Вы тут

Як беларускія пагранічнікі захоўваюць сваю гісторыю і шануюць подзвіг папярэднікаў?


Сённяшнім пагранічнікам, якія заўсёды знаходзяцца на пярэдніх рубяжах, даводзіцца працаваць у няпростых умовах. Сітуацыя, што апошнім часам складваецца каля нашых граніц, патрабуе не толькі надзвычайнай адказнасці прафесіяналаў сваёй справы. Тыя пагрозы і выклікі, якім рэгулярна падвяргаецца наша краіна, прадугледжваюць і ўдасканаленне сістэм кантролю, развіцця прыгранічнай інфраструктуры, асучаснівання падыходаў у выяўленні парушальнікаў граніцы...


Дзяржаўны пагранічны камітэт — акурат тое ведамства, якое ідзе ў нагу з часам. І ў той жа час не забываецца ўласнай гісторыі, беражліва ставіцца да сваёй спадчыны. У гэтым карэспандэнты «Звязды» маглі пераканацца, калі пабывалі ў Музеі пагранічнай службы.

Экспазіцыя размясцілася ў знакавым для вартавых рубяжоў месцы — Інстытуце пагранічнай службы. Адкрылі яе да 100-годдзя органаў пагранічнай службы. Кожны атрад унёс свой уклад у стварэнне музея. Каштоўныя экспанаты перадавалі і сваякі заслужаных пагранічнікаў, і пошукавыя атрады, і рэканструктарскія клубы, іншыя музейныя ўстановы краіны. Адным словам, музей стаў сапраўды народным.

Вытокі — у сярэдніх стагоддзях

Нягледзячы на тое, што свой першы загад на ахову дзяржаўнай граніцы пагранічнікі атрымалі 28 мая 1918 года, вытокі беларускай пагранічнай службы вядуць на некалькі стагоддзяў раней. Першыя згадванні аб вартавах граніцы на нашай зямлі адносяцца да VІІІ—ІХ стагоддзяў. Рубяжы Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай ахоўвалі цэлыя пагранічныя саслоўі, якія называліся па-рознаму: панцырныя баяры, рэестравыя казакі. За сваю службу яны атрымлівалі надзелы зямлі побач з граніцай — у прамым сэнсе ахоўвалі сваю зямлю

Абазначаць граніцы дзяржавы пачалі яшчэ ў старажытнасці. Першыя пагранічныя слупы з'явіліся ў ХIV—ХV стагоддзях. Дарэчы, па форме яны мала чым адрозніваюцца ад сучасных. У экспазіцыі — макет слупа, які быў усталяваны ў сярэдзіне ХVІ стагоддзя на граніцы ВКЛ і Прусіі. Прадстаўлены і копіі заканадаўчых актаў — Статута ВКЛ 1588 года і Канстытуцыі Рэчы Паспалітай. Менавіта гэтымі дакументамі юрыдычна была замацавана граніца дзвюх вялікіх дзяржаў.

У музеі можна даведацца і аб развіцці пагранічнай варты на момант уваходжання беларускіх земляў у склад Расійскай імперыі. Нават паглядзець на манекенах, як выглядалі тагачасныя пагранічнікі — унтэр-афіцэр пагранічнай варты сярэдзіны ХІХ стагоддзя і аб'ездчык асобнага корпуса пагранічнай варты пачатку ХХ стагоддзя.

— Яны ілюструюць два знакавыя для нас моманты, — адзначае старшы афіцэр культурна-забаўляльнага цэнтра Інстытута пагранічнай службы Кацярына СЕНЕЧАВА. — Менавіта ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя ў форме пагранічніка з'яўляюцца элементы з зялёнага сукна, якія дайшлі да сённяшняга часу ў выглядзе нашых зялёных пагонаў. Сёлета мы адзначым 120 гадоў нашаму сімвалу — зялёнай пагранічнай фуражкі, якая з'явілася ў абмундзіраванні пагранічніка 1 ліпеня 1902 года. З таго часу яе форма і колер збольшага не змяніліся.

Подзвігі пагранічнікаў

Савецкая эпоха ў пагранічнай гісторыі прадстаўлена ў асобнай экспазіцыі. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі імператарскі асобны корпус пагранічнай варты быў расфарміраваны, малады савецкі ўрад выступаў за заснаванне першай рэвалюцыйнай дзяржавы, якая, па словах Леніна, прадугледжвае граніцы. У выніку 28 мая 1918 года быў выдадзены Дэкрэт Савета народных камісараў аб заснаванні пагранічнай аховы. З гэтай даты і вядзе сваю гісторыю беларуская пагранічная служба.

