Вы тут

На месцы спаленай царквы ў Хомску па ініцыятыве сельвыканкама ўстанавілі памятны знак


Па Хомску і навакольных вёсках вайна прайшлася даволі жорстка, у зямлі засталіся ляжаць тысячы ахвяр. Кожны з помнікаў у аграгарадку і ваколіцах захоўвае трагічную старонку гісторыі. Да гэтага года быў яшчэ адзін не зусім звычайны помнік, каля якога спыняліся школьныя экскурсіі, да якога падводзілі старыя ўнукаў. Рэч пра дрэва на могілках вёскі Старамлыны. У вайну гэтае дрэва акупанты зрабілі назіральным пунктам, абсталявалі на ім кулямётнае гняздо. Такім чынам яны ахоўвалі мост ад магчымых партызанскіх дыверсій.


Пом­нік пар­ты­за­ну Ма­ка­рэ­ві­чу.

Чырвона-бурая рака

На дрэве больш за 70 гадоў тырчалі цвікі, якія служылі прыступкамі для кулямётчыка. Ён залазіў наверх і страляў без папярэджання, калі нейкі рух падаваўся яму падазроным. Пад абстрэл траплялі рыбакі на рацэ, познія падарожныя, хто не ведаў пра агнявы пункт. Дрэва давялося знесці нядаўна па прычыне аварыйнасці, бо яно магло ў любы момант упасці і нарабіць клопату. Але многія ў вёсцы памятаюць пра тое дрэва і могуць расказаць. Памяць тут захоўваюць беражліва.

У Хомскай сярэдняй школе працуе гурток краязнаўства пад кіраўніцтвам настаўніцы Людмілы Шыкулы. Людміла Рыгораўна разам з вучнямі і калегамі сабрала ўнікальны матэрыял. Работа па гісторыі населенага пункта са старажытнага часу ўяўляе сабой, па сутнасці, добрую манаграфію памерам больш чым 100 старонак. Работа ўтрымлівае ўспаміны і сведчанні рэальных людзей, якія жылі альбо дагэтуль жывуць у вёсцы. Цяпер, як выглядае, гэтыя звесткі бясцэнныя.

На ўскраіне Хомска стаіць сціплы абеліск. Ён устаноўлены на месцы пахавання больш за 2 тысяч чалавек яўрэйскага насельніцтва. Іх забілі адразу пасля акупацыі — 2 жніўня 1941 года. Людзі не паспелі ачомацца, зразумець, што адбываецца. Людміла Шыкула запісала сведчанне жыхаркі Хомска 1925 года нараджэння Вольгі Кугач:

— У Хомск тады з боку Кобрына прыехала каля 150 нямецкіх кавалерыстаў на адкормленых шэрых конях. Вершнікі былі ў пярэстых накідках. Найперш размясціліся па кватэрах. А нараніцу прыступілі да “справы”. Спачатку сабралі яўрэйскіх мужчын і зачынілі іх у будынку сінагогі. Мы яшчэ спалі, калі пастукалі да нас у акно. Зайшоў салдат. Спытаў, ці ёсць у доме “юдэн”. Прайшоў па ўсёй хаце, штыком праткнуўшы пад ложкамі, у падпечку. Мы стаялі і трэсліся. Потым сышоў. У вокнах мы ўбачылі калону яўрэйскіх жанчын з дзецьмі, якіх гналі немцы. Маленькіх дзяцей жанчыны неслі на руках, а старэйшыя ішлі, трымаючыся за матуліны спадніцы.

Потым прывезлі сюды вялікую групу яўрэйскага насельніцтва з Шарашэва Пружанскага раёна. Расстрэльвалі людзей партыямі. Старажылы ўспаміналі, як тутэйшыя паліцэйскія расказвалі ім: пасля расстрэлу чарговай партыі карнікі выпівалі па чарцы шнапсу і весела смяяліся.

Равок, які вызначылі пад брацкую магілу, засыпалі зямлёй. Пасля дажджу побач збіралася вада, дык людзі казалі, што яна была чырвона-бурая ад крыві. А потым прайшлі навальніцы, вада ў рацэ выйшла з берагоў, і па рацэ паплылі трупы дзяцей...

Да помніка той трагедыі не раз прыязджалі сваякі людзей, якія там пахаваны. Першая вялікая дэлегацыя гасцей з Ізраіля пабывала ў Хомску ў 1991 годзе.

Па­мят­ны знак на мес­цы царк­вы.

Юны камандзір

А тады, у 41-м, зверствы фашыстаў падштурхоўвалі людзей аб’ядноўвацца і супрацьстаяць агрэсару. Ваеннапалонныя, якім удалося ўцячы, вайскоўцы, якія адсталі ад часцей і заставаліся ў вёсках, мясцовыя жыхары, стваралі невялікія падпольныя групы і рыхтаваліся да партызанскай барацьбы. З пачатку 1942 года ў ваколіцы ўжо дзейнічалі партызанскія атрады.

