Вы тут

Драўляная бразготка, бочка, скураная сумка


Наведвальнікі змаглі азнаёміцца з экспазіцыяй музея, пабываць на аглядальнай пляцоўцы вежы і даведацца, як Гродна супрацьстаяў вогненным стыхіям. Старшы інспектар цэнтра прапаганды, бяспекі жыццядзейнасці і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Ірына Качан робіць экскурс у тыя старадаўнія часы. 


Экскурсія пачынаецца з агляду розных прыладаў для тушэння агню ў старажытнасці. Тут ёсць драўляная бразготка, бочка, скураная сумка і нават фігура вартаўніка. У XVII стагоддзі ў горадзе было 10 участкаў, дзе дзяжурылі па тры чалавекі, звычайныя гаражане. Кожны, хто заступаў на вахту, павінен моцна спяваць, каб абвясціць, што ён прыступіў да сваіх абавязкаў. Калі ж здараўся пажар, назіральнік біў у драўляную бразготку. А гаспадары са скуранымі вёдрамі беглі на дапамогу. Вёдры з пяском альбо вадой па ланцужку перадавалі да месца пажару. 

А дамы разбіралі пры дапамозе багра, такі экспанат таксама ёсць у экспазіцыі музея. Прадстаўлены і прадметы, якія стваралі небяспеку — свечкі, прасы на вуглях. Сярод экспанатаў — дзверцы печкі, на якой можна разлічыць барэльеф анёла — ахоўніка дома, які папярэджвае аб пагрозе агню. А вось з’яўленне керасінавай лямпы значна знізіла небяспеку пажараў. Гэта адбылося ў 1853 годзе. Гэты год лічыцца і годам стварэння першых пажарных каманд у Беларусі. 

— У Гродне такая каманда размяшчалася ў дэпо на вуліцы Замкавай. У складзе было 36 чалавек. Яны па чарзе неслі дазор з пажарнай вежы. Тады яна была драўлянай. Пры пажары білі ў невялікі звон. На вазах везлі вялікія бочкі, у якіх змяшчалася 150 літраў вады, — расказвае наш гід. 

Агонь быў галоўным ворагам Гродна. Горад гарэў даволі часта. Каб прадухіліць гэта, выдаваліся шматлікія ўказы. За падпалы нават пагражалі смяротнае пакаранне. Ірына звяртае ўвагу на карту горада 1753 года. На ёй дзве вялікія цёмныя плямы — гэта згарэлыя падчас пажару ўчасткі. Прычынай аднаго з іх стаў зброевы стрэл, ад чаго загарэўся стог сена на каралеўскай канюшні. Пры моцным ветры часткі горада папросту не стала.

У 1790 годзе выйшла спецыяльнае распараджэнне з 45 пунктаў па барацьбе з пажарамі. Спецыяльная камісія стала ходзіць па дамах і правярае, як кажуць зараз, супрацьпажарную абстаноўку — стан печаў, дымаходаў, гарышчаў, крыніцы водазабеспячэння. Многае было ў даволі дрэнным стане. Таму быў выдадзены дакумент аб правілах пажарнай бяспекі ў горадзе. Яго зачытвалі на плошчах пад гукі барабанаў, потым вывешвалі на дзвярах ратушы і храмаў. Наведвальнікі музея змаглі азнаёміцца з гэтымі архіўнымі дакументамі. 

Адно з самых захапляльных пачуццяў выклікае вялікая дыярама горада з палыхаючымі агнямі. Так у музеі адлюстраваны пажар горада, які адбыўся ў маі 1885 года і стаў самым разбуральным за апошнія стагоддзі. Вогнішча знішчыла больш за 70 % пабудоў. Як расказала Ірыны Качан, горад гарэў амаль суткі. Ён практычна ператварыўся ў руіны. Амаль усе гараджане былі выратаваны, але многія засталіся без даху, маёмасці. Гродзенская пісьменніца Эліза Ажэшка. піша зварот да грамадзян і расказвае аб рэальных маштабах трагедыі, аб тым, у якіх умовах знаходзяцца пагарэльцы. І ў горад пачынаюць паступаць ахвяраванні. Яны ідуць з усіх куткоў свету. І за кароткі час удалося сабраць значныя сродкі. Многія дзяліліся апошнім з пацярпелымі. Аб гэтым сведчаць архіўныя дакументы. 

Горад быў адбудаваны за дзесяць гадоў. Пры адбудоўванні ўлічваліся і меры супрацьпажарнай бяспекі. А вось сам пажар стаў своеасаблівай кропкай адліку. Многія гарадчане гаворачы пра нейкія важныя падзеі, кажуць: гэта было да пажару ці пасля яго. Адной з прычын называюць дзіцячыя гульні з агнём. 

Нярэдка крыніцай пажару былі печкі. Таму ў музеі не абышлі ўвагай постаць камінара. Ён апускаў у дымаход вяроўку з грузам і ёршам. Сажа ападала ўніз, і яе вычышчалі ўжо з печкі. За поясам камінар насіў вялікую лыжку з раскладной ручкай. Наш гід нават паказала, як гэта працуе. Таксама яна расказала, што была традыцыя церці камінару гузікі, прычым кожны гузік меў свой сэнс, — на шчасце, на багацце, на шлюб, і гэтак далей. 

Ірына Качан асобна спынілася ля макета пажарнага дэпо, якое пабудавана напачатку ХХ стагоддзя. Праўда, яно ў такім выглядзе не захавалася. Ад усяго комплексу ацалела толькі пажарная вежа, якая з’яўляецца помнікам архітэктуры ХХ стагоддзя. Некаторыя пабудовы з-за аварыйнага стану былі разабраны напачатку 2000-х гадоў. Адначасова вяліся археалагічныя раскопкі. Пасля чаго ў 2008 годзе тут адкрываецца экспазіцыя гісторыі пажарнай службы. Зараз музей працуе штодзённа і карыстаецца шырокім попытам. Толькі ў Ноч музеяў тут пабывала больш за 250 чалавек.

Усе наведвальнікі змаглі падняцца на 30-метровую вежу разам са старажытным пажарным. А калі прыйсці сюды ў поўдзень, можна пачуць гукі фанфар. Гэта трубач у старадаўняй форме па даўняй гарадской традыцыі абвяшчае, што ў горадзе ўсё спакойна.

Таксама інтарэс у турыстаў выклікае фрэска на будынку пажарнай часці. Сярод супрацоўнікаў пажарнай службы можна заўважыць дзяўчыну ў форме, але з тварам Моны Лізы. Кажуць, што гэта не хто іншы, як наш гід Ірына Качан.

Экскурсія з яе ўдзелам прайшла цікава і змястоўна. Некаторыя гродзенцы падзяліліся сваімі ўражаннямі. Наталля Івашка расказала, што такая экскурсія вельмі карысная для дзяцей, асабліва расказ пра небяспеку агню, да таго ж многа фактаў аб «вогненнай» гісторыі горада. А вось Алена Ладуцька з мужам былі ўзрушаны пад’ёмам на вежу, дзе яны змаглі з вышыні птушынага палёту ўбачыць старажытны Гродна ў вячэрні час. 

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.