэта залежыць ад амбіцый, жадання, у рэшце рэшт ад эксклюзіўнасці аўтара. Напрыклад, нядаўняя выпускніца нашай Акадэміі Лізавета Лобан — выдатны малады аўтар, сябра нашага Саюза кампазітараў. Зараз яна ў пошуку шляху самарэалізацыі. Вывучае стылістыку, уводзіць у свае творы неафальклор.

— У адным з крытычных артыкулаў расійскі кампазітар Уладзімір Тарнапольскі выказвае думку, што зараз вялікую падтрымку маладым кампазітарам аказваюць немузычныя інстытуцыі — цэнтры сучасных мастацтваў, музеі, драматычныя тэатры, фестывалі і гэтак далей. Ці ёсць падобныя тэндэнцыі ў Беларусі?

— У Нацыянальным мастацкім музеі 12 мая рэалізаваны праект, прысвечаны духоўнай музыцы кампазітара Людмілы Шлег. Паралельна адбылася прэзентацыя яе творчых работ у жанры іканапісу і пейзажу. У дадзеным выпадку для мяне галоўную каштоўнасць складае менавіта яднанне гэтых двух напрамкаў у адной прасторы.

Музыка ўвогуле патрэбна ў сінтэзе — у тэатры і кіно. Паглядзіце стужкі Таркоўскага — многія з іх ідуць без музычнага раду. І ты разумееш, што ў нейкі момант цябе пачынае гнясці адсутнасць музыкі. І, наадварот, узяўшы сучасны сіткам з дакучлівай мелодыяй, якая ўвесь час паўтараецца, ты думаеш: «Ну які кампазітар «малайчына»: не напружваўся, зацыкліў матыўчык і ўсё».

Сінтэз узнікае там, дзё ён неабходны. Іншае — ці ёсць у гэтым наватарства? Калі Скрабін пісаў Сімфонію святла, спрабуючы ўвесці светлавыя эфекты, гэта была навінка. Цяпер жа ёсць мноства такіх тэхналогій, праектаў, шоу і гэтак далей.

— Працягваючы тэму сінтэзу, але ў іншым кантэксце, хацелася б спытацца ў вас аб ролі Саюза кампазітараў: як вы лічыце, ці трэба пашыраць межы супрацоўніцтва паміж творчымі саюзамі Беларусі?

— У склад нашага саюза ўваходзіць больш за 120 сяброў — гэта актыўны соцыум. І кожны ў гэтым соцыуме адчувае сябе па-рознаму. Нехта знаходзіцца ў сваім унутраным стане, ёсць і тыя, хто працуе не толькі на сваю творчасць. Для нас вельмі каштоўныя счэпкі, калі мы можам рабіць нешта сумесна. Ёсць шмат праектаў, у прыватнасці фестываль беларускай песні і паэзіі, які ладзіцца летам у Маладзечне. У гэтым годзе нас чакае праект духоўнай музыкі, а таксама «Музычны Алімп», які распачнецца з ушанавання сталых кампазітараў з тым, каб у перспектыве стварыць магчымасць намінацый для маладых аўтараў. Як можа кампазітар існаваць без паэта? Абавязаць немагчыма, узаемадзеянне адбываецца на натуральным, агульначалавечым узроўні адносін. Для таго, каб аб'яднанне творчых саюзаў адбылося на глабальным узроўні, неабходны мегапраекты дзяржаўнага бачання.

Саюз кампазітараў заўсёды адкрыты для ўзаемадзеяння. Напрыклад, да нас звярнуўся струнны квартэт Вялікага тэатра оперы і балета з ідэяй выканаць творы з Полацкага сшытка. Гэта наш вядомы музычны помнік, культурны скарб. Парадокс у тым, што знойдзеныя мелодыі выкладзены вельмі суха, як дакумент — іх трэба развіць. І вось нашы кампазітары займаліся распрацоўкай гэтых мелодый, каб у выніку выканаць іх у Нясвіжскім замку. Ці гэта не яднанне напрамкаў?

— На вашу думку, як падрыхтаваць грамадства, запаліць у ім цікавасць да акадэмічнай музыкі?

— Пад ляжачы камень вада не цячэ. Трэба зацікавіць, прапанаваць і, прабачце, зацягваць на канцэрты. Часам мне даводзіцца пераконваць студэнтаў, якія ўжо і так знаходзяцца ў музыцы, наведваць пэўныя канцэрты. І я бачу, што яны ідуць з не вельмі вялікай ахвотай. Але як жа потым дзякуюць! То-бок побач павінен быць чалавек, які накіроўвае. Патрэбны і адукацыйныя праграмы, як у Расіі «Таўрыда». Падобнае можна было б рэалізоўваць і ў нас.

