Вы тут

Наш мозг — сябар ці вораг?


Ва ўсім свеце ў навуковыя даследаванні галаўнога мозга ўкладваюць каласальныя сродкі, да іх прыцягваюць самых выдатных вучоных і менавіта на гэтым шляху чакаюць прарыўныя адкрыцці.

Якія загадкі нашага мозга пакуль не атрымліваецца разгадаць? Колькі яго працэнтаў мы насамрэч выкарыстоўваем? Ці заўсёды трэба думаць пазітыўна? Як развіваць і падтрымліваць кагнітыўныя здольнасці? Аб гэтым — наша размова з кандыдатам біялагічных навук, дацэнтам, загадчыцай лабараторыі нейрафізіялогіі Інстытута фізіялогіі НАН Беларусі Святланай Пашкевіч.


— Святлана Георгіеўна, што ў рабоце галаўнога мозга навука дагэтуль не можа растлумачыць? Над чым працуеце асабіста вы?

— Загадак для навукоўцаў пакуль яшчэ дастаткова. За кошт чаго людзі часам перамагаюць хваробы, якія, здавалася б, не лечацца? Гэта іх «валявое намаганне», любоў да жыцця запускаюць скрытыя механізмы аднаўлення арганізма? Чаму чалавек, якому аб’ектыўна нішто не пагражае, сам даводзіць сябе да гібелі? У адным выпадку мозг запускае праграму выжывання, а ў другім — самазнішчэння? Ёсць прыклады таго, як, атрымаўшы аднолькавыя дозы радыяцыі, адны людзі паміраюць, а іншыя жывуць (і дастаткова паўнавартасна) дзесяцігоддзі. Чаму так адбываецца?
Можа, тлумачэнне ў здольнасці рэгуляваць рытмы галаўнога мозга, прасцей кажучы, сцішвацца, канцэнтравацца на сваёй рабоце, адчуванні абавязку перад блізкімі? Адказы на гэтыя і падобныя пытанні дакладна дапамогуць змагацца са шматлікімі сур’ёзнымі хваробамі. Ёсць шмат цікавых даследаванняў на стыку навукі і рэлігіі. Расійскія навукоўцы Святаслаў Мядзведзеў і Аляксандр Каплан у супрацоўніцтве з Далай-ламам XIV даследуюць здольнасць будысцкіх манахаў пераключаць рытмы галаўнога мозга, характэрныя для стану няспання, на рытмы змененага стану, спыняць жыццёвыя працэсы на працяглы час. Мы ў інстытуце працуем над тым, каб навучыцца вызначаць момант, калі клеткам галаўнога мозга патрэбная дадатковая дапамога, у чым яна павінна выяўляцца, як не дапусціць развіцця паталогій. Тым самым шукаем спосабы лячэння захворванняў галаўнога мозга і дзелімся сваімі ведамі з клініцыстамі.

— Распаўсюджаны стэрэатып: калі чалавек выкарыстоўвае свой мозг на 10 %, то ён — геній. Як вы ставіцеся да такога сцверджання?

— Казаць аб працэнтах актыўнасці нашага мозга ў прынцыпе няправільна. У нейкіх экстрэмальных сітуацыях, калі гаворка ідзе аб выжыванні, мозг задзейнічаны на ўсе 100 %, а ў нейкіх ён дрэмле і не выкарыстоўвае нават 5 %. Мозг рацыянальны. Ёсць нейроны, якія праяўляюць мала актыўнасці і з часам адміраюць, у выніку чалавек забываецца на шэраг падзей, страчвае нейкія навыкі. Калі гімнаст доўга не трэніруецца, то наўрад ці ён зможа выканаць ранейшыя практыкаванні. Калі чалавек ніколі не вучыў кітайскую мову, адкуль яму ведаць, здольны ён ёю авалодаць ці не? А раптам у яго ўзнікне вострая неабходнасць, і ён, прыклаўшы намаганні, загаворыць на ім. Колькі працэнтаў мозга на гэта спатрэбіцца? Справа ў нашым патэнцыяле, які трэба раскрываць з дзяцінства. Важна, каб дзіця наведвала самыя розныя гурткі і секцыі, спрабавала сябе ў розных якасцях і знайшло тое, да чаго мае найбольшыя схільнасці. Калі чалавек займаецца любімай справай, ён мабілізуе ўсе інтэлектуальныя, творчыя, валявыя рэсурсы. Калі выконвае тое, да чаго не адчувае цікавасці, мозг спіць і дэградуе.

— Заўсёды існавалі людзі-феномены, якія валодаюць незвычайнымі здольнасцямі. Ці складаюць яны для сучаснай навукі нейкую цікавасць? Ці займаюцца вучоныя іх вывучэннем?

