Вы тут

Вялікі тэатр у свой дзень нараджэння зробіць падарунак гледачам


Той выпадак, калі свята — не столькі для сябе, колькі для гасцей. У Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі склалася традыцыя ладзіць адмысловыя імпрэзы 25 мая. Гэта дзень, калі пачалася гісторыя тэатра для гледачоў: адбылася прэм’ера спектаклю «Кармэн». 89 гадоў таму галоўную партыю ў спектаклі спявала прыма Ларыса Александроўская. Цяпер опера «Кармэн» таксама ідзе на сцэне тэатра, а партыя галоўнай гераіні з’яўляецца, дарэчы, візітоўкай адной з нашых сучасных зорак Аксаны Волкавай. Сустрэчу з ёй і іншымі опернымі і балетнымі артыстамі Беларусі абяцаюць падчас Урачыстага канцэрта, які адбудзецца ў дзень нараджэння тэатра. 


Дзікае паляванне Караля Стаха

Паспрабаваўшы розныя формы стасункаў з гледачом у папярэднія гады — ад экскурсій па рэканструяваным гістарычным будуныку да знаёмства з удзельнікамі трупы, — тэатр сёлета вяртаецца да больш традыцыйнага фармату, але, напэўна, самага бяспройгрышнага. Таму што гэта магчымасць у адзін вечар далучыцца як да опернага, так і да балетнага мастацтва, бо на сцэне будуць дэмантравацца фрагменты і нумары з розных спектакляў, створаных паводле сусветных і беларускіх кампазітараў. Напрыклад, сучасны гладач можа паглядзець «Багему» Пучыні ў пастаноўцы расійскага рэжысёра Аляксандра Цітэля, паслухаць «Княза Ігара» Барадзіна ў версіі беларускага рэжысёра Галіны Галкоўскай, ацаніць твор Уладзіміра Солтана «Дзікае паляванне караля Стаха» ў пастаноўцы Ганны Маторнай і наведаць іншыя оперныя спектаклі. Але каб пазнаёміцца з усім рэпертуарам, трэба адвесці на гэта шмат вечароў. А ёсць жа яшчэ балет: тут класічны «Дон Кіхот» Мінкуса і маштабны твор з харэаграфіяй Валянціна Елізар’ева «Стварэнне Сусвету» паводле Пятрова, гістарычны «Вітаўт» на музыку беларускага кампазітара Вячаслава Кузняцова ды адметныя спектаклі, якія дэманструюць развіццё харэаграфіі як мастацтва... 

Кармен

Магчымасці далучыцца адначасова да музыкі розных кампазітараў і пачуць ды пабачыць лепшых салістаў Вялікага ў адзін вечар нашы гледачы ацанілі даўно. А для тэатра гэта нагода агледзець і прадэманстраваць свае лепшыя творчыя сілы, прычым па ўсіх кірунках, таму што праца аркестра і хора не менш цікавая. Гледачы разумеюць гэта, таму не трэба здзіўляцца попыту на квіткі, варта парадавацца за тых, каму пашчасціць трапіць на ўрачыстасць. 

Лебядзінае возера

Зборныя канцэрты зазвычай збіраюць поўную залу: прыцягваюць імёны Настассі Масквіной, Ніны Шарубінай, Аксаны Волкавай, Сяргея Франкоўскага, Мары Данусевіч, Станіслава Трыфанава ды іншых спевакоў, а таксама артыстаў балета Ірыны Яромкінай, Марыны Вежнавец, Антона Краўчанкі, Канстанціна Героніка, Эвена Капітэна... Такія вечары часам становяцца падставай адкрыць для сябе новае імя ды пасля наведаць асобны спектакль, урываек з якога ўразіў у канцэрце. І сапраўды, толькі паглядзеўшы ўсё, можна зразумець, што ў тэатры оперы і балета ты далучаешся да вялікай гісторыі чалавецтва, частку якой складаюць бессмяротныя творы ды вечныя сюжэты, у якіх каханне ідзе поруч з ахвярнасцю, сапраўдныя героі не паміраюць, бо працягваюць натхняць на подзьвігі, а жыццё нязменна бярэ верх над смерцю паводле вышэйшай спавядлівасці. Гэта яшчэ адна прычына, чаму музыка, мастацтва — крыніца сілы для людзей, якія імкнуцца да дасканаласці і гатовыя асабіста спрыяць гармоніі ў свеце.

Стварэнне сусвету

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.