Вы тут

Канкурсант ад Беларусі на «Віцебск-2022» Ганна Трубяцкая: Маладыя маюць права быць на вялікай сцэне


Наша гераіня — артыстка з чароўным голасам, якая можа спяваць у розных дыяпазонах і танальнасцях, выклікаючы ў публікі захапленне і шквал эмоцый... Сёлета яна прадставіць Беларусь на ХХХІ Міжнародным конкурсе эстраднай песні «Віцебск—2022». Прызнаецца, што з дзяцінства была гатовая змагацца за мару быць на сцэне, і ведае дакладна, чаго вартыя поспех і прафесіяналізм. А пра супадзенні на сваім шляху, канкурэнтаў і веру, якая натхняе быць лепшай і скараць новыя вяршыні Ганна Трубяцкая распавяла «Чырвонцы. Чырвонай змене» пры сустрэчы.


— Летам вы будзеце летам прадстаўляць нашу краіну на конкурсе маладых выканаўцаў «Віцебск—2022». Як ідзе падрыхтоўка?

— Рыхтуемся мы на базе прадзюсарскага цэнтра «СПАМАШ», які ўзяў мяне пад сваё крыло. Адразу пасля адбору адбылася сустрэча з міністрам культуры, дзе прысутнічалі Аляксандр Шакуцін, Анджаліна Мікульская, Леанід Шырын, і мы абмяркоўвалі працэс падрыхтоўкі да конкурсу. Думаю, што ў выніку ў нас збярэцца цудоўная каманда. Бо, напрыклад, з той жа Анджалінай Мікульскай мы пазнаёміліся падчас арганізацыі майго сольнага канцэрта ў Палацы рэспублікі (яна была рэжысёрам), і гэта было адразу супадзенне. Той выпадак, калі ты можаш з чалавекам падтрымліваць зносіны не толькі ў рамках работы, але і проста звярнуцца па любым пытанні, параіцца. Пакуль мы яшчэ не вызначыліся канчаткова з кампазіцыямі для конкурсу, але як толькі выберам іх, то пачнём актыўна прадумваць вобразы, касцюмы і працаваць над вакалам.

— А каго з дзясяткі прэтэндэнтаў бачылі сваімі рэальнымі канкурэнтамі?

— Гэта вельмі складанае пытанне для мяне, бо кожны з іх быў дастойны, каб прадстаўляць краіну на «Славянскім базары». У аднаго мне падабалася падача матэрыялу і яго ўнутраная харызма, а ў іншага — тэмбр. Хтосьці меў нерэальна прыгожы вобраз. Я не стану выдзяляць кагосьці аднаго, таму што кожны меў сваю «разыначку», якая давала яму перавагу ў барацьбе за запаветную статуэтку пераможцы адбору. Але, мяркуючы па водгуках калег і блізкіх мне людзей, я ў той вечар нечым усё ж выдзялялася. Памятаю, як пасля першага тура на фінале адбору зайшла ў грымёрку і ўбачыла паведамленне ад свайго сябра і калегі Яўгена Курчыча, які напісаў, што глядзіць канцэрт у прамым эфіры, і я сярод дзясяткі без сумнення найлепшая. Можа, якраз усё гэта і дапамагло перамагчы. Калі я скажу, быццам умею і магу зрабіць нешта лепш за ўсіх, то гэта будзе сігналам, што мне трэба сыходзіць з прафесіі. Ведаеце, усё вельмі адносна. У параўнанні з дзяўчынкай з першага курса каледжа мастацтваў я ўжо больш вопытная артыстка. А вось да ўзроўню, скажам, Крысціны Агілеры мне яшчэ расці і расці. Я верыла ў свае сілы, але да апошняга не была ўпэўненая, што фартуна будзе на маім баку. Рада, што журы адбору ўбачыла ў маёй кандыдатуры чалавека, вартага прадставіць Беларусь на конкурсе. Значыць, будзем змагацца.

