Вы тут

У краіне аб'яўлена рэспубліканская акцыя «Не пакідайце дзяцей адных!»


Як паказвае жыццё, надзвычайныя сітуацыі, у якія трапляюць дзеці, як правіла, здараюцца тады, калі яны без нагляду. Дзяцей першых гадоў жыцця дастаткова выпусціць з полю зроку ўсяго на некалькі хвілін, як можа здарыцца бяда. Нельга расслабляцца бацькам і тады, калі іх малыя ўжо крыху падраслі. Ад знешніх прычын у Беларусі штогод гіне больш сотні дзяцей. Дарожна-транспартныя здарэнні, атручванні, праглынанне іншародных прадметаў, пажары, выпадзенне з вокнаў — і гэта далёка не поўны пералік сітуацый, якія могуць прывесці да трагедыі. У асноўным гэта здараецца з-за таго, што дарослыя пакідаюць дзяцей без нагляду.


Адпачынак без непрыемнасцяў

З мэтай прыцягнення ўвагі да праблем дзіцячага свавольства з агнём і гібелі дзяцей на пажарах, зніжэння колькасці надзвычайных сітуацый з удзелам дзяцей і забеспячэння іх бяспекі ў хаце, на вуліцы і ў іншых месцах з 10 мая да 1 чэрвеня ў краіне аб'яўлена рэспубліканская акцыя «Не пакідайце дзяцей адных!». Падчас прафілактычных мерапрыемстваў, якія ўжо праводзяцца ратавальнікамі, супрацоўнікі МНС яшчэ раз патлумачаць бацькам, чаму дзецям нельга заставацца адным дома, і раскажуць, як не стаць ахвярамі ўласных памылак.

Мерапрыемствы запланаваны ў два этапы. Падчас першага маштабная праграма чакае наведвальнікаў гандлёва-забаўляльных цэнтраў, кінатэатраў, іншых грамадскіх месцаў, дзе дарослыя адпачываюць разам з дзецьмі. Для іх арганізаваны інтэрактыўныя пляцоўкі з конкурсамі, віктарынамі, гульнямі, удзельнікам якіх уручаць сувенірную, навучальную і наглядна-выяўленчую прадукцыю. Не застануцца без увагі ратавальнікаў і аматары актыўнага адпачынку. Разам з дзецьмі бацькі змогуць праверыць свае спрыт, кемлівасць і веды ў галіне бяспекі, стаць прыкладам у гэтай важнай справе для свайго дзіцяці.

З 23 мая да 1 чэрвеня ў цэнтры ўвагі прапагандыстаў будуць будучыя бацькі, а таксама тыя, хто імі нядаўна стаў. Акцэнт зроблены на мам: менавіта жанчыны праводзяць большасць часу з дзецьмі. Аднак не застануцца без увагі ратавальнікаў і маладыя таты, а таксама мужчыны, якія вось-вось імі стануць, — яны не менш за мам павінны клапаціцца аб бяспецы сваіх нашчадкаў. Віртуальная экскурсія па кватэры, інтэрактыўныя заняткі «Галоўны эксперт», віктарыны дапамогуць будучым мамам і татам не ўпусціць важных момантаў падчас стварэння бяспечных умоў для немаўляці. А кагосьці супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях павіншуюць у дзень выпіскі з радзільні, пры гэтым абавязкова нагадаўшы маладым бацькам аб бяспецы.

— Калі мы кажам пра бяспеку дзяцей, то гэтае пытанне павінна быць на кантролі не толькі ў перыяд акцыі: аб бяспецы сваіх дзяцей бацькі павінны памятаць заўсёды, — адзначае афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Анастасія ШВАЙБОВІЧ. — Наперадзе — вялікія летнія канікулы, і дарослыя ўжо сёння павінны падумаць аб тым, чым у гэты час будзе занята іх дзіця. Абавязкова пагаварыце з ім, чаму небяспечна гуляць на будаўнічай пляцоўцы, чыгунцы, абмяркуйце паводзіны на вадаёмах. У гэтым бацькам дапамогуць мультфільмы МНС «Чароўная кніга», «Спецатрад 112», а таксама мабільны дадатак «Дапамога побач», сайт ведамства. Вельмі важна быць сябрам свайму дзіцяці: ведаць, дзе ён гуляе — з кім сябруе, якія ролікі глядзіць у інтэрнэце. Калі мы кажам аб маленькіх дзецях, то галоўнае, гэта клопат і знаходжанне дзіцяці на адлегласці выцягнутай рукі. Не варта забываць і аб тым, што прыкладам для дзяцей, у тым ліку ў пытанні бяспекі, з'яўляюцца самі бацькі.

