Вы тут

«Дапамажыце, бо няма сіл цягаць ваду», або Непаразуменні вакол каналізацыі


«Няма лепшага сваяка, чым добры сусед», — любіць паўтараць за кубачкам гарбаты мая суседка Галіна Фёдараўна. Але суседзяў не выбіраюць, і з імі, на жаль, шанцуе далёка не ўсім. Вельмі часта яблыкам разладу становіцца зямля. Часам, калі мірна дамовіцца не атрымліваецца, справа даходзіць да суда. Як вынік — з'яўляюцца высокія непраглядныя агароджы, якімі людзі адмяжоўваюцца адзін ад аднаго, «каб не бачыць і не чуць».

Жыхары дзвюх кватэр звонку дом абабілі аднолькавым сайдынгам, у іх адна брамка на дваіх, агульныя ўваходныя дзверы і праход да ўчастка. У кватэру № 1 асобная брамка, асобны ўваход.


Жыхары дзвюх кватэр звонку дом абабілі аднолькавым сайдынгам, у іх адна брамка на дваіх, агульныя ўваходныя дзверы  і праход да ўчастка. У кватэру № 1 асобная брамка, асобны ўваход.

Не вельмі сяброўскія, мякка кажучы, адносіны склаліся ў жыхароў трохкватэрнага дома № 66, што на вуліцы Сацыялістычнай у Стоўбцах. Там, у кватэры № 1, і жывуць сёстры-блізняты Альберта і Ганна Перэльман, якія і даслалі ліст у рэдакцыю. Жанчыны просяць дапамагчы ім атрымаць дазвол на пракладку сістэмы каналізацыі.

«Мы жывём у кватэры № 1 з 1961 года, — сёстры распавядаюць сваю гісторыю па чарзе. — Калі нашы бацькі сюды засяліліся, у іншых кватэрах ужо жылі людзі. Дык яны паказалі месца, дзе мы можам штосьці пасадзіць. Тут было два агародзікі. З правага боку зямля раздзелена на тры кавалачкі і з левага боку — на тры. Так побач і рабілі кожны свае градкі, разам калодзежам карысталіся, у кожнага быў свой туалет на вуліцы. Наш — месціўся не за нашай кватэрай, а збоку кватэры № 3».

«Раней з суседзямі жылі дружна. Глядзіце, — Альберта Якаўлеўна паказвае фотаздымак, — не было ніякіх агароджаў. У 1996 годзе ў кватэру № 3 засялілася Мурукіна. З гэтага дня і пачаліся нашы пакуты, беды і хаджэнні па муках. У 2014 годзе яна падала ў Стаўбцоўскі суд іск аб вызначэнні парадку карыстання зямельным участкам. І абвінаваціла мяне ў тым, што як быццам бы я дзяліла зямлю і большую частку забрала сабе. Я ж вам казала, участак тут быў размеркаваны паміж трыма кватэрамі за шмат гадоў да нашага ўсялення. Ні я, ні сястра ніводнай травінкі чужой у жыцці не забралі. Мы з сястрой пражылі ў гэтым доме 60 гадоў. На старасці нас, адзінокіх, пажылых, хворых жанчын, пазбавілі ўсяго — вулічнага туалета, адрыны, агарода, калодзежа. Мала таго, што ўсё забралі, дык яшчэ і суд прысудзіў узяць з нас 4 679 700 рублёў (да дэнамінацыі. — Н. Д.) на карысць Мурукінай. Ад такой несправядлівасці ў нас з сястрой на нервовай глебе пачаліся праблемы з нагамі. Мы з цяжкасцю ходзім, трымаючыся за сценкі. Больш за тое, у выніку перадзелу нас пазбавілі пад'езду да выграбной ямы нашай каналізацыі».

Яна знаходзіцца ў акружэнні зямлі, якую суд вызначыў у карыстанне жыхарам кватэры № 2. Сёстры Перэльман перажываюць, што каналізацыя перапоўніцца, і ў суседзяў, з якімі і так не самыя добрыя адносіны, будуць да іх прэтэнзіі.

