Вы тут

Гродзенскія мастакі пра сваю першую студыю пры Палацы культуры хімікаў


У Гродне ў сярэдзіне вясны прайшла выстава «Настаўнік і вучні», прысвечаная памяці мастака, педагога Гары Мазурава. Дзякуючы ёй я даведалася пра гэтага незвычайнага чалавека. Многія гараджане ведаюць яго, як адзінага кіраўніка мастацкай студыі пры Палацы культуры хімікаў, якая праіснавала каля трыццаці гадоў.


Кажуць, у свой час гэтая школа была адзінай магчымасцю атрымання пачатковай мастацкай адукацыі для паступлення ў сярэднія і вышэйшыя мастацкія ўстановы. Дзякуючы студыйным заняткам, многія гарадзенцы атрымалі магчымасць выбраць прафесію мастака, а ў Менску на ўступных іспытах часта адразу пыталіся «Хто там са студыі Мазурава?». Тут працавала класічная акадэмічная школа, асабліва падтрымлівалася імкненне наблізіцца да высокага мастацкага ўзроўню. Нездарма многія цяперашнія мастакі з гонарам кажуць, што былі «студыйцамі».

Выстава ўключала працы як самога Мазурава, так яго найбольш таленавітых вучняў. Сярод іх вядомыя гарадзенскія мастакі Уладзімір Качан, Юлія Самойла, Іван Русачак, Алёна Вітко, Ала Філіповіч, Наталля Бедзюх, Валерый Стэльмах, Сяргей Кірко і многія іншыя. Некаторым удалося прыйсці на вернісаж і ўспомніць імя педагога. І, як на самой справе бывае ў жыцці, усе памятаюць свайго настаўніка па-рознаму — хтосьці як замкнёнага, хтосьці як натхнёнага, хтосьці як строгага чалавека. Але кожны згадваў яго ў кантэксце справы — студыі пры Палацы культуры хімікаў. Што гэта было за месца? Якім быў сам Гары Мазураў і чаму пра гэтага чалавека гавораць з асаблівым пачуццём гонару? Скласці больш менш дакладны пра яго і яго студыі партрэт дапамаглі гродзенскія мастакі, якія ў розны час там навучаліся.

Псіхалогія няўдачы

Алена Вітко, сучасны дызайнер, майстар па валенні і мастачка, пачала хадзіць у студыю да Гарры Канстанцінавіча ў трынаццаць гадоў. Упершыню яе туды прывяла матуля, але каб патрапіць на курсы, трэба было яшчэ цэлы год прыходзіць у студыю і прыносіць свае малюнкі.

Сама суразмоўніца ўспамінае гэтае месца як «приют отдохновения», які сфармаваўся пасля развальных 90-х. А вось першае ўражанне пра Гарры Мазурава некалькі спалоханае, зусім дзіцячае — падлетак убачыла замкнёнага, сур’ёзнага выкладчыка. Алёна прызнаецца, што першы час яго проста баялася, але дзяўчынка разумела, што патрэбны ўзровень адукацыі мастацкага майстэрства ў горадзе мог даць толькі гэты высокі ахайны чалавек.

— Больш у Гародні не было такіх ўстаноў, дзе б выкладалі такі ўзровень майстэрства. Тым не менш, верагодна асаблівасць гэтага месца таксама ў тым, што мы актыўна вучыліся адзін у аднаго, а Мазураў хутчэй накіроўваў нас і раздаваў падказкі, — дзяліцца заўвагамі Алёна Вітко. — Гарры Канстанцінавіч ўмеў выхоўваць асобы. Ён быў настолькі грандыёзным, што ўсе нашы мацёрыя мастакі, дызайнеры, якія вучыліся ў студыі, сталі знакамітымі не толькі ў краіне, але і ў свеце. У студыі я зразумела, што асобай быць цікава і выдатна. Пры гэтым з’явілася нейкая неабходнасць вылучацца, таму пасля школы я апранала на сябе ўсё самае кідкае і адважнае, што мне падабалася, і хутка крочыла ў студыю.

