Вы тут

У Беларусі ўпершыню правялі ўнутрывантробную карэкцыю прыроджанага парока развіцця


Беларускія і расійскія медыкі зрабілі карэкцыю прыроджанага пароку развіцця. Аперацыйнае ўмяшанне правялі начальнік аддзела аказання меддапамогі Нацыянальнага медыцынскага даследчага цэнтра акушэрства, гінекалогіі і перынаталогіі імя акадэміка У. І. Кулакова, кандыдат медыцынскіх навук Юрый Набярэжнеў і загадчык акушэрскага фізіялагічнага аддзялення РНПЦ «Маці і дзіця» Максім Бялуга. Пра гэта паведаміла прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.


Фота: Міністэрства аховы здароўя

Такая аперацыя выконваецца з мэтай лячэння выяўленай гіпаплазіі лёгкіх і, як вынік, прафілактыкі лёгачнай гіпертэнзіі. Паводле літаратурных даных, частата развіцця лёгачнай гіпертэнзіі ў постнатальным перыядзе дасягае 63 % і статыстычна карэлюе са смяротным зыходам у 62-93 % выпадкаў. Пры антэнатальным хірургічным лячэнні выжывае каля 70-80 % немаўлят.

Прыроджаны парок развіцця плода ў пацыенткі быў дыягнаставаны падчас прэнатальнага скрынінгу другога трыместра. Сям'я катэгарычна адмовілася ад перарывання цяжарнасці па медыка-генетычных паказаннях. У РНПЦ «Маці і дзіця» былі выкананы дадатковыя лабараторныя і інструментальныя даследаванні — магнітна-рэзанансная тамаграфія і ўльтрагукавое даследаванне. Паводле даследаванняў, у грудной клетцы плода злева размяшчаліся страўнік, петлі кішэчніка і доля печані са зрушэннем органаў направа. Суадносіны памераў лёгкага да акружнасці галоўкі плода складала 58 %, што сведчыла аб высокай рызыцы неспрыяльнага зыходу цяжарнасці. Перынатальным кансіліумам сям'і прапанавалі найскладанейшую аперацыю — фетаскапічную эндатрахеальную балонную аклюзію.

Пасля атрымання інфармаванай згоды на складанае медыцынскае ўмяшанне аперацыя была паспяхова выканана мультыдысцыплінарнай камандай урачоў-спецыялістаў 5 мая на тэрміне цяжарнасці 26 тыдняў.

Праз выгнуты аперацыйны тубус дыяметрам 3,3 мм у поласць маткі быў уведзены фетаскоп дыяметрам 1 мм. Пад фетаскапічным кантролем інструмент увялі ў трахею плода да ўзроўню біфуркацыі. Балон быў устаноўлены ад узроўню біфуркацыі трахеі да галасавой шчыліны. Пасляаперацыйных ускладненняў не зафіксавана. Далей праведзена лячэнне, накіраванае на захаванне цяжарнасці. Праз тыдзень (па даных УГД) плод развіваецца адпаведна з тэрмінам гестацыі, матачна-плацэнтарны кровазварот не парушаны, балон візуалізуецца ў трахеі плода. Цяжарнасць на дадзены момант працягваецца. Пацыентка ў здавальняючым стане выпісана дадому пад назіранне ўрача-акушэра-гінеколага.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.