Дзе можна павучыцца таму, як прафесійна рабіць дабро? Ці бывае дабрыня са знакам якасці? Чым цікавы досвед працы Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (ТЦСАН) Аршанскага раёна? Разважаем пра тое, гутарым з яго кіраўніцай, педагогам па адукацыі Кацярынай Муранковай.
І хто ж не марыць пажыць у грамадстве, дзе ўсё ўладкавана па законах дабрыні, спагадлівасці й міласэрнасці! Ну кожны прагаласуе «За»! Толькі большасць ахвочых такіх, вядома ж, хоча прыйсці ў такі зямны рай, што называецца, на ўсё гатовенькае. Як у пяцізоркавы гатэль на першай лініі, ды з цёплым морам пад вакном. І, як ні дзіўна, ёсць яшчэ парадокс: «правяць баль», збіраюць тысячы праглядаў у інфапрасторы зусім не «добрыя» тэмы пра самаадданых працаўніц сферы сацабслугоўвання. Рэйтынгі сведчаць: масавая ўвага чытачоў скіраваная пераважна ў «негатыўныя навіны», туды, дзе расказваюць пра канфлікты, разборкі, скандалы, здарэнні... Карацей, прыцягвае люд нейкае сацыяльнае балота. Хоць, вядома ж, не ўсіх, а так званага — абстрактнага — масавага чытача.
Вось таму й фокус увагі многіх журналістаў, блогераў скіраваны сёння, на жаль, у «сацыябалотныя» тэмы. Прычым падаюцца яны на ўзроўні абмена «голай» інфармацыяй, да таго ж у такіх жанрах «творчасці», дзе, як правіла, элементы душэўнасці, спачування чужому гору адсейваюцца як «нефармат». Такі кантэнт на рынку інфапаслуг запатрабаваны, ён — з катэгорыі «смажанае» ці «гарачыя піражкі». А вось навіна пра тое, што на Рэспубліканскую дошку Гонару па выніках працы за мінулы год патрапілі сёлета два ТЦСАНы — Аршанскага раёна Віцебшчыны ды Столінскага Брэстчыны — практычна не зацікавіла маіх калег. Толькі на партале Мінпрацы ў інтэрнэце, з падказкай прэс-сакратара Вольгі Шцін, знайшоў я «інфаслед» пра знакавую падзею. А ёсць жа і ў Оршы, і ў Століне каштоўны досвед! На які ўсім варта звярнуць увагу. Чаму ўсім — пра тое далей. Дарэчы, напярэдадні Першамая пасля ўрачыстасці ля Дошкі Гонару з кіраўніцамі цэнтраў — адпаведна Кацярынай Муранковай ды Людмілай Мароз — асобна сустрэлася Міністр працы й сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч. Павіншавала калег з высокай — дзяржаўнай! — ацэнкай іх працы.
Звярніце ўвагу: чатыры прозвішчы ў тэксце — і ўсе жаночыя. Па сутнасці, наша сістэма сацабароны і ёсць пераважна жаночая тэрыторыя. Дакладней — тэрыторыя ратавальніц. Падзвіжніц, якія штодзённа, нібы пажарнікі ці ўрачы, на перадавой: бяруць на свае плечы клопаты пра тых, хто мае ў тым патрэбу. Ратавальніцы дапамагаюць ветэранам, інвалідам, шматдзетным сем’ям, сіратам, ахвярам дамашняга гвалту — сотням людзей. Дарэчы, мудрасць народная падказвае, што не варта заракацца: у сілу абставін ці ўзросту (старэем — усе...) аказацца ў няпростай сітуацыі можа літаральна кожны з нас. На згаданай сустрэчы Ірына Касцевіч акцэнтавала ўвагу, што сам факт занясення лепшых Цэнтраў на Рэспубліканскую дошку Гонару ўжо матывуе іншых на далейшае развіццё ўсёй сацыяльнай сферы: «Дзякуй вам за вашу неабыякавую і нялёгкую працу! Вы — гонар нашай галіны! Штодня падаяце руку сотням людзей, дапамагаеце ім ісці далей па няпростай жыццёвай дарозе. Кожны чалавек, сутыкнуўшыся з цяжкай жыццёвай сітуацыяй, не павінен заставацца сам-насам са сваімі праблемамі. Ён павінен ведаць: куды можна звярнуцца і дзе яму змогуць дапамагчы».