Мадэльер заўважае, што Гары Канстанцінавіч, на яе думку, усю сваю сістэму будаваў на вобразах і прыкладах з жыцця.

— Я ніколі не разумела выкладчыкаў, якія лаялі вучняў. Разумею, што можна падказаць, што дзе выправіць, але Мазураў аценьваў работы коратка: «увогуле, нядрэнна», і менавіта гэта прымушала многіх развівацца, таму што зусім не насаджала псіхалогіі няўдачы. Справа ў тым, што калі чалавек атрымлівае крытыку, то часцей за ўсё хвалюецца і ў яго апускаюцца рукі. Калі ж гэта паўтараецца раз за разам, то цікавасць можа цалкам згубіцца, — разважае мастачка. — У Гарры такога не было, хоць ён мог даваць канструктыўныя тлумачэнні, а пасля гэтага пахваліць асабліва выдатныя моманты. Пасля іх, вядома, застаецца шмат жадання займацца творчасцю і пісаць.

Галоўнае, на што Алена звяртае ўвагу, Гарры Мазураў мог выцягнуць лепшае ў вучня, раскрыць і паказаць яму ж яго здольнасці. Тады сам чалавек адчуваў сябе ледзь не самародкам, а ў такім настроі многія пачыналі крочыць у мастацкіх справах сямімільнымі крокамі.

Разумнае не значыць зануднае

Іван Русачак спачатку скончыў мастацкі факультэт Купалаўскага вуза у Гродне, а пазней стаў выпускніком факультэта графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Знакаміты беларускі мастак-графік пра студыю Гарры Мазурава пачаў распавядаць з заўвагі, што пра некаторых людзей немагчыма гаварыць у мінулым часе, нават калі ён даўно не з намі. Такім чалавекам для Івана Русачака застаецца Гарры Канстанцінавіч.

— Для мяне Гарры Мазураў з’яўляецца чалавекам, пра якога немагчыма казаць у мінулым часе. Усё тое, што ён для мяне зрабіў у пытаннях творчасці і мастацтва — проста фенаменальна. Усе яго думкі працягваюцца на самым высокім узроўні.

Графік заўважае, што ў пераломныя перыяды жыцця падзеі пачынаеш успрымаць праз людзей.

— Калі я прыйшоў у студыю да Мазурава, гэта таксама быў пераломны час, злом эпох. У мяне гэтая пара асацыюецца не з асабістымі трагедыямі, банкаўскімі або іншымі эканамічнымі, а менавіта са студыяй і фігурай Мазурава, які перацягнуў на сябе ўсю нашу — маю ў прыватнасці — увагу, — кажа Іван. — Гэта адчуваў не толькі я, было прыкметна, як ён захапляў многіх студыйцаў. Гэта месца можна параўнаць з нейкай лодачкай, якая перавозіла цябе на іншы бераг. Прычым, Мазураў кіраваў ёю вельмі ўмела, не расплюхваючы тваю ўвагу. Мы прыйшлі займацца мастацтвам і творчасцю, таму ў студыі займаліся толькі гэтым, што ў цэлым надавала шмат руху і сэнсу жыцця.

Па расказах графіка, сам Гары Канстанцінавіч ў студыю прыходзіў тры разы ў тыдзень. У астатні час студыйцы былі прадастаўлены самі сабе. Тут меўся сур’ёзны фонд, які кіраўнік збіраў сам: на сценах віселі вялікія малюнкі, акварэлі, жывапіс і іншыя працы.

