Вы тут

Адпачыць за 60 рублёў


З заканчэннем навучальнага года стартуе дзіцячая аздараўленчая кампанія. Свае дзверы адчыняць 145 стацыянарных лагераў, а таксама сотні прышкольных. Сярэдні кошт пуцёўкі на 18 дзён у лагер з кругласутачным знаходжаннем складзе сёлета 577 рублёў, пры гэтым з бюджэтных сродкаў кампенсуецца 229 рублёў. Таксама для патаннення пуцёўкі могуць выкарыстоўвацца сродкі мясцовых бюджэтаў, наймальнікаў, прафсаюзаў. Такім чынам, у некаторых выпадках бацькам давядзецца заплаціць усяго каля 10 % ад кошту пуцёўкі, а гэта 57—60 рублёў.


Якасць, даступнасць, бяспека

Гэтым летам у лагерах плануецца аздаравіць больш за 360 тысяч дзяцей, у тым ліку 212 тысяч у прышкольных з дзённым знаходжаннем і 148 тысяч — у кругласутачных. На гэтыя мэты з дзяржбюджэту выдаткавана 57 мільёнаў рублёў.

Як адзначыў намеснік начальніка аддзела дзяржаўных закупак і метадычнай работы Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Аляксей Жалянкоў, асноўнымі прынцыпамі сёлетняй аздараўленчай кампаніі стануць бяспека, якасць і даступнасць. Для забеспячэння бяспекі Міністэрства аховы здароўя ўдасканаліла нормы і правілы, а таксама метадычныя рэкамендацыі па санаторна-курортным лячэнні і аздараўленні дзяцей.

Што датычыцца якасці, то тут асаблівую ўвагу ўдзяляць зместу праграм аздараўлення. У іх будуць уключаны мерапрыемствы па фарміраванні здаровага ладу жыцця, патрыятычным выхаванні, а таксама прысвечаныя Году гістарычнай памяці.

Калі казаць пра даступнасць дзіцячых пуцёвак, то традыцыйна тут стаіць задача зрабіць летні адпачынак магчымым для ўсіх дзяцей, незалежна ад узроўню даходаў бацькоў. Выдзеленыя з бюджэту 57 мільёнаў рублёў, а таксама сродкі наймальнікаў, мясцовых бюджэтаў, прафсаюзаў дапамогуць зменшыць кошт пуцёўкі для бацькоў. У параўнанні з мінулым годам цэны на пуцёўкі павялічыліся нязначна — у сярэднім каля 7 %.

— Сёлета сумесна з Міністэрствам фінансаў мы ўзгаднілі патанненне кошту пуцёўкі ў класічны загарадны лагер на 229 рублёў. Пры гэтым прагназуем, што пуцёўка ў такі лагер будзе каштаваць 577 рублёў. Памер патаннення за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту ў прышкольны лагер — 95 рублёў, пры гэтым поўны кошт пуцёвак будзе не нашмат вышэйшы, што забяспечвае даступнасць прышкольных лагераў, асабліва дзяцей малодшага школьнага ўзросту. У спартыўна-аздараўленчыя лагеры памер патаннення складзе: 253 рублі — у кругласутачны і 112 рублёў — у лагер з дзённым знаходжаннем. Як бачым, каля 40 % складае патанненне пуцёўкі са сродкаў рэспубліканскага бюджэту. За кошт мясцовых бюджэтаў, сродкаў наймальнікаў і прафсаюзаў і іншых зацікаўленых удаецца забяспечыць даступнасць на тым узроўні, на якім бацькі аплачваюць не менш за 10 % ад кошту пуцёўкі. Такім чынам, многія бацькі аплацяць сёлета 57—60 рублёў за пуцёўку на 18 дзён, — расказаў Аляксей Жалянкоў.

Пры гэтым ужо цяпер у многія лагеры пуцёўкі раскуплены. У прыватнасці, на першую змену — амаль паўсюдна на 100 %, а ў сталіцы набыць іх у некаторыя загарадныя лагеры немагчыма нават на 5-ю змену.

