Вы тут

Ніна Іванова: Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач


Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі амаль стагоддзе займаецца папулярызацыяй духоўных і культурных здабыткаў. Пачалося ўсё з выбітных беларускіх літаратараў — Янкі Купалы, Якуба Коласа, Міхася Чарота, Цішкі Гартнага, якія адчулі неабходнасць у стварэнні суполкі з прадстаўнікоў грамадскасці. На працягу дзесяцігоддзяў у таварыстве на грамадскіх пачатках працавалі сотні вядомых прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, якія практычна сфарміравалі асноўныя кірункі развіцця беларускай народнай дыпламатыі. Зараз старшынёй Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі з’яўляецца Ніна Іванова. У прыгожым будынку, які месціцца ў беларускай сталіцы на вуліцы Захарава, 28 і з’яўляецца помнікам архітэктуры, працуе ўсяго пяць чалавек. Але гэта толькі штат. Ніна Сямёнаўна распавяла, што ў дзейнасці іх таварыства прымае ўдзел мноства зацікаўленых у пашырэнні сувязей з замежнымі краінамі неабыякавых людзей.


Старшыня прэзідыума Ніна Сямёнаўна Іванова.

— У мінулым годзе Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі адзначыла 95-годдзе. Ці з’явіліся ў Дома дружбы новыя мэты пасля святкавання юбілею?

— Нашы юбілейныя даты не вельмі ўплываюць на інтэнсіўнасць ці змены мэт і якасць работы. Ёсць традыцыі, якія мы нясём па жыцці як каноны. Напрыклад, пазнавальна-азнаямляльная работа. Яна пачыналася яшчэ нашымі заснавальнікамі, якія вызначылі мэту дзейнасці арганізацыі — папулярызацыя духоўных багаццяў свету і, канешне, беларускай культуры ў краіне і за яе межамі. Таму перад тымі, хто ствараў арганізацыю, мы нясём адказнасць. Як бы ні ўдасканальвалі сваю работу, як бы ні рыхтаваліся да юбілеяў і іншых дат, у нас усё роўна ёсць канва, якой прытрымліваемся. Літаратурныя і музычныя вечары, выстаўкі, сустрэчы, музычныя імпрэзы, канферэнцыі і круглыя сталы — гэтыя і іншыя формы работы запатрабаваны і сення.

У складзе БелТД працуе 40 краінавых таварыстваў. Узначальваюць іх вядомыя, духоўна багатыя людзі, якія абавязкова прыўносяць шмат ідэй і натхнення са сваёй прафесійнай сферы дзейнасці. Напрыклад, 12 таварыстваў у нас узначальваюць вядомыя беларускія пісьменнікі і паэты. Гэта Навум Гальпяровіч, Мікалай Чаргінец, Аляксей Дудараў, Уладзімір Скарынкін, Міхась Пазнякоў, Іван Чарота, Аляксандр Карлюкевіч, Зіновій Прыгодзіч. І, вядома ж, нашай любімай формай работы сталі літаратурна-музычныя сустрэчы. Мы рыхтуем іх з асаблівай цеплынёй і любоўю. Напрыклад, у панядзелак 23 мая ў Доме дружбы адбудзецца вечарына, прысвечаная 180-годдзю вядомай польскай пісьменніцы, паэткі Марыі Канапніцкай. Таварыства Беларусь — Польшча ўзначальвае пісьменнік, дыпламат, эрудыт Анатоль Бутэвіч, які ўкладае ўсю душу ў падрыхтоўку гэтага вечара, а калектыў і актывісты дапамагаюць яму.

Хачу яшчэ раз падкрэсліць, што вельмі многае робіцца нашымі актывістамі. Іншым часам мы запрашаем чытаць вершы, выконваць музыку прафесійных артыстаў, але часцей за ўсё гэта робяць студэнты, моладзь, удзельнікі розных літаратурных і музычных аб’яднанняў.

Гістарычнае фартэпіяна 1891 г. выпуску — падарунак ад таварыства «ГДР—Беларусь» у 1956 г.

— Ніна Сямёнаўна, распавядзіце, калі ласка, аб асноўных напрамках работы таварыства.

— У БелТД ёсць 4 асноўныя праграмы: пазнавальна-азнаямляльная, маладзёжная, гуманітарная, а таксама міжнароднае супрацоўніцтва гарадоў.