— Гэты чалавек зусім не быў зручным, — успамінае Іван Русачак. — Нездарма ён любіў казаць, «я з дзяцінства круг маляваў». Ён заўсёды прапаноўваў паглядзець на прадмет з іншага боку, пад іншым вуглом. Важна, што Гарры Канстанцінавіч вучыў ставіць пытанні і вырашаць задачы, а не проста маляваць кубікі. Ён падказваў, як сабраць карціну, даючы пры гэтым свабоду. Ён глядзеў на чалавека і падпраўляў канкрэтна і індывідуальна кожнага — камусьці трэба працаваць над адным, камусьці над іншым. Гэта значыць не вёў на павадку, але даваў магчымасць самому разважаць над сваёй творчасцю і шырока глядзець на свет.

У параўнанне з педагогам суразмоўца прыводзіць садоўніка, які зусім не спяшаецца, але дакладна ведае, што робіць, калі даглядае за сваімі раслінамі. Цікавасць Гарры Канстанцінавіча была менавіта ў тым, як усё расце, таму да працы ён мог падысці і сур’ёзна, і з уморам.

— Калі яно разумнае, яно не зануднае, — разважае вядомы графік. — Калі табе кажуць «я ведаю, як трэба», можна смела ляпаць дзвярыма і сыходзіць. У творчасьці заўсёды трэба, каб былі сумневы, развагі і ўдасканаленне.

Мазураў запэўніваў, што трэба працаваць над сабой, цікавіцца рознымі рэчамі, пашыраць свой кругагляд. Пры гэтым, як адукаваны выкладчык, ён ніколі не ламаў вучня, але хутчэй прымушаў удасканальваць сваю індывідуальнасць.

Булён самаадукацыі

Уладзімір Качан, знакаміты беларускі мастак-манументаліст заўважыў, што студыя Мазурава была студыяй для дарослых людзей, многія з якіх пастаянна працавалі. Таму прыходзілі туды яны па вечарах і пачыналі другое, як цяпер гэта разумее мастак, сапраўднае жыццё.

— Справа ў тым, што для мяне, як і для многіх, гэтыя заняткі, якія пачыналіся амаль кожны дзень пасля шасці, сталі лёсавызначальнымі, — кажа Уладзімір. — Мне падабаўся той калектыў людзей, які сфармаваўся, бо многія прыйшлі ў студыю свядома — хацелі быць мастакамі, прафесійна гэтым займацца. Таму амаль усе тут мелі сваё бачанне на пэўныя рэчы і свет у цэлым.

Мастак заўважае, што многія летам ехалі паступаць у самыя розныя гарады і краіны — хтосьці ў Прыбалтыку, хтосьці, як і сам Уладзімір, у Санкт-Пецярбург, хтосьці ва Украіну. А пасля таго, як вярталіся, пачынаўся абмен атрыманымі на падрыхтоўчых курсах ведамі. Таму ў студыі ўсё актыўна абмяркоўвалі тэхнікі, майстэрства, дзяліліся новымі ўменнямі, уражаннямі ад розных мастацкіх школ. Гэта дазваляла аналізаваць розныя акадэмічныя базы, параўноўваць свае поспехі і ацэньваць іншыя магчымасці. Вучні прывозілі свае напрацоўкі, таму ў студыі ў Мазурава ўсе варыліся ў такім булёне самаадукацыі. Выкладчык не хаваў, што таксама нечаму вучыцца ў сваіх студыйцаў, асабліва, як у далейшым рыхтавацца да іспытаў, на што звяртаць ўвагу і іншае.

— Гарры Канстанцінавіч, як добры педагог, які разумее, што мастацтва цудоўнае і рознабаковае, стараўся далікатна расстаўляць акцэнты, — заўважае мастак-манументаліст. — Ён нікога не крытыкаваў, не даваў ацэнак «добра» ці «дрэнна», але часта прамаўляў «можа быць», такім чынам як бы даючы магчымаць існаць многаму намаляванаму на палатне. Яго заслуга была ў тым, што ў той перыяд, калі я там працаваў, Мазураў сабраў добры калектыў аднадумцаў-студыйцаў, якія вельмі актыўна і эфектыўна займаліся падрыхтоўкай да паступлення, гатовыя ісьці па абранай сьцежцы мастака.

