Вы тут

Стартуе другі сезон культурна-спартыўнага фестывалю «Вытокі. Крок да Алімпу»


Ужо ў гэтыя выхадныя стартуе другі сезон культурна-спартыўнага фестывалю «Вытокі. Крок да Алімпу». Першым святочную атмасферу зведае старажытны і вельмі цікавы горад Рэчыца. Выбіраючы гарады для правядзення фестывалю, арганізатары абапіраюцца на іх багатую культурна-гістарычную спадчыну і насычанае спартыўнае жыццё ў сучаснасці. Рэчыца гэтым крытэрыям поўнасцю адпавядае. А значыць, «Вытокі» — яшчэ адна дадатковая (і вельмі важная!) прычына, чаму майскія выхадныя варта правесці на Гомельшчыне.


У Год гістарычнай памяці арганізатары «Вытокаў» зрабілі акцэнт на культурнай спадчыне кожнага горада. На Гомельшчыне гэта будзе надзвычай яркі акцэнт. Рэчыца — адзін з самых старажытных беларускіх гарадоў. Гісторыкі мяркуюць, што горад існаваў ужо ў другой палове ХІ стагоддзя, а археалагічныя знаходкі сведчаць, што людзі на гэтай тэрыторыі жылі ў VІІ стагоддзі. Праз старажытную Рэчыцу праходзіў гандлёвы шлях «з варагаў у грэкі» — шлях з Балтыйскага мора праз Усходнюю Еўропу ў Візантыю. Горад быў адным з важных пунктаў на гэтым шляху, пра што сведчаць археалагічныя знаходкі. Бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй можна будзе і на фестывалі «Вытокі». Арганізатары канцэртнай праграмы абяцаюць тэатралізаванае выступленне, прысвечанае рэчыцкай старонцы.

Упершыню ў гістарычных крыніцах Рэчыца згадваецца пад 1213 годам у Густынскім летапісе. На працягу ХІ—ХІІІ стагоддзяў гэтымі землямі валодалі кіеўскія, а затым чарнігаўскія князі. Пры Гедыміне Рэчыца стала часткай Вялікага Княства Літоўскага. Выгаднае геаграфічнае становішча спрыяла паспяховаму развіццю горада. Зрэшты, праблем дадавалі войны з Маскоўскай дзяржавай і запарожскімі казакамі, якія не маглі не звярнуць увагу на гэты горад. Так, у 1654 годзе атрад атамана Залатарэнкі захапіў і спаліў драўляны замак, які пабудаваў Вітаўт. У 1511 годзе Рэчыца адным з першых беларускіх гарадоў атрымала Магдэбургскае права. Праз 55 гадоў яна стала цэнтрам аднайменнага павета.

У ХІХ стагоддзі ў горадзе пачала актыўна развівацца прамысловасць. У Рэчыцы з'явілася некалькі заводаў, якія займаліся вытворчасцю паташу, смалы і дзёгцю, а таксама шкляная фабрыка. Быў пабудаваны паштовы тракт, што звязваў Рэчыцу з Мінскам і Чарнігавам. Наступным важным крокам стаў пачатак чыгуначных зносін на лініі Гомель—Лунінец, якая прайшла праз Рэчыцу ў 1882 годзе.

У жніўні 1941 года пачалася акупацыя Рэчыцкага раёна нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якая працягвалася да лістапада 1943 года. За гэты час многія населеныя пункты былі разбураны, а частка насельніцтва — сагнана на прымусовыя работы ці знішчана. У пасляваенны час актыўна аднаўлялася прамысловасць і будаваліся новыя прадпрыемствы.

У 1970-я адбылася своеасаблівая прамысловая рэвалюцыя, якая прадвызначыла будучы брэнд Рэчыцы. На тэрыторыі раёна былі знойдзены радовішчы нафты, пачала развівацца новая галіна прамысловасці, звязаная з яе здабычай. Росквіт прыйшоўся на 1975 год, калі за дванаццаць месяцаў дабылі восем мільёнаў тон нафты. Сёння нафтавая слава робіць Рэчыцу папулярнай сярод турыстаў. На месцы першага радовішча ўстаноўлена памятная стэла ў выглядзе нафтавай вышкі. Цікава, што з'явілася яна на месцы восьмай свідравіны, а не першай. Справа ў тым, што пры адкрыцці першай быў знойдзены маленькі аб'ём нафты. А восьмая стала сапраўдным лідарам па аб'ёме здабычы нафты — яна прыносіла па 600 тон у суткі. І сёння рэчыцкія свідравіны застаюцца самым буйным месцараджэннем на тэрыторыі Беларусі. Стэла — адзіны помнік, прысвечаны дадзенай галіне прамысловасці. А яшчэ гэта цікавае месца для аматараў незвычайных сэлфі.

