Вы тут

Паэт Станіслаў Валодзька - аб гістарычнай памяці


Беларускі паэт Станіслаў Валодзька, ураджэнец вёскі Падольцы Астравецкага раёна, шмат гадоў жыве ў Латвіі, у Даўгаўпілсе. Але з радзімай ягоныя сувязі не слабеюць. Станіслаў — сябар Саюза пісьменнікаў Беларусі, адзін з заснавальнікаў беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым» і Таварыства латвійска-беларускай садружнасці, яго часта можна ўбачыць на беларускіх культурных святах. Але час ідзе, адбываюцца падзеі, што падзяляюць людзей... Як жывецца сёння ў Латвіі беларускаму паэту?


— Беларуская дыяспара ў Латвіі — адна з наймацнейшых у свеце, бо нам ёсць чаму павучыцца ў нашых папярэднікаў, якія жылі тут і актыўна працавалі на ніве беларускай культуры ў 20-я гады мінулага стагоддзя, — сцвярджае Станіслаў Валодзька. — Гэта і дзве беларускія гімназіі — у Лудзе і Даўгаўпілсе, і шматлікія беларускія школы, беларускі друк, Беларускі народны тэатр, асветнікі, паэты і мастакі. Таму калі ў пачатку 1990-х у нас з’явілася магчымасць стварыць беларускую суполку ў Даўгаўпілсе, мы, назваўшы яе шматзначна «Уздым», актыўна пачалі работу. З дапамогай першага генеральнага консула Беларусі ў Даўгаўпілсе Анатоля Жалтоўскага набылі памяшканне ў будынку былога дзіцячага садка, адкрылі беларускую нядзельную школку, стварылі вакальны гурт «Купалінка».

З цеплынёй успамінаецца наш удзел у з’ездзе беларусаў бліжняга замежжа, а затым — у Першым з’ездзе беларусаў свету. Дзякуючы актыўнай рабоце сяброў «Уздыму», пры садзейнічанні Генеральнага консульства Беларусі ў Даўгаўпілсе, якое вяло перагаворы з Даўгаўпілскай гарадской думай, у нас быў адкрыты Цэнтр беларускай культуры (ЦБК).

А наконт адчування сябе сапраўдным беларусам у Латвіі скажу так: калі сам чалавек сапраўдны, калі ў ім моцная генетычная памяць, калі ў ім крынічыць любоў да свайго народа, да роднай мовы і культуры, то ніхто гэтага адчування адабраць у яго не зможа, дзе б ён ні жыў. Іншая справа — падтрымка і садзейнічанне нацыянальнай культурна-асветніцкай дзейнасці з боку ўладных структур. І мы самі, паважліва ставячыся да людзей іншых нацыянальнасцяў, гэтую падтрымку знаходзім. Спрыяе нам і тое, што тут створана аб’яднанне беларускіх суполак Латвіі — Саюз беларусаў Латвіі. У нас ёсць шчаслівая магчымасць ездзіць адзін да аднаго ў госці, беручы ўдзел у розных беларускіх імпрэзах.

— Твае вершы ўвайшлі ў калектыўны зборнік, выпушчаны да Дня Перамогі. Наколькі важная для цябе гэтая тэма?

— Тэма Вялікай Айчыннай вайны мяне хвалявала і хвалюе сёння, як і многіх беларускіх пісьменнікаў. Калі вучыўся ў школе, мяне ўзрушвалі творы класікаў беларускай літаратуры, уключаныя ў школьную праграму. Ад вялікай удзячнасці да тых, хто прынёс нам збавенне ад карычневай чумы, і ад усведамлення, што дзякуючы ім мы жывём пад мірным небам, у мяне з’явіўся шэраг вершаў, прысвечаных нашай Перамозе, нашым ветэранам, памяці загінулых герояў. Некалькі з гэтых вершаў пакладзена на музыку кампазітарамі Латвіі і Беларусі — «Перамога», «Ветэраны», «Ля Вечнага агню», «Пяхота», «Праведнікі Беларусі», «Палявая кухня». У мінулыя гады яны выконваліся даўгаўпілскімі салістамі ў Дзень Перамогі. На жаль, з вядомай прычыны, сёлета такой магчымасці ў нас не было. Прыемна, што летась мае два вершы ў аўтарскім перакладзе на рускую мову — «Спасатели Отчизны» і «Памяти Юлии Друниной» — увайшлі ў кнігу, выдадзеную ў Маскве пад назвай «Навечно в строю». Тут змешчаны таксама творы беларускіх паэтаў Міколы Мятліцкага, Анатоля Зэкава, Валянціны Паліканінай...