Няпростымі ў гісторыі беларускай пагранічнай аховы былі і 1920—1930-я гады: грамадзянская вайна, замежная інтэрвенцыя. У гэты складаны час праявілі гераізм і пагранічнікі. У экспазіцыі — партрэты тых вартавых рубяжоў, чые імёны просвоены заставам. Першае імянное падраздзяленне на беларускай зямлі насіла імя Мікалая Хахлова, які здзейсніў подзвіг падчас барацьбы з кантрабандыстамі. Ён загінуў пры выкананні воінскага абавязку. Экспазіцыя дапоўнена прадметамі ўзбраення таго перыяду, «вынаходніцтвамі» кантрабандыстаў. Напрыклад, нярэдка, каб перамясціць залатыя царскія манеты і іншыя каштоўнасці, яны выкарыстоўвалі паглыбленні ў абцасах ботаў. Як цяпер, так і раней аснову кантрабанды складалі тытунь і спірт.

Расказваецца ў музеі і аб падзеях 1939 года, калі адбылося ўз'яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі. Цэнтральная частка экспазіцыі прысвечана падзеям чэрвеня 1941 года. Прадстаўлена падрабязная інфармацыйна-графічная схема дыслакацыі войск Чырвонай Арміі і Вермахта. Подзвіг абаронцаў Брэсцкай крэпасці вядомы далёка за межамі нашай краіны. Аб гэтым расказвае і дыярама, дапоўненая прадметамі і экспанатамі, знойдзенымі на месцах баёў у Брэсцкай крэпасці. Ганаровае месца займаюць партрэты герояў-пагранічнікаў, імёнамі якіх названы заставы брэсцкай і гродзенскай пагранічнай груп. Усе яны ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны абаранялі заходнія рубяжы нашай краіны.

Сярод іх — Віктар Усаў, які з'яўляўся начальнікам 3-й пагранічнай заставы 86-га Аўгустоўскага пагранатрада. На працягу 10 гадзін яго байцы адбівалі атакі праціўніка. Ніхто з пагранічнікаў не здаўся. Сам камандзір, нягледзячы на раненні, да апошняга заставаўся ў страі. Загінуў. Імя Героя Савецкага Саюза носіць 1-я застава Гродзенскага пагрангрупы. Яна была адноўлена і знаходзіцца на тым жа месцы, на якім была ў гады вайны. Імёны 14 пагранічнікаў, у тым ліку самага знакамітага абаронцы Брэсцкай крэпасці лейтэнанта Андрэя Кіжаватава, носяць заставы розных пагранічных злучэнняў.

Было месца для подзвігу і ў пасляваенны час. Напрыклад, у барацьбе з бандфарміраваннямі вызначыліся пагранічнікі Аляксандр Завідаў і Сямён Пусцельнікаў. Абодва загінулі ў няроўных баях з бандытамі, але да канца выканалі свой абавязак пагранічніка, абаронцы Айчыны.

Легендарны сышчык і сродкі кантролю

Асобны раздзел экспазіцыі прысвечаны легендарнаму следапыту, пагранічніку, заснавальніку кіналагічнай школы Мікіту Карацупу. Прадстаўлены асабістыя рэчы і ўзнагароды Героя Савецкага Саюза.

— Легендарная асоба, адзін з найбольш закамітых пагранічнікаў як Беларусі, так і Савецкага Саюза, — расказвае Кацярына Сенечава. — З 1944 да 1952 год Мікіта Фёдаравіч служыў у Гродзенскім пагранічным атрадзе. Ён распрацаваў сваю сістэму дрэсіроўкі сабак, якой дагэтуль карыстаюцца сучасныя пагранічнікі. Аб тым, як афіцэр працаваў са службовымі жывёламі, напісана ў кнігах. На асабістым рахунку пагранічніка — 338 затрыманняў парушальнікаў дзяржаўнай граніцы, 129 з якіх былі ім знішчаны. Усе застрыманні ажыццёўлены са службовай сабакай. Іх у яго было пяць, усе яны загінулі падчас сутычак з парушальнікамі. Пяцярых сабак звалі аднолькава — Індус.

Музей дае магчымасць уявіць, як адбывалася развіццё пагранічнага кантролю ў 1960—1980-х гадах. Дэманструюцца некаторыя тэхнічныя сродкі пагранічнага кантролю, якія на цяперашні момант здаюцца грувасткімі і прымітыўнымі. Аднак на момант правядзення ў Маскве Алімпіяды ў 1980 годзе гэта былі актуальныя прылады. Тым жа мікрафотам прасвечвалася плёнка. Картатэка, дзе фіксіраваліся асобы, уезд якіх на тэрыторыю нашай краіны быў забаронены, уяўляла сабой шматлікую колькасць папер. Сучасным спецыялістам пагранічнага кантролю, напэўна, цяжка ўявіць, як працавалі іх папярэднікі.

Асобны блок прысвечаны пагранічнікам, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях у Афганістане. Тут — і асабістыя рэчы Героя Савецкага Саюза Івана Барсукова, імем якога названа адна з застаў Брэсцкай пагранічнай групы, палкоўніка Эдуарда Сергуна, які стаяў каля вытокаў 1-й авіяцыйнай эскадрыллі пагранічных войск Рэспублікі Беларусь.