«Мучаемся ўжо каторы год, носім вёдрамі ваду, зліваем пад ганак, на сваю сцежку. Нам 75 гадоў 3 ліпеня будзе, уяўляеце, як нам, хворым жанчыны, цяжка цягаць тыя вёдры. З-за таго, што спецтэхніка не можа пад'ехаць і ачысціць каналізацыю, мы нават памыцца па-чалавечы не можам. І пральная машына ў нас новая стаіць ужо два гады не падключаная, якую нам падарылі. Працягваем мыць адзежу ўручную і цягаць вёдры з вадой, выліваць на двор. Гэта ж здзек. Хіба так можна?»

«Раней з суседзямі жылі дружна. Глядзіце, — Альберта Якаўлеўна паказвае фотаздымак, — не было ніякіх агароджаў».

Паводле слоў сясцёр Перэльман, восенню мінулага года яны звярталіся ў прыёмную Стаўбцоўскага райвыканкама з просьбай даць пісьмовы дазвол на пракладку сістэмы каналізацыі і з тым жа пытаннем падчас прамой тэлефоннай лініі да старшыні райвыканкама.

«Мы прасілі, каб нам дазволілі хоць метраў 10—15 па сцежцы нашай, якая вядзе да брамкі, крыху прадоўжыць каналізацыю, каб можна было выклікаць спецыяльную машыну і чысціць яе. Але атрымалі прыніжальную адпіску, у якой няма ні слова пра каналізацыю. Маўляў, запрашаем звярнуцца ў аддзел землеўпарадкавання з заявай і дакументальна аформіць сваю 1/3 долю ў праве пажыццёвага спадчыннага ўладання на зямельны ўчастак. Нас ігнаруюць і шантажыруюць вырабам дакумента на зямлю. На якую зямлю? Мы не згодны з рашэннем суда, зямельны ўчастак падзялілі несправядліва. У нас няма агарода. Акрамя сцежкі, па якой мы ходзім да дома, у нас усё аднялі. Усе нашы насаджэнні — грушу, чатыры вішанькі — суседзі ссеклі і спалілі. Адзінае, што злева, як брамка адкрываецца, у нас два дрэвы растуць, яны знішчыць не маглі. Няхай спачатку нам аддадуць тое, што ў нас забралі, тады будзем рабіць дакумент».

У жыхароў кватэры № 2 і № 3 на гэтую сітуацыю сваё меркаванне.

«Маладая сям'я Маркавых у 2013 годзе купіла ў нашым доме кватэру. Засяліліся і пытаюцца ў мяне: «А дзе наша зямля? Дзе можна дзіцячыя арэлі паставіць, пясочніцу?» — кажа Яніна Мурукіна. — Я паціскаю плячыма. «А дзе ваша тэрыторыя?» — пытаецца Ігар. Я не ведаю. Перэльманы пастаянна крычаць. Там не стань. Там нельга хадзіць. Там не тваё, не маеш ніякага права. Маўляў, мы тут з 61-га года жывём і будзем камандаваць. Такога ж не можа быць. Гэта ж не ваш дом, усе на роўных правах маюць тут кватэры. Што ні пасаджу — усё паламаюць, патопчуць. Самі нічога не робяць, бур'ян расце. І ў мяне павінна так быць? Вось Ігар і пайшоў у райвыканкам пытацца, як можна падзяліць той участак. Звычайна суседзі дамаўляюцца: падзялілі самі пароўну і карыстаюцца. Бо суд — гэта вялікія выдаткі. Мы з Перэльманамі не змаглі мірна дамовіцца, таму звярнуліся ў суд. Судзіліся больш за год. Мы самі нічога не дзялілі. Што прысудзілі па законе, што адмералі, тым я і карыстаюся».

Тая самая каналізацыя, якую сёстры Перэльман хочуць працягнуць.

