Вы тут

Лукашэнка: Нельга дапусціць стварэння новай міжнароднай архітэктуры без нас


Выступленне Прэзідэнта Беларусі А.Р.Лукашэнкі на сустрэчы лідараў дзяржаў АДКБ у Маскве.


Фота БелТА

Сённяшняя сустрэча праходзіць у няпросты час, як толькі што Уладзімір Уладзіміравіч сказаў. Час перадзелу свету. Аднапалярная сістэма светаўладкавання беззваротна адыходзіць у мінулае. Аднак калектыўны Захад вядзе лютую барацьбу за захаванне сваіх пазіцый. У ход ідуць усе сродкі, у тым ліку ў зоне адказнасці нашай арганізацыі. Ад бразгання зброяй натаўскай ля нашых заходніх граніц да развязанай супраць нас, у першую чаргу супраць Расіі і Беларусі, поўнамаштабнай гібрыднай вайны.

НАТА агрэсіўна нарошчвае мускулы, зацягваючы да сябе ў сетку ўжо нейтральных учарашніх — Фінляндыю і Швецыю. Дзейнічае па прынцыпе «хто не з намі, той супраць нас». Крывадушна працягвае дэклараваць сваю абарончую накіраванасць.

На гэтым фоне кантрастам выглядае сапраўды абарончая і міралюбівая пазіцыя Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы.

На заходнім флангу нашай арганізацыі нарошчваецца ваенная прысутнасць Штатаў, паскоранымі тэмпамі мадэрнізуецца ваенная інфраструктура, ідуць шматлікія вучэнні НАТА. Прама зараз на тэрыторыі 19 еўрапейскіх краін, у тым ліку ля нашых граніц у Польшчы, праходзіць буйнамаштабнае вучэнне (такога мы раней не бачылі) «Абаронца Еўропы — 2022». Ад каго яны абараняюцца — здагадайцеся самі.

Да гэтага часу на беларуска-польскай граніцы знаходзіцца групоўка колькасцю каля 15 тысяч ваеннаслужачых, размешчаных там яшчэ ў мінулым годзе на падставе міграцыйнага крызісу. Гэта акрамя тых пастаянных войскаў, якія там прысутнічалі. У мінулым годзе было перакінута 15 тысяч у асноўным амерыканцаў. Мігрантаў там ужо даўно няма, а войскі стаяць. Пытанне: навошта?

Відавочна, што сёння ні адна краіна не ўяўляе пагрозы для Паўночнаатлантычнага блока. Больш за тое, акрамя задзейнічаных на тэрыторыях Польшчы і краін Балтыі 15 тысяч чалавек у аперацыях узброеных сіл ЗША «Атлантычная рашучасць» і аб’яднаных узброеных сіл НАТА «Узмоцненая перадавая прысутнасць», дадаткова прыбыла групоўка для ўмацавання ўсходняга флангу альянсу. Больш за 10 тысяч вайскоўцаў. Калі, дапусцім, 7 гадоў таму было войскаў у гэтым месцы 3,5 тысячы, то цяпер іх каля 40 тысяч. Прама на тэрыторыі Польшчы, прыбалтыйскіх дзяржаў. Пакуль пра Украіну не кажу.

І вось тут наша ваеннае ўзаемадзеянне ў рамках Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, членства Беларусі ў АДКБ з’яўляюцца тымі самымі стабілізатарамі, якія аказваюць пэўны выцвярэзлівы эфект на гарачыя галовы па той бок граніцы. Гэты прыклад сведчыць аб тым, што калі б гэтага не было, баюся, што гарачая вайна ўжо была б і на тэрыторыі Беларусі. Дарэчы, яны паспрабавалі гэта ў 2020 годзе.

Сёння няма больш надзённага і важнага пытання, чым канфлікт вакол Украіны. Пачынаючы з 2014 года, усе мы аказвалі ўсё неабходнае садзейнічанне ў мэтах яго ўрэгулявання. У прынцыпе, мы гатовыя, усе, хто сядзіць за сталом, рабіць гэта і цяпер у любым фармаце.

