Вы тут

У Гродзенскім заапарку запрацаваў новы павільён — акварыум


Амаль 10 гадоў таму ў заапарку завяршылася рэканструкцыя. Ён цалкам аднавіўся, ад старых будынкаў не засталося і следу. Усе насельнікі атрымалі новыя памяшканні і вальеры. За выключэннем рыбак. Будаўніцтва новага акварыума папросту было замарожана. І вось напрыканцы мінулага года ўдалося нарэшце завяршыць аб’ект. А нядаўна акварыум стаў даступны і для наведвальнікаў. 


Як расказаў дырэктар заапарка Алег Жданкін, усе 37 секцый акварыума запоўнены рыбкамі. Частку калекцыі набылі, частка знаходзілася ў самім заапарку. Раней тут быў акварыум, але стары будынак знеслі, таму рыбак памясцілі ў невялікім пакоі ў ветэрынарным корпусе. Там іх трымалі і вырошчвалі. Вядома, усе чакалі адкрыцця паўнавартаснага акварыума, каб папоўніць калекцыю і прадставіць яе наведвальнікам. І такая магчымасць нарэшце з’явілася. 

— Абласныя ўлады знайшлі сродкі, каб завяршыць усе будаўнічыя работы, гэта было зроблена ў канцы мінулага года. Адразу пасля гэтага заапарк пачаў займацца абсталяваннем памяшкання, — расказаў дырэктар. — Усе работы вяліся за кошт уласных сродкаў. 

Зараз тут устаноўлены гатовыя тыпавыя акварыумы. Але ў будучым мяркуецца размясціць і значна большыя. У залежнасці ад гэтага будзе мяняцца і склад рыбак — з’явяцца буйныя экземпляры. Работа будзе весціся паступова, таму што стварэнне аднаго такога вялікага акварыума каштуе вельмі дорага. 

— Гэта работа не аднаго года. Будзем рабіць пры наяўнасці сродкаў, адзін вялікі басейн з залатымі рыбкамі ўжо ёсць, — зазначыў Алег Жданкін. — Радуе той факт, што акварыум, які лічыўся даўгабудам, нарэшце запушчаны. Мы паставілі там мэблю, таму ў памяшканні акварыума можна пасядзець, парэлаксаваць. 

Вядома, для наведвальнікаў гэта, ў першую чаргу, прыемнае відовішча. Але мала хто ведае, якая складаная праца стаіць за гэтым хараством. І нагляд за рыбкамі — толькі паўсправы. Шмат увагі патрабуюць самі акварыумы. Напрыклад, кожны тыдзень патрэбна мяняць ваду, чысціць шкло, рэгулярна «сіфоніць» грунт. Ды і да саміх рыбак патрэбны асаблівы падыход. Многія марскія насельнікі вельмі адчувальныя да стрэсаў. 


Наша даведка: 

Гродзенскі заапарк — першы і доўгі час адзіны такога кшталту аб’ект у Беларусі. Ён заснаваны ў 1927 годзе па ініцыятыве вялікага аматара. Менавіта тады быў адкрыты заалагічны аддзел у батанічным садзе мужчынскай гімназіі. За сваю амаль стагадовую гісторыю заалагічны парк перажыў нямала складаных перыядаў. Значны урон калекцыі быў нанесены падчас нямецкй акупацыі. Найбольш каштоўныя экземпляры былі вывезены ў Кёнінгсберг, астатнія знішчаны. Пасляваеннае адраджэнне пачыналася літаральна з некалькіх відаў. І ў 1946 годзе заапарк быў адкрыты для наведвальнікаў.

У 90-х гадах стала відавочна, што заапарку патрэбна аднаўленне. Усе памяшканні літаральна састарэлі, мелі непрывабны выгляд і няўтульны выгляд. 

Сучасны этап развіцця заапарка пачаўся роўна 20 гадоў таму, калі абласнымі ўладамі было прынята рашэнне аб татальнай рэканструкцыі аб’екта. Плошча павялічылася амаль на два гектары. Усе старыя пабудовы былі знесены, на іх месцы пабудаваны новыя вальеры і павільёны, з’явілася кафэ на 40 месцаў. 

Зараз тут налічваецца больш за тры тысячы жывёл 312 відаў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.