Вы тут

Качанава: Тое, што робіць завод грамадзянскай авіяцыі, заслугоўвае самай высокай пахвалы


Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава наведала ўчора ААТ «Мінскі завод грамадзянскай авіяцыі № 407». Яна пазнаёмілася з дзейнасцю прадпрыемства, яго музейнай экспазіцыяй і сустрэлася з працоўным калектывам. Сёння завод спецыялізуецца на капітальным рамонце самалётаў ТУ-134, Як-40, ЯК-42, а таксама выконвае тэхнічнае абслугоўванне паветраных суднаў ІЛ-76. На прадпрыемстве працуе 746 чалавек.


Спікеру верхняй палаты парламента прадэманстравалі сучасныя цэхі прадпрыемства, якое ў 2018 годзе было перанесена з цэнтра сталіцы за яе межы. Наталля Качанава, у сваю чаргу, пацікавілася, ці дастаткова завод мае заказаў.

— Адметна, што гэта прадпрыемства з даўняй гісторыяй, і разам з тым у 2018 годзе яно літаральна пабудавана нанова і сёння працуе дастаткова паспяхова. Гэта экспартаарыентаванае прадпрыемства, якое мае заказчыкаў з шэрагу краін свету. Вельмі важна, што сёння ў няпростых умовах тут дастатковыя аб’ёмы работ, прапрацаваныя кантракты на 2023, 2024 гады, — сказала Наталля Качанава.

Звярнула ўвагу спікер і на работу сумежных галін і прадпрыемстваў па імпартазамяшчэнні, якая мусіць весціся больш актыўна.

— Ёсць пытанні, якія варта адрасаваць сумежным прадпрыемствам, яны павінны больш шчыльна працаваць у адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта па імпартазамяшчэнні. Магчыма, варта было б распрацоўваць фарбы, якія можна выкарыстоўваць пры рамонце і абслугоўванні самалётаў. Увогуле, варта паглядзець, што можна зрабіць, каб у нас быў больш поўны цыкл рамонту і абслугоўвання самалётаў. Але сёння тое, што робіць завод грамадзянскай авіяцыі, заслугоўвае самай высокай пахвалы. Пра гэта кажуць і самі заказчыкі, якія дзякуюць за якасную работу.

Адзначыла Наталля Качанава і неабходнасць завяршэння будаўніцтва фарбавальнага цэха. Увядзенне ў эксплуатацыю гэтага аб’екта дазволіць істотна павялічыць аб’ёмы работ.

— Абавязкова гэтыя пытанні мы абмяркуем ва ўрадзе, звернем асаблівую ўвагу ўсіх зацікаўленых. Варта завяршыць гэту работу.
Як адзначыў выконваючы абавязкі генеральнага дырэктара Мінскага завода грамадзянскай авіяцыі № 407 Уладзімір Пекарскі, прадпрыемства працуе на перспектыву. У хуткім часе тут будзе асвоены рамонт новага віду паветраных суднаў. Гэта расійскі сярэднемагістральны вузкафюзеляжны пасажырскі самалёт МС-21.

— У цяперашні час актыўна працуем з распрацоўшчыкам гэтых самалётаў, праводзім навучанне. З мая накіравалі на перападрыхтоўку дзве групы з 24 спецыялістаў. У канцы верасня — пачатку кастрычніка выходзім на сертыфікацыю. У кастрычніку ў нас з’явіцца першы самалёт Sukhоі Suреrjеt. Гэта сучасны новы самалёт, іх выпушчана больш за 200, яны эксплуатуюцца ў «Аэрафлоце», авіякампаніі «Расія». Гэта добрая перспектыва для нашага калектыву.

Алена КРАВЕЦ

Фота – БелТА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.