Вы тут

Міліцыянеры Магілёўшчыны захоўваюць памяць аб сваіх папярэдніках


Напярэдадні Дня Перамогі ва ўпраўленні ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама адкрылася абноўленая гісторыка-дэманстрацыйная зала. Яе першымі наведвальнікамі сталі міністр унутраных спраў генерал-лейтэнант міліцыі Іван Кубракоў, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны палкоўнік міліцыі Мікалай Ількевіч, кіраўнікі ўпраўленняў унутраных спраў.


Слухачом першай экскурсіі ў абноўленай гісторыка-дэманстрацыйнай зале стаў і міністр унутраных спраў генерал-лейтэнант міліцыі Іван КУБРАКОЎ.

Азнаёміцца з гісторыяй міліцыі Магілёўскай вобласці, лёсамі ўнікальных праваахоўнікаў і цікавымі экспанатамі змогуць не толькі супрацоўнікі ўнутраных спраў. Экскурсіі будуць праводзіцца для школьнікаў, студэнтаў, будучых прадстаўнікоў сілавога блока краіны. Экспазіцыя зацікавіць нават непадрыхтаванага гледача. У гэтым карэспандэнт «Звязды» пераканалася асабіста.

Праўда, мне яшчэ і з «экскурсаводам» пашанцавала. Больш за старшыню ветэранскай арганізацыі УУС Магілёўскага аблвыканкама Яўгена Кавалёнка пра гісторыю абласной міліцыі не ведае ніхто. Да ведамства ён мае самае прамое дачыненне — у свой час Яўген Яўгенавіч з'яўляўся начальнікам крымінальнага вышуку, намеснікам начальніка крымінальнай міліцыі УУС Магілёўскага аблвыканкама. На яго асабістым уліку — сотні раскрытых крымінальных спраў.

З чаго ўсё пачалося

Знаёмства з экспазіцыяй гісторыка-дэманстрацыйнай залы пачынаецца з гісторыі станаўлення беларускай міліцыі. Асобная ўвага — гістарычнаму перыяду, калі свае першыя прафесійныя крокі рабілі міліцыянеры Магілёўшчыны. Акунуцца ў тыя падзеі дапамагаюць дакументы, фотаздымкі, тагачасныя газеты, а таксама дакументальны фільм, які можна паглядзець тут жа, не адыходзячы ад экспазіцыйнай вітрыны. Асноўныя дакументы, якія сведчаць аб стварэнні ў рэгіёне міліцыі, алічбаваныя — усе яны прадстаўлены для наведвальнікаў у электронным варыянце.

Дзякуючы ім, у прыватнасці, можна даведацца, што днём нараджэння магілёўскай міліцыі лічыцца 19 мая 1918 года. Шэрагі праваахоўнікаў, як адлюстроўваюць фотаздымкі, папаўняліся вайскоўцамі Чырвонай Арміі, якія дэмабілізоўваліся. Сярод найбольш цікавых экспанатаў — пашпарт для гандляроў, павестка, выканаўчы ліст і іншыя дакументы таго часу. Гісторыю міліцыі, у тым ліку магілёўскай, можна вывучаць па публікацыях ведамаснай газеты «На варце Кастрычніка» (цяпер «На страже»).

Расказваецца і пра першых кіраўнікоў павятовых (цяпер раённых) аддзелаў міліцыі. У экспазіцыі — партрэты начальніка Краснапольскай міліцыі Аляксандра Савекіна, а таксама міліцыянера Івана Карасёва. Восенню 1920 года яны загінулі ад рук бандытаў.

