Вы тут

Сям’я — з васемнаццаці «Я». Як характары, нязломленыя лёсам, склаліся ў моцную каманду


«ТВАЕ» дзеці абавязкова знойдуць цябе... У гэтым перакананыя Галіна і Юрый Яўмененкі з вёскі Галавінцы Гомельскага раёна. У іх — 16 дзяцей, 11 з іх — «народжаныя сэрцам». Іх гісторыя пра тое, як характары, нязломленыя лёсам, склаліся ў моцную каманду дарагіх адзін аднаму людзей.


Гэтая незвычайная сям"я, якой сапраўды ганарацца ў Гомельскім раёне, нарадзілася ў 1997-м годзе. Сужэнцы Яўмененкі, абое з сем«яў ваенных, прыехалі ў Беларусь з Камчаткі: у далёкім краі вайсковую службу праходзілі іх бацькі-афіцэры. Але менавіта Гомельшчыну — малую радзіму Юрыя — маладыя абралі, каб будаваць уласнае сямейнае шчасце. 

— Нарадзілі пяцёра выдатных сыноў. На выдзелены дзяржавай ільготны крэдыт муж амаль цалкам самастойна пабудаваў прасторны і светлы дом, — расказвае Галіна. — Сыны падрасталі, добра вучыліся, займаліся спортам. Але, — усміхаецца, — адна думка не давала спакою: дачушкі не хапае.

У 2014 годзе Яўмененкі атрымалі статус прыёмнай сям’і, пайшлі ў дом дзіцяці знаёміцца з будучай дачкой, а вярнуліся дадому з дзвюма — Анастасіяй і Палінай.

— Дзяўчынкі часта хварэлі. Развіццё Насцюшкі ішло нармальна, а Палінка адставала. Здавалася, як прысуд, дыягназ «затрымка псіхічнага развіцця». Перажывалі вельмі, — дзеліцца прыёмная мама. — Але з дапамогай доктара і нашага агульнага сямейнага клопату многае пераадолелі, усё нармалізавалася. Здавалася, ну і добра, але ў мяне з галавы не выходзіў хлопчык, якога ўбачылі ў доме дзіцяці, калі забіралі дзяўчынак. Было заўважна, дзіця моцна адставала ў развіцці: у тры гады толькі пачынала хадзіць, не размаўляла. 

Так у сям"і Галіны і Юрыя з«явіўся сынок — Дзяніска. І зноў з несуцяшальным дыягназам — «разумовая адсталасць». Пачаліся рэабілітацыі, заняткі з лагапедам, бальніцы…


— Вынік у нас ёсць. Дзяніска — добразычлівы, усмешлівы, мамчын хвосцік, вучыцца па дапаможнай праграме ў звычайнай школе, урокі робіць з задавальненнем, з многім спраўляецца сам, — расказвае аб сыне Галіна.

Так сталася, што менавіта гэты хлопчык прывёў у сям«ю Яўмененкаў і яшчэ двух сыноў. Аказалася, што ў Дзяніскі ёсць родныя браты. Аднаго з іх, старэйшага Андрэя, адшукалі ў Мазырскім дзіцячым доме. Забралі. 

— Я адчула, дапамогуць дзеці і муж, мы зможам, — не тоіць свае душэўныя перажыванні Галіна і дадае, на жаль, і гэтаму хлопчыку спачатку ўрачы ставілі «затрымку псіхічнага развіцця».

Усё ў мінулым. Нягледзячы ні на што, кажа мама, сёння Андрэй — хлопец хоць куды! Вучыцца, з задавальненнем наведвае мастацкую школу. 

— Упэўненая, калі на свеце ёсць «ТВАЕ» дзеці, яны абавязкова прыйдуць ў тваю сям"ю, — перакананая Галіна Аляксееўна.

Узгадвае, на руках ужо чацвёра прыёмных дзяцей, але па грамадскіх справах наведвала дом дзіцяці, даведалася аб васьмімесячная дзяўчынцы: 

— Яна — згасала. Была слабенькая пасля перанесенай аперацыі. Мы вырашылі, што павінны даць Міланцы шанц!


Каб забраць дзяўчынку да сябе Галіне і Юрыю прышлося змяніць статус прыёмнай сям’і і стаць бацькамі-выхавацелямі дзіцячага дома сямейнага тыпу. Адкрылі яго на базе ўласнага жылля. І ўзяліся змагацца ўжо за новае дзіцячае жыццё: дзяўчынка не сядзела, не ела цвёрдую ежу, не рэагавала на ўласнае імя. Яе лячэнне і рэабілітацыя працягваюцца і сёння. Але вынік ёсць — вучыцца дзяўчынка ў дашкольным аддзяленні спецшколы. Летась, дарэчы, шматдзетныя бацькі сваю Мілану — удачарылі.

