Вы тут

У якім куце хаты хаваецца ісціна?


Гэтыя радкі нарадзіліся ў працяг нататак Надзеі Дрындрожык «Не прадаецца хата бацькоў». У мяне ёсць нямала сваіх гісторый на згаданую тэму. І не толькі асабістых, але і з многіх сельсаветаў вобласці, дзе рэгулярна даводзіцца бываць у камандзіроўках.


Як настальгічна заўважае калега, многія вясковыя хаты цяпер ідуць пад бульдозер, іх зносяць, а пляц раўнуюць магутнай тэхнікай, акультурваюць для будучага ўводу ў севазварот альбо выдзялення ўчастка новым гаспадарам. У асобных сельсаветах хаты-сіроты зносяць дзясяткамі. Адны з іх сапраўды разваленыя, дзе даўно павыдзіралі дошкі з падлогі, а таксама кафлю ды цэглу з печаў, а іншыя на выгляд прыстойныя, быццам бы зусім нядаўна клапатлівая рука гаспадыні павесіла сціплыя вясковыя фіранкі. У пакоях на сценах там, здараецца, яшчэ прымацаваныя фотаздымкі за шклом, а на паліцах застаюцца рэчы...

За кожным з такіх дамоў — гісторыя, якую могуць расказаць нават рабочыя, што займаюцца разборкай. У адным з сельсаветаў прывялі выпадак амаль анекдатычны. Старшыня сельвыканкама пад'ехаў да прызначанага месца і не адразу зразумеў, чаму работнікі прылеглі, калі самы час працаваць. Аказалася, што пад падлогай у каморы яны знайшлі скрыню з чатырма трохлітровымі слоікамі самагонкі — ну і правялі дэгустацыю... Былы гаспадар, значыць, прыхаваў для нейкай патрэбы.

А вось у суседнім раёне таксама старшыня сельсавета ледзьве паспела, каб выхапіць з-пад каўша трактара стары драўляны чамадан, з якога выглядвалі паперы, а то б ён умомант апынуўся ў кузаве грузавіка, які адвозіў нагружанае на звалку. Там аказаліся фотаздымкі, пісьмы з вайны, наогул вельмі цікавы летапіс сям'і ў некалькіх сшытках — паперы яна пазней адвезла ў раённы краязнаўчы музей. «І не думала, што ў гэтай хаце жылі такія адукаваныя людзі, аб чым сведчыць стыль пісьма, — дзялілася потым старшыня з карэспандэнтам. — Пісалі ў разліку на нашчадкаў, якія, выходзіць, падвялі».

Згадваю, як аднойчы, гадоў сем таму, ездзіла па пісьме-звароце, які напісаў сын 85-гадовай вясковай жыхаркі. Бабуля скардзілася, што суседнія дамы паляць. Там сапраўды праводзілі ўтылізацыю нічыйных пабудоў з прыцягненнем спецыялістаў МНС. Пабудову разбіралі, а затым спальвалі. А суседка, на чыіх вачах тое рабілася, дзівілася: хіба можна паліць хату, якую будавалі з такімі цяжкасцямі? Яна добра ведала былую гаспадыню дома, што пайшоў з дымам. Муж апошняй загінуў на вайне. Каб узвесці гэтую хаціну, паводле слоў суседкі, яны голыя, галодныя хадзілі, нічога не мелі, па бярвенцы сцены складвалі і радаваліся. «А цяпер гэтыя хаты паляць!»

Але ў тым выпадку ўсё было згодна з законам. Нашчадкі не аб'явіліся, не захацелі ўпарадкаваць хату, сельсавет заключыў дагавор з аддзелам МНС, дом разабралі, драўніну спалілі, бо яна аказалася нікому не патрэбнай.

Абурэнне сталай жанчыны цалкам зразумелае, толькі гэта ўжо, па-мойму, адказнасць нашчадкаў. Іх абавязак паклапаціцца прадаць бацькоўскі альбо дзедаўскі дом, а калі не ўдаецца тое зрабіць, то і самім варта знесці, альбо хоць падрыхтаваць да зносу, каб не валяліся пад нагамі, не насіў вецер фотаздымкі, пісьмы ды іншыя сямейныя рэліквіі. Бо ў кожным куце альбо на гарышчы любой старой хаты, як правіла, можа быць захаваная сямейная гісторыя, часам нават вельмі цікавая.

...Мая родная хата знаходзіцца за 250 кіламетраў ад цяперашняга месца жыхарства. Добра, што яе даглядае і падтрымлівае сястра. Выхадныя праводжу ў хаце, якую купілі дзевяць гадоў таму. І з кожным годам па дарозе туды назіраем, як аднаўляюцца, прыводзяцца ў парадак былыя пустыя дамы. Завіхаюцца новыя гаспадары. Едзеш у адны выхадныя — новую агароджу ўзводзяць, у другія — ужо дах аднаўляюць. Некаторыя праводзяць дарагі капітальны рамонт, іншыя абмяжоўваюцца касметычным, але наводзяць ідэальны парадак, і сядзіба ажывае, набывае той самы абжыты выгляд, які падказвае наяўнасць гаспадароў. Душа радуецца, што людзі пацягнуліся да зямлі, да таго сапраўднага, што не падманвае, не падводзіць. Асабліва цяпер, калі навокал столькі хлусні, агрэсіі, непаразумення, неяк па-асабліваму ўспрымаюцца птушыны спеў, зялёны ліст, свежая трава, краска як дзікая, так і свая, вырашчаная ўласнай рукой. Таму і важна мець хоць невялікі дамок, дзе халоднай зімой альбо не вельмі ласкавай вясной можна напаліць печку, у якой за ноч упрэе духмяная каша, а на падворку пасмажыць шашлыкі ці сасіскі ды пасядзець у цішыні з сям'ёй ці з сябрамі, ноччу зірнуць на зорнае неба, згадаўшы Багдановіча з яго знакамітым «...калі ўсе мы разам ляцім да зор»...

І яшчэ, прачытаўшы развагі Надзі, цвёрда вырашыла, што гэтым летам заеду ў вёску, каб наведаць дом бабулі, які прадалі больш за 30 гадоў таму. Дасюль я саромелася зайсці да новых гаспадароў, спытаць дазволу прайсціся па хаце, пасядзець на падворку.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

РАК. У першай палове тыдня будзеце актыўна вучыцца новаму і размаўляць з людзьмі. У сярэдзіне тыдня можа змяніцца настрой, з'явіцца дакладнае разуменне сваіх мэт.

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.