— Мне падабаецца ваш настрой. А што адчувалі падчас падрыхтоўкі і пасля сольнага канцэрта «Слухаць сэрцам»?

— Мой канцэрт стаў першым у рамках праекта «Новае імя» (яго задумала кіраўніцтва Палаца рэспублікі), філасофія якога заключаецца ў тым, каб знаёміць аўдыторыю з новымі артыстамі. Маладыя таленты маюць права быць на вялікай сцэне. Ім трэба даць дарогу, каб яны змаглі заявіць пра сябе. Палац рэспублікі — прэстыжная пляцоўка, а прэзідэнцкі аркестр — прафесіяналы найвышэйшага ўзроўню. І калі маладыя артысты без адміністрацыйнага рэсурсу атрымліваюць такую падтрымку, то пра іх даведваецца шырокая аўдыторыя, і людзі пачынаюць цікавіцца іх творчасцю. Што датычыцца майго канцэрта «Слухаць сэрцам», то я нават не ведала, у якую авантуру ўцягваюся. Раней выступленняў такога ўзроўню ў мяне не было. Аднак я згадзілася, бо разумела: будзе цяжка, але атрымаецца класны вынік. Рэжысёрам узялі Анджаліну Мікульскую. Я, ведаючы ўзровень яе таленту і прафесіяналізму, асцерагалася, што мы не супадзем у поглядах. Аднак з першай сустрэчы ў нас атрымалася пачуць адна адну. Працаваць было суцэльнае задавальненне.

— Вы сказалі, што быў страх не знайсці агульнай мовы з рэжысёрам канцэрта. І я згадала эпізод з аднаго тэлешоу, калі вы адмовіліся фарбаваць валасы... На якія ўмовы гульні ў шоу-бізнесе, вы ніколі не пагодзіцеся?

— На тыя, якія супярэчаць маім уяўленням пра каштоўнасці. Мне важна, каб была павага да артыста і яго асобы. Я супраць праяўлення нейкіх вольнасцяў у адносінах да публікі. І не стану ніколі рабіць штосьці дзеля эпатажу. Чалавек, які вырашыў быць артыстам, не мае права зневажаць сваю аўдыторыю. А што датычыцца такіх момантаў, як, напрыклад, тая ж змена вобраза, то тут я таксама прынцыпова гляджу на нейкія рэчы. Валасы не пафарбую дзеля хайпу ў тэлеэфіры на некалькі імгненняў. Я гляджу за імі з дзяцінства і не гатовая дзеля шоу мяняць сваё аблічча, бо пасля мне з гэтым жыць.

— На ваша станаўленне як артысткі хто з бацькоў аказаў большы ўплыў?

— Мама і тата паўплывалі на мяне ў роўнай ступені. З бацькам мы працавалі па музычнай частцы (ён у мяне ваенны дырыжор), а маці аддавала ўсю сябе ў тым, што датычылася майго ўдзелу ў конкурсах. Яна часам прыгадвае, чаго каштавалі ёй нашы паездкі. Каб завезці мяне на выступленне, мама траціла больш, чым мне плацілі пасля канцэрта. Але ні капейкі з ганарару не брала сабе, бо ёй было важна навучыць мяне цаніць тое, што я сама зарабіла. Паказаць, як працай можна нечага дасягнуць.

— Упэўненасць у сабе і цвёрдасць характару ніколі не спрацоўвалі вам у мінус?

— Я магу прыгадаць эпізод са сваёй біяграфіі, калі прыехала на конкурс «Залатая пчолка» і ўвогуле нічога там не ўзяла. Пасля вяртання дадому ў мяне было два варыянты: альбо забыць пра музыку, альбо пачаць рыхтавацца да новай спробы. Другое я і абрала. І праз два гады зноў вярнулася на той самы конкурс і ўзяла там Гран-пры. Так у мяне заўсёды. Любое падзенне — гэта магчымасць вынесці ўрок, каб не памыліцца ў будучым. Не бывае чагосьці нязручнага і няправільнага, проста ўсяму свае час і месца.

