Вы тут

Рэгістрацыя абітурыентаў на ЦТ завяршаецца 1 чэрвеня


У апошні дзень пасля 12 гадзін і да закрыцця пунктаў рэгістрацыі ў 19 гадзін падаць заяву на ўдзел у ЦТ можна будзе толькі асабіста, завітаўшы ў адзін з пунктаў рэгістрацыі. Папярэдняя анлайн-рэгістрацыя на сайце будзе даступная толькі да 12 гадзін 1 чэрвеня. 


У Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў нагадваюць, што працэс рэгістрацыі для ўдзелу ў ЦТ лічыцца завершаным толькі пасля атрымання абітурыентам пропускаў. 

Прыйсці па пропуск трэба не пазней за 1 чэрвеня. Пры анлайн-рэгістрацыі ў графе «Абраныя прадметы і пункты тэсціравання» ўказваюцца адрасы пунктаў рэгістрацыі, у адзін з якіх неабходна звярнуцца пасля здзяйснення аплаты. Пры сабе трэба мець пашпарт або від на жыхарства, пасведчанне бежанца. Забраць пропускі замест абітурыента могуць таксама яго законныя прадстаўнікі.

Менавіта ў пропуску ўказваецца інфармацыя, калі і куды трэба прыходзіць у дзень правядзення тэсціравання. Пропуск для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні лічыцца зарэгістраваным, калі на ім маецца пячатка ўстановы, вызначанай пунктам правядзення ЦТ, подпіс упаўнаважанага прадстаўніка пункта рэгістрацыі і рэгістрацыйны нумар. У выпадку страты пропуску выдаецца дублікат. 

Абітурыентам дазваляецца зарэгістравацца не больш як на чатыры дысцыпліны. Пры жаданні можна памяняць прадметы для здачы на ЦТ. Да атрымання пропускаў у асабістым кабінеце можна змяніць даныя ў заяве: набор прадметаў, мову тэсту і г. д. Калі з’явілася неабходнасць гэта зрабіць ужо пасля атрымання пропуску, трэба звяртацца ў пункт ЦТ асабіста. Аднак усе маніпуляцыі можна будзе зрабіць толькі да 1 чэрвеня (уключна). 

Выбар мовы, на якой абітурыент жадае здаваць тэсты, ажыццяўляецца яшчэ на этапе падачы заявы і рэгістрацыі на ЦТ. Заява запаўняецца ўдзельнікам ЦТ на адной з дзвюх дзяржаўных моў — беларускай ці рускай на выбар. Трэба мець на ўвазе, што пазней зона рэгістрацыі бланка адказаў будзе запаўняцца абітурыентам на той жа мове, на якой была пададзена заява пры рэгістрацыі. І сертыфікат удзельніка ЦТ будзе запаўняцца таксама на той мове, на якой падавалася заява.

Цэнтралізаванае тэсціраванне стартуе 14 чэрвеня з беларускай мовы. Самымі масавымі выпрабаваннямі традыцыйна будуць ЦТ па матэматыцы і рускай мове.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?