Ясна, што Украіну нацкоўвалі і падбухторвалі, шпігуючы яе нацыяналізмам, нацызмам, а сведчанне ў Адэсе, калі спалілі жывых людзей — і фашызмам, русафобіяй і зброяй. Труцілі чым толькі магчыма.

Пасля выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 года ў адносінах да ўзаемадзеяння з Беларуссю Украіна цалкам, як у нас прынята ў народзе казаць, лягла пад Захад. На працягу апошніх двух гадоў мы ўвесь час адчуваем на сабе недружалюбныя акцыі з боку нашай паўднёвай суседкі. Украіна на апярэджанне ўвяла супраць нас санкцыі. Гэта значыць, Захад яшчэ не ўводзіў ніякія санкцыі, і амерыканцы ў тым ліку. Украіна гэта зрабіла першай. Памятайце, неба зачынілі, чыгуначныя зносіны. Потым пачалі рыхтаваць баевікоў, нам падкідваць. Потым зброя цераз мяжу пайшла. Гэта ўсё вядома. Ажыццяўляла правакацыйныя дзеянні авіяцыяй шляхам вядзення разведкі ўкраінскімі беспілотнікамі ў паветранай прасторы Беларусі. Факты, якія гавораць аб пагрозе нашай нацыянальнай бяспецы, бясспрэчныя.

Менавіта таму намі абсалютна правамерна быў задзейнічаны механізм падтрымкі ў межах саюза з Расіяй. Беларусь і да пачатку ваеннай аперацыі Расіі звяртала ўвагу на неабгрунтаваны рост ваеннай прысутнасці Захаду ва Украіне. І ў рэгіёне ў цэлым. Мы аб гэтым неаднаразова гаварылі і папярэджвалі, што справа ідзе да канфлікту.

Чакалі, што Захад, і перш за ўсё ЗША, усё ж такі скарыстаюцца вядомай прапановай Расіі па запуску перагавораў па гарантыях бяспекі. Рана ці позна ў агляднай будучыні гэты працэс усё роўна пачнецца. Але што да таго часу застанецца ад Украіны і ад нашага рэгіёна — гэта пытанне. Пакуль на Захадзе, у тым ліку ў Вашынгтоне, мы назіраем толькі жаданне максімальна падоўжыць канфлікт. Для гэтага Украіну і працягваюць напампоўваць зброяй. Мэты зразумелыя: максімальна аслабіць Расію, утапіўшы яе, як яны кажуць, у гэтай вайне. А, можа, зрабіць так, каб палыхнула шырэй. І гэта мы таксама назіраем. Калі задума такая, то, напэўна, адсядзецца ні ў кога не атрымаецца.

Самая небяспечная сёння тэндэнцыя ва Украіне — спробы раздзялення Украіны. Ужо створаны тысячныя падраздзяленні для таго, каб пад выглядам міратворцаў увайсці ва Украіну і «абараніць» яе.

Ва ўмовах поўнага ігнаравання норм і прынцыпаў міжнароднага права асабліва важныя адзінства і салідарнасць аднадумцаў. Дзяржавы — члены АДКБ праявілі ў студзені гэтага года такую салідарнасць і выручку ў цяжкую хвіліну. Вы памятаеце казахстанскія падзеі. Своечасовасць і аператыўнасць гэтага кроку наглядна прадэманстравалі ўсяму свету цесныя саюзніцкія сувязі, дзеяздольнасць, патэнцыял Арганізацыі па забеспячэнні бяспекі яе дзяржаў-членаў. Ніхто на Захадзе нават не адважыўся падумаць увязацца ў тую сітуацыю. Бо мы разам сіла.