Але апошнія два гады прымусілі нас падумаць: «А як нам працаваць у новых умовах?». Шмат людзей нельга запрашаць, таму трэба думаць аб камерных, але цікавых імпрэзах. І з’явіліся новыя формы работы. Напрыклад, клуб «Дыялог з паслом», падчас якога кіраўнікі дыпламатычных місій сустракаюцца з маладымі навукоўцамі, студэнтамі, выкладчыкамі, якія цікавяцца канкрэтнай краінай або тэмай і могуць атрымаць адказы на свае пытанні. Таксама ў нас ёсць клуб «Юны дыпламат» для старшакласнікаў, які працуе ў тым ліку і на замежных мовах, і клуб «Аматары замежнай літаратуры». Усе яны працуюць з удзелам кіраўнікоў дыпламатычных місій — ужо адбыліся сустрэчы з пасламі Балгарыі, Венесуэлы, В’етнама, Германіі, Ірана, Казахстана, Кыргызстана, Кітая, Кубы, Палесціны. І гэта толькі на працягу ковідных часоў. Зараз мы працуем больш-менш паўнацэнна, смялей выходзім на большую аўдыторыю.

— Раскажыце падрабязней аб міжрэгіянальна-міжнародным супрацоўніцтве.

— Гэтая праграма існуе з 1958 года. Зараз колькасць удзельнікаў пабрацімскага руху павялічылася — у 1995 годзе была створана беларуская арганізацыя «Пародненыя гарады». Зараз яе ўзначальвае вядомы дзяржаўны і грамадскі дзеяч Барыс Батура. Чым займаецца гэта арганізацыя? Мы імкнёмся дапамагчы беларускім гарадам знайсці партнёраў у замежных краінах, юрыдычна ўстанавіць адносіны і, самае галоўнае, арганізоўваем і праводзім каардынацыйныя сустрэчы гарадоў-пабрацімаў. Нават у гэты складаны час нам удалося правесці ў 2021 годзе чарговую сустрэчу гарадоў-пабрацімаў Беларусі і Расіі ў Жодзіне. Падчас сустрэч дзелімся вопытам, абмяркоўваем, што атрымліваецца ў пабрацімскіх пар, а што не, даведваемся, якія ўмовы пашырэнню гэтага руху спрыяюць, а якія стрымліваюць. Увогуле, пабрацімства гарадоў — гэта народная дыпламатыя: узначальвае працэс кіраўнік гарадской адміністрацыі, але далей уключаюцца школы, установы, прадпрыемствы, і ўжо яны канкрэтна супрацоўнічаюць.

У гэтым годзе мы плануем правесці чарговую 12-ю сустрэчу гарадоў-пабрацімаў Беларусі і Расіі ў Пскове і спадзяёмся на рэалізацыю плана па правядзенні 11-й сустрэчы гарадоў-пабрацімаў Беларусі і Германіі ў Брэсце.

На жаль, з нашай чацвёртай праграмай — гуманітарнай — мы, па вядомых прычынах, два апошнія гады не працуем, але спадзяёмся да яе вярнуцца.

Супрацоўнікі БелТД разглядаюць фрэску І. Ахрэмчыка «Тхачыхі» ў зале прыёмаў.

— Ніна Сямёнаўна, вы лічыце, роля народнай дыпламатыі сёння ўзрастае ці, наадварот, цікавасць да яе зніжаецца?

— Тое, што ні адна дзяржава не зможа развіваць паўнацэнныя адносіны з іншымі краінамі без падтрымкі грамадскіх арганізацый, народнай дыпламатыі — гэта бясспрэчна. І тое, што сёння недаацэньваецца роля гэтай падтрымкі, таксама не выклікае ў мяне асабіста сумневу. Праз гэты рух можна шмат чаго зрабіць для карысці міждзяржаўных адносін. І сёння гэта добра разумеюць дальнабачныя дзяржаўныя дзеячы і ўстановы, асабліва на Усходзе. Анлайн-канферэнцыі апошніх двух гадоў, ініцыятарамі якіх выступілі краіны ШАС, Кітайскае народнае таварыства дружбы, былі прысвечаны пытанням удасканалення ўдзелу народнай дыпламатыі ў пашырэнні і развіцці міждзяржаўных адносін. Літаральна днямі адбылася Ташкенцкая міжнародная канферэнцыя, падчас якой таксама абмяркоўваліся гэтыя ж пытанні з удзелам грамадскіх прадстаўнікоў усіх членаў ШАС.

Сёння БелТД актыўна супрацоўнічае з Кітайскім народным таварыствам дружбы, з Кітайскім камітэтам добрасуседства, дружбы і супрацоўніцтва ШАС. І мы спадзяёмся, што сумесныя пошукі ўдасканалення фармату народнай дыпламатыі прынясуць свой плён.