— Раскажыце, у якім фармаце вы супрацоўнічаеце з Леанідам Шырыным?

— Ён не мой прадзюсар, а кампазітар і той чалавек, які цяпер і некалькі апошніх месяцаў побач са мной. Натхніўшыся маім канцэртам, Леанід напісаў кампазіцыю «Слухаць сэрцам», і ўвогуле ён стаў ідэйным натхняльнікам гэтай падзеі. А пасля адбору на «Славянскі базар» на сустрэчы з міністрам культуры ў нас з’явілася ідэя напісаць кампазіцыю, якую прадставім і заявім як «славянскі хіт». Вядома, даверыць гэта хочацца толькі такому майстру, бо Леанід Шырын ведае мой дыяпазон, мой густ. Увогуле я прыгадваю, як некалі мы пазнаёміліся з ім, калі я, юная 14-гадовая дзяўчынка прыйшла на праект «Акадэмія талентаў». Леанід Шырын, Яна Статкевіч і Павел Клышэўскі тады былі ў журы. Мне адмовілі з-за ўзросту, бо на праект бралі толькі з 18 гадоў. А цяпер падчас падрыхтоўкі да канцэрта ў Палацы рэспублікі і Леанід Шырын, і Яна Статкевіч былі ў маёй камандзе. У такія моманты разумееш, якім непрадказальным бывае жыццё. І часам яно дае нам нейкія ўрокі, бо яны нам проста неабходныя.

— Калі казаць пра вашы мэты на эстрадзе, то вам дастаткова будзе любові беларускага гледача, альбо ўсё ж рызыкнеце замахнуцца і на пазнавальнасць у сусветным маштабе?

— Найперш мне хочацца мець любоў беларускага гледача, таму што тут мая радзіма, мой дом. Але ёсць жаданне таксама ствараць музычны прадукт такога ўзроўню, каб пра яго казалі і за мяжой. Бо бываюць выпадкі, калі чалавек доўга спрабуе заявіць пра сябе, і ўсюды яму адмаўляюць, і ў нейкі момант прыходзіць адчай. А пасля выканаўца выпускае песню, якая «выстрэльвае» і пакарае людзей у многіх краінах. Таму і ў мяне ёсць мэта рабіць менавіта такую музыку.

— Неяк, адказваючы на пытанне, каму можна давяраць сакрэты, вы сказалі, што толькі сабе. Вы закрыты чалавек і трапіць у ваша кола сяброў няпроста?

— Так, я пільна стаўлюся да выбару людзей, з якімі будую зносіны. І ў мяне не так шмат сяброў, якія ведаюць пра кожны мой крок і чым я жыву. Але я маю шмат знаёмых і прыяцеляў. І дакладна амаль з любым чалавекам здольная знайсці агульную мову. Нават мой муж часам здзіўляецца, наколькі свабодна я знаёмлюся з людзьмі і наколькі свабодна адчуваю сябе ў любой кампаніі. А вось што датычыцца блізкага акружэння, то людзей, якім па-сапраўднаму давяраю, вельмі мала. Таму ёсць тое, што ведаюць толькі лічаныя людзі, а ёсць рэчы, пра якія не ведае ніхто, акрамя мяне.

— У сацыяльных сетках вы пазіцыянуеце сябе як спявачку і блогера. Ці даводзіцца вам сутыкацца з крытыкай з боку сваёй аўдыторыі?

— Такое здараецца сістэматычна, але да падобных рэакцый у мяне ўжо імунітэт. Як паказвае змест каментарыя і паведамленняў, якія я атрымліваю, людзі вельмі ўразлівыя. І асабліва ў складаных сітуацыях не ўсе гатовыя пачуць тое, што ты кажаш ад шчырага сэрца. Адны звяртаюццца, каб адчуць падтрымку, а іншыя — каб выліць яд і негатыў. Апошніх проста блакірую, нават не спрабуючы нешта тлумачыць. Калі чалавеку патрэбная падтрымка, то я заўсёды дапамагу па меры сіл і магчымасцяў. А на правакацыі не паддаюся і ні перад кім апраўдывацца не збіраюся.