Аднак ці можна сёння сцвярджаць, што мы ў нашай Арганізацыі разам і ўсё гэтак жа звязаныя сувяззю салідарнасці і падтрымкі. Як паказваюць апошнія падзеі, з нашага пункту гледжання (можа, я памыляюся), здаецца, не. Чаго толькі варта забарона асобнымі партнёрамі па АДКБ палётаў да іх самалётаў нацыянальных авіякампаній іншых дзяржаў — членаў гэтай Арганізацыі. На фоне найжорсткага, ашалелага санкцыйнага прэсінгу з боку кансалідаванага Захаду пастулаты адзінства і салідарнасці спрацоўваюць далёка не заўсёды. Гэта бачна, на жаль, па галасаванні ў міжнародных арганізацыях. З маўклівай згоды нашых партнёраў Беларусь і Расія насуперак усім законам міжнароднага жыцця па капрызе Захаду шальмуюцца і выключаюцца з міжнародных арганізацый.

Так, аказваецца ціск. Ціск жорсткі і беспрынцыповы. На вас — членаў АДКБ. Але ж менавіта для такіх сітуацый і існуе калектыўная ўзаемная падтрымка.

Без найхутчэйшага згуртавання нашых краін, без умацавання палітычных, эканамічных, ваенных сувязяў нас заўтра можа не быць. З боку нашых ворагаў і апанентаў ідзе планамернае расхістванне апорных кропак і саюзніцкіх сувязяў. І ў гэтым мы самі часткова дапамагаем Захаду. Упэўнены, што калі б мы адразу выступілі адзіным фронтам, не было б гэтых пякельных, як яны кажуць, санкцый.

Паглядзіце, як маналітна галасуе і дзейнічае Еўрапейскі саюз, наколькі ў іх моцная ўнутрыблокавая дысцыпліна. Яна распаўсюджваецца аўтаматычна нават на тых, хто не згодны з прымаемымі рашэннямі. Паўстае пытанне, хто нам перашкаджае выкарыстоўваць гэты блокавы рэсурс. Вось тут з іх трэба браць прыклад. Паасобку нас проста раздушаць і разарвуць.

Я яшчэ ў студзені папярэджваў, што асноўнай мэтай пэўных знешніх сіл з’яўляецца падрыў стабільнасці і парушэнне эвалюцыйнага шляху развіцця на ўсёй постсавецкай прасторы. Пачалі з Беларусі, потым зараза перацякла ў Казахстан, зараз на чарзе Расія. Як мы бачым, і ў Арменіі праблемы ствараюць.

І не трэба думаць, што гэта кагосьці абміне. Цяпер абсалютна відавочна, што, не сустрэўшы адзінага супрацьдзеяння з боку саюзнікаў па Арганізацыі і іншых інтэграцыйных аб’яднанняў на постсавецкай прасторы, калектыўны Захад будзе нарошчваць свой прэсінг.

Што трэба зрабіць для ўмацавання АДКБ у цяперашняй беспрэцэдэнтнай сітуацыі: пакуль наўскідку мне бачацца наступныя крокі, проста першачарговыя, іх шмат. Аб іх вельмі шмат у свой час гаварыў Эмамалі Шарыпавіч (Прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон. — Заўвага), звяртаючыся да праблемы таго рэгіёну.

Першае. Узмацненне палітычнага ўзаемадзеяння і каардынацыі дзяржаў - членаў АДКБ. Трэба павысіць каэфіцыент карыснага дзеяння механізму кансультацый па пытаннях знешняй палітыкі і бяспекі. Нам трэба часцей выступаць ад імя АДКБ на міжнародных пляцоўках, каб голас і пазіцыя Арганізацыі былі бачныя і чутныя. І гэты голас і пазіцыя павінны быць адзіныя. Як на Захадзе.

Няхай нашы міністры замежных спраў падумаюць над тым, дзе і як гэта рабіць для дасягнення аптымальнага эфекту. Няхай яны падумаюць над тым, як нам рэагаваць у палітычнай плоскасці на новую хвалю пашырэння НАТА з улікам агучаных намераў вядомых дзяржаў. Мы павінны загадзя выпрацаваць пазіцыю Арганізацыі па гэтым пытанні і давесці свае інтарэсы да сусветнай супольнасці. Мы ў гэтым павінны быць адзіныя. Не толькі Расія павінна выказваць заклапочанасць і змагацца, у дадзены момант у адзіночку, са спробай пашырэння НАТА.

