Вы тут

Ноч кантрастаў у музеі Якуба Коласа


Падчас Ночы музеяў у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа можна было азнаёміцца з фоталетапісам жыцця класіка, паслухаць лекцыю «Жыццё Якуба Коласа ў пазітывах і негатывах» і паўдзельнічаць у інтэрактыўнай экскурсіі па сядзібе музея з выкарыстаннем QR-кодаў. Для маленькіх наведвальнікаў была асобная праграма — анімацыйная гульня з мімамі, лялечныя прадстаўленні і майстар-клас па маляванні. Кожны жадаючы мог узяць наклейку з партрэтам Якуба Коласа, а таксама пагуляць у пазлы — скласці партрэт класіка з яго сваякамі ды сябрамі.


Васіліна Міцкевіч, галоўны захавальнік фондаў музея Якуба Коласа, распавяла аб канцэпцыі свята — чорнай і белай ночы:

— Гэта было зроблена спецыяльна да аднаго з нашых асноўных праектаў — выстава «50 імгненняў: фоталетапіс жыцця народнага паэта Беларусі Якуба Коласа». На выстаўцы прадстаўлены фотаздымкі як вядомых фатографаў, напрыклад, Майсея Напельбаўма, Зянона Паўлоўскага, Рыгора Вайля, так і аматараў — сябра Якуба Коласа Міхася Лынькова і малодшага сына класіка Міхася Міцкевіча. Цікава, што прадстаўленыя здымкі паказваюць Коласа не толькі ў Мінску, а ў розных месцах — Маскве, Ташкенце, Пінску, Лунінцы, Нясвіжы. Да Ночы музеяў — 2022 мы распрацавалі міні-экскурсію «Жыццё песняра ў пазітывах і негатывах», падчас якой можна даведацца як аб самых пазітыўных момантах з жыцця паэта, так і аб тым, што яго засмучала. Дзеля таго каб нашы наведвальнікі адчулі прысутнасць паэта, мы з супрацоўнікамі зрабілі экскурсію-вандроўку. Гуляючы па сядзібе, вы можаце заўважыць QR-коды — спасылкі вядуць да невялікіх відэа, якія дэманструюць архіўныя здымкі фондаў нашага музея. Напрыклад, як Колас стаіць каля сваёй любімай яблыні, або сядзіць і адпачывае пад вязам.

Таксама да свята ў экспазіцыі музея Якуба Коласа ўпершыню была зладжана арт-інтэрвенцыя мастачкі Ірыны Рымбальскай, як адзначылі супрацоўнікі музея: «Не хуліганства ці выклік, а яшчэ адзін спосаб удыхнуць жыццё ў манументальнае і вечнае». Амаль усе скульптуры, інтэграваныя ў прастору другога паверха сядзібы, створаны без выкарыстання стэкаў і інструментаў.

На мерапрыемстве прысутнічала мастачка Аксана Аракчэева — яе ілюстрацыямі ўпрыгожаны кнігі «Казкі ката Грамапападомуса» і «Ни секунды тишины» выдавецкага дома «Звязда». Аксана Аракчэева распавяла, што ў Ночы музеяў яна ўдзельнічае ўпершыню:

— Мяне запрасілі, каб я правяла з дзеткамі майстар-клас. Я хацела расказаць ім аб тым, як маляваць хатніх жывёлін, але дзеткі намалявалі тое, што ім падабаецца. А я, у сваю чаргу, пазнаёміла іх са сваёй апошняй кнігай пра сабачку Фанечку — гэта ў нейкім сэнсе мой пісьменніцкі дэбют, бо я рабіла не толькі ілюстрацыі, але і сама напісала гісторыю. Я заўважыла, што чым меншыя дзеці, тым больш яны любяць маляваць — я вельмі ўсцешана, што яны кінуліся да паперы і фарбаў.

Пачатак каардынат — у Нацыянальным мастацкім музее

Здаецца, Нацыянальны мастацкі музей ужо стаў пэўным сімвалам Ночы музеяў. Штогод у ім ладзіцца незвычайная, насычаная мерапрыемствамі праграма. Галоўная адметнасць сёлета — сінтэз мастацтваў, «гучанне» музея. Адразу, трапіўшы ў сцены Нацыянальнага мастацкага музея, пачулі гукі скрыпкі і арфы — гэта для наведвальнікаў выступалі артысты Вялікага тэатра Беларусі з праграмай «Ад класікі да джаза». Таксама для ўдзельнікаў Ночы музеяў была вывешана вялікая карта, на якой кожны жадаючы мог адзначыць месцы, дзе ён пабываў. У залах музея былі фотазоны, а экспазіцыі ўпрыгожылі неонавымі шыльдамі — «вера», «адчувай», «трыумф».

Больш падрабязна аб асноўнай праграме Ночы музеяў «Звяздзе» распавяла намеснік генеральнага дырэктара па навуковай і асветніцкай рабоце Святлана Анейка:

— Наша галоўная мэта — паказаць тое, што можа падштурхнуць да далейшага пошуку, унутраных творчых здзяйсненняў. Аб мастацтве Індыі мы паразмаўлялі падчас лекцый і майстар-класаў ад Індыйскага культурнага цэнтра. Таксама мы паглыбляемся ў культуру Францыі, ладзячы арыстакратычны салон і распавядаючы аб этыкеце, салонных манерах і арыстакратызме. Пасля пандэміі мы актуалізуем страчаныя сувязі праз носьбітаў замежных культур — гэта наш геаграфічны пасыл да ўдзельнікаў Ночы музеяў. Адкрылася выдатная выстава графічных работ слуцкага мастака Уладзіміра Садзіна «Мастацтва вандраваць». Экспазіцыя складаецца з замалёвак гарадскіх відаў Нью-Ёрка, Токіа і іншых гарадоў. Гэтыя графічныя ілюстрацыі прадстаўлены мінскай публіцы ўпершыню.

У Ноч музеяў у Нацыянальным мастацкім музеі адбыўся эксклюзіўны эксперымент па альтэрнатыўнай камунікацыі. Як адзначыла Святлана Анейка, музей працягвае супрацоўніцтва з Інстытутам інклюзіўнай адукацыі, экспазіцыя і сам будынак музея становяцца больш даступнымі для наведвальнікаў з рознымі патрабаваннямі. На свяце быў прадстаўлены праект BelonіcaArt — у яго ўвайшлі работы невідушчых людзей. «Колеры для іх — гэта эмоцыі, пахі, музыка. Унікальнае ўспрыманне навакольнага свету робіць іх карціны непаўторнымі. Гэтыя мастакі адрозніваюць колеры з дапамогай распрацаванай прылады па распазнаванні колеру, якая пераводзіць колеры ў музыку» — адзначана ў анатацыі да праекта. У прадстаўленай экспазіцыі ёсць 8 работ з тактыльнымі элементамі — дзякуючы ім наведвальнікі са зрокавымі парушэннямі змогуць распазнаць адлюстраваныя аб'екты.

Таксама ў Нацыянальным мастацкім музеі адбыўся «Павучы вечар» — майстар-клас, падчас якога можна было пазнаёміцца з мастацтвам саломапляцення. У новым корпусе музея мастачка Ліза Емяльяненка навучыла ўсіх жадаючых працаваць у жанры скетчынгу. А маленькім гасцям прапанавалі падарожжа па жанрах у зале беларускага мастацтва.

Арына КАРПОВІЧ

Фота Віктара ДРАЧОВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.