Вы тут

У парламентах Беларусі і Венесуэлы будзе адноўлена дзейнасць груп сяброўства


У парламентах Беларусі і Венесуэлы будзе адноўлена дзейнасць груп сяброўства.


Фота: БелТА

Адпаведнае пісьмо з пажаданнем аднавіць дзейнасць рабочых груп паміж парламентамі дхвюх краін ад прэзідэнта Нацыянальнай асамблеі Венесуэлы на днях атрымаў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка. Пра гэта ён расказаў падчас сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Венесуэлы ў Беларусі Франклінам Рамірэсам Араке. 

«Я цалкам падзяляю меркаванне старшыні Нацыянальнай Асамблеі Венесуэлы аб неабходнасці развіцця і актывізацыі міжпарламенцкага дыялогу паміж Беларуссю і Венесуэлай. Нашы адносіны былі выбудаваны на павазе, салідарнасці, сяброўстве, падтрымцы ў міжпарламенцкіх арганізацыях», — сказаў Уладзімір Андрэйчанка.

Кіраўнік ніжняй палаты парламента папрасіў пасла перадаць венесуэльскаму калегу, што Беларусь са свайго боку таксама стварае рабочую групу. Узначаліць яе дэпутат Сяргей Клішэвіч, персанальны склад будзе сфарміраваны ў бліжэйшы час.

Паводле Уладзіміра Андрэйчанкі, беларуска-венесуэльскія сустрэчы ў парламенце становяцца традыцыяй, што з’яўляецца добрым знакам для далейшага развіцця супрацоўніцтва краін, наладжвання цесных палітычных, гандлёва-эканамічных, гуманітарных сувязяў.

«Венесуэла для Рэспублікі Беларусь з’яўляецца ключавым, перспектыўным партнёрам у Лацінаамерыканскім рэгіёне. Мы вельмі цэнім сяброўства, што склалася з вашай краінай і вашым народам, — дадаў старшыня Палаты прадстаўнікоў. — Летась Прэзідэнты нашых краін назначылі сваіх спецпрадстаўнікоў, якія абмяняліся візітамі. Як вы ведаеце, намечаны шляхі актывізацыі міжурадавых адносін, перазапуску эканамічных праектаў. У нас у машынабудаванні, сельскай гаспадарцы, будаўніцтве былі створаны сумесныя праекты. Важна, што спецпрадстаўнікі вызначылі шляхі і кірункі нашага далейшага супрацоўніцтва». 

Франклін Рамірэс Араке ў сваю чаргу пагадзіўся, што назначэнне Прэзідэнтамі спецпрадстаўнікоў садзейнічала перазапуску адносін паміж краінамі. Па яго словах, менавіта дзякуючы гэтым асобам летась у Каракасе адбылося восьмае пасяджэнне беларуска-венесуэльскай камісіі высокага ўзроўню, у выніку работы якой былі намечаны канкрэтныя планы на 2022 год.

«Мы спадзяёмся, што гэта работа дазволіць выйсці на правядзенне сустрэч на самым высокім узроўні і нам удасца правесці эканамічны форум ў рамках дзявятага пасяджэння беларуска-венесуэльскай камісіі высокага ўзроўню. Мы з аптымізмам глядзім на магчымасць сустрэчы кіраўнікоў краін у гэтым жа годзе, — сказаў пасол. — Важным момантам для нас з’яўляецца стварэнне рабочай групы паміж парламентамі. Гэта яшчэ адзін крок да ўзмацнення нашага ўзаемадзеяння на палітычным фронце». 

Каментарый у тэму

Сяргей Клішэвіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў, член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы: «Аднаўленне работы і стварэнне ў нашых парламентах групы сяброўства будзе добрым задзелам для актывізацыі адносін не толькі ў палітычнай плоскасці, але і ў гуманітарнай, эканамічнай. Безумоўна, палітыка ўплывае на прыняцце і сацыяльна-эканамічных ініцыятыў, што зараз вельмі важна ў жорсткім свеце, дзе развязана геапалітычная барацьба. Венесуэла — наш палітычны саюзнік на амерыканскім кантыненце. Таму для нас сёння вельмі важна такія кантакты аднавіць і далей палітычна падтрымліваць адзін аднаго, як мы гэта робім на новым узроўні».

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.