Вы тут

Хто ў адказе за альфа-летнік. Каб дзецям было камфортна, за справу ўзяліся шэфы


Калі ў маі прайсці на тэрыторыю лагера «Сузор'е», што ў Гродзенскім раёне, можна ўбачыць нямала людзей у рабочых спяцоўках. Літаральна кожны корпус ахоплены іх увагай. Адны тынкуюць, іншыя фарбуюць.  «Гэта нашы шэфы», — кажа дырэктар летніка Ала Кіўляк.


Кожны ведае сваю справу, таму кіраўнік спакойна можа выдзеліць колькі часу, для таго каб правесці экскурсію па самаму лепшаму летніку краіны. Такі статус «Сузор'е» атрымала за леташнюю аздараўленчую кампанію. Ці лёгка адпавядаць статусу?

Ала Вікенцеўна прапануе ўбачыць усё сваімі вачыма. Маршрут пачынаем з адміністрацыйнага корпуса, вакол якога вядзецца пасадка кветак. Жанчыны жартуюць, і мы з добрым настроем ідзём далей. У карпусах завяршаюцца будаўнічыя работы. Паўсюдна вёдры з фарбамі, малярныя работы перабраліся на балкон.

— Самыя маштабныя работы вяліся ў другім корпусе, дзе будуць пражываць самыя малыя дзеці — 6-7 гадоў, — расказвае дырэктар. — Там замянілі ложкі, зрабілі рамонт у пакоях і калідорах. Адрамантавалі дах. Дарэчы, ён абышоўся бюджэту амаль у 40 тысяч рублёў. Устанавілі новую дзіцячую пляцоўку для малых, раней такой пляцоўкі не было. Гэта даволі значныя капіталаўкладанні.

І далёка не адзіныя. Кіраўнік летніка вядзе ў святая святых кожнай такога роду ўстановы — харчовы блок. Ён даволі вялікі, ёсць асобнае памяшканне з новым халадзільным абсталяваннем. Таксама гонар дырэктара — новая магутная пасудамыечная машына. Работы чакаюць прыборы для нарэзкі хлеба, каўбасы і сыру.

Абноўлены і медыцынскі блок. Тут кабінет прыёму ўрачоў, пакой адпачынку ці псіхалагічнай разгрузкі, тры ізалятары з санвузламі і душам, асобныя ўваходы для хворых і здаровых дзяцей. Сёлета будуць працаваць два ўрачы і пяць медсёстраў. Летась ізалятары пуставалі, кажа Ала Вікенцеўна. Захворванняў удалося пазбегнуць, на такі ж стан спраў спадзяюцца і сёлета.

Наш маршрут ідзе на баскетбольную пляцоўку. Яна будзе забяспечана гумовым пакрыццём, выдаткі на яго складуць 30 тысяч рублёў. Мяркуецца, што заняткі будуць цікавымі і якаснымі, бо інструктарам па фізічнай культуры прыйдзе працаваць майстар спорту па баскетболе.

Падыходзім да возера. Можна сказаць, што дзецям тут вельмі пашанцавала, бо мала які летнік мае такую цудоўную магчымасць, як купанне. А тут ёсць свая водная зона з пірсам і нават невялікім амфітэатрам каля яго. Сёлета пірс адрамантавалі і цяпер чакаюць спецыялістаў таварыства выратавання на вадзе, каб тыя пачысцілі дно і далі дазвол на купанне. Вядома, будзе і праверка санітарных службаў на наяўнасць шкодных бактэрый.

— Думаю, калі будзе добрае надвор'е, зможам плаваць два разы на дзень, для дзяцей гэта важны сродак аздараўлення, — адзначыла суразмоўніца. — Тут праводзім яшчэ і розныя мерапрыемствы, напрыклад, канцэрт альбо паказ фільмаў вечарам. Ставім вялікі экран на пірсе, дзеці сядзяць на лаўках і глядзяць фільм. А за экранам — цудоўныя краявіды вячэрняга возера.

Усе гэтыя складнікі дазволілі летніку «Сузор'е» стаць найлепшым у Беларусі па аздараўленні дзяцей у мінулым сезоне. Сёлета калектыў плануе трымаць марку. Мяркуецца ўзяць удзел у конкурсе па медыцынскім забеспячэнні, арганізацыі харчавання і выхаваўчай рабоце.

