Вы тут

Як дабіваецца поспехаў і аб чым марыць прэтэндэнт на тытул «Піянер года — 2022»


Сёлета фінал конкурсу супаў са 100-гадовым юбілеем піянерскай арганізацыі. Гродзенскі васьмікласнік Алан Байройцер — адзін з удзельнікаў заключнага тура рэспубліканскага спаборніцтва, што пройдзе 19 мая ў Мінску. За званне найлепшага піянера краіны будуць спаборнічаць сем чалавек — з кожнай вобласці і горада Мінска.


У гэтыя дні Алан актыўна рыхтуецца да фінальнага этапу барацьбы за званне «Піянер года — 2022». На сцэне Палаца дзіцячай і юнацкай творчасці ідзе адпрацоўка яго візітоўкі — кароткай музычнай прэзентацыі з відэакліпамі і групай падтрымкі чырлідынг. Сучасныя тэхналогіі дапамагаюць стварыць яскравае і захапляльнае відовішча. Алан у музычнай форме расказвае пра сябе, а за плячыма ідзе відэаролік з яго ўдзелам — зняты на спартыўнай пляцоўцы, падчас збору макулатуры, на пасадцы дрэў. Вось хлопец вядзе экскурсію ў музеі... Відаць, што гэта не пастановачныя здымкі, а зробленыя ў сапраўдных умовах на працягу года.

...Вылучаецца невялікі перапынак паміж рэпетыцыяй, і Алан гатовы пагутарыць з карэспандэнтам «Звязды». Прызнаецца, што нядаўна браў удзел у праграме тэлерадыёкампаніі Гродна. Вядома, хацелася пачуць пра яго асобу, сям'ю. Хлопец коратка паведаміў, што яго маці — беларуска, а бацька родам з Германіі. Сам Алан нарадзіўся і жыве ў Гродне і вучыцца ў гімназіі № 5 з эстэтычным ухілам.

Не будзе лішнім крыху расказаць пра саму гімназію. Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Святлана Санюкевіч паведаміла, што гімназія мае чатыры кірункі, якія падзелены паміж класамі. Напрыклад, усе «А» класы — гэта харэаграфічны ўхіл, «Б» класы — музычны, у «В» займаюцца выяўленчым мастацтвам і «Г «- тэатральныя класы. Усе вучні з першага да дзявятага класа ахопленыя творчасцю. Атэстат даецца са спецыяльным укладышам, які сведчыць аб заканчэнні адпаведнага эстэтычнага курса.

Алан займаецца ў музычным класе і іграе на саксафоне. Чаму абраў менавіта такі інструмент, дакладна не ведае. Проста кажа, што прыгожа гучыць. А яго музычнаму густу можна давяраць. Менавіта сваім голасам пакарыў ён журы абласнога конкурсу. «Другі Магамаеў» — сказалі пра хлопчыка пасля таго, як той выканаў песню «Сіняя вечнасць», больш вядомую як «О мора, мора...», напісаную яшчэ ў канцы 1960-х. Алан з поспехам праспяваў яе падчас творчага спаборніцтва.

Перад тым як трапіць на заключны, рэспубліканскі, этап, падлетку прыйшлося прайсці некалькі ступеняў. Спачатку быў адбор у піянерскай дружыне гімназіі. Потым — перамога ў намінацыі «Лідар года» ў раёне. Але самым адказным стаў абласны тур, у якім удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх раёнаў Гродзеншчыны. І гэта была даволі ўпартая барацьба, адзначыла старшыня Гродзенскага абласнога савета Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі Аліна Салімава. Разам з тым, конкурс «Піянер года», які праходзіць раз на два гады, вельмі падабаецца піянерам, бо дае магчымасць гучна заявіць аб сабе.

Традыцыйна самым яскравым нумарам кожнага прэтэндэнта з'яўляецца візітоўка, праз якую можна расказаць не толькі пра сябе, але і пра жыццё сваёй піянерскай дружыны. Пры гэтым кожны канкурсант павінен быць творчым чалавекам і прадэманстраваць свае здольнасці.

— Сёлета была яшчэ ІQ-прэзентацыя, — паведаміла піянерскі лідар вобласці. — Трэба было зрабіць фантазійны аб'ект, які мае яшчэ і практычнае прымяненне. Цікава было яго прадставіць. Тут былі і макеты піянерскіх гарадкоў, і піянерскія гальштукі — арыгамі, і розныя модулі. Алан прадставіў на конкурс робата з праграмным кіраваннем.

Як удакладніла намеснік дырэктара гімназіі, свайго робата хлопец зрабіў у школьным гуртку робататэхнікі. Адпаведны кабінет абсталяваны за кошт гранта трансгранічага праекта. Робаты, у адпаведнасці з праграмамі, выконваюць розныя функцыі. У Алана ён запраграмаваны для правядзення конкурсаў сярод малодшых школьнікаў. Праз робата дзеці даведваюцца аб піянерскай сімволіцы, у прыватнасці, аб сямі колерах вясёлкі на лагатыпе, наогул аб гісторыі арганізацыі, якая 19 мая адзначае векавы юбілей.

— Гэта важная падзея для піянераў усіх пакаленняў, — заўважыла Аліна Салімава. — Таму мы запрашаем на сустрэчы ветэранаў піянерскага руху, якія расказваюць аб піянерскім жыцці. І вельмі цёпла ўспамінаюць тыя гады. У нас у рамках святкавання юбілею будзе праведзена каля 70 мерапрыемстваў. Запусцім віншавальную СМС-хвалю, возьмем удзел у адпаведным чэленджы. У раёнах будуць арганізаваны арт-пляцоўкі, велапрабегі, у Слоніме, напрыклад, пройдзе сямідзённы марафон «БРПА-стайл» з мноствам акцый. Дарэчы, да нашых імпрэз далучаюцца многія грамадскія арганізацыі — БРСМ, Савет ветэранаў, прафсаюзы і іншыя. Дэлегацыя Гродзенскай вобласці ў складзе 70 чалавек возьме ўдзел у рэспубліканскім фестывалі ў Мінску, у рамках якога 19 мая пройдзе і фінал конкурсу «Піянер года — 2022».

Алан успамінае, што яго прымалі ў піянеры ў Палацы дзіцячай і юнацкай творчасці. Гэта было ўрачыстае мерапрыемства з наведваннем музея гісторыі піянерыі. Сёлетні прыём гімназія мяркуе правесці ў Хатыні, куды паедзе і гродзенскі фіналіст рэспубліканскага конкурсу «Піянер года — 2022». Сёння Алан узначальвае піянерскую дружыну гімназіі. Ён член БРСМ і па-ранейшаму застаецца ў піянерскай арганізацыі ў статусе піянера-лідара. У яго гальштук не проста зялёна-чырвоны, а з адметнай белай палоскай.

«Ён патрыёт» — кажуць пра яго педагогі. Адгукаецца на ўсе школьныя і піянерскія справы. «Калі гэта важна і патрэбна,» — удакладняе сам Алан. Ці натхняе званне піянера-лідара да імкнення займаць кіруючыя пасады? Пакуль пытанне застаецца адкрытым, а вось музычная кар'ера яму вельмі даспадобы. Хто ведае, можа, праз колькі гадоў хлопца будуць ведаць як папулярнага выканаўцу альбо музыканта-саксафаніста?...

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Лідар — гімназіст з саксафонам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».