Вы тут

Першы рэгіянальны бізнес-форум «Гомель-Бранск» багаты на ўзаемавыгадныя інвестпраекты - Крупко


У Гомелі дадзены старт знакавай падзеі ў развіцці інтэграцыі Саюзнай дзяржавы — першаму рэгіянальнаму бізнес-форуму «Гомель-Бранск». Ён аб’яднаў больш за 100 удзельнікаў. Арганізаваныя дыялогавыя пляцоўкі аб супрацоўніцтве з удзелам кіраўнікоў Гомельшчыны і Браншчыны — старшынёй Гомельскага аблвыканкама Іванам Крупко і губернатарам Бранскай вобласці Аляксандрам Багамазам. 


— Мы адкрываем новую старонку ў сумеснай багатай падзеямі гісторыі — праводзім першы форум, які стане ў шырокім сэнсе традыцыйным, багатым на ўзаемавыгадныя інвестыцыйныя праекты і доўгатэрміновыя кантракты, — падчас урачыстага адкрыцця форуму да яго ўдзельнікаў звярнуўся старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко.

Кіраўнік вобласці падкрэсліў, што Бранскі рэгіён — даўні надзейны сябар і стабільны эканамічны партнёр Гомельшчыны. Яркі таму прыклад — шматгадовыя кааперацыйныя вытворчыя сувязі паміж прадпрыемствамі «Гомсельмашам» і «Брансксельмашам». 

— Адгрузка машынакамплектаў з гомельскага гіганта машынабудавання ідзе ў адрас бранскіх сумежнікаў цэлы год. Толькі за 2021 год пастаўлена 619 адзінак на суму 123 мільёны рублёў, — зазначыў Іван Крупко. — Яшчэ прыклад: «Гомельагракамплект» і бранскае «Брасава». Аб’ём паставак за мінулы год перавысіў мільён сто беларускіх рублёў. А патэнцыял нашага прадпрыемства значна вышэйшы.

Прыняць удзел у рэгіянальным бізнес-форуме «Гомель-Бранск» запрошаныя прадстаўнікі ўлады, прадпрыемстваў і гандлёва-прамысловых палат. Іх увазе – больш за 300 інвестыцыйных пляцовак для арганізацыі бізнесу (як аб’екты нерухомасці, так і асобныя зямельныя ўчасткі з падрыхтаванай інфраструктурай).

Адны з прыярытэтных задач маштабнай рэгіянальнай бізнес-пляцоўкі — гэта пашырэнне кааператыўных сувязяў для сумеснай работы па імпартазамяшчэнні, пошук новых экспартных рынкаў, для паспяховага пераадолення негатыўнага ўздзеяння санкцый.

Як было адзначана, сёння ўжо вядзецца работа з расійскімі партнёрамі па дадатковых пастаўках, забеспячэнні сыравінай і арганізацыі вытворчасцяў. Сярод прыкладаў кааперацыі — кампаніяй «Веза», вытворчыя магутнасці якой прадстаўленыя ў Гомелі, Бранску і Карачове (Бранская вобласць). 

Між тым больш за 20 кампаній Браншчыны праявілі ініцыятыву далучыцца да рэгіянальнага гомельскага бізнес-форуму. Сваю прадукцыю для іх прадставяць каля двух дзесяткаў прадпрыемстваў Гомельшчыны.

Арганізаваныя выставы-прэзентацыі вытворчасці будаўнічай галіны рэгіёна, тавараў лёгкай прамысловасці, дасягненняў кандытараў, патэнцыял малочнай прадукцыі. 

Ёсць і першыя канкрэтныя вынікі бізнес-форуму «Гомель-Бранск»: падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж свабоднай эканамічнай зонай «Гомель-Ратон» і саюзам «Гандлёва-прамысловая палата Бранскай вобласці». Адпаведны дакумент падпісалі кіраўнік адміністрацыі СЭЗ «Гомель-Ратон» Антаніна Яжова і намеснік кіраўніка Цэнтра развіцця прадпрымальніцтва гандлёва-прамысловай палаты Бранскай вобласці Сяргей Гудоўскі. 

Як падкрэсліла Антаніна Яжова, у найбліжэйшы час удзельнікамі двухбаковага супрацоўніцтва будзе распрацаваны план, вызначаны канкрэтныя мерапрыемствы ў рамках пагаднення. 

— Мы зацікаўлены ў прыцягненні інвестыцый, у экспарце і імпарце прадукцыі. І, зразумела, заключаны дакумент дасць старт новым узаемаадносінам прадпрыемстваў Бранскай вобласці і рэзідэнтаў СЭЗ «Гомель-Ратон», іншых прадпрыемстваў Гомельскай вобласці. Будзем спадзявацца на ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва, — звярнула ўвагу кіраўнік адміністрацыі гомельскай свабоднай эканамічнай зоны.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

фота ТК «Гомельшчына афіцыйна»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?