Начальнік аддзела землеўпарадкавання Стаўбцоўскага райвыканкама Таццяна Юнцэвіч патлумачыла: «Сёстры Перэльман да нас ужо неаднаразова звярталіся, у кожным звароце пішуць, што ў іх незаконна забралі зямлю. Мы ім тлумачылі, што ніхто ў іх нічога не адымаў, ёсць рашэнне суда Стаўбцоўскага раёна аб вызначэнні парадку карыстання зямельным участкам. Паколькі на яго прадугледжана долевая ўласнасць, то кожнай з трох кватэр дасталася па 1/3 долі. Падкрэслівалі, што гэта рашэнне суда, а не райвыканкама. Выканкам не ў праве ўмешвацца ў рашэнне суда. Жанчыны скарысталіся сваім законным правам і падалі апеляцыю ў Мінскі абласны суд, але ён пакінуў рашэнне раённага суда ў сіле. Калі не згодныя з абласным судом, трэба было аспрэчваць у Вярхоўны суд. Жыхары дзвюх кватэр у сувязі з тым, што ў іх няма агульнага разумення з сёстрамі Перэльман, звярнуліся ў арганізацыю РУП «Белгеадэзія», каб яна на падставе экспертызы паказала граніцы, вызначаныя судом, на мясцовасці. На ўчастак дома № 66 разам з геадэзістамі выязджала цэлая камісія, у тым ліку прадстаўнік землеўпарадкавальнай службы, участковы».

Паводле слоў намесніка начальніка аддзела землеўпарадкавання Таццяны Лойкі, якая тады была ў складзе камісіі, дзве кватэры ўжо зарэгістравалі свае долі зямельнага ўчастка. Сёстрам Перэльман засталося толькі напісаць заяву. «Мы б вынеслі рашэнне, з якім яны звярнуліся б у агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры, і ў іх былі б дакументы на зямлю. Згодна з заканадаўствам, мы не можам прымусіць іх рэгістраваць сваю долю. Але калі яны захочуць, напрыклад, зрабіць рэканструкцыю сваёй часткі дома альбо прадаць кватэру, яны гэтага зрабіць не змогуць. Ні адно натарыяльнае дзеянне сёння немагчыма ажыццявіць без дакументаў на зямельны ўчастак. Жанчынам ужо некалькі разоў усё тлумачылі — і пісьмова, і вусна. Але яны працягваюць пісаць адно і тое ж, фантазіруюць, нагаворваюць на людзей. Заўсёды з імі карэктна кантактуеш, тлумачыш. Але яны не чуюць. Райвыканкам ужо спыніў з імі перапіску. Дык яны да вас у рэдакцыю звярнуліся. Ніхто іх не прыгнятае, не абражае. Калі прыязджаеш да іх, яны закрываюцца і не ідуць на кантакт. А пасля пішуць, што і дзверы ім ламалі, і шкло білі».

Загадчыца сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Ірына Касцевіч пацвердзіла, што райвыканкам спыніў перапіску з сёстрамі Перэльман. Маўляў, колькі можна чытаць абразы ў адрас мясцовай улады. «На ўсе іх пісьмовыя звароты да нас мы давалі пісьмовыя адказы згодна з дзеючым заканадаўствам. Тлумачылі, што ім трэба зрабіць, каб узаконіць зямлю. Яны пісалі нам наступны зварот. А дзеянняў ніякіх не распачыналі, у зямельную службу не звярталіся».

Калі спытала пра каналізацыю, мне параілі звярнуцца ў цэх водазабеспячэння і водаадвядзення Стаўбцоўскага раёна КУП «Слуцкводаканал». Паводле слоў інжынера Ірыны Кажамякі, дзесьці год таму сёстры Перэльман звярталіся датычна пракладкі каналізацыі.

— Начальнік участка нашага водаадвядзення туды выехаў, паглядзеў і патлумачыў, што там няма магчымасці падключыцца да цэнтральнай каналізацыі.