Салідны маштаб такой сацыяльнай дапамогі на дзяржаўным узроўні ўражвае! А гэта ўсё патрабуе, вядома ж, немалых бюджэтных сродкаў. Між тым такую — сацыяльна арыентаваную дзяржаву — мы і разбудоўваем, і такую дзейнасць ужо называюць адметным брэндам Беларусі. У адным з апошніх інтэрв’ю намесніца Міністра Марына Арцёменка назвала лічбы: сацпаслугі шырокага спектра сёння аказвае 146 ТЦСАНаў, прычым у кожным адміністрацыйным раёне краіны ёсць такі Цэнтр. Да таго ж дапаўняюць сістэму 83 дамы-інтэрнаты для састарэлых ды інвалідаў. А ў сельскай мясцовасці сацпаслугі становяцца даступнымі дзякуючы таму, што дзейнічае там 1168 сацыяльных пунктаў і 28 філіялаў. Цяпер па Беларусі жыве больш за 150 тысяч непрацаздольных грамадзян ды інвалідаў, якія атрымліваюць сацпаслугі. А ёсць і пенсіянеры, якія пакуль працуюць. Летась у кастрычніку, да Міжнароднага дня пажылых людзей, Мінстат паведамляў: 1 475 943 — столькі з нас ужо ва ўзросце 65 і старэйшых.
Возьмем статыстыку па двух згаданых Цэнтрах. Аршанскі ТЦСАН абслугоўвае штогод амаль шэсць з паловай тысяч грамадзян, якія маюць патрэбу ў сацпадтрымцы, а Столінскі — каля пяці тысяч. І гэтыя лічбы ў маштабах краіны, несумненна, будуць толькі павялічвацца. Бо ўжо сёння ў сілу дэмаграфічнай сітуацыі кожны чацвёрты жахар Беларусі мае пенсійны ўзрост (тыя самыя амаль паўтара мільёна). І я, дарэчы, да яго набліжаюся... А да 2030-га і ўвогуле кожны пяты беларус перасягне мяжу 65-годдзя. Калі дасць Бог і будзем жывы, то многія, паверце, згадаюць пра тыя самыя ТЦСАНы: Тэрытарыяльныя цэнтры сацабслугоўвання насельніцтва. Так што Тэрыторыя ратавальніц — гэта ўся наша краіна.
Вось чаму каштоўны досвед, напрацаваны ў лепшых з Цэнтраў, варта пашыраць: мы ўсе ў тым крэўна зацікаўленыя. Што называецца, падсцелем саломку... Ды будзем ведаць, што Цэнтры сацабслугоўвання прапануюць сёння шэраг паслуг — найперш для пажылых людзей, інвалідаў, якія маюць патрэбу ў дапамозе й клопаце. Прэс-сакратар Мінпрацы Вольга Шцін адзначае: у ліку найбольш запатрабаваных паслуг сёння — абслугоўванне дома: дастаўка прадуктаў харчавання й прамтавараў, медыкаментаў, аплата жылля й камунальных паслуг, нарыхтоўка гародніны на зіму, гатаванне ежы, дастаўка вады, дапамога ва ўборцы жылля, апрацоўцы прысядзібнага ўчастка... Да таго ж цяпер на базе Цэнтраў працуюць аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ды інвалідаў. У іх працуе шэраг гурткоў і клубы па інтарэсах, у тым ліку па навучанні камп’ютарнай ды фінансавай граматнасці, замежным мовам. Наведнікі аддзяленняў — свае людзі на розных масавых імпрэзах ды экскурсіях.
Днямі павіншаваў я Кацярыну Муранкову з важнай падзеяй у жыцці Аршанскага ТЦСАН. Папярэдняя насцярожанасць яе ад нечаканага тэлефанавання змянілася цёплай удзячнасцю. У сістэме сацабароны, як аказалася, працуе яна больш за 10 гадоў. Не марыла быць на такой пасадзе — пайшла ў педкаледж пасля школы. Але ж трапіла маладая настаўніца пачатковых класаў Кацярына Васілеўна па размеркаванні працаваць выхавальніцай у Андрэеўскую школу-інтэрнат, што пад Оршай. Прыйшлося ёй не толькі педпрактыку асвойваць — прайсці суровую школу душэўнасці, спагады й дабрыні. Цяпер там — Андрэўскі дзіцячы дом. І на адным са здымкаў, здаецца, з 2018-га, ёсць Кацярына ўжо ў кампаніі дзетдомаўцаў і вядомага ў краіне і ў замежжы мужнага чалавека, героя Паралімпійскіх гульняў Аляксея Талая. Повязі кіраўніцы Цэнтра з гэтай сацыяльна-педагагічнай установай па-ранейшаму моцныя.
Аршанскі ТЦСАН — сёння, па сутнасці, узор для іншых. А дзейнасць Цэнтраў, паўторымся, скіраваная «на сацабслугоўванне грамадзян, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі». Тое чытаем, як адкрываем сайт Аршанскага цэнтра. І бачым: у ім 7 аддзяленняў, 179 супрацоўнікаў (ёсць і валанцёры!), там рэалізуецца 17 розных праектаў і штомесяц бывае пад 1000 наведнікаў. Вялікі ўчастак работы!
Ці выпадкова жыццё «вынесла» педагога-выхавальніцу Кацярыну Муранкову на кіруючую пасаду? Відаць, не. Бацька ж яе таксама на дзяржслужбе. Кацярына, як і Васіль Мікалаевіч, родам з суседняга Горацкага раёна, і адтуль перавялі яго на працу ў Аршанскі. Калі тэкст рыхтаваўся да друку, Васіль Муранкоў быў прызначаны намеснікам старшыні Аршанскага райвыканкама. Ёсць у каго павучыцца Кацярыне. Хоць і сама ўжо моцны, крэатыўны, дасведчаны кіраўнік: з прызнаннем на дзяржаўным узроўні.
