Вы тут

Урывак з рамана Уладзіміра Гаўрыловіча «Па веры вашай...»


Ад рэдакцыі. Уладзімір Гаўрыловіч, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар больш як 30 кніг прозы і публіцыстыкі. Ён лаўрэат шматлікіх літаратурных прэмій, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь. Жыве ў Гомелі і піша пра роднае Палессе, аднаўляючы і яго даўнюю гісторыю, і праблему захавання гістарычнай праўды сёння.

Прапануем чытачам «Звязды» ўрывак з новага рамана пісьменніка. Ён друкуецца ў 5-м і 6-м нумарах часопіса «Полымя».


Запозненая вясна 6593-га, а ад нараджэння Хрыстова 1085 года, радавала Тураў-град і яго наваколле з неабсяжнымі прасторамі ўсёпаглынальнай цеплынёй, яснавокай квеценню садоў і прысад. Яе саладжавы, узвышана-сентыментальны пах будзіў яшчэ нядаўна маўклівыя сэрцы тураўлян кранальным у сваёй непасрэднасці і глыбіні, але часам і нераздзельным, патаемным, міжвольным каханнем. Нават рачное сінявокае багацце Пуць-ракі, здавалася, патанала ў пышнай буйна-пеннай раскошы, а яна, старая рака, нібы сама выбралася ў нявесты — з тураўскага палаца яна выглядала цнатліва ў абрамленні чароўных, водарных кветак і нібы саромелася такога багатага свайго ўбрання.

Пах мядовай, духмяністай, незвычайнай квецені яблыневых і вішнёвых садоў з самага ранку ап'яняльна ліўся ў вакно святліцы княгіні Гертруды. Толькі яе душа мала радавалася гэтай зямной, ідэальна-вясенняй прыгажосці. Сёння маці-княгіня з першымі пеўнямі зноў прачнулася з цяжкой думкай пра мужа свайго.

Сем летаў мінулася, як непрыяцельскі вершнік у баі з полаўцамі, якіх прывялі родныя мужавы пляменнікі, адабраў у князя Ізяслава жыццё. А колькі слёз яна праліла, колькі малітваў яе вусны да Усявышняга ўзнеслі, колькі бязрадасных яе просьбаў пачуў велічны тураўскі храм — сімвал іх любові і вернасці!

Чыстым, светлым, не азмрочаным нічым, ні доўгімі аблогамі, ні сечамі і барацьбой за кіеўскі прастол, іх жыццё было ў самым пачатку...

Ізяславу дастаўся старажытны, таямнічы Тураў-град якраз па яго паўналецці — гэта быў самы непакорны з гарадоў-васалаў кіеўскага князя. Найбольш уплывовыя людзі Турава яшчэ з часоў мяцежнага Святаполка, празванага Акаянным, прывыклі больш глядзець у бок суседняй Польшчы, марылі аддзяліцца ад Кіева. Яны «перавыхоўвалі» на свой капыл любога кіеўскага стаўленіка літаральна за год-другі. Не стаў выключэннем і малады Ізяслаў. Баяры пераканалі яго жаніцца на польскай каралеўне, і шлюб гэты адбыўся вельмі хутка.

Тураў-град меў на той час нямала цэркваў, усе яны былі драўлянымі. У адной з іх і вянчаліся Ізяслаў і Гертруда-Алісава. І тады, закаханы ў сваю маладую жонку-прыгажуню з першага позірку, малады князь загарэўся жаданнем пабудаваць не проста новы храм, а вялікі сабор, які б стаў сімвалам адзінства і аднадумства ўсіх жыхароў Тураўскага княства. Ды каб не драўляным, а мураваным ён быў, роўны па памерах і аб'ёме праваслаўным святыням Кіева і Ноўгарада! А пры саборы тым, за некалькі гадоў збудаваным, загадаў летапісанне сваё, Тураўскае, распачаць, і нічога дзеля гэтай высакароднае справы не шкадаваў.