— З будучым мужам вы пазнаёміліся ў 17 гадоў. Што дазволіла разгледзець у маладым чалавеку будучага спадарожніка жыцця?

— Да знаёмства з ім у мяне быў вопыт пабудовы стасункаў. Але ў іх я пастаянна задавалася пытаннем: няўжо каханне — яно вось такое? А ўсё, што мы ведаем з кніг і з фільмаў — падман? І толькі сустрэўшы Святаслава, я зразумела, што ўсё можа быць зусім па-іншаму. Ён адпавядае ўсім маім уяўленням пра тое, якім павінен быць мой мужчына. Плюс муж раней таксама працаваў у сферы творчасці, таму яму добра знаёмая мая прафесія. І яго прыманне і разуменне дазваляюць захоўваць баланс у нашым шлюбе. Быць мужам спявачкі — не кожнаму пад сілу. Бо гэта публічная прафесія, з пастаяннымі раз’ездамі, канцэртамі, увагай прыхільнікаў. Аднак я заўсёды адчуваю падтрымку і веру ў мяне з боку свайго мужчыны. І я таксама веру ў яго і ў нашы сумесныя планы.

— Адкуль чэрпаеце энергію пасля выступленняў?

— Пасля канцэртаў, дзе аддаю ўсю сябе, ратуе толькі сон. Гэта дазваляе мне абнуліцца ў любой, нават самай незразумелай, сітуацыі. Яшчэ дапамагае музыка ў навушніках, спорт і час, праведзены ў коле сям’і. Мы любім на выхадных збірацца ўсе разам.

— А што сёння, акрамя музыкі, робіць вас шчаслівай?

— Калі ў мяне цікавяцца, як мае справы, заўсёды думаю пра тое, што пакуль я і блізкія людзі здаровыя і жывыя — значыць, усё добра. У гэтым маё адчуванне шчасця. Таксама пачуццё спакою і ўстойлівасці мне дае падтрымка родных людзей. І, безумоўна, я шчаслівая ад таго, што ні дня не пражываю без музыкі.


Бліц-апытанне:

— Кожную раніцу я... — Пачынаю з догляду сябе.

— Касметыка, парфума, без якіх не выходжу з дому... — Для мяне найлепшая касметыка — гэта бляск у вачах. Таму я нават не заўсёды фарбуюся. А з парфумы мне зараз вельмі падабаецца адна марка ізраільскага парфумера.

— Спяваць пад фанаграму, калі ёсць выбар... — Я не буду, бо лепш свяваць пад мінус. А калі відэаздымкі ці самаадчуванне прымушаюць выбраць фанаграму, то давядзецца пагадзіцца. Але няма нічога лепшага, чым выступленне ўжывую.

— Сяброўства з артыстам — гэта... — Складана, паколькі не ўсе сябры гатовыя да вашай публічнасці. І не кожны з іх зможа не толькі парадавацца вашаму поспеху, але і падтрымаць у хвіліну падзення.

— Песня, якая вяртае мне раўнавагу... — Любая кампазіцыя, калі адпавядае майму душэўнаму стану і настрою, здольная даць мне баланс і гармонію.

Алена ДРАПКО

Фота з архіва артысткі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пачым сёння прадаюць лісічкі, чарніцы і лясную суніцу?

Пачым сёння прадаюць лісічкі, чарніцы і лясную суніцу?

Карэспандэнт «Звязды» патаргавалася на рынках.

Калейдаскоп

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

У ходзе аперацыі савецкая армія разграміла групу армій «Цэнтр» Вермахта.