Культура, духоўнасць і навука

Цікавай Рэчыца будзе і для тых, хто больш дбае аб духоўным, а не матэрыяльным. Горад па праве можа стаць цэнтрам рэлігійнага турызму. Бадай ці не самай галоўнай славутасцю горада можа лічыцца Успенскі сабор, пабудаваны ў 1842 годзе. Храм спалучае ў сабе рысы класіцызму і рэтраспектыўна-рускага стылю. Для аматараў цікавай архітэктуры — тое, што трэба. Упрыгожвае Рэчыцу і Троіцкі касцёл, пабудаваны з чырвонай цэглы. Гэты храм — адзін з найлепшых прыкладаў неаготыкі не толькі ў Гомельскай вобласці, але і на ўсім Палессі. Абавязковая для наведвання знакамітая рэчыцкая славутасць — капліца Еўфрасінні Полацкай. Яна стаіць на высокім беразе Дняпра. А пабудаваў яе ураджэнец Рэчыцы Эдуард Агуновіч. Пра яе прыгажосць і сімволіку можна расказваць доўга. Але ж лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць ці прачытаць.

У першы дзень фестывалю «Вытокі» пройдзе цікавы і незвычайны майстар-клас па набіванні маляваных дываноў. Месца для яго правядзення абрана таксама адметнае — карцінная галерэя імя Аляксандра Ісачова. Мастак вырас у Рэчыцы, у 1973 годзе з'ехаў у Ленінград, аднак затым вярнуўся на радзіму. 11 лістапада 1987 года тут адбылася яго першая персанальная выстаўка. А праз месяц мастак памёр. Пахаваны таксама ў Рэчыцы. За сваё жыццё Аляксандр Ісачоў стварыў каля 500 карцін, большасць якіх была вывезена за мяжу. Але ў Рэчыцы добра памятаюць знакамітага земляка.

Маляваныя дываны, з якімі можна будзе пазнаёміцца падчас фестывалю, — адметны і своеасаблівы від народнай творчасці. Пра яго шмат ведаў знакаміты ўраджэнец Рэчыцы — Мітрафан Доўнар-Запольскі, знакаміты этнограф і фалькларыст. Ён лічыцца заснавальнікам беларускай гістарыяграфіі. У сваіх навуковых работах ён даказваў, што беларусы — самабытны самастойны народ, які павінен займаць раўнапраўнае месца ў сям'і еўрапейскіх народаў. Сёння ў Рэчыцы яму ўстаноўлены помнік.

Ад футбола да Дакара

Фестываль «Вытокі» — гэта таксама і спартыўнае свята. Таму спартыўнае жыццё горада мае асаблівае значэнне. Вядучыя віды спорту ў горадзе — плаванне, лёгкая атлетыка, футбол. У 2021 годзе тут была пабудавана пляцоўка для міні-футбола. У Рэчыцы нарадзіліся вядомыя беларускія спартсмены, якія праслаўлялі Беларусь на міжнароднай арэне. Сярод іх — Сяргей Смаль, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў 1992 года; Васіль Кірыенка, адзін з самых тытулаваных велагоншчыкаў у гісторыі суверэннай Беларусі. Увесь спартыўны патэнцыял горада будзе прадстаўлены падчас алімпійскага квэсту, які пройдзе 21 мая на плошчы Кастрычніка. Усяго будзе каля 30 спартыўных пляцовак, сярод іх і вельмі незвычайныя. Удзельнікам квэсту прапануюць праверыць свае сілы ў кіданні нажоў, пазнаёміцца з пажарна-ратавальным спортам. Адной з цэнтральных пляцовак стане футбольная, паколькі футбол у Рэчыцы — вельмі папулярны спорт. Вядучая валейбольная каманда Гомельскай вобласці «Энергія» правядзе для ўсіх жадаючых яркія майстар-класы.

Асаблівай увагі заслугоўвае алея брэндаў, на якой знойдзе месца прадукцыя розных прадпрыемстваў. Сярод іх — легендарны грузавы МАЗ, які ўдзельнічаў у гонках ралі «Дакар». Кожны зможа адчуць сябе пілотам гоначнага грузавіка і зрабіць выдатнае фота.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.