Не было ў гэтых балотных ды лясных мясцінах сваіх дойлідаў, каб з каменем справу ведалі, таму з Кіева ды гарадоў вялікіх рускіх склікаў Ізяслаў у Тураў-град вядомых майстроў-муляраў. Да іх, каб на хаду асвойвалі сакрэты будаўніцтва, далучыў і сваіх майстравітых, здольных да гэтай справы, а галоўнае, сілай ад прыроды не пакрыўджаных мужчын. Не шкадаваў князь золата і серабра, прыспешваў майстроў, каб хутчэй ішла справа. Падмуркі і праўда вельмі хутка раслі; іх склалі з валуноў насуха, а сцены муравалі з плінфы і вапнавай цэмянкі, слупы ў сячэнні закладвалі крыжовыя, а падлогу царквы выкладвалі паліванымі пліткамі. Магутнасць сцен падкрэслівалі вузкія выцягнутыя вокны. Пад купаламі і ў алтары яны былі большыя, і праз іх у храм пранікалі бурштынава-пераліўныя згусткі сонечных промняў. У паўднёва-заходнім вугле царквы размясцілі вежу з вітой лесвіцай. Унутраныя сцены тынкоўшчыкі зацёрлі вапнавай рошчынай. І няхай унутраная прастора была прасцейшая, чым у Кіеўскім ды Наўгародскім саборах, нават больш строгая, без багатых роспісаў на сценах, але князь Ізяслаў быў задаволены вынікам. Ды і вырашыў так: хоць знадворку храмы тады не атынкоўвалі, загадаў парушыць гэты няпісаны закон — і ўзвысіўся над багатай зеленню дубовых ды бярозавых гаёў і сінявокім водным абшарам, над вакольным горадам незвычайнай беллю і пазалотай купала прыгожы, самы буйны на гэтых землях храм...

Нібы ў сне ўсё было, нібы не з ёй. І ўсё ўжо мінулася.

Гертруда не адразу пакахала гэтага мужчыну, сасватанага тураўскімі баярамі ў Кракаве за мужа ёй. Надта чужым каралеўне польскай, дачцы караля Казіміра І, з першага дня здаўся трохі дзікаваты сын Яраслава Мудрага. Але ўзведзены мужам Божы дом у самым пачатку іх сумеснага жыцця ў таямнічым Тураве-градзе і яго адданасць жонцы прымусіла Гертруду іншымі вачыма паглядзець на пасланца нябёсаў, суджанага ёй. Княгіня пераканалася: у гэтым паўварварскім княстве, дзе нават і ад паганскіх багоў не паўсюль яшчэ пазбавіліся і люд часам служыў і драўляным ідалам, і Богу адзінаму, Ізяслаў Яраславіч, нягледзячы на маладыя гады, быў адным з найбольш адукаваных людзей. З неймавернай радасцю назірала, як муж пасля спраў княскіх часта садзіўся чытаць не толькі візантыйскія, але і старыя лацінскія кнігі — іх жонка прывезла з сабою як немалую частку свайго каралеўскага пасагу. Не ведала, не гадала, а ён узгарэўся, і радавалася шчыра, бо гэтым захаплялася і яе маці: быць Тураўскаму летапісу, яго княства нічым не горшае за суседнія, дзе шчыравалі верныя князям людзі, каб у стагоддзях пра іх дзеі нашчадкі добрым словам згадвалі. А пасля і сама, ужо як кіеўская княгіня, пра новы летапіс дбала, мужа свайго няладнага, з якім, бывала, жыць было нясцерпна ад неразумнасці яго дзеянняў, у светлых фарбах згадвала перапісчыкам...

...А пасля ж змагла яна спазнаць сапраўднае жаночае шчасце — нарадзіліся іхнія з Ізяславам дзеці. Не магла нарадавацца набожнасці мужа і радавалася, што іх шлюб узнагароджаны такім простым па ўбранстве, але такім велічным храмам, якому, верыла, стаяць у вяках. І пасля ж, аказалася, што гэты Божы дом ды іх дзеці — і ёсць галоўныя дасягненні мужа і князя, які мог, але не паслухаўся мудрага бацькі і яе, сваю жонку, не захацеў спыніць крывавую ўсобіцу, што не спыняецца ўжо некалькі дзясяткаў сонцаваротаў на землях славянскіх. Хіба можа яна забыцца, як яны пабывалі на кіеўскім прастоле і як збягалі, як ліхадзеі апошнія з Кіева, а пасля і іншых гарадоў рускіх, шукалі помачы ў радні яе польскай пры многіх бедах, але вось гэты дзіў-
ны Тураў заставаўся іх домам, што б ні здаралася.

Нават цяпер, пасля столькіх сонцаваротаў, калі сям'ёй пражылі некалькі дзясяткаў гадоў, і пасля, як пакінуў іх муж і бацька, яго з годнасцю пахавалі ў Кіеве, у Дзесяціннай царкве побач з дзедам Уладзімірам І, навечна зачыніўшы з грабніцы з мармуровым векам, княгіні-маці здавалася, што ўсё ж нямала шчасця Бог ёй адвёў у шлюбе з гэтым бязладным чалавекам, жыццё якога было апанавана многімі нездаровымі страсцямі. Так, і з-за іх, супярэчлівых княжых жаданняў, а часам сласталюбства, цярпела і церпіць цяпер не толькі яна, але і яе дзеці.