Нездарма кажуць, удала абяры прафесію, і табе не прыйдзецца ні дня працаваць.

Вера ў вучня

Уладзімір Рыжкоў адзін з тых студыйцаў, які ведаў Гарры Мазурава не проста, як выкладчыка, але і як блізкага сябра. Верагодна, таму для яго асоба настаўніка раскрываецца куды больш падрабязней, з іншых кропак гледжання. Напрыклад, як чалавека, які ведае цану дружбе, творчасці, дабра і зла, любові і творчасці.

— Гэта быў адзіны выкладчык, які да нас ставіўся не проста з павагай — студыйцы для яго былі сапраўднай каштоўнасцю. Гэта вельмі добра адчувалася, — заўважае Уладзімір. — Нават нягледзячы на тое, што мы толкам не ўмелі маляваць, ўсё роўна адчувалася асабістая важнасць, бо з табой размаўляе і настаўнік, і сябар. Таму, мабыць, мы прыходзілі туды кожны дзень.

Па родзе дзейнасці мастака Гарры Мазураў узводзіў у асаблівы шэраг, сцвярджаючы, што гэта не проста рамеснік, а чалавек творчасці. Таму заўсёды патрабаваў захавання нейкай культуры, як у думках, так і ў паводзінах. У прыватнасці, са слоў Уладзіміра, Гарры Канстанцінавіч цярпець не мог бескультур’я.

— Ён не мог зразумець і прыняць бескультур’я, асабліва, як не павітаць настаўніка, які праходзіць міма, і не пажадаць добрага дню? — заўважае гарадзенец. — Усё гэта ўнушала веру ў сябе, бо ён не толькі вучыў маляваць, але і жыць адпаведным жыццём, бо ў мастака не бывае выходных — гэта ўсё яго жыццё.

Саму студыю Уладзімір называе няйначай, як храмам мастацтва. Пры гэтым заўважае, што яму ёсць з чым параўноўваць, паколькі за жыццё прыйшлося шмат дзе павучыцца.

— Тут было шмат творчай свабоды. Гарры Мазураў мог накіраваць, нешта падказаць вучню, звярнуць на пэўныя рэчы асаблівую ўвагу. Ён казаў, што нацюрморт павінен быць такім, каб яго хацелася напісаць. Канстанцінавічу ўдавалася раздуць іскрынку творчасці ў чалавеку, — адзначае мастак. — Але ў цэлым для мяне застаецца таямніцай, адкуль браліся сілы, калі ты пасля працы прыходзіў стомлены ў студыю, але раптам пачынаў гарэць, захоплена пісаць і стасавацца.

Такі падыход Уладзімір не без натхнення называе сістэмай Гары Мазурава. Яна, як аказалася, заключаецца ў веры ў вучня, бачанні яго таленту. Сам мастак спрабуе выкарыстовываць гэты прынцып у сваёй працы, звяртаючыся так да кожнага, паколькі ва ўсіх ўнутры гарыць такі агеньчык, які можна распаліць.

Мільён адкрыццяў і азарэнняў

У такім разнастайным і насычаным лічбавым свеце амаль няма ніякіх буйных даведак аб тым, кім быў Гарры Канстанцінавіч Мазураў. Аднак, я наткнулася на літаратурны твор з адпаведным загалоўкам.

Аўтарам апавядання «Хто такі Гарры Канстанцінавіч Мазураў» з’яўляецца невядомая Іма Іра, якая на папулярнай літаратурнай платформе «Проза. ру» апублікавала свой невялікі, але вельмі цікавы твор. Ён ўяўляе сабой аповед-успамін — з першых да апошніх дзён, калі гэты педагог прысутнічаў у жыцці Імы. Прыводжу ўрыўкі, дзе аўтар з асаблівай увагай апісвае свае ўражанні пра студыю і свайго педагога.