Яшчэ адзін помнік у Хомску стаіць на ўзвышшы, да яго вядуць крутыя прыступкі. Надпіс гаворыць, што помнік пастаўлены афіцэру, лейтэнанту Чырвонай Арміі. На здымку — твар амаль дзіцячы. І не дзіва, гады жыцця лейтэнанта 1921—1943. Яўген Макарэвіч родам з Хомска. Перад самай вайной скончыў ваеннае вучылішча, у вайсковую часць трапіў, можна сказаць, пад першыя залпы вайны. І адразу — адступленне, акружэнне, так аказаўся ў родных мясцінах. Стаў збіраць вакол сябе аднадумцаў, арганізаваў партызанскі атрад. У рабоце хомскіх краязнаўцаў выкарыстаны ўспаміны камандзіра партызанскай брыгады імя Сталіна Брэсцкага злучэння Сумбата Арзуманяна. Ён згадваў юнага камандзіра як бясстрашнага і разам з тым талковага вайскоўца, які карыстаўся вялікім аўтарытэтам у партызан. Яго атрад называлі “жэнькаўцы”, па імені камандзіра. Камандзір брыгады таксама адзначаў вайсковую дысцыпліну атрада, ураўнаважаны лад жыцця, што сведчыла пра арганізатарскія здольнасці кіраўніка. За нейкі год “жэнькаўцы” паспелі правесці шэраг удалых баявых аперацый, стварылі добрую разведку. Камандзір па-геройску загінуў у баі, а яго атрад потым атрымаў яго імя афіцыйна. У данясеннях брыгады паведамлялася, што атрад Макарэвіча некалькі разоў папярэдзіў гібель мірнага насельніцтва ў тутэйшых вёсках. А вось родную яго вёску Хомск не абмінуў трагічны лёс.

Расстрэл каля царквы

Тое, што многія жыхары Хомска ў партызанах, было вядома акупантам. Больш за тое, народныя мсціўцы праводзілі дастаткова дзёрзкія аперацыі, напрыклад, аднойчы зладзілі налёт на паліцэйскі ўчастак у вёсцы, забралі зброю і боепрыпасы... Пра тое, што карны атрад рушыў з Драгічына ў бок Хомска, стала вядома ў ваколіцы. Шмат жыхароў падалося ў лес. Дома заставаліся пераважна жанчыны і дзеці ў спадзяванні, што іх не будуць чапаць. Гэта было 5 ліпеня 1943 года. Акупанты сагналі ўсіх, каго засталі, у цэнтр вёскі. Людзі спадзяваліся, што царква стане для іх паратункам. Іх было 170 чалавек. Але прыгожую круглую царкву падпалілі. Усіх, хто выбягаў, расстрэльвалі. Брацкая магіла ўтварылася на месцы расстрэлу, тут пахаваны астанкі 86 чалавек. У 1965 годзе на гэтым месцы адкрылі помнік. Ён стаіць і цяпер, памянялі толькі мемарыяльную дошку.

— Царква наша была асаблівая, — расказвае старшыня Хомскага сельскага Савета Аляксандр Заверач. — Унікальны помнік архітэктуры ў стылі класіцызму, аналагаў якому застаюцца адзінкі ў Еўропе. Храм быў узведзены ў 1800 годзе Войцехам Пуслоўскім, уладальнікам знакамітага Косаўскага палаца і мястэчка Хомск. Царква была двухпавярховая, цагляная. Круглая купальная ратонда з трох бакоў выдзялялася порцікамі з трохвугольнымі франтонамі, пад якімі былі зроблены ўваходы ў храм. Па крузе размяшчалася каланада, якая трымала купальнае скляпенне.

Школь­ні­кі ка­ля пом­ні­ка за­бі­тым зем­ля­кам.

Час збіраць камяні

Як ужо было сказана, царкву падпалілі. Але яна не згарэла цалкам. Даволі трывалыя сцены засталіся. Пасля вайны тут праводзілі богаслужэнні. А ў 1952 годзе прыхаджане разам са святаром напісалі прашэнне аб дапамозе ў аднаўленні храма і накіравалі ў Пінскі аблвыканкам. Быў нават складзены каштарыс. Палову сумы абавязваліся сабраць вяскоўцы, прасілі выдзеліць другую палову. Аўтары ліста пісалі, што будынак даволі добра захаваўся і яго нескладана аднавіць. А протаіерэй Мікалай Дрылеўскі ад сябе нагадваў, што насельніцтва вызначаецца рэлігійнасцю, мае патрэбу ў храме, а яшчэ вялікае значэнне мае памяць пра трагедыю, якая тут адбылася. Але пісьмо іх засталося без адказу. Затое ў 1964 годзе з’явілася рашэнне Драгічынскага райвыканкама аб перадачы будынка царквы для выкарыстання ў культурна-бытавых мэтах калгасу імя Кірава. Гаспадарка пачала разбіраць храм на цэглу, канчаткова помнік архітэктуры быў разбураны ў 1972 годзе.

Але вяскоўцам удалося схаваць звон і адзін з крыжоў храма. Гэты звон быў ахвяраваны царкве заможным жыхаром вёскі Іванам Анісько ў 1930 годзе. Пра тое, як удалося захаваць рэліквію, існуе цэлая дэтэктыўная гісторыя. Звон хавалі на падворках, у гаспадарчых пабудовах, доўгі час трымалі нават у балоце, але выратавалі. Потым звон часова перадалі царкве ў Бездзежы, а ў 1991 годзе вярнулі назад у Хомск. А крыж знайшлі пры разборцы старога дома. Гаспадар клапатліва схаваў святыню, потым памёр ды забраў сваю тайну з сабой. Праз многа гадоў пры разборцы дома знайшлі крыж і палічылі гэта знакам, што прыйшоў час збіраць камяні.

У 2018 годзе на месцы царквы з’явіўся памятны знак, які ўтварылі крыж, камень і звон. Мемарыяльная табліца расказвае аб унікальным помніку архітэктуры, а на другой табліцы адлюстравана выява царквы, якой больш няма і якая памятала прыгожыя святы, урачыстыя богаслужэнні, а таксама жудасныя імгненні знішчэння мірных людзей. Цяпер падчас усіх памятных дат да помнікаў прыходзяць людзі, ускладваюць кветкі, згадваюць тых, хто ваяваў за радзіму, і тых, хто стаў нявіннымі ахвярамі вайны.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Драгічынскі раён

Загаловак у газеце: Месцы трагедый і гераізму

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.