Вы тут

Чым жыве адзін з найбуйнейшых прамысловых рэгіёнаў краіны?


Мясцовая ўлада адказвае за шырокае кола пытанняў: ад эканамічных да сацыяльных, ад вытворчых да бытавых. Кіраўніку раёна трэба быць спецыялістам у самых розных галінах. Асабліва калі гаворка ідзе аб буйным прамысловым рэгіёне, доля якога складае амаль палову ў валавой вытворчасці вобласці.


Фота Лізаветы ГОЛАД

Так склалася, што са старшынёй Мазырскага райвыканкама Аленай Паўлечкай мы сустрэліся ў дзень яе нараджэння. Сем гадоў яна ўзначальвае Мазырскі раён.

— Алена Фёдараўна, давайце пачнём з асабістага пытання: чым вы ганарыцеся ў сваёй працы?

— Я заўсёды ганарылася людзьмі Мазыршчыны. У нашым рэгіёне жывуць таленавітыя працаўнікі. І кожны з іх уносіць нешта сваё ў «скарбонку дасягненняў» рэгіёна: хтосьці гадуе дзяцей, хтосьці выхоўвае спартсменаў, хтосьці дасягае высокіх вынікаў у прамысловым сектары або аграпрамысловым комплексе. Ганаруся сваімі землякамі і імкнуся арганізаваць жыццё і працу ў рэгіёне так, каб людзі маглі раскрыць свой талент.

Аб родных мясцінах і палешуках «са знакам якасці»

— Вы нарадзіліся ў Нараўлянскім раёне, але практычна ўсё жыццё працуеце ў Мазыры. Які раён для вас цяпер раднейшы?

— Так, нарадзілася я ў Нараўлянскім раёне, але ў 1997 годзе ў сувязі з чарнобыльскай трагедыяй нашай сям'і давялося пераехаць у Мазырскі раён. Практычна ўся мая працоўная дзейнасць звязана з Мазыршчынай. Калі б не здарылася чарнобыльская трагедыя, я не змяніла б месца жыхарства і засталася б працаваць у сваім любімым населеным пункце — Кіраве. Мазыр і Нароўля побач, і ўжо восем гадоў сельская гаспадарка Нараўлянскага раёна знаходзіцца ў камунальнай уласнасці Мазыра. Мы імкнёмся максімальна эфектыўна вырошчваць там сельгаскультуры і атрымліваць якасную прадукцыю, якая адпавядае ўсім нормам бяспекі. Напэўна, цяпер у большай ступені роднымі мясцінамі я лічу Мазырскі раён, бо тут жыву і працую ўжо чвэрць стагоддзя.

— Вы пачыналі працоўны шлях у аграпрамысловым комплексе. Хто вам бліжэй: сельскія жыхары ці гараджане?

— На вёсцы людзі вельмі адказна ставяцца да сваёй зямлі. Мне здаецца, яны дабрэйшыя ў адносінах адно да аднаго, чым гараджане. Заўсёды імкнуцца дапамагчы і падтрымаць. Сем'і там таксама мацнейшыя. Нездарма ж кажуць, што ўсё пазнаецца ў працы. А ў цэлым (я заўсёды гэта падкрэсліваю), палешукі (і гараджане, і вяскоўцы) — людзі асаблівыя. Быццам «са знакам якасці» — адказныя, добразычлівыя, стрыманыя, працавітыя. Адна з найважнейшых задач маёй дзейнасці — стварэнне ўмоў для працы і пражывання моладзі. Імкнуся, каб маладыя людзі не пакідалі родных мясцін, каб стваралі тут сем'і і нараджалі дзяцей. І пакуль гэта ўдаецца: Мазыршчына — рэгіён малады, сярэдні ўзрост жыхароў — 32 гады. Таму вялікая ўвага — сацыяльнай сферы. Летась быў уведзены ў эксплуатацыю дзіцячы сад на 330 месцаў. Зараз вядзецца рэканструкцыя яшчэ аднаго аб'екта пад дашкольную ўстанову на 280 месцаў. Будуем арэнднае жыллё. Стараемся, каб найлепшыя выпускнікі нашых прафесійна-тэхнічных, сярэдніх спецыяльных устаноў і вышэйшай установы адукацыі вярталіся на  сваю малую радзіму, дзе створаны спрыяльныя ўмовы для творчасці, павышэння прафесійнага майстэрства, станаўлення як спецыяліста, майстра сваёй справы. Асабліва важным аспектам работы ў гэтым кірунку лічу прыцягненне моладзі ў аграпрамысловы комплекс раёна. Прадпрыемствы АПК даюць мэтавыя накіраванні на навучанне моладзі. Калі маладыя спецыялісты прыбываюць у гаспадаркі на першае працоўнае месца, то атрымліваюць усе прадугледжаныя заканадаўствам выплаты. Для моладзі будуецца жыллё. Напрыклад, эксперыментальная база «Крынічная» нядаўна пабудавала 20-кватэрны жылы дом, ГП «Слабадское імя Леніна» распрацоўвае дакументацыю на будаўніцтва шматкватэрнага жылога дома. Словам, стараемся зрабіць усё, каб малады спецыяліст не проста «адбыў» належны тэрмін па размеркаванні, а застаўся тут працаваць.

