Вы тут

Наталля Немагай: «Амаль 20 гадоў у эфіры АНТ, а я ўсё роўна вучуся чамусьці новаму...»


Вядучая тэлеканала АНТ Наталля Немагай святкуе падвойны юбілей: свой асабісты дзень нараджэння, а зусім хутка і 20-годдзе тэлеканала АНТ, на якім Наталля працуе ўжо 19 гадоў! Яркая брунэтка, якая адна з першых жанчын-вядучых уварвалася ў тэлеэфір пасля народнага кастынгу, і сёння працуе на поўную моц. Нягледзячы ні на што, насуперак усяму! Разам з Наталляй размаўляем аб прафесіі тэлевядучай 20 гадоў таму і сёння, сучасны патрыятызм, асаблівым стаўленні да жыцця, сакрэтах прыгажосці і... крыху зазіраем у будучыню. 


— 25 чэрвеня тэлеканал АНТ адзначыць 20-годдзе з дня заснавання. Вы адна з першых вядучых тэлеканала. Як гэта было патрапіць на тэлебачанне ў пачатку 2000-х?

— У пачатку 2000-х тэлебачанне перажывала залаты час. Вядучых пазнавалі, яны былі сапраўдным зоркамі. Іх з’яўлення чакалі і ведалі, калі выходзіць тое ці іншае шоу ці выпускі навін. Нават вуліцы станавіліся пустымі, калі на АНТ ішоў вячэрні выпуск навін. Ну, а трапіць на тэлебачанне ў якасці госця было, як у космас злятаць. Адным словам вакол адно тэлебачанне.

У той час я спрабавала займацца бізнесам: з сяброўкай запрашалі вядомых артыстаў з Расіі і арганізоўвалі ім гастролі па Беларусі. Барыс Маісееў, Уладзімір Кузьмін, Ірына Панароўская, Шура, Алсу, Земфіра, «На-на»... З кім мы толькі не працавалі. Са многімі артыстамі я сябрую і цяпер. Вось тады я і ўбачыла па тэлебачанні ролік пра тое, што тэлеканал АНТ шукае жаночае аблічча. Матуля параіла паспрабаваць са словамі: «Хто, калі не ТЫ!» Тады я нават і падумаць не магла, што, выпадкова трапіўшы на кастынг тэлевядучых, маё жыццё зменіцца на 180 градусаў! І вось ужо на працягу амаль 20 гадоў я працую ў эфіры, лічу тэлеканал АНТ другім домам, маёй сям’ёй. Тут сабраліся самыя таленавітыя, яркія, кемлівыя, творчыя людзі!

— Каб трапіць на АНТ, вы прайшлі сур’ёзныя выпрабаванні. Ці патрэбныя зараз такія кастынгі на тэлебачанні, і як моладзі патрапіць «у тэлек»?

— Акрамя ўнутранага, дзе сумоўе праводзілі кіраўнікі тэлеканала, я прайшла яшчэ і народны кастынг. Была створана фокус-група. У выніку апытання я ўвайшла ў топ-5 лепшых з тых дзяўчат, якія прайшлі кастынг. А заявак было каля 5000! У той час гэта быў адзінкавы народны кастынг у гісторыі беларускага тэлебачання. Перш чым трапіць у эфір, мяне рыхтавала вялікая каманда прафесіяналаў. Сярод іх мой настаўнік, чалавек-легенда Уладзімір Ільіч Курган, які навучыў мяне дыктарскаму рамяству. Я ганаруся, што была яго вучаніцай. Тыя ўрокі аратарскага майстэрства бясцэнныя. Вядома, час дыктуе іншых герояў, і крытэрыі пры адборы сёння іншыя. Але я лічу, што вядучыя, абраныя народам, на сваім месцы. Ім давяраюць, іх любяць.

— У наш дынамічны час быць адданым сваёй прафесіі — гэта сапраўдны подзвіг. Якімі якасцямі валодаеце вы, каб і сёння заставацца запатрабаванай у эфіры?

— Так, час няпросты. І 2020 год добра паказаў, хто ёсць хто. Выпадковыя людзі пайшлі, як быццам бы іх і не было. А тыя, хто застаўся верным прафесіі, сабе, свайму народу, яны былі, ёсць і будуць. Ведаеце, ёсць добрая прымаўка: «Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся!» Каб быць запатрабаваным і праз 20 гадоў, трэба любіць справу, якой ты займаешся, і рабіць гэта шчыра. Телевізар не даруе фальшу, раней ці пазней гэта праявіцца. Гледача не падманеш! Надзейнасць, працавітасць, дапытлівасць, пунктуальнасць, самавалоданне, уменне прымаць хуткія і правільныя рашэнні, павага — вось, мабыць, гэта асноўныя якасці, уласцівыя мне. Амаль 20 гадоў у эфіры, а я да гэтага часу чамусьці вучуся, гляджу, слухаю, выпраўляю свае хібы, станоўча рэагую на крытыку ды раблю правільныя вывады. Стрэсаўстойлівасць — яшчэ адна якасць, якая неабходна вядучаму, каб якасна трымаць эфір.