— Што такое гістарычная памяць, як прыйшло ўсведамленне, што трэба абавязкова захоўваць яе, трымацца сваіх каранёў?

— Гістарычная памяць — гэта ў першую чаргу любоў і павага да ўсяго роднага: свайго краю, сваіх бацькоў, сваіх продкаў, свайго народа, мовы і культуры. Бо вельмі слушна заўважыла беларуская паэтка Яўгенгія Янішчыц: «Пачынаецца ўсё з любві». А гэтая любоў нараджаецца ў чалавеку дзякуючы і бацькам, і настаўнікам, і знаёмству з выбітнымі асобамі, з якіх мы бяром добры прыклад. Для мяне ж у першую чаргу такімі асобамі з’яўляюцца Адам Мальдзіс, Васіль Быкаў, Ніл Гілевіч, Данута Бічэль, Сяргей Панізнік...

— Ты шмат перакладаеш на беларускую мову вядомых песень. Гэта выпадкова так атрымалася, ці гэта аўтарскі праект?

— Некалькі гадоў таму я нечакана для сябе адчуў смак перакладу на родную мову знакамітых песень, вельмі знакавых, меладычных, словы якіх ніяк нельга назваць тэкстамі, бо там ёсць паэзія. Гэта песні як народныя, так і аўтарскія. Як сказаў беларускі паэт Дзмітрый Пятровіч, — час абеларусіць іх. Сярод гэтых песень ёсць тыя, дзе спяваецца аб Беларусі, аднак дагэтуль толькі ў рускамоўным варыянце. Аднак яшчэ трэба прыкласці старанне, каб пераклады былі агучаны. У гэтым мне спрыяюць таленавітыя спевакі Леанід Лаўрыновіч на Браслаўшчыне, Віталь Астанковіч у Магілёве, Сяргей Шабадалаў у Літве, Жанна Слядзеўская ў Латвіі. Спадзяюся, з часам да іх далучацца новыя вакальныя таленты.

— Сёння ў цябе шмат твораў для дзяцей. Жаданне іх пісаць выклікана сямейнымі абставінамі?

— Сапраўды, я стаў значна часцей пісаць для дзетак, калі на свет з’явіліся сыны Алег і Антон — мае галоўныя слухачы і чытачы. Цяпер, калі яны выраслі, на творы для дзяцей мяне натхняюць мае ўнукі Ксенія і Аляксей.

— Акрамя работы над песнямі і на ніве дзіцячай літаратуры, якія здзяйсняеш творчыя праекты?

— Цяпер працую над выданнем свайго збору твораў. Першы том выдаў летась, другі том падрыхтаваны да друку і павінен выйсці неўзабаве. Налета плануецца выданне трэцяга... Аднойчы з’явілася жаданне ўсё напісанае мной сабраць разам пад цвёрдымі вокладкамі, бо дагэтуль былі толькі мяккія. Да твораў далучаны і мой фоталетапіс. Са спазненнем, зноў жа з-за сусветнай праблемы апошняга часу, рыхтую свой юбілейны творчы вечар у ЦБК Даўгаўпілса.

— Калі збіраешся зноў на Беларусь, у якім імпрэзах мяркуеш браць удзел?

— У Беларусі не быў ужо даўнавата. Доўгі час была закрыта граніца з-за пандэміі. Цяпер збіраюся наведацца на фестываль «Браслаўскія зарніцы», які намечаны на 4-5 чэрвеня. Маю запрашэнне, бо ў фінале павінна прагучаць аднайменная песня на мае словы і музыку браслаўчаніна Альберта Белуся ў выкананні ўсіх удзельнікаў канцэрта, якія прыедуць з розных гарадоў Беларусі, бо фестываль юбілейны. А трохі пазней планую паездку з сынам Алегам у родную вёску Падольцы.

Гутарыла Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Без штампа ў пашпарце: падводныя камяні «свабоднага» шлюбу

Без штампа ў пашпарце: падводныя камяні «свабоднага» шлюбу

Жанчыны ўступаюць у першы шлюб у 26,3 года, мужчыны — 28,6.

Калейдаскоп

Дзмітрый Рабаў: У ліпені чакаем ідэальнае беларускае лета!

Дзмітрый Рабаў: У ліпені чакаем ідэальнае беларускае лета!

У ліпені, як і належыць экватару года, прагназуецца самы цёплы перыяд сезона.