Вы тут

Ноч музеяў-2022 пройдзе ў Беларусі 21-22 мая


Музей — тое месца, дзе нібыта спыняецца час, але разам з тым адбываецца знаёмства з новым і нязведанным. І з 1977 года 18 мая людзі, якія з’яўляюцца для нас праваднікамі ў гэты нязведаны свет, музейшчыкі, адзначаюць прафесійнае свята. А сапраўдным падарункам для наведвальнікаў можна лічыць Ноч музеяў. Мерапрыемства, якое штогод дае кожнаму прыхільніку музейнай справы і мастацтва ва ўсёй яго разнастайнасці сустракацца ў цікавым фармаце. Вядома, не стане выключэннем і гэты год. З 21 па 22 мая ў Беларусі пройдзе «Ноч музеяў-2022». І днямі прадстаўнікі вядучых культурных устаноў распавялі, што чакае кожнага, хто да іх у гэтыя выходныя завітае.


Дайсці да месца сілы змогуць тыя, хто наведае Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры. Гэта адзін з найбуйнейшых музеяў, дзе займаюцца дакументаваннем, збіраннем звестак пра гісторыю айчыннай літаратуры. І, як адзначыла кіраўніцтва ўстановы, у мінулым годзе тут плённа папрацавалі, і да Ночы музеяў падрыхтаваліся як у галоўным музеі, так і ў яго філіялах.

— Сваім наведвальнікам 21 мая мы прадставім цікавую і ўнікальную праграму.  Магчыма, адну з найяскравейшых за апошнія гады. Непасрэдна сам музей гісторыі беларускай літаратуры прадставіць праграму, якая называецца “Гульня ў літары, або Дайсці да месца моцы”. Толькі ў музейную ноч у Траецкім прадмесці ў самім будынку музея лакалізуецца загадкавае “месца моцы”. Гэта шанс пераадолець цяжкі, цярністы шлях да зведвання беларускай літаратуры. А пралягаць той шлях будзе праз свет беларускіх літар, словаў і твораў. Дзе і крыецца ўся моц і святло душы чалавечай, -- анансаваў будучае мерапрыемства дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Сяргей Усік. -- Як скарынаўскія наборшчыкі, збіраючы літарку да літаркі, наведвальнікі мусяць прайсці пакручастымі пуцявінамі літаратуры ў самых розных яе ўвасабленнях. І толькі пасля таго, як яны ўрэшце дабяруцца да вытокаў, ім адчыніць свае дзверы самая сакральная лакацыя музея  -- месца моцы. Падарожнічаючы па музейных забавах і здабываючы запаветныя літары, вандроўнікі набудуць каштоўныя веды, карысныя ўменні і цудоўны настрой.

Праграма ўключае каля дзевяці лакацый, і будзе даступнай з 18 да 23 гадзін. Своеасаблівай фішкай стане магчымасць атрымаць 50% зніжку на квіток на мерапрыемства, калі правільна адкажаце на нескладанае пытанне. А ў фінале традыцыйна кожны атрымае падарунак ці сувенір. У сваю чаргу філіял Літаратурны музей Максіма Багдановіча прапануе праграму “На высокай ноце”, якая будзе доўжыцца да 02.00 гадзін ночы. Тут аўдыторыю чакаюць шматгранныя квэсты і канцэрт беларускіх спевакоў. Філіял Літаратурны музей Петруся Броўкі (месціцца на вул. Карла Маркса)  21 мая ў 18 гадзін адчыніць свае дзверы з праграмай “Як калісьці ты быў бітнікам”. Добрая магчымасць перанесціся ў 60-70-я гады мінулага стагоддзя.

“Мір. Май. Музей і музыка”

Такое спалучэнне змогуць знайсці тыя, хто зладзіць на выходных вандроўку за межы сталіцы і наведае Мірскі замак. Сваіх наведвальнікаў замкавы комплекс будзе чакаць з 10.00 да 19.00. А калі ўсё ж даспадобы начныя прыгоды, то можна яшчэ паспець забраніраваць гасцінічны нумар, каб напоўную пранікнуцца атмасферай лакацыі.

— Калі памятаеце, то леташні Дзень музеяў у нас быў прысвечаны сярэднявечным гульням. Той гульнявы пакой мы аднавілі і на гэты раз. Але паколькі архітэктура – гэта застыглая музыка, дадзенаму  напрамку мы вырашылі і прысвяціць наш сёлетні Міжнародны дзень музеяў, -- адзначае дырэктар установы “Музей “Замкавы комплекс “Мір” Аляксандр Лойка. -- Ён так і называецца “Мір. Май. Музей і музыка”. І мы прапануем вашай увазе выступленні лаўрэатаў конкурсу “Музычны мір” (сузаснавальнікамі якога мы з’яўляемся). Асноўныя мерапрыемствы пройдуць у слановай і партрэтнай залах. Акрамя гэтага, традыцыйна ў гэты час на вуліцы ў нас будзе працаваць “Шатландская пяхота” – гэта гістарычны клуб, які пакажа сваё прадстаўленне. І, вядома, мы хацелі б падзяліцца і тым, што маем у скарбніцы нашага музея -- паказаць старажытныя музычныя інструменты.

Таму пры жаданні паслухаць добрую музыку, атрымаць асалоду ад архітэктуры і пабываць на майстар-класе, дзе раскажуць пра клавесін, лютню і іншыя музычныя інструменты з гісторыяй, абавязкова заплануйце паездку ў Мір. Кошт квіткоў тут будзе, як і ў мінулым годе, а вось уражанні атрымаюцца незабыўныя.

