Вы тут

«Людзі робяць заўвагі, і яны маюць рацыю». Качанава правяла асабісты прыём у Віцебску


Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава правяла асабісты прыём грамадзян у Віцебску, перадае БелТА.


Віцябчанін звярнуўся з некалькімі пытаннямі. Перш за ўсё, яго хвалявала нядобрасумленная работа старшыні ТУ, які бярэцца курыраваць да дзясятка дамоў і не спраўляецца. З такімі праблемамі да членаў Савета Рэспублікі на асабістых прыёмах звярталіся жыхары і ў іншых рэгіёнах Беларусі. Наталля Качанава адзначыла: пры ўдзеле Міністэрства жыллёвай гаспадаркі гэта пытанне ўжо вырашаецца. У адпаведнасці з новым законапраектам мясцовыя ўлады змогуць вызваляць ад пасады старшынь ТУ, якія нядобрасумленна выконваюць свае абавязкі, і назначаць адказных людзей. Такі закон могуць прыняць у ліпені, аднак старшыня Савета Рэспублікі будзе хадайнічаць, каб рашэнне паскорылі.

Віцябчанін таксама скардзіўся на недагледжанасць прыватнага сектара і разбітую дарогу. Наталля Качанава падкрэсліла, што навесці парадак у Віцебску трэба не толькі на цэнтральных вуліцах. «Людзі робяць заўвагі, і яны маюць рацыю. Становіцеся на бок людзей. Парадак у горадзе павінен быць усюды. У прыбіранні Віцебска павінна быць сістэма, гэта няпростая справа, але першарадная», — расставіла прыярытэты сенатар. Старшыня гарвыканкама Мікалай Арлоў запэўніў, што праблему з дарогай вырашаць.

Заяўнік таксама адзначыў: бываюць збоі ў руху грамадскага транспарту ад яго прыватнага сектара да цэнтра Віцебска. Мясцовым уладам і транспартнай арганізацыі даручана прааналізаваць пасажырапаток, разгледзець усе варыянты і знайсці прымальны.

Пажылы віцябчанін, які звярнуўся на асабісты прыём, расказаў, што ўжо больш за 20 гадоў не можа вырашыць праблему з пацвярджэннем статусу ліквідатара наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Мужчына растлумачыў, што больш за месяц працаваў вадзіцелем у зоне адчужэння, але на адным з камандзіровачных дакументаў адсутнічала пячатка. Паводле яго слоў, у органах сацслужбы ранейшае пасведчанне ліквідатара забралі, а новае не далі. Наталля Качанава запэўніла, што адпаведныя ведамствы паднімуць архіўныя запісы і разбяруцца ў сітуацыі дэталёва.

Некалькі жыхарак Віцебска скардзіліся, што працякаюць дахі ў шматкватэрных дамах. Старшыня Савета Рэспублікі паставіла задачу: пакуль прымаюцца рашэнні і распрацоўваюцца праектна-каштарысныя дакументацыі па капрамонце, дахі ў дамах павінны быць адрамантаваны.

З просьбай аб дапамозе да сенатара звярнуўся шматдзетны бацька з Верхнядзвінскага раёна. У яго 11 дзяцей, сямёра з якіх непаўналетнія, а адно дзіця інвалід. У мінулым годзе ад цяжкай хваробы памерла жонка заяўніка, і цяпер усе клопаты аб сынах і дочках ляжаць на плячах мужчыны. Ён просіць адтэрміноўкі ад тэрміновай службы ў арміі для старэйшага сына, які дапамагаў бы ў гаспадарцы, другі сын папоўніў ужо рады салдат тэрміновай службы. Паўналетнія дочкі жыхара Верхнядзвіншчыны не могуць дапамагчы бацьку, паколькі адна чакае нараджэння трэцяга малыша, дачка крыху меншая вучыцца ў ВНУ. Праблема, як аказалася, няпростая, паколькі згодна з заканадаўствам даць такую адтэрміноўку немагчыма. Для тлумачэння на асабісты прыём да сенатара запрасілі ваенкама вобласці Руслана Шкодзіна. Той растлумачыў, што заяўніку прапаноўваліся розныя варыянты, але ўсе яны абмежаваны рамкамі заканадаўства, а гэты выпадак індывідуальны. Наталля Качанава паабяцала заяўніку, што яго праблему пастараюцца вырашыць.

«Прыйсці на прыём да службовай асобы для любога грамадзяніна няпроста, гэта нават нейкі стрэс, а таму мы перш за ўсё абавязаны ставіць сябе на месца тых, хто звярнуўся. Сённяшні прыём паказаў, што пытанні, з якімі прыходзяць жыхары вобласці, актуальныя як ніколі і павінны быць вырашаны на месцах. У Віцебску трэба выбудаваць сістэмную работу ЖКГ: у сферы добраўпарадкавання, навядзення парадку, капітальнага рамонту. Дапамога ў вырашэнні гэтых пытанняў павысіць давер людзей да мясцовай улады», — падвяла вынік Наталля Качанава.

Сёння ва ўсіх раёнах Віцебскай вобласці члены Савета Рэспублікі таксама праводзяць асабістыя прыёмы грамадзян. Рэгіён стаў фінальным з усіх абласцей рэспублікі, дзе ў гэтым годзе ўжо ў новым фармаце праводзіцца работа са зваротамі. Такі падыход дае магчымасць убачыць як лакальныя, так і сістэмныя пытанні і ўлічыць усе прапановы жыхароў краіны пры распрацоўцы законапраектаў і ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у існуючыя законы.

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.