Вы тут

Хакейныя страсці і тэнісныя няўдачы


У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем, чым запомніўся мінулы спартыўны тыдзень.


Героі тыдня. Беларускія спартсмены выступілі на адкрытым чэмпіянаце Расіі па сучасным пяцібор'і, які прайшоў у Маскве. У фінале мужчынскага турніру Ілья Палазкоў набраў 1516 балаў і стаў пераможцам. На другім месцы — расіянін Ягор Грамадскі. Трэцяе месца заняў прадстаўнік Беларусь Яўген Арлоў, які набраў 1461 бал. Беларуска Вольга Сілкіна стала пераможцай другога этапу міжнароднага турніру па сучасным пяцібор'і — «Кубак Паўла Ляднёва», які прайшоў у рамках адкрытага чэмпіянату Расіі. У суме яна набрала 1368 балаў.

Цытата тыдня. «Федэрацыя хакея Беларусі пераканана, што рашэнне Міжнароднай федэрацыі хакея стала чарговым у спісе прынятых пад уплывам і ціскам асобных нацыянальных федэрацый, якія сталі фактычна заложнікамі заходніх палітыкаў. Можам проста канстатаваць факт, што чарговы раз пад маркай турботы аб нашай жа бяспецы з боку ІІHF парушаны ўсе прынцыпы алімпізму. Пры жаданні можна было б знайсці варыянты, як гэта робіцца ў іншых відах спорту, але хакейныя функцыянеры, якія прадстаўляюць, у першую чаргу, краіны заходняга блока, нават не жадаюць гэтага рабіць і чуюць толькі саміх сябе. Як федэрацыя, якая ставіць інтарэсы сваіх гульцоў, трэнераў, нацыянальнай хакейнай супольнасці ў якасці ключавых прыярытэтаў сваёй дзейнасці, ФХБ ужо падрыхтавала апеляцыю пра рашэнні ІІHF аб прыпыненні ўдзелу нашых зборных каманд у турнірах пад эгідай арганізацыі», — так у Беларускай федэрацыі хакея адрэагавалі на рашэнне Міжнароднай федэрацыі адхіліць нацыянальную зборную Беларусі ад чэмпіянату свету 2023 года.

Сёння зборная Беларусі па хакеі займае 14-е месца ў рэйтынгу нацыянальных каманд па версіі ІІHF, у актыве каманды 2965 балаў. Рэйтынг уключае 56 каманд і ўлічвае вынікі чэмпіянатаў свету і Алімпійскіх гульняў за апошнія чатыры гады. Каманды, якія сёлета не змаглі выступіць на планетарным першынстве, атрымалі балы ў адпаведнасці са спартыўным рэгламентам.

На мінулым тыдні маладзёжная зборная Беларусі выступала на Кубку Чорнага мора, які праходзіў у Сочы. Беларускія хакеісты не змаглі выйсці ў фінал турніру. У паўфінале з вынікам 2:4 яны прайгралі маладзёжнай зборнай Расіі.

Пераможцы тыдня. Дзінара Алімбекава і Антон Смольскі сталі чэмпіёнамі рэспуліканскіх спаборніцтваў «Летні кубак федэрацыі біятлона». Турнір прайшоў на Нацыянальным алімпійскім стадыёне «Дынама». Біятланісты спаборнічалі на дыстанцыі 900 метраў, стральбе на адлегласці 10 метраў. На старт выйшлі члены нацыянальнай зборнай і прадстаўнікі абласцей і горада Мінска.

Няўдача тыдня. Беларускія тэнісісты выбылі з барацьбы за галоўны трафей турніру Вялікага шлема «Ралан Гарос». Ілья Івашка (50-ы нумар сусветнага рэйтынгу) у 1/32 фіналу саступіў Крысціяну Гарыну (37-ы нумар рэйтынгу). Вікторыя Азаранка (15-ы нумар сусветнага рэйтынгу) у паядынку трэцяга круга прайграла швейцарцы Джыл Тайхманн (24-ы нумар). Сёмая ракетка свету Арына Сабаленка таксама спынілася ў трэцім раўндзе. Яна прайграла італьянскай саперніцы Каміле Джорджы (30-нумар рэйтынгу). Далей за ўсіх на Адкрытым чэмпіянаце Францыі затрымалася Аляксандра Сасновіч: у сусветным рэйтынгу яна займае 47-ю пазіцыю. Беларуская тэнісістка прайшла ў чвэрцьфінал, дзе ўступіла італьянцы Марціне Трэвізан (59-ы нумар рэйтынгу).

Лічба тыдня. Восьмы раз гандбалісты Мінскага СКА сталі ўладальнікамі Кубка Беларусі. У фінальным паядынку 26-га кубкавага турніру «армейцы» абыгралі магілёўскага «Машэку» з вынікам 30:20.

Медалі тыдня. Беларускія веласіпедысткі сталі ўладальніцамі дзвюх узнагарод на міжнародных спаборніцтвах па трэкавых гонках Гран-пры Санкт-Пецярбурга. Настасся Кіпцікава, Таісія Наваковіч, Караліна Савенка і Ганна Церах заваявалі «серабро» ў каманднай гонцы пераследу на 4 кіламетры.

Турнір тыдня. На вяслярным канале ў Заслаўі прайшоў адкрыты Кубак Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ, у якім прынялі ўдзел найлепшыя беларускія і расійскія спартсмены. Усяго за тры спаборніцкія дні беларуская каманда заваявала чатыры залатыя ўзнагароды. Нашы спартсмены перамаглі ў заездзе байдарак-чацвёрак у дзяўчат на 500 м (Вольга Худэнка, Лізавета Вількова, Іна Саўчук, Уладзіслава Скрыганава), у жаночай байдарцы-адзіночцы і ў мужчынскай байдарцы-двойцы на 1000 м (Уладзіслаў Кравец, Раман Захаранка). Таксама ў актыве беларусаў — дзевяць сярэбраных і сем бронзавых медалёў. Расійскія спартсмены выйгралі 40 узнагарод.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: Беларуская федэрацыя хакея, UIPM

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».