Вы тут

Прэзентацыя народных святаў і маладзёжная праграма


У Магілёве пад кіраўніцтвам намесніка старшыні аблвыканкама Валерыя Малашкі абмеркавалі план і канцэпцыю падрыхтоўкі рэспубліканскага свята «Александрыя збірае сяброў».


Прадстаўнікі культуры, гандлю, сілавых ведамстваў, энергетыкі — усе, хто задзейнічаны ў падрыхтоўцы да купальскага свята прынялі ўдзел у нарадзе. Абмеркаваныя план і канцэпцыя мерапрыемства, вызначаны тэрміны пачатку падрыхтоўчых работ непасрэдна на месцы праходжання свята — традыцыйнай лугавіне каля Дняпра паміж паміж аграгарадкамі Магілёўскай і Віцебскай вобласці Александрыяй і Копыссю. 

Сёлета свята прысвячаецца Году гістарычнай памяці. Наведвальнікаў, як заўсёды, чакае вялікая насычаная рознымі падзеямі праграма.

Як паведаміў дырэктар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы Алег Хмялькоў, на свята прыедуць майстры з 15 рэгіёнаў Расіі, а таксама Таджыкістана, Казахстана. Будуць народныя ўмельцы з Рэспублікі Саха (Якуція), Ханты-Мансійска, расійскіх гарадоў Самара, Ніжні Ноўгарад, Казань, Новасібірск, Арэнбург, Курск, Калінінград і іншых. Яны будуць дэманстраваць традыцыйныя віды народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці, характэрнай для іх краю. Напрыклад, Хантамансійск прывязе вырабы з дрэва, Якуція – з рыбінай лускі, Арэнбург – з казінага пуху. 

На свяце як заўсёды будзе шмат музыкі, тэатралізаваных сцэнак, прэзентацый і майстар-класаў. Майстры Магілёўскай вобласці будуць расказваць пра народную ляльку — ад моманту яе з’яўлення да сучаснасці, выканаўцы і творчыя калектывы – дэманстраваць летні цыкл святаў. 

На працягу дня на малой купальскай сцэне будуць праходзіць канцэрты і прадстаўленні. Тут жа адбудзецца фінал рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага свята «Уладар сяла», прадстаўлена візітоўка міжнароднага музычнага фестывалю «Славянскі базар».

Падчас канцэрта артыстаў Магілёўскай філармоніі «Белыя крылы» адбудзецца паветранае шоу самалётаў і парашутыстаў, якое стане своеасаблівым працягам канцэрта на зямлі. 

З 29 красавіка ідзе продаж білетаў на галоўнае купальскае прадстаўленне «Ёсць на што паглядзець», якое пачнецца на вялікай сцэне ў 21.00. У ім возьмуць удзел беларускія і расійскія артысты. Пасля яго гледачоў і гасцей свята чакае традыцыйныя купальскае вогнішча і начная дыскатэка. На гэты раз яна прадоўжыцца да трох гадзін раніцы. 

Як заўсёды свята будзе хлебасольным. Намеснік начальніка галоўнага упраўлення гандлю і паслуг аблвыканкама Вераніка Цітова паведаміла, што на пляцоўцы «Александрыйская гасцёўня» будуць працаваць гандлёвыя пункты спажыўкааперацыі з 11 раёнаў Магілёўшчыны.

Пляцоўку «Гандлёвая суполка» запоўняць павільёны прадстаўнікоў гандлю ўсіх сямі рэгіёнаў краіны. Кожны прапануе тавар, якім славіцца тая ці іншая вобласць. На Купаллі будзе працаваць 120 суб’ектаў гандлю з ліку як буйных вытворцаў, так і малога бізнесу. У кожнага рэгіёну, абяцаюць арганізатары, будзе свая разыначка. 

Шмат забаў чакае і дзяцей: парадуе праграма перасовачнага цырка і магчымасць пазнаёміцца з гадаванцамі Буйніцкага заасада. На спецыялізаванай пляцоўцы можна будзе ацаніць дасягненні айчыннага аўтапрому. Народ будуць запрашаць гасцінныя падворкі, а ўстановы прафтэхадукацыі прадэманструюць эскізы з памятнымі месцамі Магілёўшчыны.

Для зручнасці наведвальнікаў будуць працаваць камеры захавання, пункт абмену валюты, санітарныя зоны. Бліжэй да пачатку свята — 9 ліпеня — будзе прапанаваны зручны графік руху цягнікоў і аўтобусаў да месца свята. 

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».