— Карыстаючыся тым, што ў Чэрыкаўскі павет для выканання пастаўленай задачы па барацьбе з бандытызмам адбылі супрацоўнікі міліцыі, зламыснікі напалі на Краснаполле, — расказвае Яўген Кавалёнак. — Падпалілі некалькі хат, захапілі будынак міліцыі. Як успаміналі сведкі тых падзей, Савекін і Карасёў атстрэльваліся да апошняга патрона. Пакуль іх не забілі, адважныя міліцыянеры паспелі знішчыць частку сакрэтных дакументаў. Бандыты да таго былі ўзлаваныя, што целы міліцыянераў прылюдна, на вачах родных, спалілі на вогнішчы. У гонар стагоддзя краснапольскай міліцыі супрацоўнікі і ветэраны органаў унутраных спраў устанавілі на магіле Аляксандра Савекіна новы помнік. Увекавечвае памяць загінулых калег і мемарыяльная дошка, устаноўленая на сучасным будынку аддзела ўнутраных спраў Краснапольскага райвыканкама.

Героі вайны

Асобны раздзел гісторыка-дэманстрацыйнай залы прысвечаны подзвігу супрацоўнікаў магілёўскай міліцыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Першыя бомбы на абласны цэнтр упалі 25 чэрвеня. Тут ужо знаходзіўся ўрад Беларусі. Горад абаранялі з усіх напрамкаў.

У гісторыю ўвайшоў подзвіг батальёна міліцыі Канстанціна Уладзімірава. Непадалёк ад Магілёва, у раёне вёскі Гаі, з 12 да 18 ліпеня 1941 года батальён міліцыі капітана Уладзімірава вёў няроўны бой з акупантамі. Шэсць сутак без ежы, сну і адпачынку — міліцыянеры стаялі на смерць. З 250 байцоў падраздзялення ў жывых засталося ўсяго 19 чалавек — кантужаных і параненых. Вораг далей не прайшоў. На месцы, дзе міліцыянеры адважна змагаліся з немцамі, пастаўлены помнік.

У экспазіцыі подзвігу байцоў капітана Уладзімірава — асаблівая ўвага. На своеасаблівай дошцы гонару — партрэты тых міліцыянераў, якія, паводле сведчанняў відавочцаў і аповедаў іншых людзей, удзельнічалі ў тым страшным баі. Сямён Дрышчанка — адзіны з 250 байцоў падраздзялення, асоба якога была пацверджана дакументальна. У 2020 годзе падчас пошукава-палявых работ, якія рэгулярна праводзяцца на гэтым месцы вайскоўцамі 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна, членамі Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага клуба «Віккру», супрацоўнікамі і курсанамі Магілёўскага інстытута МУС, побач з астанкамі ўдалося выявіць дакументы на імя міліцыянера Сямёна Дрышчанка, а таксама яго пяро і ручку, якімі ён некалі карыстаўся.

Сучасныя тэхналогіі пераносяць у далёкі 1941 год і дазваляюць стаць непасрэдным сведкам тых атак, якія цаной свайго жыцця адбівалі байцы батальёна Уладзімірава. Спецэфекты перадаюць напружанасць тых баёў, мужнасць і самаахвярнасць міліцыянераў — на некалькі хвілін здаецца, што ты там, у гэтым ачагу болі, адвагі і патрыятызму. Ажно мурашкі па скуры! Сапраўды, цяпер можна паверыць у тое, што немцы пасля баяліся ісці на гэтую вышыню.

Унікальнай старонкай у біяграфіі беларускай міліцыі ганарацца супрацоўнікі органаў унутраных спраў усіх рэгіёнаў краіны. У гісторыка-дэманстрацыйнай зале захоўваецца асабістая справа капітана Уладзімірава, яго паляўнічая стрэльба, якую пасля вайны на захоўванне перадаў яго сын. Камандзір батальёна загінуў у апошнім баі. Па сведчанні байцоў, паранены, ён падняўся і першым пайшоў у бой. Месца яго пахавання дагэтуль не ўстаноўлена.

З біяграфіяй некаторых байцоў батальёна можна пазнаёміцца і дзякуючы электроннаму носьбіту, якім мае магчымасць скарыстацца любы наведвальнік. Таксама можна праслухаць успаміны ўдзельнікаў абароны Магілёва, якім пашчасціла выжыць у тым жудасным марафоне атак: Сырамалотава, Калугіна і Кожава.

