Вы тут

Стратэгія развіцця Міханавіцкага сельсавета: карбонавая ферма і новы культурны цэнтр


Да аграгарадка Міханавічы ад Мінска — рукой падаць. Паўгадзіны электрычкай або маршруткай — і гасцей сустракае населены пункт ва ўсёй сваёй прыгажосці: добраўпарадкаваны, чысты, утульны. А на вуліцы Садовай знаходзіцца, як кажуць месцічы, галоўны штаб — будынак Міханавіцкага сельвыканкама, які ўзначальвае Святлана Давальцова. Сюды я і спяшаюся. Як аказалася, Святлану Уладзіміраўну заспела ў апошні момант, яна збіралася ехаць па справах, але пагадзілася расказаць пра змены, што адбыліся ў аграгарадку, паказаць новыя аб'екты.


Старшыня сельвыканкама Святлана Давальцова знаёміць з канцэпцыяй развіцця аграгарадка.

— Міханавіцкі сельсавет раскінуўся на 10 тысячах гектараў. У яго склад уваходзяць 15 вёсак, два аграгарадкі — Міханавічы і Чурылавічы. Цэнтр сельсавета — аграгарадок Міханавічы. У сярэднім тут пастаянна пражывае больш за 10 тысяч чалавек, у тым ліку дзве тысячы дзяцей, — па дарозе расказала Святлана Давальцова. — Наш сельсавет адзін з нямногіх, дзе развіты і аграрны, і прамысловы комплекс. Тут налічваецца больш як 100 суб'ектаў гаспадарання рознай формы ўласнасці.

Рэгіянальная канцэпцыя

Паступова размова пераходзіць да тэмы рэгіянальнага развіцця.

Настаў час, што кожны населены пункт павінен будаваць стратэгію свайго развіцця з улікам асаблівасцяў рэгіёна. Па меркаванні Святланы Давальцовай, рэгіянальнасць — гэта тое, што кожны сельсавет укладвае ў асноўную ідэю, спецыфіку, стратэгію.

— Асаблівасць Мінскага раёна — тэмп і дынаміка развіцця па ўсіх кірунках адначасова: будаўнічым, сацыяльным, вытворчым. І калі аб'яднаць пажаданні насельніцтва прысталічча адным словам, то ў большасці людзі хочуць жыць у сельскай мясцовасці, але з гарадскімі ўмовамі. У аграгарадках Мінскага раёна гэта магчыма. Але, каб пастаянна трымаць тэмп, патрэбна канцэпцыя развіцця населенага пункта, пажадана падмацаваная генеральным планам. Кожны сельсавет павінен дакладна вызначыць канцэпцыю развіцця ад трох да пяці гадоў наперад. Толькі тады разумееш, што кожны дзень, месяц працуеш на гэтую канцэпцыю. Напрыклад, хоць бы гадзіну штодня павінен адысці ад паўсядзённых спраў, удзяліць увагу канцэпцыі, якая для цябе нібыта настольны каляндар. Штодзень трэба рабіць задзел на будучыню, — лічыць Святлана Давальцова.

Для аздараўлення і выхавання

Фізкультурна-аздараўленчы комплекс «Кіт».

У Міханавіцкім сельсавеце свая, адрозная ад іншых, канцэпцыя. Але пра гэта пазней.

А пакуль непрыкметна пад'язджаем да фізкультурна-аздараўленчага комплексу «Кіт» (ФАК). Гэты прыгожы будынак быў адкрыты сёлета — 14 студзеня.

— Мы вырашылі, што комплекс павінен стаць не толькі месцам аздараўлення для дзяцей, але і выхаваўчым, культурным цэнтрам для падрастаючага пакалення, выдзяляцца яркімі мерапрыемствамі. У прыватнасці, разам з прадстаўнікамі культуры, адукацыі, дашкольных устаноў абмяркоўваем пытанне, як найлепшым чынам арганізаваць тут свята для малых у Міжнародны дзень абароны дзяцей першага чэрвеня, з разнастайнымі конкурсамі, выступленнем казачных персанажаў, інтэрактыўнымі пляцоўкамі, песнямі, танцамі, сямейнымі спартакіядамі. Гэта павінен быць дзень сонца, гульняў. Раней гэты дзень кожная ўстанова адзначала паасобку. Цяпер такое свята мы маем намер зрабіць штогадовым, традыцыйным. Дзеці павінны разумець, што гэты прыгожы сучасны будынак для іх, для іх фізічнага развіцця, здароўя, — выказвае меркаванне Святлана Давальцова.

Варта дадаць, што комплекс прызначаны для аздараўлення не толькі дзяцей, але і людзей з абмежаванымі магчымасцямі, пажылых. І наогул усіх ахвотных. Як кажуць, лепш хваробу папярэдзіць, чым лячыць.

Сімвалічна, што насупраць ФАКа ўжо запланавана пляцоўка для будаўніцтва аднаўленча-рэабілітацыйнага цэнтра са змешанай паліклінікай. Гэта вельмі актуальна для людзей, якія перанеслі каранавірус. Медыцынскую ўстанову будуць наведваць не толькі жыхары Міханавіч і сельсавета, але і навакольных аграгарадкоў: Лугавая Слабада, Гатава, Мачулішчы, Крупіца. Прыняўшы водныя ды іншыя працэдуры ў фізкультурна-аздараўленчым комплексе, яны змогуць працягнуць іх у рэабілітацыйным цэнтры.