— А як звычайна на практыцы вырашаюцца падобныя пытанні, калі трэба працягнуць лакальную сістэму каналізацыі?

— У прыватным сектары людзі звычайна самі набываюць кольцы, наймаюць экскаватар, брыгаду спецыялістаў і выкопваюць яму там, дзе ім зручна. Нават ніхто не звяртаецца з такой нагоды, дазвол на сваім участку не патрэбны.

У сясцёр Перэльман 12 катоў, як дарослых, так і кацянят, адзін з іх праводзіў мяне, з надзеяй гледзячы ў акно.

— Але ж у іх не зарэгістраваная іх доля на зямельны ўчастак...

— А вось ці абавязкова трэба афармляць дакументы на зямельны ўчастак для таго, каб працягнуць каналізацыю, вы ўдакладніце ў райвыканкаме.

З гэтым пытаннем я звярнулася ў аддзел архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Стаўбцоўскага райвыканкама. Начальнік аддзела Яўген Кандратовіч упершыню ад мяне пачуў пра зварот сясцёр Перэльман і іх праблему з каналізацыяй. Паводле яго слоў, каб на сваім участку пракласці сваю ж лакальную каналізацыю, не трэба мець дазвол райвыканкама.

— На гэтыя віды работ мы дазвол не даём. Проста ўказваем, што неабходна выконваць санітарныя нормы. Мінімальная адлегласць ачышчальнага збудавання да жылога дома павінна быць не меншай за 5 метраў. Фільтрацыйны калодзеж павінен размяшчацца не менш чым за 8 метраў ад пабудовы. Але калі ўчастак не зарэгістраваны, узнікаюць пытанні. А раптам людзі залезуць на землі горада ці іншага землекарыстальніка? Хтосьці ж можа і за агароджай, каб машына не заязджала ў двор, зрабіць каналізацыю. Быццам бы дазвол не патрэбны, але ў той жа момант на землях агульнага карыстання будаваць нічога нельга. І такіх падводных камянёў шмат. Таму самы аптымальны варыянт — спачатку ўзаконіць зямлю, зарэгістраваць яе ва ўстаноўленым законам парадку. І тады ўжо размяшчаць аб'екты водазабеспячэння, водаадвядзення і іншае. З іншага боку, зямельны ўчастак можа быць незарэгістраваны, напрыклад, у яго ёсць межы, якія склаліся з забудовай, і грамадзяне з савецкага перыяду ім карыстаюцца. Каналізацыя — такая рэч, якая сёння павінна быць у кожным доме, дзе ёсць санвузел, ванна. Я лічу, што ў такіх выпадках трэба, каб грамадзяне звярталіся непасрэдна да нас, у райвыканкам, каб мы ведалі, куды яны хочуць пракласці каналізацыю. Таму хай бы падышлі да нас, мы паразмаўлялі б з імі і, магчыма б, выехалі адразу на месца, паглядзелі.

— Але ж бабулі з цяжкасцю ходзяць...

— Я ўдакладню, што там ды як: якія былі звароты і якія адказы на іх давалі. Трэба глядзець, як устаноўлены межы ўчастка. Дакументаў я не бачыў, трэба вывучаць.

...Гісторыя з каналізацыяй нагадала мне дзіцячую гульню — зламаны тэлефон: калі людзі не пачулі ці не да канца зразумелі адзін аднаго. Менавіта з-за гэтага ў жыцці часцей за ўсё і памнажаюцца крыўды, непаразуменні. Калі б яшчэ восенню, пасля звароту сясцёр Перэльман, той, хто займаецца гэтым пытаннем, выехаў бы на месца і паглядзеў на свае вочы на тую каналізацыю, выслухаў і даступна патлумачыў жанчынам усе нюансы — тады, магчыма, крыўды ў адрас мясцовай улады было б хоць крыху, але менш. І ліст на 14 старонак у рэдакцыю ніхто б не пісаў...

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.