Вы тут

Школьныя лагеры Магілёўшчыны зробяць ухіл на гістарычную памяць і будучую прафесію


Ужо заўтра, 26 мая, два лагеры ў Бабруйскім раёне — «Шчаткава» і «Мара» — напоўняцца дзіцячымі галасамі. На Магілёўшчыне гэтым летам будзе працаваць 15 стацыянарных лагераў, яшчэ тры размесцяцца на базе санаторыяў «Дубравенка», «Сосны» і «Свіслач».


— На 20 мая некаторыя аздараўленчыя лагеры былі ўжо гатовыя на 95 працэнтаў, — адзначыў у размове з карэспандэнтам «Звязды» намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка. — Калі ёсць складаныя моманты, мы іх аператыўна вырашаем, робім усё для таго, каб дзецям было камфортна і ўтульна. Максімум увагі аддаём санітарнаму стану аздараўленчых пляцовак. Яны павінны мець праточнае водазабеспячэнне, месцы, дзе можна было б пасушыць рэчы, і гэтак далей.

Сёлета плануецца аздаравіць 44 тысячы юных жыхароў вобласці, але гэтай лічбай колькасць гасцей ні ў якім разе не абмяжоўвацца. Калі будзе попыт, магчымасці будуць пашыраны, паабяцаў суразмоўнік. Лагеры адкрыюцца пры школах, у палявых умовах, на спартыўных базах і не толькі. Каля 28 тысяч навучэнцаў ахопяць 2150 аб'яднанняў па інтарэсах. Шмат падлеткаў будзе адначасова і адпачываць, і займацца карыснай дзейнасцю. Больш за 10 тысяч школьнікаў плануецца задзейнічаць у валанцёрскім руху — яны дапамогуць людзям сталага веку і зоймуцца добраўпарадкаваннем.

Па традыцыі, вялікі попыт на адпачынак на базе санаторыяў. У той жа лагер на базе санаторыя «Дубравенка», які належыць ведамству чыгункі, на першую змену паступіла 360 (!) заявак пры наяўнасці 240 месцаў. На гэтай жа базе забраніраваў месцы на чацвёртую змену філіял нямецкага фонду ў Магілёве. З ліку дзяцей, якія тут будуць адпачываць, дзесяць — украінцы. База адметная тым, што тут, акрамя адпачынку, дзеці праходзяць яшчэ і лячэнне. На месцы створаны атрад, дзе адпачывальнікаў пазнаёмяць з азамі прафесіі чыгуначніка.

У Чавускім раёне лагер разгорнецца на плошчах біятлоннай базы, дзе выхоўваюцца будучыя спартыўныя зоркі. Мясціны, дарэчы, гістарычныя. Тут захавалася ліпавая алея графскага маёнтка Талстых — знакамітага дваранскага роду, які асталяваўся ў Чавусах у канцы XVІІІ стагоддзя. Апошнім часам тут была створана адна з найлепшых у краіне спартыўных баз па лыжных відах спорту. Адсюль у вялікі спорт выйшлі Дзінара Алімбекава і Сяргей Новікаў.

— Летась мы паспрабавалі арганізаваць на гэтай базе летняе аздараўленне і бачым, што эфект ёсць, — адзначае Валерый Малашка. — Будзем і надалей прыцягваць дзяцей да біятлона. Сёлета наогул шмат увагі аддаецца спартыўным лагерам. Да 25 мая гэтыя аб'екты, як і ўсе астатнія, павінны атрымаць пашпарты гатоўнасці.

У сярэднім пуцёўка на 18 дзён у лагер з кругласутачным знаходжаннем каштуе 517 рублёў, пры дзярждатацыі — 229 рублёў. Гэта значыць, бацькі заплацяць як мінімум палову дадзенай сумы. Але калі прадпрыемства, дзе яны працуюць, таксама выдзеліць матэрыяльную дапамогу, пуцёўка ў лагер можа абысціся ім усяго ў 10 працэнтаў ад поўнага кошту.

Сёлета будзе прадоўжана работа і такіх папулярных у дзятвы аздараўленчых летнікаў, як «Крыніца» абласнога Цэнтра творчасці, «Шчаткава» — ад філіяла Бабруйскіх электрасетак і «Мара», які знаходзіцца ў падпарадкаванні ўпраўлення адукацыі Бабруйскага гарвыканкама. Замест чатырох традыцыйных змен будзе арганізавана пяць.

Адзін з палатачных лагераў ад Магілёўскага абласнога Цэнтра творчасці будзе працаваць нават на тэрыторыі Віцебшчыны. Дзеці пабываюць на месцах баявой славы, больш даведаюцца пра гісторыю роднага краю. Наогул плануецца, што па ваенных сцяжынках, дзе адбываліся цяжкія баі, падчас летняй аздараўленчай кампаніі пройдзе каля пяці тысяч школьнікаў.

Адзін з папулярных у дзятвы Магілёўскай вобласці лагер «Чайка»

Больш за 2,5 тысячы юных жыхароў Магілёўшчыны, якія адносяцца да сірот і дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, зможа адпачыць бясплатна. У Асіповічах, напрыклад, на базе спецыяльнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі апорна-рухальнага апарату ўпершыню адкрыецца змена для падлеткаў з абмежаванымі магчымасцямі. Да іх паслуг цікавая праграма, аздараўленчыя працэдуры, басейн, ЛФК. Дзеці будуць знаходзіцца пад наглядам медыкаў, з імі будуць займацца прафесіянальныя педагагічныя кадры.

Таксама ўпершыню адкрываецца ваенна-патрыятычны лагер на базе Магілёўскага кадэцкага вучылішча. Ужо 40 падлеткаў пажадалі азнаёміцца з умовамі жыцця кадэтаў — і, магчыма, нехта вызначыцца з будучай прафесіяй. Па словах Валерыя Малашкі, у Год гістарычнай памяці ў лагерах будзе зроблены акцэнт на выхаваўчай рабоце.

— Спецыяльна разгортваем патрыятычныя лагеры, арганізоўваем адпаведныя змены ў школьных, кругласутачных і іншых лагерах, — падкрэсліў ён. — Вельмі шырока падключаем установы культуры, кінатэатры, музеі. Удзячны аддзелам унутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях за актыўнае ўзаемадзеянне — на ўзроўні кіраўнікоў упраўленняў гэтых ведамстваў знойдзена поўнае паразуменне па пытаннях патрыятычнага выхавання дзяцей. Гэта яшчэ і прафарыентацыя, якая сёння мае не менш важнае значэнне, чым усё астатняе. У цэлым робім усё для таго, каб лета прайшло для нашых дзяцей бяспечна, цікава і пазнавальна. Каб яны набралі вагу і духоўна, і фізічна. І сталі сапраўднымі грамадзянамі нашай краіны.

Свае дзверы на Магілёўшчыне расчыніць 731 лагер, з якіх 171 будзе працаваць кругласутачна.

Да ведама

Сёлета на падрыхтоўку стацыянарных аздараўленчых лагераў на тэрыторыі Магілёўскай вобласці было выдзелена з усіх крыніц фінансавання больш чым 450 тысяч рублёў. Усяго на правядзенне летняй аздараўленчай кампаніі вобласці накіравана з рэспубліканскага бюджэту больш як шэсць мільёнаў рублёў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з сайта holіday.by

Загаловак у газеце: З ухілам на гістарычную памяць і будучую прафесію

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.