Каб сябравалі людзі, культуры, дзяржавы, грамадства таксама павінна рабіць крокі насустрач адно аднаму. І народная дыпламатыя, у тым ліку і беларуская, павінна займаць у працэсе вядучае месца.
Зыходзячы з гэтага, мы таксама шукаем шляхі ўдасканалення сваёй дзейнасці. Менавіта гэтай праблеме будзе прысвечана размова за круглым сталом, які адбудзецца напрыканцы мая ў Доме дружбы.

— Вы ўжо адзначалі, што час пандэміі прыўнёс складанасцяў у работу таварыства. А што датычна міжнародных сувязяў, ці моцны ўплыў аказаў вірус?

— Апошнія гады зменшылася колькасць кантактаў з замежнымі партнёрамі. Калі раней мы маглі адправіць творчы калектыў за мяжу або прыняць у сябе дэлегацыю, то цяпер, канешне, усё скарацілася. І анлайн-стасункі, у якіх я прымаю актыўны ўдзел, не замяняюць жывых кантактаў з партнёрамі, з якімі мы ажыццяўляем сумесныя праграмы. Канешне, вельмі хочацца вярнуцца да афлайн-рэжыму.

Раней, да 2020 года, мы вялі гуманітарную праграму — нашыя замежныя партнёры аказвалі дапамогу дзецям, якія жывуць у забруджаных рэгіёнах. Пры гэтым у нас атрымлівалася прадстаўляць у адпаведных краінах і беларускую культуру. Напрыклад, у Аўстрыі дзеці выступалі ў якасці народных дыпламатаў — на розных пляцоўках рыхтавалі канцэрты, падчас якіх гучалі беларускія песні, вершы, танцы. Была і медыцынская праграма, у межах якой мы атрымлівалі апараты ўльтрагукавой дыягностыкі для нашых медустаноў.
Пры нашай падтрымцы і дапамозе арганізоўваліся таксама Дні Аўстрыі ў Беларусі: чыталіся лекцыі, праводзіліся моўныя майстар-класы, прадстаўлялася сучасная літаратура і музыка, адбываліся круглыя сталы. Шкада, але і гэта прыпынілася. Але мы аптымісты і спадзяёмся вярнуцца да падобнага фармату дзейнасці.

— Ці запланаваны ў Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі мерапрыемствы, прымеркаваныя да Года гістарычнай памяці?

— Разглядаць паняцце гістарычнай памяці трэба шырока. Напрыклад, мы традыцыйна, і ў гэтым годзе таксама, адзначаем гадавіны перамогі ў руска-турэцкай вайне 1877–1878 гадоў. Здаецца, далёкая гісторыя. Але мы нагадваем суайчыннікам, моладзі, што ў гэтай вайне загінула шмат беларусаў. Справа ў тым, што ў Расійскай імперыі найбліжэй да Балгарыі была якраз тая частка арміі, якая кватаравала на тэрыторыі сучаснай Беларусі, — Мінскі, Магілёўскі пяхотныя палкі, Беларускі гусарскі полк... Яны паказалі прыклады мужнасці ў барацьбе за вызваленне Балгарыі. Героямі руска-турэцкай вайны былі беларусы Іосіф Гурка, Канстанцін Хруцкі, Мікалай Судзілоўскі, Міхаіл Скобелеў і многія іншыя. Храм Аляксандра Неўскага, што знаходзіцца на Вайсковых могілках, — збудаванне, прысвечанае менавіта тым падзеям. Таму я заўсёды кажу: мы павінны ганарыцца продкамі, якія праявілі салідарнасць з народам, з якім беларусы звязаны супольнасцю паходжання, веры, блізкасцю мовы. І я лічу, што гэта таксама падпадае пад катэгорыю гістарычнай памяці.

Быў у нас і вечар, прысвечаны паэтам Вялікай Айчыннай вайны. Мікола Мятліцкі — беларускі паэт, выдатны перакладчык, пераклаў цэлую кніжку паэтаў ваеннай пары. Мы зрабілі прэзентацыю гэтага выдання, а таксама вечар памяці Міколы Мятліцкага — і гэта таксама гістарычная памяць.

У сваёй рабоце мы заўсёды імкнёмся паказаць тое, што аб’ядноўвае беларускіх і замежных дзеячаў культуры. Так, мерапрыемства, якое я ўжо анансавала — 180-годдзе з дня нараджэння Марыі Канапніцкай, таксама звязана і з 140-годдзем Янкі Купалы, які перакладаў яе вершы.

Арына КАРПОВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пачым сёння прадаюць лісічкі, чарніцы і лясную суніцу?

Пачым сёння прадаюць лісічкі, чарніцы і лясную суніцу?

Карэспандэнт «Звязды» патаргавалася на рынках.

Калейдаскоп

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

У ходзе аперацыі савецкая армія разграміла групу армій «Цэнтр» Вермахта.