Пры першай сустрэчы пра Мазурава яна напісала, што педагог «з вельмі важным відам уплыў [у студыю] нейкі дзіўны чалавек з гідлівым і значным выразам твару і папрасіў нас сесці ў гурток. Ён сказаў, што яго клічуць Гарры Канстанцінавіч. Мы павінны былі па чарзе прадставіцца і расказаць, для чаго сюды прыйшлі. Ён увесь час закочваў вочы і ўздыхаў, слухаючы чарговае трызненне».

Тады ж Іра вырашыла пажартаваць, але яе не зразумелі і гэта быў пачатак тых незвычайных зносін і стасункаў, якія ўзнікі ў яе і педагога. Аўтар піша, што ў гэтым месцы, у студыі на хімікаў, яна «зведала мільён адкрыццяў і азарэнняў. У мяне было такое пачуццё, што я ўсё жыццё спрабавала вынаходзіць ровар, і раптам трапіла на аўтамабільны завод. ... Гарры Канстанцінавіч быў чалавекам незвычайным. Ён да нас ставіўся, як да істот вышэйшага парадку. Мы выдатна адчувалі ўласную значнасць, дзякуючы яму. «Вы важныя! — сцвярджаў ён пафасна. — Няма нічога ў свеце важней мастацтва!»

Сама аўтар аповеду вучылася ў медыцынскім, а ў студыю хадзіла маляваць, як цяпер сказалі б, для сябе. «Часам ён збіраў нас у гурток і дзяліўся сваімі разважаннямі пра жыццё ў цэлым. Я клянуся, са мной ніколі больш ніхто так не размаўляў. Напэўна, ён валодаў нейкім гіпнатычным уздзеяннем на людзей. „Вы павінны вучыцца ўспрымаць мастацтва. Вы абавязаны чытаць паэзію. Хадзіце ў оперу! Вывучайце літаратуру. Наведвайце музеі. Падарожнічайце! Ваша задача — бясконцае імкненне да развіцця і самаўдасканалення. Памятаеце, кожны з вас асабліва каштоўны чалавек, мастак!“ Вядома, вучні яго любілі, а ён імі ганарыўся».

Пры гэтым, са слоў Імы, Мазураў часта распавядаў пра лепшых сваіх студыйцаў. «На сценах віселі малюнкі абраных, а сам ён увесь час насіў джынсавую куртку, размаляваную і спісаную шарыкавымі ручкамі. Погляд яго быў грозны і велічны, хадзіў ён заўсёды з годнасцю. У яго прысутнасці мы ніколі не дазвалялі сабе балбатаць або рагатаць, або паводзіць сябе непрыстойна, проста з павагі і пакланення, не з-за страху. Таму што ў студыі абстаноўка была выключна свабодная і творчая. Я б нават сказала багемная».

Спадзяюся, чытач заўважыў, што ўсе мае героі кажуць пра Гарры Мазурава, як пра чалавека, які мог разгледзіць талент у кожным са сваіх вучняў. Характэрна, што былыя студыйцы, якія сёння з’яўляюцца педагогамі, адзначылі выключнасць такіх выкладчыкаў. Што ж, можа быць, для некаторых гэта сённяшняе знаёмства будзе станоўчай навукай. Я ўпэўненая, што шмат падобных слоў пра Мазурава сказалі б амаль усе яго студыйцы, але апытаць усіх фізічна не хопіць сіл.

Гарры Канстанцінавіч Мазураў пайшоў з жыцця тры гады таму. Больш за 30 гадоў ён працаваў адзіным кіраўніком мастацкай студыі пры Палацы культуры хімікаў і для Гродна з’яўляецца неардынарнай і вельмі значнай асобай у галіне культуры і мастацтва.

Аліса СКІБА

Фота аўтара і з асабістага архіва Алены Вітко

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.