— Ёсць феномены, добра вывучаныя нейранавукамі. Напрыклад, сінестэтыкі, у якіх змешваюцца пачуцці з дзвюх і больш сістэм успрымання. Надзеленыя сінестэзіяй людзі бачаць словы і лічбы ў розных колерах, могуць адчуваць смак кожнага колеру. Іх актыўна прыцягваюць да работы ў дызайнерскіх студыях, стварэння рэкламы. Дзякуючы сваёй незвычайнай здольнасці яны часта прапануюць нестандартныя рашэнні. Спецыялісты ведаюць: калі церпіць адна сэнсарная сістэма, то нярэдка яна кампенсуецца іншай. Напрыклад, у сляпых развіваецца скурны зрок, які дазваляе «пазнаваць» прысутнасць таго ці іншага чалавека, «счытваць» тое, што адбываецца вакол іх. Не буду аспрэчваць, што сляпая Ванга валодала нейкім не да канца зразумелым дарам. Але сапраўдных феноменаў не так і шмат. Часта прадказальнікі і варажбіткі — выдатныя псіхолагі: як правіла, яны задаюць кліентам навадныя пытанні, высвятляюць іх гісторыю, аналізуюць мову цела, і на падставе сабранай інфармацыі прадказваюць маючыя адбыцца падзеі. Па такім жа прынцыпе, дарэчы, працуе і штучная нейронная сетка. Займацца прагназаваннем і прадказаннямі — натуральнае запатрабаванне галаўнога мозга. Усе геніяльныя пісьменнікі і навукоўцы былі празорліўцамі. Напрыклад, Ф. М. Дастаеўскі ў «Д’яблах» папярэджваў, да чаго прывядзе бездухоўнасць. Ад нашай здольнасці прадбачыць будучыню залежыць выжыванне ў зменлівых умовах навакольнага асяроддзя і соцыуме.

— Сёння часта чуеш параду: «Думаць трэба пазітыўна». На погляд вучонага, гэта правільна — душыць усе непрыемныя, трывожныя думкі?

— Не. Думаць трэба рэалістычна. Наогул наша задача — развівацца і выжываць, а не знаходзіцца ў стане абсалютнага шчасця. Негатыўныя думкі — гэта нашы прадчуванні і ў пэўнай ступені прагнозы, якія падтрымліваюць бяспеку. Да іх трэба прыслухоўвацца, а не душыць іх. Мы ж не ігнаруем боль — і правільна робім: ён папярэджвае аб праблемах у арганізме. Так і з думкамі. Вядома, ёсць людзі з павышаным узроўнем трывогі, якія без усякіх падстаў увесь час настроеныя на катастрофу. У такіх выпадках патрэбная псіхалагічная дапамога, фарміраванне пазітыўнага ўспрымання свету. Самы эфектыўны спосаб зладзіцца з негатыўнымі эмоцыямі — «пераплавіць» іх у творчасць. Калі нам дрэнна, сумна, самотна, можна складаць апавяданні, аповесці, музыку, маляваць карціны, пісаць навуковыя работы. Няўжо не з пакут нярэдка нараджаліся сусветныя шэдэўры?

— Многія навукоўцы праяўлялі жывую цікавасць да сноў, верылі ў прарочыя сны. Што вы думаеце з гэтай нагоды? Чаму менавіта ноччу, падчас адпачынку часам здзяйсняюцца адкрыцці?

— Калі мы спім, нашы клеткі аднаўляюцца. Галаўны мозг у гэты час тэсціруе функцыі ўнутраных органаў, прыводзіць у парадак разбалансаваныя сістэмы. Сны могуць падказаць, ці ёсць у нас праблемы з лёгкімі, печанню, сэрцам і гэтак далей. Калі мы, кладучыся спаць, думаем над чымсьці, рашэнне можа прыйсці ў выглядзе сну. Невыпадкова кажуць: «З гэтым трэба пераспаць». Гэта дакладная стратэгія.

— Ці можна сказаць: няма двух людзей з аднолькавым мозгам, мозг непаўторны гэтак жа, як адбіткі пальцаў?

— Мозг вельмі індывідуальны, нават у блізнят. Многае ў яго рабоце залежыць ад генетыкі, спадчынных перадумоў да развіцця, таго асяроддзя, у якім чалавек рос і выхоўваўся, ад атрыманай адукацыі і гэтак далей. Але пабудова яго аднолькавая, і пашкоджванне шэрага структур непазбежна прыводзіць да хвароб і смерці.

— Святлана Георгіеўна, на вашу думку, бессмяротнасць магчымая?

— Спрэчнае пытанне. Ёсць меркаванне, што праграма смерці магла ўзнікнуць у якасці своеасаблівага ахоўнага механізма, паколькі вельмі складана знішчыць жыццё поўнасцю. Яно паўсюль. Думаю, што чалавецтва можа моцна пашкадаваць, калі адкрые таямніцу смерці, і мы перастанем паміраць. Асабіста мне цікава займацца пошукам падаўжэння творчага даўгалецця, а вось эліксір бессмяротнасці мне не хацелася б стварыць.

