Вы тут

У 35 гадоў пакінула бізнес і кандыдацкую і занялася керамікай


У 35 гадоў, пакінуўшы бізнес і не скончыўшы кандыдацкую, Таццяна Уруціна занялася керамікай. З таго часу прайшло 20 гадоў: сёння яна — сапраўдны майстар.


Таццяна — карэнная мінчанка. Нарадзілася ў сям’і буйнога вучонага, акадэміка. Выдатна скончыла прэстыжную мінскую школу № 50 і лёгка паступіла на хімфак БДУ.

— Мусіць, і як хімік магла чагосьці дамагчыся, — разважае Таццяна Уладзіміраўна. — Пасля заканчэння ўніверсітэта працавала ў Інстытуце фізіка-хімічных праблем спачатку інжынерам, потым малодшым навуковым супрацоўнікам. Але мая душа патрабавала іншага.

З дзяцінства яна адчувала сябе творцам, мастаком. Да гэтага часу захоўвае карціну, якую стварыла яшчэ дашкольніцай з падабранага рознакаляровага шкла. Любіла маляваць. Заўсёды з захапленнем глядзела на вырабы народных майстроў і марыла ляпіць з гліны.

Да сваёй мары Таццяна ішла вакольнымі няхуткімі шляхамі. Выйшла замуж, нарадзіла дачку, потым сына. Глабальныя змены, якія пачаліся ў 1990 гады, вымусілі адкласці напісанне кандыдацкай. Інтарэсы сям’і запатрабавалі ад яе заняцца бізнесам. І хоць Таццяна выразна разумела, што гэта не яе шлях, але дзеля матэрыяльнага дабрабыту блізкіх вырашыла напружыцца і патрываць.

— Мне было ўжо 37, калі муж атрымаў перспектыўную прапанову, і наша сям’я пераехала ў Маскву, — узгадвае суразмоўніца. — За чатыры гады паспела павучыцца там на розных курсах, узяць прыватныя ўрокі. Адразу была настроена зрабіць кераміку сваёй прафесіяй, і ні секунды не сумнявалася: у мяне атрымаецца гэтым зарабляць.

Першай яе скульптурай стала фігурка любімай коткі Дзіны, увасаблення вытанчанасці і элегантнасці. І хоць па дарозе ў Мінск выраб крыху пацярпеў, але да гэтага часу захоўваецца дома як свайго роду талісман.

Зараз Таццяна Уладзіміраўна з мужам жывуць у вёсцы. Там у яе свая майстэрня. За мінулы час яна стала вядомым керамістам. Яе інтэр’ерная скульптура, сувеніры, посуд, упрыгожванні разляцеліся па самых розных краінах — ёсць яны ў жыхароў Расіі, ЗША, Кітая, Германіі, Францыі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Саудаўскай Аравіі, Эквадора.

— Мне сумна ляпіць адно і тое ж, — прызнаецца Таццяна Уруціна. — Дзеля заробку, вядома, тыражую некаторыя вырабы, якія карыстаюцца попытам. Але выконваю і буйныя скульптуры для душы, рэалізую «некамерцыйныя» ідэі, дазваляю сабе эксперыментаваць. Самае складанае і разам з тым захапляльнае для мяне — знайсці вобраз і ўвасобіць яго такім, якім уяўляю.

Неяк на балоце Таццяна Уладзіміраўна ўбачыла жураўлёў. Прыйшла ў майстэрню, і, не адкладаючы, выляпіла серыю збаночкаў, падобных на іх. Некалькі з гэтых вырабаў набылі на кірмашы грамадзяне са Славакіі. Знайшліся пакупнікі і для афрыканскіх масак, якія рабіла для душы. Адну са сваіх любімых работ — двухаблічнага Януса — пакуль што пакідае ў сябе: шкада з ім развітвацца.

Таццяну Уруціну вельмі натхняюць узоры старажытнай славянскай керамікі. З задавальненнем лепіць фігуркі конікаў, мядзведзяў, птушак, накшталт тых, якія знаходзіліся падчас археалагічных раскопак. У гэтых цацках XIV–XVI стагоддзяў, злепленых далёкімі продкамі, на погляд Таццяны Уладзіміраўны, ёсць непасрэднасць дзіцячай душы.

— Калі робіш нешта з радасцю, задавальненнем, гэта адчуваецца, і людзі адгукаюцца на твае пачуцці, — перакананая мая гераіня. — Мяркую, менавіта ў гэтым «сакрэт» таго, што часам нават недасканалыя з пункту гледжання прафесіяналаў працы знаходзяць свайго пакупніка.

Быць дачкой акадэміка, перспектыўным навукоўцам і абраць для сабе шлях вольнага мастака. Не мець мастацкай акадэмічнай адукацыі і не сумнявацца ў сваім творчым поспеху. Вырасці ў горадзе і вельмі камфортна адчуваць сябе ў вёсцы. Пагадзіцеся, такі жыццёвы сцэнар выдае асобу, здольную плыць супраць плыні.

— Мне, вядома, прыемна чуць ад пакупнікоў прызнанні: «Піць гарбату з вашага кубка — суцэльнае задавальненне», «Калі апранаю вашыя ўпрыгожванні, адразу паляпшаецца настрой». Але больш за ўсё дорага тое вядзьмарства, якое здзяйсняецца падчас стварэння вырабу. Калі адчыняеш печку, ніколі не ведаеш напэўна, што атрымаецца. Часта сам дзівішся таму, якія сюрпрызы цябе чакаюць, — дзеліцца Таццяна Уруціна.

Многія з нас у пагоні за грашыма, кар’ерай, сацыяльным статусам так і не задумваюцца аб уласнай унікальнасці, непаўторнасці і персанальным прызначэнні на зямлі. У выніку часта так сябе і не знаходзяць. А часам для таго, каб прыбавіць у жыцці трохі радасці, усяго і трэба — прыслухацца да сябе, адважыцца паступаць, як просіць душа, заняцца тым, аб чым марыў з дзяцінства. І пры гэтым свята верыць — усё абавязкова атрымаецца.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота з архіва суразмоўніцы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».