Вы тут

У памяці народнай. У Баранавічах адкрылі мемарыял Героям Беларусі Андрэю Нічыпорчыку і Мікіце Куканенку


У Баранавічах адкрылі мемарыял Героям Беларусі Андрэю Нічыпорчыку і Мікіце Куканенку.


Год таму амаль усе беларусы перажывалі гібель лётчыкаў, якія загінулі ў Баранавічах. 19 мая 2021 года падчас трэніровачных палётаў вучэбна-баявы самалёт Як-130 страціў кіраванне і пацярпеў крушэнне. Пілоты 116-й гвардзейскай штурмавой авіябазы не капультаваліся...
Яшчэ да таго, як следства вынесла вердыкт, было зразумела: лідскія лётчыкі маёр Андрэй Нічыпорчык і лейтэнант Мікіта Куканенка здзейснілі подзвіг. Відавочцы падзеі сведчылі: некіруемы самалёт, які падаў на жылыя дамы, у долі секунды памяняў свой маршрут — Як-130 прызямліўся на невялічкім пятачку зямлі. Толькі дзякуючы прафесійным дзеянням экіпажа, ахвяр сярод мірных жыхароў удалося пазбегнуць. За мужнасць і гераізм пры выкананні воінскага абавязку Указам Прэзідэнта лётчыкам пасмяротна прысвоена высокае званне «Герой Беларусі».

— Год таму, у такі ж майскі дзень, у свой апошні палёт сышлі людзі, улюбёныя ў неба: моцныя, смелыя, сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, — адзначыў падчас цырымоніі адкрыцця помніка міністр абароны генерал-лейтэнант Віктар ХРЭНІН. — Яны зрабілі свой выбар і цаной свайго жыцця выратавалі сотні людзей на зямлі. Сваім самаахвярным учынкам упісалі свае імёны ў гісторыю нашай дзяржавы, пакінуўшы яркі след. Яны сталі ў адзін шэраг з тымі людзьмі, якіх мы шануем, памятаем, якімі ганарымся. У Год гістарычнай памяці мы ўвекавечваем імёны нашых лётчыкаў-Герояў. Перш за ўсё мы гэта робім дзеля таго, каб памятала наша маладое пакаленне. Памятала і ганарылася, ведала, як трэба любіць сваю Радзіму, як патрэбна яе ўмець абараняць і цаніць афіцэрскі гонар. 

Па словах кіраўніка абароннага ведамства, імёнамі Андрэя і Мікіты называюцца піянерскія дружыны, іх будуць насіць вуліцы ў гарадах. «Пакуль на нашай зямлі нараджаюцца такія людзі, пакуль у нашай арміі служаць такія ваеннаслужачыя, у нашай краіны ёсць будучыня і яе ёсць каму абараняць», — перакананы Віктар Хрэнін. 

Па словах памочніка Прэзідэнта — інспектара па Брэсцкай вобласці Валерыя ВАКУЛЬЧЫКА, гэты подзвіг стаў магчымым перш за ўсё дзякуючы выхаванню ў сям’і, школе, Ваеннай акадэміі, дзе вучыліся, там, дзе потым служылі. «У выніку мы атрымалі сыноў, патрыётаў сваёй краіны, сапраўдных мужчын», — падкрэсліў ён. 

Як адзначыў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый ШУЛЕЙКА, 26 гадоў таму на Брэстчыне, таксама ў Баранавічах, Уладзімір Карват стаў першым Героем Беларусі, які ўжо тады паказаў, што такое лётчык, Радзіма, бяспека і людзі вакол цябе. «Год таму два маладыя афіцэры паўтарылі подзвіг Карвата, — заўважыў кіраўнік вобласці. — Яны бачылі горад, разумелі, што адбываецца з машынай, прымалі рашэнне — няхай жывуць людзі».

Удзячныя грамадзяне і паклапаціліся аб тым, каб увекавечыць памяць лётчыкаў. Кампазіцыя мемарыяла сімвалізуе ўлюбёных у неба прафесіяалаў сваёй справы, сапраўдных патрыётаў, верных прысязе афіцэраў. Аўтар ідэі памятнага знака — маёр Аляксандр Чарнышоў, які служыў у 61-й знішчальнай авіяцыйнай базе. Над стварэннем скульптурнай кампазіцыі працаваў калектыў з супрацоўнікаў баранавіцкага філіяла ААТ «Брэстпраект», Баранавіцкай гарадской ЖКГ і «Баранавічырэмбуда» пад кіраўніцтвам архітэктара горада Віталя Палуянчыка. Каваныя жураўлі — работа майстра Мікалая Траяновіча.

Бацька Героя Беларусі Уладзімір Нічыпорчык падзякаваў людзям за памяць, асаблівыя словы ўдзячнасці выказаў тым, хто ад ідэі да яе ўвасаблення стварыў помнік. «Кранальнае мерапрыемства, якое выклікае пачуццё болі і смутку, і ў той жа час — гонару за нашых сыноў, — падзяліўся бацька Андрэя Нічыпорчыка. — Асэнсоўваючы тыя падзеі, цяжка прыняць, што іх ужо няма. Аднак прыходзіцца з гэтым змірыцца, хоць гэты боль застанецца з намі назаўсёды». 

Мясцовая жыхарка Зінаіда Кажына ніколі не забудзе той дзень, калі здарылася трагедыя. «Я пайшла ў хлеў, — успамінае жанчына. — Чую, ляціць самалёт. Ды так моцна, што з ног збівае. Потым як ухнула. Выскачыла — дым. Сусед сказаў, што за хатай самалёт узарваўся і гарыць. Жудасная была карціна...» У першыя дні пасля трагедыі на месцы авіякатастрофы быў створаны стыхійны мемарыял. І менавіта дзякуючы Зінаідзе Канстанцінаўне гэтае месца заўсёды было дагледжана. За гэты час яна параднілася са сваякамі загінулых лётчыкаў. «Яны мне ўжо як дзеці, унукі», — прызнаецца жанчына. 

Многія беларусы вельмі блізка да сэрца ўспрынялі гэтую трагедыю. Аб гэтым сведчыла і вялікая плыня людзей, якая несла кветкі да помніка Героям Беларусі. 

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.