— Жыць і працаваць ва ўмовах інфармацыйнай вайны няпроста. Што дапамагае вам спраўляцца са стрэсам падчас работы?

— Аднаўляю свае сілы проста. Сон для мяне — гэта галоўнае. Вельмі люблю салодкае, хаця спрабую сябе трымаць у руках. І вада! Гэта мая стыхія. Не мае сэнсу якая — мора, рака, возера. Падыдзе і звычайны басейн. Кіламетр брасам, і я ў норме.

— Працягваючы тэму інфармацыйнай вайны. Якую ролю ў гэтай барацьбе адыгрывае сучаснае тэлебачанне ў цэлым і вядучы ў прыватнасці?

— Ёсць меркаванне, што сёння тэлебачанне не глядзяць, але гэта не так. Так, многія перайшлі ў інтэрнэт, але і там ёсць наш кантэнт. Пра тое, што выпускі «Нашых навін» глядзяць, гавораць і лічбы: рэйтынг нашага тэлеканала быў і застаецца самым высокім. Мы — дзяржаўны сродак масавай інфармацыі. Мы не можам казаць няпраўду ці замоўчваць важную інфармацыю. Сёння гэта не мае сэнсу. Як аддзяліць праўду ад хлусні? Мая парада — глядзіце тэлеканал АНТ! Мы працуем далікатна, філігранна, каб не траўмаваць людзей. У падачы інфармацыі шмат залежыць ад вядучага: яго харызмы і здольнасці надаць пэўную эмацыянальную афарбоўку той ці іншай вестцы. У выніку, вельмі часта вядучым прыпісваюць тое ці іншае дзеянне, асацыююць з падзеямі, крытыкуюць, лаюць ці, наадварот, просяць дапамогі. Але ж я асабіста не ўплываю на праблемы, не вырашаю глабальныя пытанні, а толькі асвятляю іх. Гэты момант вельмі важны, і яго трэба разумець.

— Што такое, на вашу думку, сучасны патрыятызм, і як выхаваць маладое пакаленне адданым сваёй краіне?

— 2022 у нашай краіне названы годам Гістарычнай памяці. У Беларусі заўсёды надавалася вялікая ўвага вывучэнню гісторыі, праводзяцца мерапрыемствы, знята мноства фільмаў і напісана шмат кніг на гэтую тэму. Моладзь неабходна адукоўваць асабістым прыкладам у тым ліку. Свайму сыну я заўсёды кажу: «Рабы так, як я! Паважай старэйшых, беражліва стаўся да прыроды, любі сваю Радзіму, знайдзі справу па душы». Наогул, складана навучыць чалавека, асабліва дарослага, адчуванням. Калі казаць аб патрыятызме, то, на мой погляд, навучыць патрыятызму нельга, але выхаваць патрыёта можна. Пасля нараджэння чалавек расце, развіваецца. У гэты час вельмі важна ўкласці ў яго тыя каштоўнасці, якія зробяць яго сапраўдным патрыётам. Наогул, патрыятызм — паняцце вельмі шырокае: гэта ўчынкі, погляды, прынцыпы, гонар за сваю Радзіму, любоў да дарагіх сэрцу мясцін. І ў нашых сілах зрабіць Беларусь яшчэ лепей, пачаўшы, перш за ўсё, з сябе.

— Наталля, Вы цудоўна выглядаеце. Якімі сакрэтнымі спосабамі захоўваеце прыгажосць і маладосць?

— Каб добра выглядаць, мне не трэба шмат. Дабрыня, а не злосць, усмешка, а не пахмурнасць, пахвала, а не зайздрасць. Прыгажосць ідзе знутры. Усё астатняе ў наш час можна стварыць пры дапамозе касметолагаў. Але без прыгажосці душы чалавек ніколі не будзе па-сапраўднаму прывабным.

— Вы вельмі актыўна крочыце па жыцці. Што для вас галоўнае: шлях ці вынік? А можа вынік як шлях?

— Для мяне галоўным заўсёды быў і застаецца шлях. Як кажуць, час няўмольна ідзе. Так хочацца, каб у сутках было ў два разы больш гадзін... Але я заўсёды ў шляху. Я не спыняюся ў вучобе, займаюся спортам, выхоўваю сына, працягваю асвойваць фэйсбілдынг, на чарзе курс відэаўрокаў па танцах. Як толькі ты спыняешся, ты знікаеш, згасаеш, а мне так нельга. Яшчэ столькі нерэалізаваных планаў, мар. Як кажуць, жыццё пасля сарака толькі пачынаецца!

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Фота з асабістага архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».