Як памерці маладым і зрабіць тое максімальна позна:

Сакрэт прадукцыйнай работы мозга ў тым, каб выкарыстоўваць яго рэсурсы рацыянальна. Мозг вельмі эканамічны, імкнецца з мінімальнымі намаганнямі атрымаць максімальную карысць. Мозг падрываюць пустыя заняткі, клопаты, перажыванні. Мозг развіваюць і падтрымліваюць правільна абраны шлях, любімая справа, сям’я, сябры, інтэлектуальнае асяроддзе.

Для захавання і падтрымання кагнітыўных здольнасцяў, эфектыўнай работы мозга трэба:

1. Выконваць рэжым дня. Выпрацаваныя звычкі ў адзін і той жа час класціся спаць, есці, працаваць, займацца спортам аптымізуюць нашы біялагічныя цыклы. Усё, што працуе ў аўтаматычным рэжыме, спажывае менш энергіі.

2. Рэгулярна і паўнавартасна харчавацца. Для забеспячэння даўгалецця важны правільны баланс мікра- і макраэлементаў, якія паступаюць з ежай. Напрыклад, пры моцнай узрушанасці нейроны трацяць магній, а гэты элемент — своеасаблівы засцерагальнік ад празмернай актыўнасці.

3. Адпачываць уначы. Гэта важна для нашай памяці. У сне мы вызваляемся ад непатрэбнага, фіксуем неабходнае. Паўнавартасны сон — залог прыгажосці і дабрабыту: калі мы спім, вылучаецца вялікая колькасць біялагічна актыўных рэчываў, якія аднаўляюць арганізм.

4. Займацца спортам згодна з узростам і станам здароўя. Ажыццяўляць прагулкі на свежым паветры, каб насычаць клеткі кіслародам. У час руху мы вырабляем карысныя для нашай памяці малекулы. Магчыма, менавіта таму некаторыя людзі, калі аб чымсьці разважаюць, рухаюцца туды-сюды накшталт маятніка.

5. Пастаянна вучыцца новаму. Вывучаць замежныя мовы (прычым не толькі еўрапейскія, але і кітайскую, японскую, карэйскую), асвойваць новыя тэхналогіі і атрымліваць новыя навыкі. Важна, каб гэтыя веды і навыкі былі запатрабаваныя. Калі вучыце на памяць вершы, арганізуйце вечар, дзе зможаце іх прачытаць.

6. Наведваць тэатры, музеі, ездзіць на экскурсіі. Выдатна, калі вы атрымліваеце новую інфармацыю, маеце зносіны з цікавымі людзьмі. Гэта актывізуе фарміраванне новых сувязяў паміж нейронамі, яны хутчэй апрацоўваюць інфармацыю, паляпшаюць сэнсарнае ўспрыманне нашых органаў пачуццяў.

7. Пастаянна атрымліваць новыя ўражанні, няхай самыя простыя і даступныя. Наведванне парфумернай крамы (знаёмства з новымі пахамі), паказаў адзення (успрыманне гармоніі колеру і кампазіцыі), гастрафэстаў (уражанні ад новага смаку), паходы ў госці (цікавыя навіны пра ўсё і тактыльныя адчуванні) — усё гэта падтрымлівае кагнітыўныя здольнасці ў тонусе.

8. Карысны занятак — размалёўваць нешта, маляваць карціны па нумарах. Пасля 30 гадоў мы ўжо не ўспрымаем колеры так ярка, выразна, як у дзяцінстве, і трэба развіваць колераўспрыманне.

9. Варта спяваць. Спевы зніжаюць узровень цукру ў крыві і артэрыяльны ціск.

10. Вязанне выдатна падтрымлівае здароўе нашых рук, развівае здольнасць да планавання і дакладных разлікаў.

11. Можна мяняць рукі пры выкананні руцінных спраў. Скажам, есці суп, трымаючы лыжку ў левай руцэ, калі вы праўша, і наадварот. Трэніроўка дробнай маторыкі рук развівае мозг дзіцяці і захоўвае яго функцыі ў пажылых.

12. Трэба рэгулярна чытаць добрыя кнігі. Параіла б і пісаць іх самім. Напрыклад, свае ўспаміны, апавяданні пра продкаў, казкі для ўнукаў.

13. Пажылым трэба мець зносіны. Іх трэба часцей абдымаць — тактыльны кантакт падтрымлівае кагнітыўныя функцыі і паляпшае работу імуннай сістэмы. Старасці супрацьпаказана адзінота. Мы жывём, пакуль нас памятаюць, пакуль мы патрэбныя хоць бы аднаму чалавеку на свеце.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ, фота з архіва суразмоўніцы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?