Вы тут

Біт на гармоніку


Пасля веснавога дажджу салоўка так апантана разносіць па наваколлі свае трэлі, што, здаецца, няма гуку больш прыемнага і непераўзыдзенага. Ды ёсць не менш залівісты гарэза. Яго любяць трымаць у руках адданыя прыхільнікі жывой песні. Дакраніся да круглых клавіш — і народзіцца гучанне душы пакаленняў, тых, хто ўтрапёна шукае гармонію, хто песціць слых нотамі гаючага інструментальнага мастацтва, хто ведае слодыч музыкі. Гармонік, без перабольшвання, — усё яшчэ цэнтр прыцягнення. Гэта пацвердзіў Першы адкрыты музычны форум гарманістаў Беларусі, зладжаны Беларускім фондам культуры сумесна з Палацам культуры Мінскага трактарнага завода.


«Розум памыляецца, пачуцці — ніколі», — казаў нямецкі кампазітар Роберт Шуман. Бясспрэчна. Нездарма варта прыслухоўвацца да сэрца. Самым каштоўным у чалавеку прадстаўнікі сферы мастацтва лічаць здольнасць адчуваць прыгажосць і спачуваць. Музыка тут — найлепшы настаўнік, а музычны інструмент — чулы дарадца. Вось чаму жыццё гармоніка ў сучаснасці працягваецца, больш за тое, віруе. І новаствораная Асацыяцыя гарманістаў мае на мэце гэта развіваць. У тым ліку з дапамогай конкурсу, які правялі ў межах форуму.

— Наша задача — прыцягнуць увагу да гарманістаў, — адзначыў старшыня Беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі. — У сувязі з сітуацыяй, якая цяпер складваецца, — гарманістаў з кожным годам меншае, ёсць праблемы з музычнымі інструментамі, не заўсёды гэтых музыкантаў запрашаюць на вялікія сцэны, — мы стварылі Асацыяцыю гарманістаў Беларусі, якая будзе займацца каардынацыяй, папулярызацыяй дзейнасці музыкантаў. 

Конкурс прадэманстраваў творчае гарэнне, патэнцыял гарманістаў. Удзел узяло каля 30 чалавек з усіх абласцей Беларусі. Але арганізатары спадзяюцца, што гарызонты форуму будуць пашырацца, бо кожны, хто стала займаецца музычнай творчасцю, рады паказаць сябе сталічнай аўдыторыі. 

Гледачы атрымалі магчымасць сустрэцца з багатым і прыгожым народным мастацтвам нашай краіны, у цэнтры якога — традыцыйны любімы інструмент гармонік. Без яго даўней не абыходзілася ні адно вяселле, гулянка ў вёсцы, вечарынка ў горадзе, заўважыў Тадэвуш Стружэцкі: «Вельмі важна, што гармонік жыве і сёння карыстаецца папулярнасцю як сярод выканаўцаў, так і гледачоў. Многім сённяшнім удзельнікам ужо за 70 і за 80 гадоў, а гэта значыць, што з гармонікам яны ўсё жыццё».

Ды не адстаюць і маладыя. Узорны ансамбль гарманістаў «Аношкаўскія музыкі» Аношкаўскай дзіцячай школы мастацтваў Нясвіжскага раёна, лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, завёў залу, падарыўшы сапраўдны біт на гармоніку. І хто скажа, што гармонік несучасны? Здаецца, клавіш два рады — а пачуццяў хоць гаць гаці. «Аношкаўскія музыкі», як многія іншыя гарманісты гала-канцэрта, паднялі залу — слухачы пусціліся ў скокі. Нядзіўна: цяжка стрымацца ад імпэту маладых хлопцаў у белых ботах з гармонікамі, якія рэжуць завадныя найгрышы, танцуюць і проста бяруць у палон абаяннем. Думаецца, сучаснае аблічча гармоніка — гэта «Аношкаўскія музыкі».