У нагу з часам

Найноўшая гісторыя нашай дзяржавы шчыльна пераплятаецца з гісторыяй пагранічных войск. Распад Савецкага Саюза прывёў да фарміравання пагранічных войск ужо суверэннай і незалежнай Беларусі. У экспазіцыі прадстаўлены кіцелі, асабістыя рэчы, фотаматэрыялы аб генералах, якія стаялі каля вытокаў пагранвойск Рэспублікі Беларусь. У экспазіцыі расказваецца і аб тым, як адбывалася будаўніцтва і ўладкаванне новых рубяжоў незалежнай дзяржавы.

Прадстаўлены і матэрыялы аб кіраўніках ведамства ў розны час. Раскрываюцца старонкі службовай дзейнасці і цяперашняга старшыні Дзяржпагранкамітэта Анатоля Лапо, які ведае пагранічную службу з самых нізоў: сваю вайсковую кар'еру ён пачынаў салдатам тэрміновай службы.

Можна заўважыць тут і фотаэкспазіцыю, якая расказвае аб пагранічнай службе Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, які ў 1975—1976 гадах служыў на заставе «Казімірава» Брэсцкага пагранічнага атрада. Дарэчы, пагранічнікамі ў свой час былі і два яго старэйшыя сыны.

Асобная ўвага — міжнароднаму супрацоўніцтву. У прыватнасці, у Інстытуце пагранічнай службы ў розны час праходзілі навучанне грамадзяне Кітая, Казахстана, Арменіі, Емена, Арабскіх Эміратаў. Наглядна прадстаўлены кірункі, па якіх ажыццяўляецца падрыхтоўка ў інстытуце: пагранічная служба, аператыўна-вышуковая дзейнасць, пагранічны кантроль. Спецыялісты апошняга, дарэчы, рэгулярна ратуюць гісторыка-культурныя каштоўнасці ад вывазу за мяжу. У экспазіцыі прадстаўлены старажытныя іконы, іншая рэлігійная атрыбутыка, якую спрабавалі вывезці з нашай тэрыторыі.

Вядуць пагранічнікі барацьбу і з незаконным перамяшчэннем наркотыкаў. Каб перавезці за граніцу забароненыя рэчывы, злачынцы прыдумляюць самыя розныя схованкі: шклянкі ад напояў, батарэйкі, губныя памады, запальніцы... Экспануецца тут і канфіскаваная зброя. Для тых, хто не бачыў, як выглядае сучасная граніца, прадстаўлена такая магчымасць у музеі: кантрольна-следавая паласа, пагранічны атрад-дазор са службовай сабакай ідзе ўздоўж дзяржаўнай граніцы, устаноўлена відэаназіранне, лятае беспілотнік — усё гэта прымяняецца сучаснымі пагранічнікамі.

Унікальныя падраздзяленні

У кожнага пагранічнага атрада — свая спецыфіка. Аб асаблівасцях падраздзяленняў расказваецца ў асобнай зале.

— Гомельскі пагранічны атрад славуты тым, што патруляванне граніцы пагранічнікі ажыццяўляюць на катарах, — заўважае памочнік начальніка Інстытута пагранічнай службы Аляксандр КОЛАБАЎ. — На тэрыторыі рэгіёна знаходзіцца Палескі радыяцыйны запаведнік, дзе пагранічнікі — выключна афіцэры і прапаршчыкі — нясуць службу ў асаблівых умовах. Пры гэтым фактычнае знаходжанне на забруджанай тэрыторыі ажыццяўляецца ў выпадках, калі паступіў сігнал аб парушэнні дзяржаўнай граніцы. Увесь час кантраляваць гэты ўчастак мясцовасці дапамагае тэхніка. Спецыялісты Асобнага пагранічнага атрада пагранкантролю «Мінск» нясуць службу ў аэрапорце. Ёсць у органах пагранічнай службы і свой «спецназ», які забяспечвае непарушнасць граніцы на ўсёй тэрыторыі краіны. А ў вучэбным цэнтры Інстытута пагранічнай службы ажыццяўляюць падрыхтоўку як курсанты, так і салдаты тэрміновай службы. Кіналагічны цэнтр органаў пагранічнай службы, дзе займаюцца падрыхтоўкай службовых сабак, вядомы далёка за межамі нашай краіны.

Дарэчы, моладзь, якая з'яўляецца найбольш частым наведвальнікам Музея пагранічнай службы, любіць сюды вяртацца (падчас адной экскурсіі засвоіць усю інфармацыю складана). А яшчэ вяртаюцца ў музей і таму, каб натхніцца подзвігамі сваіх папярэднікаў, яшчэ раз пераканацца ў тым, што гонар, абавязак і слава — на першым месцы ў кожнага пагранічніка.

Вераніка КАНЮТА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: На варце рубяжоў і... памяці

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.