Вы тут

Уступная кампанія-2022: зацверджаны Графік прыёмных камісій


Пастановай Міністэрства адукацыі зацверджаны тэрміны правядзення ў 2022 годзе ўступнай кампаніі ў вышэйшых навучальных установах.


Прыём дакументаў распачнецца сёлета 18 ліпеня. З 18 да 24 ліпеня вызначыцца з выбарам спецыяльнасці павінны ўсе абітурыенты, якія прэтэндуюць на бюджэтныя месцы, а таксама абітурыенты, якія паступаюць на платную форму навучання на спецыяльнасці, дзе прадугледжаны ўступныя іспыты.

Для некаторых катэгорый абітурыентаў тэрміны падачы дакументаў іншыя. Так, з 18 да 26 ліпеня будуць прымаць дакументы ад тых, хто паступае на спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю на дзённае аддзяленне (бюджэтную форму), у Ваенную акадэмію, Інстытут пагранічнай службы, а таксама на ваенныя факультэты (на бюджэт).

А з 15 лістапада да 5 снежня — ад тых, хто паступае на завочную форму атрымання адукацыі ва ўстановы дадзенага профілю.

Усяго чатыры дні (з 18 да 22 ліпеня) адведзена на прыём дакументаў ад выпускнікоў профільных педагагічных, спартыўна-педагагічных і аграрных класаў, якія паступаюць без здачы экзаменаў па сумоўі на педагагічныя спецыяльнасці, напрамак «Фізічная культура і спорт» і спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю.

Ад абітурыентаў, якія паступаюць на платнай аснове, але не здаюць уступныя экзамены ў ВНУ, дакументы будуць прымацца:

* з 18 ліпеня да 3 жніўня — у Акадэміі МУС, Магілёўскім інстытуце МУС, Універсітэце грамадзянскай абароны МНС;
* з 18 ліпеня да 9 жніўня — на дзённую форму атрымання адукацыі па сельскагаспадарчых спецыяльнасцях (з 15 лістапада да 5 снежня — на завочную форму па дадзеным профілі);
* з 18 ліпеня да 8 жніўня — ва ўсіх іншых установах вышэйшай адукацыі.

Унутраныя ўступныя іспыты ў ВНУ па асобных спецыяльнасцях (спартыўныя, творчыя, інтэграваныя) пройдуць з 25 ліпеня да 2 жніўня.

У Акадэміі МУС, Універсітэце грамадзянскай абароны МНС, Ваеннай акадэміі, на ваенных факультэтах ВНУ ўнутраныя выпрабаванні пройдуць з 25 да 27 ліпеня. На ваенным факультэце Гродзенскага ўніверсітэта — 27–28 ліпеня. З 29 ліпеня да 4 жніўня будуць здаваць экзамены абітурыенты, якія паступаюць на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці на дзённую форму і з 6 да 15 снежня — на завочную.

Тэрміны залічэння абітурыентаў на месцы, устаноўленыя кантрольнымі лічбамі прыёму для атрымання вышэйшай адукацыі за кошт сродкаў бюджэту:

* да 29 ліпеня — у Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, Інстытуце пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, Універсітэце грамадзянскай абароны МНС, на ваенных факультэтах ВНУ;
* да 4 жніўня — у іншых дзяржаўных ВНУ;
* да 20 снежня — на завочную форму атрымання адукацыі ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю.

На платную форму навучання тэрміны залічэння абітурыентаў ва ўсіх ВНУ — да 10 жніўня, толькі на завочную форму атрымання адукацыі ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю — да 20 снежня.

Надзея НІКАЛАЕВА
Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.