Другое. Павышэнне эфектыўнасці супрацьдзеяння выклікам і пагрозам у інфармацыйнай прасторы, уключаючы барацьбу з фэйкамі і дэзінфармацыяй. Зразумела, што супраць нас разгорнута зараз гібрыдная вайна са складнікам, у якім асноўнай з'яўляецца інфармацыйная вайна. Для таго каб гэтаму супрацьстаяць, трэба па максімуму выкарыстоўваць патэнцыял пагаднення АДКБ 2017 года аб супрацоўніцтве ў галіне інфармацыйнай бяспекі, больш актыўна прасоўваць АДКБ у сацыяльных сетках, якія інтэнсіўна выкарыстоўваюць нашы заходнія апаненты, з мэтай дзейснага рэагавання на фэйкі і інфармацыйныя ўкіды. Прытым трэба падумаць сур'ёзна і, магчыма, пайсці па шляху Кітая ў інфармацыйнай барацьбе, асабліва ў інтэрнэце.

Адпаведныя задачы павінны быць пастаўлены ўсім - знешнепалітычным ведамствам, спецслужбам і Сакратарыяту АДКБ.

Трэцяе. Відавочна наспела неабходнасць узмацнення прагнозна-аналітычнага складніка ў працы Сакратарыята АДКБ. Упэўнены, што падобныя структуры ёсць у ААН, Еўрапейскім саюзе і ў НАТА. Магчыма, варта падумаць над стварэннем у Сакратарыяце падраздзялення, якое адказвае за аналіз і стратэгічнае планаванне. Думаю, генсакратару трэба прапрацаваць гэтае пытанне.

Чацвёртае. Мэтазгодна падумаць над аб'яднаннем патэнцыялу аналітычных цэнтраў дзяржаў - членаў АДКБ і фарміраваннем сеткі гэтых структур для аказання садзейнічання пры падрыхтоўцы канцэптуальных дакументаў па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня.

Паважаныя сябры, тое, што я прапаную ў гэты найскладаны час такія быццам бы простыя рэчы, звязана з тым, што па больш складаных мы адразу не дамовімся. Мо гэта будуць першыя крокі. А ісці трэба далей і глыбей, як казалі раней.

Паважаныя калегі, усім зразумела, што гістарычная эпоха, якая існавала раней, завяршаецца. І вяртання да ранейшага парадку ўжо не будзе. Нельга дапусціць стварэння новай міжнароднай архітэктуры без нас. А ўкіды на Захадзе ўжо робяцца, і размовы аб гэтым вядуцца. Лічу, што АДКБ павінна трывала ўмацаваць свой статус у міжнароднай сістэме стрымлівання і проціваг.

Арганізацыя мае магутны калектыўны патэнцыял для далейшага паступальнага развіцця. А вось наколькі эфектыўна яна скарыстаецца ім і ці захавае яна ўвогуле сваё існаванне ў наступныя 10-20, можа, 30 гадоў, залежыць толькі ад нас з вамі сёння. Менавіта ад нас.

Пасля Арменіі старшынства ў АДКБ пяройдзе да Беларусі. Акрамя абазначаных вышэй перспектыўных напрамкаў работы, мы ўжо зараз сур'ёзна думаем над новымі прапановамі, нацэленымі на развіццё нашай Арганізацыі. Гэтыя напрамкі да вас будуць даведзены ў бліжэйшы час. Разлічваем на максімальную падтрымку і канструктыўную працу ўсіх вас, нашых калег. Іншага выбару ў нас няма.

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Нерухомасць і грошы. Як падрыхтаваць кватэру, каб выгадна яе прадаць

Нерухомасць і грошы. Як падрыхтаваць кватэру, каб выгадна яе прадаць

Вось вы і вырашылі развітацца са сваёй кватэрай?

Культура

З энергіі агню. Янка Купала для беларусаў — не проста паэт

З энергіі агню. Янка Купала для беларусаў — не проста паэт

140 гадоў таму адбыўся галоўны купальскі цуд Беларусі.

Калейдаскоп

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

У ходзе аперацыі савецкая армія разграміла групу армій «Цэнтр» Вермахта.