А найперш — хіба ж такой яна, княгіня-маці, бачыла цяперашнюю ролю сына свайго Яраполка? Як ёй змірыцца з тым, што пасля гібелі Ізяслава не ён, яе і мужава крывінка, зойме кіеўскі стол, а захоплены Кіеў братам мужа — нягоднікам Усеваладам? Як пагадзіцца з такой несправядлівасцю? Не раз разважала: Тураў-град таксама не маленькі, як і немалое і княства Тураўскае! Гарадоў шмат пад ім. А калі так склалася, то не Кіеву трэба ўказваць, як Тураву жыць. І яна, Гертруда-Алісава, правільна зрабіла, калі нябачнымі нітоўкамі, быццам крываноснымі жыламі, звязвала інтарэсы князя Тураўскага з інтарэсамі вялікапольскай радні. А тая, ведала, заўсёды трымала Тураўскія землі ў полі свайго зроку і, калі б не яна тут была, бо ў ёй таксама цякла пястаўская кроў, то ўвайшло б яно ў імгненне вока ў межы польскага каралеўства. А пакуль з яе тайнай дапамогай трэба было не адкрыта, тоячыся, веру адзіную несці на гэтую забытую Богам зямлю. Таму і малілася Гертруда, як прыйдзецца: не пазбавіўшыся ад канону рымскага, святому Пятру на роднай мове, а ўсім праваслаўным святым — на мясцовай.

Цяпер неадступнымі былі клопаты княгіні-маці пра дзяцей і іх будучыню, бо адсечаная па локці яе сям'я не адчувала сябе поўнасцю абароненай за драўлянымі вежамі тураўскага замка і глыбокімі рвамі з гнілістай рудой вадой. Асабліва цяпер, атрымаўшы ад вернага чалавека з Кіева таемнае пасланне. Ад роспачы княгіня зусім змянілася з твару і, здавалася, адразу пастарэла на дзясятак сонцаваротаў. Ад хвалявання ў яе ажно затрэсліся рукі, хацела плакаць.

У стане незвычайнай прыгнечанасці, непрыхаванага спалоху і блукання па пакутах засталі яе ў святліцы дачушка Еўдакія і яе старэйшы брат — тураўскі князь Яраполк.

Гертруда, аднак, пастаралася авалодаць сабой, адклала пасланне вернага чалавека з Кіева ўбок і накіравалася насустрач, прыветліва ўсміхнулася ім.

— Радасць мая, дзеткі!!!

— Добрай раніцы, матулечка. Ці добра спала ўночы?

Еўдакія ў свае леты, а споўнілася ёй ужо цэлых пятнаццаць і палову ішло на шаснаццатае, была высокай і стройнай дзяўчынай з васількова-блакітнымі вачыма, хоць у палацы да яе ўсё яшчэ адносіліся як да падлетка. Твар у яе мілавідны, як з іконы спісаны, дробны і белы, а валасы, як і ў маці, светлыя, русыя, нават крыху серабрыстыя. Дачка-прыгажуня радасна абняла княгіню, а тая — сваё дзіця.

— Дзякуй Богу і святому Пятру, салоўка мая... Бацьку, праўда, сасніла... — усміхнулася, не паказваючы свой клопат, княгіня. — А вы як, мае дарагія?

— У мяне ўсё выдатна. Але вось брат мой, князь, зусім нядобры...

— Еўдакія, зноў з раніцы пачынаеш! Я цябе пакараю! Вось пабачыш, не пагляджу, што дзеўка. Хутка і замуж аддаваць, а ты ўсё дурышся, вытвараеш бяздуміцу. Няўжо, спадзяешся, забыўся?

Еўдакія расчаравана паглядзела на брата, усім выглядам паказваючы, што нічога не разумее, пра што ён кажа. Яраполк — высокі, статны мужчына з сінімі, як неба ў сонечны дзень, вачыма, і светла-русымі валасамі, — тым часам пацалаваў руку княгіні, а яна сына ў лоб, і адышоўся, сеў на доўгую лаўку пры вакне.

— Гэта ж пра якую бяздуміцу сын мой, вялікі князь, гаворку вядзе? — здзівілася княгіня, паказваючы дачушцы, каб села побач з ёй на прыгожым, аздобленым разьбой, драўляным услоне.