Расказваецца ў экспазіцыі і пра подзвіг Аляксея Банькоўскага, супрацоўніка крымінальнага вышуку, які загінуў ад рук акупантаў, якія, каб пранікнуць у Магілёў, пераапрануліся ў міліцэйскую форму. Банькоўскі адным з першых заўважыў варожы авіядэсант, уступіў з ім у супраціўленне — загінуў. Так здарылася, што магілу адважнага міліцыянера змыла вадой. Па словах Яўгена Кавалёнка, доўгі час дачка Банькоўскага ў дзень гібелі бацькі прыходзіла з кветкамі да памятнага знака супрацоўнікам, якія загінулі пры выкананні службовага абавязку, адкрытага на тэрыторыі ўпраўлення ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама.

Цаной свайго жыцця

Як развівалася міліцыя пасля вайны, расказваюць наступныя экспазіцыйныя стэнды. Тут можна ўбачыць і спецыяльную тэхніку, якой у савецкі час карысталіся праваахоўнікі: першыя камп'ютары, алкатэстары, фотастрэльба для фіксацыі хуткасці на далёкіх адлегласцях і іншыя прыстасаванні.

Акрамя таго, прадстаўлена абмундзіраванне супрацоўнікаў органаў унутраных спраў розных перыядаў. Напрыклад, шынель міліцыянера Цеплякова, які захаваўся ў выдатным стане. А, між іншым, старшына міліцыі апранаў яго падчас язды на матацыкле і летам, і зімой. Форму Васіля Ермачэнкі, які служыў у Касцюковіцкім райаддзеле і загінуў пры выкананні службовага абавязку, перадала яго сям'я. Знаходзячыся ў адпачынку, міліцыянер атрымаў інфармацыю аб тым, што яго знаёмы захапіў у заложнікі свайго сына і пагражаў яго забіць. Перагаворы не мелі выніку. Затым Васіль Ермачэнка трапіў у дом: там міліцыянера напаткала куля. Сын адважнага чалавека працягвае міліцэйскую дынастыю: служыць намеснікам начальніка аддзела ўнутраных спраў Клімавіцкага райвыканкама, з'яўляецца падпалкоўнікам міліцыі.

Загінулым пры выкананні службовага абавязку міліцыянерам Магілёўшчыны ў гісторыка-дэманстрацыйнай зале прысвечана асаблівая ўвага: захоўваюцца іх партрэты, асабістыя рэчы. Цаной уласнага жыцця гэтыя людзі выратавалі іншых.

7 мая 1945 года, за два дні да Перамогі, пры затрыманні ўзброенага злачынца ў вёсцы Прудок Чавускага раёна, загінулі супрацоўнікі раённага аддзела НКУС па Магілёўскай вобласці Іван Барысаў і Іван Рудакоў. Участковы інспектар Мікалай Каробкін загінуў адразу пасля вайны, у 1946 годзе, падчас ліквідацыі банды злачынцаў у Горацкім раёне — нягледзячы на тое, што ваенныя дзеянні скончыліся і была аб'яўлена Перамога, настроеныя супраць савецкай улады фарміраванні працягвалі рабіць свае чорныя справы. Падчас ліквідацыі бандыцкай групоўкі загінуў і начальнік крымінальнага вышуку Сяргей Паноў. Міліцыянер Сяргей Сінцароў у 1995 годзе заступіўся за жанчыну падчас затрымання правапарушальнікаў у рэстаране гасцініцы «Магілёў» і быў паранены. Праз месяц памёр. Міліцыянера Аляксандра Ігнатава забілі падчас дастаўкі ў Чэрыкаўскі райаддзел затрыманых за правапарушэнне.