Аб званнях і адказнасці

— У 2019 годзе вы сталі «Жанчынай года» ў намінацыі «Паспяховы кіраўнік». Звычайна на ролю кіраўніка прамысловага рэгіёна прынята прызначаць мужчын. Але ў сучасным свеце вельмі многае трымаецца на жанчынах — і ў Мазырскім раёне таксама?

— Сапраўды, Мазыршчына — прамысловы рэгіён: 42,9 % аб'ёму прамысловай вытворчасці Гомельскай вобласці вырабляецца ў нас. У прамысловым сектары (машынабудаванні, нафтаперапрацоўцы, вытворчасці кухоннай солі) патрабуюцца мужчынскія рукі. Але, што датычыцца кіраўніцтва рэгіёнам, тут вельмі патрэбны якасці, якія ўласцівыя жанчынам: шматзадачнасць, адказнасць, уважлівасць, дэталёвасць, камунікатыўнасць. Калі існуюць даверлівыя адносіны з кіраўнікамі прадпрыемстваў, прасцей дапрацоўваць вызначаную перспектыву і ўвасабляць яе ў рэальную практыку. Наш раён увайшоў у праграму паскоранага развіцця рэгіёнаў з колькасцю насельніцтва 80 тысяч чалавек і больш. Мы мэтанакіравана, дасканала адпрацавалі праграму развіцця рэгіёна і кожнага прадпрыемства паасобку. Дзякуючы гэтаму павялічылася выручка прадпрыемстваў і арганізацый, прыйшлі інвестыцыі. Пабудаваны новыя аб'екты, з'явіліся новыя вытворчасці. Напрыклад, самы буйны ў Беларусі пелетны завод — Мазырскага доследнага лясгаса. І як вынік — наш раён занесены на абласную і рэспубліканскую дошку гонару. Што датычыцца звання «Жанчына года», то гэта не асабіста мая заслуга, а заслуга нашых людзей, агульны вынік нашага рэгіёна.

— За якую колькасць людзей вы несяце адказнасць?

— Паводле апошняга перапісу насельніцтва, у раёне пражывае 128 тысяч чалавек. Але, як мы бачым па тых жа гандлёвых заяўках, па факце пражывае больш — каля 135 тысяч. Напрыклад, многія маладыя спецыялісты забралі сваіх пажылых бацькоў, і яны цяпер таксама жывуць у Мазыры або раёне. Асабіста ведаю вельмі многіх мазыран, бо жыву тут практычна ўсё жыццё, выгадавала тут дзяцей. У гэтым плюс. Мы разам працуем на агульны вынік. Калі ведаеш людзей, разумееш, каму трэба дакладна паставіць задачу адзін раз, а каму нагадаць некалькі разоў ...

— Існуе практыка прысваення звання «Ганаровы жыхар Мазырскага раёна». Для таго, каб ім стаць, трэба нарадзіцца на Мазыршчыне?