Пры гэтым толькі за адзін 2018 год Юрый і Галіна не адвярнуліся і прынялі да сябе ў сям"ю адразу трох хлопчыкаў: сірату з сур"ёзнымі праблемамі са здароўем і двух дзяцей, ад якіх неаднойчы адмовіліся іншыя прыёмныя сям«і.

— Тэлефонны званок да мяне ад прыёмнай мамы: «Забярыце хлопчыка, я не спраўляюся, а ў вас выхоўваюцца яго браты», — гаворка ішла пра васьмігадовага Дзіму. Ён і быў трэцім брацікам нашых Дзяніскі і Андрушы, — тлумачыць Галіна Аляксееўна.

Хлопчыка прыёмныя сем’і вярталі двойчы. Рашэнне забраць яго да сябе, каб браты расці разам, прыняў тата — Юрый Сяргеевіч. Прызнаецца, сказаць, што было цяжка, — нічога не сказаць. На працягу года хлопчык, як кажуць, прамацваў абстаноўку: лаяўся, хітраваў, хаміў, парушаў дысцыпліну ў школе. Сёння, кажуць бацькі, гэта спакойны, ласкавы хлопец. Любіць капацца ў агародзе, спраўляецца з любой хатняй працай. Ён — папаў хвосцік: разам майструюць, сталярнічаюць, рамантуюць машыну.

— У 2018 годзе ў нашай сям’і з’явіўся таксама Ваня, — працягвае расказ аб сваёй вялікай сям"і Галіна. — Ох і страшна было! Хлопца вярнулі з апякунскай сям’і. Быў на ўліку ў псіхіятра, меў прывады ў міліцыю з-за ўцёкаў. Тут ужо за справу ўзяўся тата. Размаўляў шмат з ім як мужчына з мужчынам, тлумачыў элементарныя рэчы, прывучаў да дысцыпліны, неабходны быў пастаянны кантроль. Шмат, вядома, прадстаіць выхаваўчай работы, — прызнаецца маці-выхавацель, — але прагрэс, несумненна, ёсць. Дарога ў псіхіятрычную бальніцу забытая, закон не парушае, у школе заўваг значна менш, і гэта, вядома, радуе.


А вось у спакойнага, паслухмянага, ласкавага Цімошы, які ў сям"і Яўмененкаў з’явіўся ў тым жа 2018-м, не было ніякай адаптацыі і праблем з паводзінамі. На жаль, у хлопчыка інваліднасць — вялікія праблемы са зрокам, расколіна верхняй губы і дзясны. 

— У дзесяць гадоў нас чакае сур’ёзная аперацыя, і, дай Бог, каб адна. Цімошка — сірата, у 2019 годзе мы змаглі яго ўсынавіць, — кажа Галіна.

Расказвае яна і пра яшчэ аднаго сына, з якім два гады таму іх звязаў лёс. Падлетка вярнулі з прыёмнай сям’і.

— Агрэсіўны, халодны, суровы погляд спадылба. А калі прыгледзіцца, зразумела, Колю проста недалюбілі. Мы — любілі, грэлі і адагрэлі! Цяпер гэта мамін сын і першы татаў памочнік. Добры вучань у школе! А яшчэ — надзейны абаронца малодшых братоў і сясцёр, — падкрэслівае з гонарам Галіна.

Крыху больш за месяц таму ў Яўмененкаў зноў адбылося папаўненне. У сям"ю прынялі браціка і сястрычку — 10 і 12 год. Пакуль ідзе адаптацыя, дзецям складана, трэба час, кажа Галіна. 

Яна ад усёй сваёй вялікай сям"і шчыра дзякуе дактарам, педагогам, спецыялістам аддзела адукацыі, сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы — усім, хто падтрымлівае ў нялёгкай справе. Галіна Аляксееўна, дадае, цяжка нават словамі выказаць, як за каласальную дапамогу і падтрымку яна ўдзячна свайму мужу і дзецям. 

— Наш сын Станіслаў — настаўнік і класны кіраўнік у класе, дзе вучацца старэйшыя дзеці ў Галавінскай школе. Гэта вялікая падтрымка ў выхаванні. Хутка з арміі вернецца наш яшчэ адзін сын Ілля — студэнт БелДУТа — таксама добры прыклад для малодшых, — зазначае шматдзетная мама. — Людзям жа, якія адчуваюць у сабе сілы падарыць дзецям сям«ю, яд сябе раю: не трэба баяцца, усе праблемы ў гэтай нялёгкай справе можна вырашыць. На свеце ж яшчэ шмат дзетак, якія хочуць «дадому», чакаюць сваіх тат і мам.

Наталля КАПРЫЛЕНКА
фота Ірыны Асташкевіч

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.