Дапамагалі іншым

Заслугоўваюць увагі і супрацоўнікі міліцыі, якія з інтэрнацыянальнай місіяй знаходзіліся ў Афганістане. У іх ліку — сем афіцэраў, адпраўленых у гэтую краіну для аказання дапамогі ў стварэнні мясцовага органа міліцыі — Царандоя. Адзін з іх, Міхаіл Шчаўлеў, пасля яшчэ з'яўляўся камандзірам зводнага атрада, які накіроўваўся для ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Усяго ў тую небяспечную камандзіроўку вясной 1986 года было накіравана сем зводных атрадаў міліцыі. Міліцыянерам-»чарнобыльцам», якія прадэманстравалі свой прафесіяналізм пры ліквідацыі тэхнагеннай катастрофы, — асаблівая даніна павагі і памяці ў экспазіцыі. Яна, дарэчы, будзе дапаўняцца. Гэта датычыцца ўсіх тэматычных раздзелаў.

Магілёўскія праваахоўнікі аказвалі дапамогу і жыхарам армянскага горада Спітак, які ў 1988 годзе моцна пацярпеў ад землятрусу. На працягу трох месяцаў міліцыянеры забяспечвалі на вуліцах грамадскі парадак, а таксама адказвалі за захаванасць дзяржаўнай маёмасці і грамадзян.

Тут можна даведацца і аб асноўных узнагародах, якія ў розныя гістарычныя перыяды ўручаліся супрацоўнікам органаў унутраных спраў. Пры дапамозе фотаматэрыялаў, фільмаў расказваецца і аб найбольш гучных у рэгіёне злачынствах, паспяхова раскрытых магілёўскімі міліцыянерамі. Цікавасць выклікае карта разбояў на трасах, якія ў цяжкіх 90-х у краіне фіксаваліся амаль штодзень. За дзесяць гадоў у Магілёўскай вобласці было здзейснена каля 150 такіх злачынстваў. Для таго, каб спыніць іх, міліцыянерамі былі распрацаваны спецыяльныя мерапрыемствы.

Пераемнасць пакаленняў

У зале гонару, якая з'яўляецца часткай экспазіцыі, прадстаўлены ўзнагародныя комплексы генералаў міліцыі — ураджэнцаў Магілёўшчыны. У тым ліку генерала Мікалая Дубасава, які на працягу дзесяці гадоў узначальваў магілёўскую міліцыю, удзельнічаў у будаўніцтве цяперашняга будынка ўпраўлення ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама. Тут — і ўзнагароды, асабістыя рэчы палкоўніка міліцыі Фёдара Акаліты, які ўсяго некалькі дзён не дажыў да сваёй пенсіі і памёр на працоўным месцы. У дзень, калі яго хавалі, у Магілёве не было зарэгістравана ні аднаго злачынства — супрацоўнікі так паважалі афіцэра.

У зале гонару плануецца ўзнагароджваць супрацоўнікаў унутраных спраў, уручаць міліцыянерам дакументы аб прысвоеных званнях.

— У большасці сваёй гісторыка-дэманстрацыйная зала разлічана на маладых наведвальнікаў: да рэканструкцыі да нас часта прыходзілі дзеці, спадзяёмся, што гэта традыцыя працягнецца, — адзначае дырэктар Цэнтра культурна-выхаваўчай работы УУС Магілёўскага аблвыканкама Вольга СТАЯКОВА. — У нас шмат цікавых людзей, супрацоўнікаў, некаторыя з іх, на жаль, загінулі пры выкананні службовых абавязкаў. Мы павінны ведаць аб іх подзвігах — нам ёсць чым ганарыцца.

Аб гэтым сведчыць і Кніга Памяці, дзе можна знайсці інфармацыю аб 128 супрацоўніках магілёўскай міліцыі, якія загінулі пры выкананні службовага абавязку. Тое, што яны засталіся ў памяці цяперашняга пакалення праваахоўнікаў Магілёўшчыны, не паддаецца ніякаму сумненню.

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы МУС

Загаловак у газеце: Месца славы і гонару

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?