Зразумела, што такія параметры не захаваць, калі не будзе трывалай матэрыяльна-тэхнічнай базы. А на яе падтрыманне патрэбныя значныя сродкі. Менавіта з-за адсутнасці належнага фінансавання былі зачынены некаторыя летнікі. Адзін з іх знаходзіцца літаральна за некалькі дзясяткаў метраў ад «Сузор'я». Ведамасны лагер стаў непад'ёмным для ўстановы. Цяпер частка домікаў пустуе, частку выкупіла прадпрыемства і здае ў арэнду за сімвалічную плату.

А вось «Сузор'е» ўзяў пад сваё крыло райвыканкам. На падрыхтоўку да сёлетняй аздараўленчай кампаніі ад яго паступіла 25 тысяч рублёў. Яшчэ 20 тысяч выдзеліў абласны бюджэт і 6 тысяч — рэспубліканскі. Усе згаданыя сродкі — крыху больш за 50 тысяч — ужо асвоены.

Але гэта далёка не ўсё. Значную дапамогу аказваюць прадпрыемствы-спонсары. Напрыклад, сёлета тут разлічваюць атрымаць на аднаўленне летніка 70 тысяч рублёў, частка якіх пойдзе на гумовы насціл баскетбольнай пляцоўкі.

Летнік мае і сваіх пастаянных шэфаў. Без іх, лічыць дырэктар, было б складана падрыхтаваць усе аб'екты да камфортнага пражывання.

— Рашэннем Гродзенскага райвыканкама за нашым летнікам замацаваны прадпрыемствы Гродзенскага раёна. Гэта Скідальскі цукровы камбінат, сельгаспрадпрыемствы «Прагрэс-Верцялішкі», «Путрышкі», «Гожа», «Азёры Гродзенскага раёна» і агракамбінат «Скідальскі». Менавіта іх работнікі занятыя на будаўнічых работах. Усе вельмі адказна ставяцца да такой дзейнасці, — заўважае Ала Вікенцеўна. — Таксама ад сельгаспрадпрыемстваў паступіла дадаткова 25 тысяч рублёў.

Перад кожным сезонам вызначаецца аб'ём работ. Шэфы, як правіла, прыязджаюць у пачатку мая і поўнасцю робяць рамонт на «сваіх» аб'ектах — шпаклююць, тынкуюць, фарбуюць. Такая сістэма працуе не першы год. Усе выдзеленыя сродкі ідуць менавіта на падрыхтоўку да новага аздараўленчага сезона. Напрыклад, работнікі СВК «Азёры» занятыя на аднаўленні альтанак. Яны даволі вялікія, іх трэба адрамантаваць, пафарбаваць.

Побач з камфортам у цэнтры ўвагі — бяспека дзяцей. Аказалася, што па ўсім перыметры летніка, а гэта амаль 5 гектараў, устаноўлены 19 відэакамер. Працуе кнопка Дэпартамента аховы, яна ёсць на спецыяльным пульце, які ахоўнік бярэ з сабой, калі ідзе на агляд тэрыторыі. Згодна з інструкцыяй, бацькоўскія дні і наведванне дзяцей не прадугледжаны. З імі будуць трымаць кантакт педагогі праз сацыяльныя сеткі — альбо непасрэдна тэлефанаваць. Дзеці такім чынам таксама змогуць мець кантакт пры неабходнасці ці па жаданні. Але свае мабільныя тэлефоны яны павінны адразу аддаць бацькам.

— Дзеці не будуць сумаваць, — запэўніла кіраўнік летніка. — Кожны дзень насычаны забаўляльнымі і спартыўнымі мерапрыемствамі. Усе змены — тэматычныя, разам з тым будзе зроблены акцэнт на Год гістарычнай памяці.

Будаўнічыя работы павінны быць завершаны да канца мая, а з 8 чэрвеня пачнецца заезд першай змены, іх будзе чатыры. Плануецца аздаравіць за сезон 1200 дзяцей, па 270 чалавек у кожнай змене.

Аздараўленне ў першую чаргу праходзяць дзеці сельгасработнікаў і бацькоў з прадпрыемстваў-спонсараў. Але не толькі. Праўда, заяўкі трэба падаваць за некалькі месяцаў да пачатку сезона.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».