Вы тут

Моц зямлі


У сельгаспрадпрыемствах вобласці завяршаецца пасадка другога хлеба беларусаў — бульбы. У механізатараў і кіроўцаў гарачая пара: трэба па-максімуму выкарыстаць кожны пагодлівы дзень, каб закласці аснову будучага ўраджаю. У гэтым сезоне пад бульбу на Віцебшчыне адведзена звыш 1,8 тысячы гектараў, 110 з іх — у ВК «Альгоўскае» Віцебскага раёна. Даведацца, як ідуць пасяўныя справы ў вытворчым кааператыве, мы накіраваліся непасрэдна на поле аддзялення «Бабінічы».


Механізатар Віктар Еранькоў.

Нам пашанцавала заспець працаўнікоў на кароткім адпачынку. На полі —гатовыя да працы тры МАЗы, напоўненыя адборнай насеннай бульбай. Зараз садзяць «скарб супер-эліт» — добры гатунак па ўраджайнасці і таварнасці, прыдатны для вырошчвання на ўсіх тыпах глебы. Да яго кааператыў высаджваў «маніфест» — чырвонаклубневую бульбу, якая валодае павышынай устойлівасцю да вірусаў, прыстасаваная да інтэнсіўных умоў вырошчвання — якраз тое, што трэба для зменлівага надвор’я.

Вадзіцель Сяргей Парамонаў працуе ў «Альгоўскім» ужо 13 гадоў, усяго за плячыма дасведчанага шафёра 35 гадоў стажу. У залежнасці ад сезона заняты то на адвозцы збожжа, то, як сёння, гародніны. Адзначае, што ўмовы працы камфортныя, кіраўніцтва маральна і матэрыяльна падтрымлівае работнікаў, стварае бяспечныя ўмовы працы.

Вадзіцель Сяргей Парамонаў.

Пакуль гутарым з кіроўцам, на полі з’яўляецца блакітны МТЗ-82 з прычапной чатырохраднай бульбасаджалкай. Хутка загружае насенне і ўжо гатовы адправіцца да чорных прагрэтых разораў. За яго штурвалам — дасведчаны бульбавод Віктар Еранькоў, гэта яго 33-я пасяўная вясна. Сам Віктар Мітрафанавіч мясцовы, з Бабінічаў. Пасля школы і Гарадоцкага сельскагаспадарчага вучылішча пачаў працоўны шлях у вучэбна-доследнай гаспадарцы «Падбярэззе», а пасля далучэння шмат гадоў працуе ў вытворчым кааператыве «Альгоўскае». Упартай працай, добрасумленным стаўленнем да справы заслужыў аўтарытэт у кіраўніцтва, павагу ў калег-механізатараў, быў занесены на Дошку гонару кааператыву і не раз адзначаны на раённым узроўні. Працоўны дзень пачынаецца ў шэсць гадзін раніцы, што для сельскага чалавека не нова. Пасля пасадкі бульбы Еранькоў будзе заняты на міжраднай апрацоўцы, потым на нарыхтоўцы кармоў — прастойваць не прыйдзецца, толькі паспявай мяняць прычапныя агрэгаты! Заўважаю, што на полі ўсе з выдатным настроем, усміхаюцца і жартуюць — у гэтым заслуга дружнага калектыву.

— На мінулым тыдні надвор’е злёгку сапсавала планы пасадкі, аднак мы разам паспрабуем укласціся ў самыя кароткія тэрміны. Цэлы дзень на полі, вялікі плюс, што гарачае харчаванне дастаўляюць непасрэдна сюды, абедаем, як кажуць, «не адрываючыся ад працэсу», — усміхаецца механізатар. — Галоўнае працаваць сумленна, тады і справа ідзе спарней, і на душы лёгка.

Ужо ў гаспадарках вобласці пасаджана 206 гектараў капусты, морквы, буракоў і цыбулі. Гэта амаль 72 працэнты да плана. Найбольшыя плантацыі гародніны засяродзіліся на палях «Рудакова» і «Альгоўскае» Віцебскага раёна, філіялаў «Цяплічны» Аршанскага і «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга» Полацкага раёнаў. Вясновую сяўбу морквы, капусты, буракоў на палях «Цяплічнага» правялі аператыўна за першыя два тыдні мая. Аграрыі Віцебскай вобласці плануюць завяршыць пасадку агародніны адкрытага грунту да 1 чэрвеня. 

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.