Асаблівую ўвагу падчас аздараўленчай кампаніі традыцыйна будуць удзяляць дзецям-сіротам і дзецям-інвалідам. У лагерах пабывае больш за 10 тысяч дзяцей-сірот і каля 4 тысяч дзяцей-інвалідаў. Пераважна іх будуць накіроўваць у тыя ўстановы, дзе ёсць безбар'ернае асяроддзе.

— Засмучае той факт, што мы не можам накіроўваць дзяцей у Друскінінкай. Тамтэйшыя спецыялісты напрацавалі ўнікальны вопыт па аздараўленні дзяцей з ДЦП. Гэта, безумоўна, страта, але ў нас ёсць дзіцячыя рэабілітацыйна-аздараўленчыя цэнтры «Ветразь» і «Надзея», якія таксама паступова назапашваюць вопыт у гэтым кірунку і маюць станоўчую эфектыўнасць у аздараўленні такіх дзяцей, — адзначае Аляксей Жалянкоў.

Санітарна-эпідэміялагічны кантроль па-ранейшаму строгі

У сувязі з інфекцыяй COVІD-19 і з улікам практыкі двух мінулых сезонаў Міністэрства аховы здароўя змяніла некаторыя метадычныя рэкамендацыі да аздараўлення. Па-ранейшаму перад заездам дзеці будуць праходзіць пільныя медыцынскія агляды. Кантроль за захаваннем санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў будзе весціся на працягу ўсёй аздараўленчай кампаніі.

— Цяпер выпадкаў каранавіруснай інфекцыі рэгіструецца няшмат, многія пытаюцца, навошта строгія меры. COVІD-19 нікуды не сышоў, ён застаецца з намі. Статус аздараўленчай установы ўвогуле не прадугледжвае, каб дзеці хварэлі. Напрыклад, летась у лагерах была зафіксавана каля дзясятка ўспышак. Таму сёлета будзем трымаць гэта на кантролі, — аргументуе загадчык аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ала Малахава.

З улікам вопыту мінулага года ўведзены шэраг мер. Напрыклад, павелічэнне сацыяльнага дыстанцыравання паміж атрадамі ў першыя тры дні пасля заезду.

— Інкубацыйны перыяд «амікрону» складае каля трох дзён. Важна ў гэты перыяд выявіць захварэлых і ізаляваць іх, тады не будзе распаўсюджання інфекцыі па ўсёй установе. Пры такім падыходзе летась рэгістравалася 1-2 выпадкі на ўзроўні атрада, больш ніхто не хварэў, — кажа Ала Малахава.

У два папярэднія гады ў сувязі з эпідэміялагічнай абстаноўкай забараняліся наведванні бацькоў. Сёлета падыходы змянілі: такія візіты будуць абмяжоўваць, але не забараняць цалкам. Для сустрэч з бацькамі мусяць быць выдзеленыя спецыяльныя месцы на адкрытым паветры, і такія наведванні не павінны быць масавымі.

— Бацькам трэба памятаць, што, адпраўляючы дзіця ў лагер, варта даць з сабой дастаткова рэчаў, асабліва зменнага абутку і бялізны, заўсёды неабходна і куртка, — звярнула ўвагу спецыяліст.

Да прыёмкі лагераў сёлета таксама будуць прымяняцца самыя строгія патрабаванні. Усюды створаны камісіі, куды ўваходзяць прадстаўнікі МНС, санітарных службаў, фізкультурныя работнікі. Аздараўленчая ўстанова мусіць прад'явіць камісіі даведкі аб спраўнасці ўсяго абсталявання, сетак і камунікацый, пітная вада дадаткова даследуецца ў лабараторыях.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Дзмітрый Рабаў: У ліпені чакаем ідэальнае беларускае лета!

Дзмітрый Рабаў: У ліпені чакаем ідэальнае беларускае лета!

У ліпені, як і належыць экватару года, прагназуецца самы цёплы перыяд сезона.

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.