Вы тут

Вітамін В3: другая маладосць мозгу і здаровая скура


Гэты важны вітамін насычае энергіяй і нармалізуе абмен рэчываў. У вітаміна В3, ён жа РР, мноства карысных уласцівасцяў, а недахоп яго прыводзіць да сур’ёзных праблем.


Навошта патрэбны В3?

Гэты вітамін здольны абараніць наша сэрца, нервовую сістэму ад шкодных уздзеянняў. Ён дапаможа нармалізаваць абмен бялкоў і тлушчаў, зменшыць узровень «шкоднага» халестэрыну, а вось «добрага», наадварот, падвысіць, што важна для прафілактыкі інфарктаў і інсультаў. Паляпшае цыркуляцыю крыві, дабратворна ўздзейнічае на сасуды, насычае арганізм энергіяй.

Вітамін В3 станоўча ўплывае на скуру, перашкаджае яе старэнню, зніжае запаленчыя працэсы. Ён эфектыўны пры псарыязе. Касметалогі даўно ацанілі здольнасць вітаміна абараняць скуру ад празмернага сонечнага выпраменьвання і нават засцерагаць яе ад раку.

Адмысловай увагі заслугоўвае ўплыў В3 на мозг і кагнітыўныя функцыі. Ніацын (нікацінавая кіслата) — адна з формаў вітаміна В3 — служыць выдатнай прафілактыкай хваробы Альцгеймера. Ён таксама дапамагае імунітэту змагацца з некаторымі пухлінамі мозгу.

Як выяўляецца дэфіцыт?

Аб недахопе вітаміна В3 могуць сігналізаваць мігрэнь, раздражняльнасць, галавакружэнне, слабасць у цягліцах, стомленасць, адсутнасць апетыту, зніжэнне памяці. На скуры могуць з’явіцца высыпанні. Асабліва ўважліва сачыць за ўзроўнем вітаміна В3 варта людзям, якія маюць праблемы са страўнікава-кішачным трактам, а таксама аматарам дыет з вялікай колькасцю клятчаткі. Неабходнасць у спажыванні РР узрастае ў перыяды інтэнсіўных фізічных нагрузак, пры стрэсах і напружанай разумовай працы, а таксама ў цяжарных.

Крыніцы вітаміна В3

Ніацын у асноўным паступае ў арганізм з ежай. Багатыя ім курыная грудка, ялавічная печань, рыба (тунец), арахіс, насенне сланечніка, халва, дрожджы, сухафрукты, бабовыя, грэцкія крупы, жытні хлеб, яблыкі, морква, бульба. Трэба мець на ўвазе, што розныя прысмакі, алкаголь перашкаджаюць засваенню вітаміна РР.

Вядома, можна набыць у аптэцы сінтэтычныя аналагі, але толькі пасля кансультацыі доктара. Як і любы аптэчны прэпарат, нікацінавую кіслату нельга ўжываць бескантрольна, можна нанесці шкоду здароўю, у прыватнасці, зарабіць алергію.

Цікавы факт

Амінакіслата трыптафан спрыяе таму, што некаторую колькасць нікацінавай кіслаты наш арганізм выпрацоўвае самастойна. У сваю чаргу, трыптафан — папярэднік «гармона шчасця» сератаніна, які ратуе нас ад дэпрэсіі. Вось ужо сапраўды: шчаслівыя людзі менш хварэюць.

Агата СЛАВІНА

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.