— Неабавязкова. Але трэба тут жыць не менш чым 20 гадоў і працаваць на карысць рэгіёна. У гэтым годзе ў нас такіх людзей сем. Гэта Аляксей Валянцінавіч Баруноў, выкладчык ІT-дысцыплін. Яго выхаванцы — пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд. Гэта Аляксандр Аляксандравіч Собалеў, генеральны дырэктар Мазырскага домабудаўнічага камбіната. Больш за 80 % новых дамоў у Мазыры пабудаваны пад яго кіраўніцтвам. Гэта нашы байдарачнікі — Марына Літвінчук, Вікторыя Махнева, Надзея Папок і Вольга Худзенка, сярэбраныя прызёры Алімпіяды ў Токіа. А таксама іх трэнер — Генадзь Мікалаевіч Галіцкі. «Ганаровы жыхар» — адказнае званне. На гэтых людзей павінны раўняцца ўсе.

Аб выніках і планах

— Па адукацыі вы эканаміст і добра ведаеце эканамічны патэнцыял раёна. Якія мэты ставіце?

— Сёння сярэдняя зарплата па раёне за сакавік склала 1483 рублі 90 капеек. Хацелася б, каб яна перавысіла 1,5 тысячы рублёў. Бюджэтнікам мы павялічваем аплату ў рамках пастановы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны — такія павышэнні прайшлі 1 красавіка і 1 мая. Удзяляем увагу пытанням атрымання больш высокіх кваліфікацый. Гэта станоўча ўплывае і на зарплату, і на якасць працы. І, вядома, значную ролю тут адыгрывае павышэнне тарыфных ставак 1 разраду на нашых прадпрыемствах і ў арганізацыях, якія маюць рост выручкі і прадукцыйнасці працы. Калі прадпрыемства эфектыўна працуе з прыбыткам, мы павышаем тарыфную стаўку, і, адпаведна, расце ўзровень аплаты. Высокія зарплаты ў рэгіёне сапраўды заробленыя. Па выніках першага квартала гэтага года ўдзельная вага выручкі нашага раёна ў вобласці склала больш чым 29 % (у мінулым годзе за той жа перыяд гэты паказчык быў на ўзроўні 28 %).

— А калі гаварыць аб планах больш шырока?

— Да 2025 года мы павінны павялічыць аб'ёмы вытворчасці ў паўтара раза, як і выручку. А гэта значыць, штогод як мінімум на 10 % мы павінны прырастаць. Да гэтага імкнёмся. Па статыстыцы двух месяцаў 2022 года выручка склала 136 % да ўзроўню адпаведнага перыяду папярэдняга года. Як вынік — з'яўляецца магчымасць інвеставаць у тэхнічнае пераабсталяванне прадпрыемстваў, рэканструкцыю, новае будаўніцтва і, адпаведна, павышаць аплату працы.

— Як вы ацэньваеце работу аграпрамысловага комплексу рэгіёна ў гэтым годзе?

— Стабільнасць кадраў і тэхнічнае абсталяванне дазваляюць праводзіць палявыя работы ў тэхналагічныя тэрміны пры любых умовах надвор'я. Сяўба збожжавых у нас праведзена ў дзесяцідзённы тэрмін. Што да асноўнай нашай культуры, кукурузы (на зерне, насенне і сілас), мы завяршаем сяўбу да 20 мая. У прадпрыемстваў АПК ёсць трактарны парк, поўнае забеспячэнне мінеральнымі і арганічнымі ўгнаеннямі. Нельга падмануць зямлю, як нельга падмануць і сельскагаспадарчых жывёл. Калі парушыць тэхналогію — выніку не будзе. Тэхналагічныя рэгламенты для таго і адпрацаваны навукай і зацверджаны Міністэрствам сельскай гаспадаркі, каб рэалізоўваць іх на месцах. Калі тэхналогіі дакладна выконваюцца, будзе і належная кармавая база, і ўраджайнасць.

— Што найбольш важна для паспяховага кіраўніка?

— Галоўнае, каб чалавек не хлусіў сам сабе. Думаю, гэта важна не толькі для кіраўнікоў, але і для кожнага, чым бы ён ні займаўся ў жыцці. Усё проста: у кожнага з нас ёсць службовыя і чалавечыя абавязкі, і калі выконваць іх добрасумленна, усё ў жыцці атрымаецца. І яшчэ, лічу, любых вяршынь можна дасягнуць, толькі працуючы ў камандзе. Калі каманда будзе добра працаваць, тады будзе і вынік.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Загаловак у газеце: «Нельга падмануць зямлю...»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.