Віртуозна нараджалі пасажы Міхаіл Папруга з Беразіно, Уладзімір Шакуцёў з Гарадка, Пётр Андрусевіч з Пінска, Аляксандр Мурзін з Наваполацка, Ігар Пісчыкаў з Мінска, Барыс Харэвіч з Маладзечна, Алена Марчук з Кобрына і іншыя. Хтосьці з гармонікам стаяў, хтосьці сядзеў, хтосьці прытанцоўваў, але ніхто не выпускаў яго з рук. Як любімае дзіця, як незаменны атрыбут свята і цудоўнага настрою. 

Што яшчэ аб’ядноўвала гарманістаў, дык гэта ўсмешка. У прыватнасці, Сцяпан Сахарчук з Асіповіч безупынна азараў ёй залу, што стала сімвалам душэўнасці. Пераканана, усмешка і гармонік непадзельныя. Як і гарманіст і жыццялюбства. Прыклад — госць форуму Мікалай Казаў, самародак, які ўвайшоў у залатую дзясятку гарманістаў Расіі. Пераадолеў тысячы кіламетраў, каб пабачыцца з аднадумцамі. А іх тут, акрамя прыязных калег — удзельнікаў форуму, цэлая зала. Было відаць, як варушыліся іх вусны — падпявалі пад акампанемент самародка. Арыгінальнае выступленне атрымалася ў трыа Уладзіміра Ганчарова, Алены Мялешкі і Дар’і Несцярэнкі, дзе гармонік пасябраваў са скрыпкай і бубнам.

Каларытны перфоманс на сцэне Палаца МТЗ разгарнуў заслужаны аматарскі калектыў «Дударыкі» пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча культуры Дзмітрыя Ровенскага. «Дударыкі» дораць сваё адмысловае мастацтва вось ужо 52 гады, і гармонік у іх лёсе вызначальны.

Яскравым фінальным акордам гала-канцэрта пераможцаў конкурсу гарманістаў стала выступленне айчыннага баяніста з сусветным імем, уладальніка Кубка свету сярод баяністаў, лаўрэата ашаламляльнай колькасці міжнародных конкурсаў, а цяпер саліста Беларускай дзяржаўнай філармоніі, старшыні журы Уладзіслава Плігаўкі. Яго «Рок-жарт» на баяне стаў ноу-хау і своеасаблівым творчым майстар-класам.

— Нашы народныя інструменты гармонік, баян — самыя блізкія чалавеку. Іх нездарма называюць народнымі, а жартам яшчэ — самымі боскімі, бо яны бязбожна дорага каштуюць, — адзначыў Уладзіслаў Плігаўка. — Пачатак справе пакладзены. Упэўнены, што гэты форум будзе развівацца, папаўняцца новымі талентамі, якіх у нашай краіне шмат. Іх трэба паказваць і даваць дарогу ў жыццё.

— Нам, арганізатарам, хацелася б, каб Першы форум гарманістаў даў пачатак доўгаму шляху па падтрымцы і развіцці беларускага народнага мастацтва, — выказаў надзею Тадэвуш Стружэцкі.

...Салоўка кожны год прылятае радаваць адметнымі спевамі — і можна ісці ў сады. Прагрэс пастаянна імкнецца наперад — і цяжка адарвацца ад навінак. Але публіка збіраецца ў Палацы культуры МТЗ. Поўную залу захапляе залівісты гарэза ў руках апантаных музыкантаў. Яго тэмбр светлы, гук цёплы. Яму ўласцівы яркасць і моц гучання. Ён дэманструе індывідуальнасць: то мяккі і пявучы, то шалёны і эксцэнтрычны... Яго гаспадары-гарманісты сёння ўжо не заўсёды ў брылях, але заўсёды з адкрытай душой. Думаецца, яны і надалей будуць дарыць цеплыню пачуццяў дзякуючы намаганням Асацыяцыі гарманістаў. І тады, можа, двухрадка перасягне па папулярнасці гаджэты?

Наталля СВЯТЛОВА,
фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.