Моладдзю ў нас лічацца людзі да 31 года. Вось некаторыя з іх заканчваюць універсітэт у 24, а далей? Залаты час, калі ты разумееш, што можаш шмат. На жаль, гэты перыяд па-за ўвагай. Трэба моладзь падтрымліваць і накіроўваць і пасля заканчэння навучальных устаноў, тады ў нас будзе добра і з патрыятычным, і з ідэалагічным выхаваннем.

— Алена Віктараўна, ці існуе ў Беларусі здаровая канкурэнцыя сярод кампазітараў?

— Я бачу канкурэнцыю ў тым, каб стварыць якасны матэрыял, годны твор. І ў дадзеным выпадку гэта не расштурхванне локцямі — у кампазітарстве ёсць мноства нішаў, у якіх можна сябе рэалізоўваць. Хтосьці працуе ў жанры кінамузыкі, хтосьці — у тэатральнай, харавой, інструментальнай... А нездаровая канкурэнцыя — гэта наўпрост зайздрасць. Мы з калегамі з задавальненнем ходзім на канцэрты адзін аднаго, віншуем з дасягненнямі.

— Саюз кампазітараў Расіі ініцыяваў праект аўдыяфіксацыі сучасных партытур «Звуковой обзор» — анталогію музыкі ХХ—ХХІ стагоддзя. Распавядзіце, калі ласка, ці існуюць у Беларусі падобныя праекты?

— Трэба разумець, што ў Расіі шырока развіты інстытуты мецэнацтва і спонсарства. У нас, на жаль, гэта не так шырока распаўсюджана.

Міністэрства культуры набывае музыку кампазітараў. І творы, набытыя дзяржавай, прадстаўлены ў нашай Нацыянальнай бібліятэцы. Таксама на сайце саюза мы імкнёмся размяшчаць творы, хтосьці з сяброў вядзе асобныя творчыя старонкі ў інтэрнэце. У мінулым годзе быў праведзены першы харавы конкурс імя Віктара Роўды, тады Акадэмія музыкі і Асацыяцыя харавых дырыжораў папрасілі размясціць нашу музыку на іх партале дзеля таго, каб замежныя калектывы маглі пазнаёміцца з нашай творчасцю.

— У нас адсутнічае нотнае выдавецтва, няма друку лібрэта. Ці гэта вялікая праблема для развіцця айчыннай акадэмічнай музыцы?

— Гэта сапраўды праблема. На нядаўнім пасяджэнні ў міністэрстве я агучвала гэтае пытанне. Гэта не значыць, што мы зусім не друкуемся — ёсць прыватныя выдавецтвы, напрыклад, «Каўчэг» Уладзіміра Кузьміна. І ён з вялікім задавальненнем выдае беларускую музыку. Але дзяржаўнага выдавецтва, якое б правільна выбудоўвала работу з аўтарамі, з нотнымі крамамі і спажыўцамі, няма. І шляхі вырашэння праблемы даволі простыя. Пры існуючых выдавецтвах трэба адкрыць лінейку, якая працавала б на выданне неабходнага — рэпертуарнага пераліку для выхавання моладзі. А гэта даволі вялікая колькасць твораў, музыцы навучаюцца з першага да сёмага класа, а таксама ёсць ліцэі і акадэміі.

Што датычна лібрэта, я сама сутыкнулася з тым, што ў нас ёсць шмат аўтараў, якія могуць напісаць добрую оперу. Разумееце, у оперным жанры ты не будзеш раскручваць мыльны серыял. Неабходны вельмі яскравыя ідэі, у аснове якіх ляжалі б агульнасусветныя каштоўнасці, каб гэта падавалася на нацыянальнай аснове. Для гэтага павінен з'явіцца калі не штат лібрэтыстаў, то як мінімум прафесія, адукацыйны кірунак або ў Акадэміі музыкі, або ў Акадэміі мастацтваў.

Гутарыла Арына КАРПОВІЧ

Фота з асабістага архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Культура

З энергіі агню. Янка Купала для беларусаў — не проста паэт

З энергіі агню. Янка Купала для беларусаў — не проста паэт

 140 гадоў таму адбыўся галоўны купальскі цуд Беларусі.

Калейдаскоп

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

У ходзе аперацыі савецкая армія разграміла групу армій «Цэнтр» Вермахта.