Новая дзіцячая пляцоўка.

Культура пад адным дахам

З'явіцца ў аграгарадку і сучасны шматфункцыянальны культурны цэнтр для дзяцей і моладзі — пакуль рабочая назва.

— Гэта павінен быць прыгожы будынак са шкла, у якім дзеці змогуць развівацца. Магчыма, нават прафесійна навучацца дызайну, швейнаму ды іншаму майстэрству. Як казалі нашы бацькі, калі ўмееш працаваць рукамі, ніколі не застанешся без работы. Апошняя сустрэча з маладымі людзьмі паказала, што яны хочуць стаць фатографамі, кандытарамі, кухарамі. Для іх адкрыецца магчымасць авалодаць прафесійнымі навыкамі, — сцвярджае мая суразмоўніца.

— У нас ёсць установы культуры, абсталяваныя ўсім неабходным. Але яны знаходзяцца ў непрыстасаваных памяшканнях. Мы хочам у новым будынку аб'яднаць музычную, мастацкую школы, уладкаваць дэпазітарый Мінскай раённай бібліятэкі, узяць пад агульны дах Цэнтр культуры, — працягвае старшыня сельвыканкама.

Акрамя таго, ужо выдзелена пляцоўка для ўзвядзення гандлёва-забаўляльнага цэнтра. Засталося правесці аўкцыён, і сюды прыйдзе інвестар. У Міханавічах шмат гандлёвых аб'ектаў. Нават у неспрыяльныя часы ні адзін з іх не закрыўся, хіба што ў некаторых змяніліся ўласнікі. Нядаўна адкрыліся буйныя сеткавыя крамы «Суседзі», другі па ліку «Еўраопт». Але новы гандлёва-забаўляльны цэнтр неабходны. Гэта іншы ўзровень. Тут можна будзе не толькі атаварыцца, але і падсілкавацца, знайсці забаву па душы, паглядзець фільм разам з сям'ёй, любай дзяўчынай.

Глыток кіслароду

Святлану Давальцову, як прызналася сама, захапляюць праекты, якія не патрабуюць бюджэтных укладанняў, а толькі любові, увагі і настойлівасці ў рэалізацыі ідэі. Міханавічы — адзіны аграгарадок Міншчыны, дзе ў цэнтры ёсць балота, або, як прынята называць, лёгкія планеты. Тут можна рэалізаваць цудоўны праект, які будзе спрыяць экалагічнаму выхаванню дзяцей, прывіваць любоў да прыроды, вучыць іх захоўваць навакольнае асяроддзе, а не толькі ім карыстацца. Школьнікі змогуць прагульвацца па экалагічнай сцежцы, вывучаць флору і фаўну. Акрамя таго, мара Святланы Уладзіміраўны — арганізаваць у гэтым месцы карбонавую ферму. Простымі словамі — вырошчваць расліны, якія паглынаюць вуглякіслы газ і выдзяляюць кісларод.

Кісларод «накрывае» толькі палову Міханавіч. А з дапамогай такіх фермаў чыстым празрыстым паветрам змаглі б дыхаць жыхары не толькі аграгарадка, але і сельсавета і Мінскага раёна, сталіцы. У развіццё такіх навуковых палігонаў маглі б укладваць сродкі прадпрыемствы, што забруджваюць наваколле шкоднымі адходамі вытворчасці. Ёсць задума прыцягнуць да рэалізацыі ідэі школьнікаў, якія падрыхтавалі б на гэтую тэму рэфераты, курсавыя. Дзецям уласціва выдумка, фантазія, дапытлівасць, неардынарны падыход да любой справы.

— Наогул, тэма пакуль у стадыі абмеркавання. Але, думаю, гады праз тры мы зможам падзяліцца напрацоўкамі ў гэтым кірунку, — дадае Святлана Давальцова.

Кожная канцэпцыя павінна служыць развіццю тэрыторыі, каб жыццё людзей стала больш камфортным, багацейшым, каб яны маглі карыстацца ўсімі дабротамі цывілізацыі. Тым больш што аграгарадок у недалёкай перспектыве прырасце новымі насельнікамі.

У Міханавічах падрыхтаваны дзве пляцоўкі пад шматпавярховую забудову. Тут будзе выдзелена 500 кватэр для мнагадзетных. А гэта не толькі дарослыя, але і дзеці, якіх у сям' і па трое і больш. Чакаецца, што насельніцтва павялічыцца на 2,5-3 тысячы. Таму неабходна да засялення людзей пашырыць «сацыялку», каб усё для іх было ў кропкавай даступнасці, каб дзеці вучыліся, развіваліся духоўна і фізічна, з карысцю адпачывалі, аздараўляліся. Гэтаму паспрыяе адкрыццё аб'ектаў, якія прадугледжаны канцэпцыяй рэгіянальнага развіцця.

А наогул старшыня сельвыканкама фантануе ідэямі. Што ні дзень, то новая. А яе падначаленыя заўсёды ўспрымаюць іх з бліскучымі вачыма і падтрымліваюць свайго кіраўніка.

Для кагосьці поспех — гэта слава, для іншага — грошы, для некага — улада. Але адзін з класікаў сказаў: шчаслівы той, хто знайшоў работу, якую любіць...

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.