Асаблівая ўвага ратавальнікаў накіравана на шматдзетныя сем'і і тыя, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Для іх урокі бяспекі будуць праведзены дома. Як для дзяцей, так і для іх бацькоў супрацоўнікі МНС правядуць адпаведныя гутаркі, гульні і віктарыны па асновах бяспечнай жыццядзейнасці, пакажуць мультфільмы «Чароўная кніга» і ўручаць падарункі.

Аб тым, як запяспечыць адпачынак без непрыемнасцяў у летні перыяд, супрацоўнікі МНС раскажуць і на бацькоўскіх сходах ва ўстановах адукацыі, у тым ліку дашкольных. Фінальныя мерапрыемствы адбудуцца на адкрытых пляцоўках у парках забаў і адпачынку, каля палацаў культуры, кінатэатраў, гандлёва-забаўляльных цэнтраў ва ўсіх рэгіёнах краіны.

Трагедыі, якіх магло не быць

Акцыя ратавальнікаў — не даніна модзе і не мерапрыемства дзеля птушачкі. Кожны год, асабліва з пачаткам летняга сезона, у краіне гінуць дзеці: падаюць з адчыненых акон, тонуць у азёрах і рэках, трапляюць пад калёсы аўтамабіляў і не бачаць цягнікоў...

Па прыклады далёка хадзіць не трэба. У сярэдзіне красавіка ратавальнікам паступіла паведамленне аб тым, што патрабуецца дапамога ў вызваленні левай нагі дзіцяці з металічнай канструкцыі. Здарэнне адбылося ў Барысаве. Ратавальнікам, якія прыбылі на выклік, стала вядома, што васьмігадовы хлопчык разам з сябрамі гуляў на вуліцы. Па неасцярожнасці яго нага саслізнула і апынулася ў металічнай канструкцыі, якая прызначана для выбівання дываноў. Пры дапамозе спецыяльных інструментаў супрацоўнікі МНС расціснулі металічныя пруты, і хлопчык змог дастаць нагу. На шчасце, у медыцынскай дапамозе пацярпелы не меў патрэбы.

Днямі раней ратавальнікі выязджалі на пошук дзіцяці, які патануў у вадаёме ў Пухавіцкім раёне. Пошукава-ратавальныя работы доўжыліся некалькі дзён. Была задзейнічана вялікая колькасць ратавальнікаў, 11 адзінак тэхнікі. Больш як 40 разоў вадалазы спускаліся пад ваду — толькі на чацвёртыя суткі цела хлопчыка было выяўлена на глыбіні ў 4,5 метра.

Іншым аматарам пагуляць каля вадаёма пашчасціла больш. У апошнія дні зімы двое пяцікласнікаў хадзілі па тонкім лёдзе Салігорскага вадасховішча, праваліліся. Адзін з хлопчыкаў выбраўся з палонкі самастойна. Дзякуючы відавочцу, які праходзіў непадалёк ад месца здарэння, выратаваўся і другі. Мужчына, якія заўважыў хлопчыка, які тоне, падпоўз да яго і працягнуў палку. Дзіця схапілася за яе і выбралася на лёд.

Нямала дзяцей за гэты ацяпляльны сезон стала ахвярамі агню. Дагэтуль не можа справіцца з наступствамі пажару маленькі Давід, які ў двухмесячным узросце пацярпеў ад агню ў сваім доме ў Лідзе. У адрозненне ад яго, маленькаму жыхару Жодзіна пашанцавала. Калі ў кватэры, дзе ён жыве, адбыўся пажар, акрамя хлопчыка ў хаце нікога не было. Незадоўга да здарэння бацьку выклікалі на працу. Шасцігадовы хлопчык, які застаўся дома адзін, дабраўся да запалак. Калі загарэлася мэбля, ён спалохаўся і выбег на вуліцу. На шчасце, падчас пажару ў шматкватэрным жылым доме ніхто не пацярпеў. Гаспадароў, якія не ведалі, што нельга малых дзяцей пакідаць без нагляду, чакаў сур'ёзны рамонт. Аднак добра, што толькі гэтым усё скончылася.

Ратавальнікі звяртаюць асаблівую ўвагу бацькоў: паклапаціцеся аб тым, як ваша дзіця будзе праводзіць летнія канікулы, загадзя. Калі вы самі не можаце быць з ім увесь гэты час, сёння ёсць шмат магчымасцяў, каб ваша дзіця правяло час весела, а галоўнае, бяспечна. Адпраўляючы яго да бабулі і дзядулі, прадумайце загадзя, ці змогуць яны з улікам свайго ўзросту і здароўя гарантаваць свайму нашчадку бяспечнае баўленне часу.

Вераніка КАНЮТА

Фота МНС

Выбар рэдакцыі