— Матулечка, ты рассудзі нас... Забараніў мне з'ездзіць да баярына Івана... Ніяк не даруе за маю выхадку, што пацалавала Тураяна... Дык я ж яго цалавала, не ён мяне. Ну спадабаўся мне гэты воін! Не як мужчына спадабаўся, а таму што многаму навучыў за гэтыя гады. Я ж на кані цяпер трымаюся лепш за вялікага князя!

— Пагавары ў мяне... — Яраполк зноў пачаў злавацца на сястру.

— Ага... Ды і з любым лучнікам тураўскім цяпер магу паспрачацца. Тураян таксама навучыў: нават на блізкай адлегласці ад маёй стралы са стальным наканечнікам не ўратуецца ні шчыт, ні кальчуга, ні панцыр. Вось як, любы брат! Мая страла, праляцеўшы сотню крокаў, лёгка прабіла нават дубовую дошку таўшчынёю з палец. А мяне ніхто на паляванне не бярэ — Яраполк забараніў...

— Цябе яшчэ на звера вазьмі, ага! Княгіня-маці, супакой сваю неразумную ды дужа адчайную дачку! Не дзяўчыну вырасцілі, а грубога мужа... Паляванне — табе забава? А як жа! І той вой не роўня табе, княжна. Сарамлівей будзь. Ён жа чэлядзь! Пабойся Бога!

— Дык на табе! Настаўніка майго — у поруб! А як знік Тураян адтуль, дзякаваць за тое трэба Усявышняму, на мяне ўвесь час коса пазірае... Можа, я, думаеш, яму дапамагла? Хоць магла б. Смелы ён. І тварам, і воласам прывабны... Хоць і стары для мяне. Ды па вачах бачыла: палюбіў мяне. Хоць і малая. А ты мяне, брат, не любіш!

— Княжна! Больш не буду паўтараць: ты — вялікі неслух! І пабачыш...

— Не сварыцеся. Вы ж мае дзеці абое. Не да свару нам, не да перабранак дзіцячых. Чорная хмара прыплыла ў Тураў-град. Бяда ў нас на парозе... Зноў бяда. Няхай Бог, Багародзіца і святы Пётр нас ад усяго кепскага абараняе...

Гертруда, успомніўшы пра сваю горасць, ад адной думкі пра пасланне, збялела. І гэта заўважылі сын і дачка, насцярожыліся: нешта не так.

— Маці-княгіня, няўжо зноў кепскія весткі? — ашаломлены, збіты з тропу, моцна сціснуў густыя шырокія бровы трыццаціпяцігадовы Яраполк. Яго вочы, здавалася, памутнелі, глядзелі на маці задуменна.

Гертруду ж ні на хвіліну не пакідаў страх, хоць яна і старалася не паказваць яго сваім дзецям. Жанчына цяжка ўздыхнула:

—Твая праўда, Яраполк. Апошні час з усходу дабра чакаць не прыходзіцца. Верны чалавек з Кіева паведамляе: дзядзька Усевалад ідзе на Тураў. Твой брат, а яго сын Уладзімір, па загадзе бацькі, узняў вялікую дружыну супраць нас... Не выпадкова, зусім не выпадкова сёння я вашага бацьку, князя Ізяслава сасніла. Папярэджвае ён нас...

У святліцы ўсталявалася мёртвая цішыня. Дзеці бачылі, як у стомленых пачырванелых вачах княгіні-маці адбіўся яе боль. Першай прыйшла ў сябе ад пачутага, азвалася Еўдакія, яе голас быў разгублены і злосны адначасова:

— Ганьба Кіеву... Усеваладу ганьба.

Яраполк апусціў вочы ў падлогу, уздыхнуў і, перавёўшы дыханне, нарэшце спакойна прамовіў:

— А нам — смерць. Мы не вытрымаем аблогу нават тры-чатыры дні. Сама больш — тыдзень. Мая дружына ўсё яшчэ невялікая. Хоць і ёсць запасы зброі, нейкія тры сотні жарабцоў на стайні, але гэта ўсё вельмі мала ў параўнанні з сілай Уладзіміра, які, зразумела, не настроены на мір.

Еўдакія не на жарт спалохалася братавых слоў.

— І што ж цяпер будзе?

Яраполк рашуча ўстаў і прайшоўся ўзад-уперад па святліцы. Княгіня-маці нешта абдумвала, уважліва пазірала некуды далёка ў вакно, дзе буйна расцвітаў краскамі травень. Еўдакія няўцямна пазірала то на задумлівую маці, то на ўзрушанага навіной брата.

Нарэшце з ноткамі роспачы князь адказаў:

— Будзем стаяць да смерці, а Тураў Уладзіміру не аддамо. Гэта наша зямля…

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».