Разгадаць код класіка і таямніцы сталіцы зможам, наведаўшы Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. Гэтая ўстанова з 2009 года ўдзельнічае ў акцыі “Ноч музеяў”, і сёлета таксама гатовая здзіўляць і радаваць нас.

— І сімвалічна, што ў Год гістарычнай памяці, год слаўных юбілеяў -- 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа і 955-годдзя горада Мінска наш музей прадстаўляе праект “Мінскія таямніцы”, -- прыадкрывае заслону вядучы навуковы супрацоўнік установы Дзіяна Філіповіч. -- Толькі на адну ноч залы музея ператворацца ў вуліцы горада Мінска са сваімі гісторыямі і таямніцамі. Гасцей чакае інтэрактыўная праграма, якая перанясе ў атмасферу Траецкага кірмашу губернскага горада Мінска пачатку ХХ стагоддзя. Там яны сустрэнуцца з гандляркай з верша Янкі Купалы “Бабулька прадаўшчыца зёлкаў”. Яна з радасцю падзеліцца сваімі сакрэтамі і раскажа пра цудадзейныя ўласцівасці сваіх зёлкаў. Абавязковы атрыбут рынкавых адносін – гэта грошы. І мясцовы рынак мінскіх таямніц не стане выключэннем. Спецыяльныя грашовыя знакі, якія з’явяцца ў абароце на рынку толькі на адну ноч, можна будзе загадзя абмяняць на патрэбны тавар. У наведвальнікаў нашага мерапрыемства будзе магчымасць паспрабаваць разгадаць таямніцу коду Купалы – квэст пад такой назвай мы прапаноўваем падчас музейнай ночы.

Азбука Морзэ, шыфры і рэбусы, конкурсы, віктарыны, фотазона – усё гэта будзе чакаць аматараў літаратуры і гісторыі беларускай сталіцы. А ўнікальны галаграфічны тэатр музея, у якім увасоблены сучасныя IT-тэхналогіі, дазволіць нават адчуць прысутнасць паэта і паслухаць яго голас.  У рамках музейнай ночы таксама будзе працаваць сумесны выставачны праект Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы і Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Праект носіць назву “Янка Купала і Якуб Колас: досціпы ад класікаў”, і прымеркаваны да юбілею народных паэтаў Беларусі. Таму спяшайцеся завітаць сюды 21 мая з 18 гадзін да апоўначы.

Мастацтва вандраваць

Зведаем і спазнаем яго законы, калі завітаем у Нацыянальны мастацкі музей з 16 да 24 гадзін. Тут сёлета вырашылі прапанаваць наведвальнікам праграму пад назвай “Пачатак каардынат”, ядром якой стане выставачны праект Уладзіміра Судзіна “Мастацтва вандраваць”.

— Гэта ўнікальная серыя графічных работ, створаная мастаком у вандроўках па розных краінах Еўропы, Амерыкі, Азіі канца 60-90-х. Можна паглядзець, як ён вандраваў, з чым вяртаўся са сваіх падарожжаў і як ілюстраваў гэтыя краіны, што яго найбольш уражвала, і чым імкнуўся падзяліцца са сваімі гледачамі (пасля кожнай паездкі ладзілі яго персанальныя выстаўкі) і вучнямі, — тлумачыць загадчык аддзелам навуковай і асветніцкай працы Нацыянальнага мастацкага музея Дзіяна Шантар. — Безумоўна, вандраваць мы будзем і ў мінулае. Так, перанесціся ў свет Старажытнай Грэцыі нам дапаможа невялікая выстаўка са светлавымі рашэннямі. Мы прадставім некалькі работ з калекцыі нашых злепкаў. Акрамя гэтага, мы запрасілі гадзіннікавы завод “Луч” таксама адкрыць свае фонды і прадставіць у нашай экспазіцыі невялікую выстаўку гадзіннікаў.

Яшчэ наведвальнікаў чакаюць выступленні музычнага клуба “Gaudium”, выстаўка крышталю Барысаўскага завода, шэраг майстар-класаў, адметная праграма для дзетак “Падарожжа па жанрах”, інклюзіўная праграма “Альтэрнатыўная камунікацыя” і іншыя цікавосткі.

Метамарфозы і шлях да зорак знойдуць наведвальнікі Музея гісторыі горада Мінска. Тут мерапрыемствы разгорнуцца на двух пляцоўках – у арт-гасцёўні “Высокае месца” і ў гарадской мастацкай галерэі Л.Д. Шчамялёва. Як распавяла старшы навуковы супрацоўнік установы Мая Авадзінская, з адметнымі праграмамі гасцей будуць чакаць з 18 да 22 гадзін. Гледачы пазнаёмяцца з выстаўкай мастацкага тэкстылю і касцюма студэнтаў і выпускнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў “Бязмежная фантазія”, наведаць пастаянную экспазіцыю народнага мастака Леаніда Шчамялёва “Праз церні да зорак”, завітаць на выстаўку жывапісу і графікі “Мой шлях” магілёўскага мастака Барыса Пярвунінскіх. А прыхільнікам скульптуры можна параіць завітаць на “Метамарфозы” вядомага скульптара і тату-майстра Віктара Мінко. Ён, дарэчы, прадставіць яшчэ і бодзі-арт. Калі ж душа жадае павучыцца стварэнню габелену ці паўдзельнічаць у квэсце з розыгрышам прызоў, то таксама вам у Музей гісторыі горада Мінска.

Абірайце сваё, адпачывайце з задавальненнем і карысна. А падрабязнасці шукайце на афіцыйных сайтах музейных устаноў альбо на іх старонках у сацыяльных сетках.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.