«Дапамагло нам у поўную сілу разгарнуцца з сацыяльнай работай тое, што Прэзідэнт выказаўся за развіццё рэгіёна, і былі прынятыя адпаведныя меры, — гаворыць Кацярына Муранкова. — Наша сістэма сацабароны дзякуючы тым прэферэнцыям атрымала імпульс: у раёне адкрыліся новыя пункты для правядзення работы». Нагадаем, што размова — пра Указ № 506, якім напярэдадні 2019-га зацверджана была Праграма развіцця Аршанскага раёна да 2023 года. Каб належным чынам успрыняць «вецер перамен», выкарыстаць ягоную моц, спатрэбіўся моцны «ветразь»: у ТЦСАН падабраўся моцны, энергічны малады калектыў. «Мы разумеем: сацыяльная работа павінна ісці ў нагу з часам, браць усё лепшае ў тым ліку й са сферы інфатэхналогій, — прадаўжае Кацярына. — Супрацоўнікі нашы актыўна працуюць у розных сацсетках, мы прасоўваем у інфасферы свае праекты, медыярэкламу падаем, інфармацыю пра паслугі... Дарэчы, адны з першых у сістэме пачалі мы актыўна працаваць у сацсетках — і гэта дае станоўчы вынік».
З ТЦСАН у цеснай супрацы раённая «Аршанская газета». У прыватнасці, яна падавала цікавы тэкст пра тое, як у швейнай майстэрні Цэнтра (ён адкрыўся з падтрымкай нямецкіх спонсараў) аператыўна распачалі выраб марлевых масак для сацработнікаў. На сайце ёсць асартымент прадукцыі майстэрні (амаль 10 пазіцый), прычым хіт продажаў — пасцельная бялізна. І ў аддзяленні дзённага прабывання ТЦСАН таксама не сядзяць склаўшы рукі: там працуюць розныя гурткі ды клубы. І таксама ёсць прадукцыя — цэлы каталог пададзены на сайце Цэнтра. А грошы куды? На развіццё: «Усе сабраныя сродкі ідуць на падтрыманне й развіццё новых гурткоў і клубаў занятасці Аршанскага ТЦСАН. Таксама Цэнтр прадастаўляе паслугі вытворчасці прадукцыі пад заказ: для фізічных асоб і арганізацый». Каштоўны досвед!
Самая поўная інфармацыя пра кірункі дзейнасці ТЦСАН — таксама на сайце. З тэлефонамі, з падрабязнымі парадамі: куды каму з якой праблемай звяртацца. І нават з інфармацыяй пра дзяржорганы, куды «ў выпадку чаго» можна ісці далей. Ды, відаць, у супрацоўнікаў Аршанскага ТЦСАН хапае сродкаў, душэўных сіл, часу і валанцёраў, каб такіх зваротаў было як мага менш. У прыватнасці, на тэрыторыі раёна разгорнута дзейнасць «Тата-школы» (скіраваная на больш актыўны ўдзел маладых татаў у выхаванні дзяцей), аказваецца паслуга часовага прытулку ахвярам дамашняга гвалту (і псіхалагічная, сацыяльная ды іншыя віды дапамогі грамадзянам у крызісным стане). Падрабязныя адрасы, слушныя парады — ёсць на сайце. Як і парады па датэрміновым выкарыстанні сродкаў сямейнага капітала: раней такіх пытанняў, гаворыць Кацярына Муранкова, паступала нямала.
Вось даходліва выкладзеная інфармацыя пра меры сацпадтрымкі сямей з дзецьмі ў раёне... А тут — пра тонкасці рэабілітацыі ды сацадаптацыі людзей з інваліднасцю (і тых, «хто аказаўся ў складанай жыццёвай сітуацыі»). Пра сацыяпаслугі на доме — з падрабязным пералікам паслуг, а таксама пра аказанне матэрыяльнай дапамогі — з рознымі важнымі дэталямі. Нават інфармацыю пра гуманітарную ды іншую дапамогу (хто на яе мае права, як атрымаць) падалі на сайце: выдаецца праз салон «Міласэрнасць», які створаны ў аддзяленні сацадаптацыі ды рэабілітацыі ТЦСАН. І што мяне асабліва парадавала: гэтае ж адзяленне рэгулярна праводзіць акцыю «З рук у рукі». Пры тым «усе людзі, неабыякавыя да бяды іншых, могуць прыняць удзел у зборы рэчаў канкрэтна для таго, хто мае ў тым патрэбу». Прымаюцца ў дар «адзенне і абутак у добрым стане». Такі механізм сацыяльнай самадапамогі (з пашырэннем яе і на дробныя работы па гаспадарцы, доглядзе людзей, розныя работы па доме, дробным рамонце...), на мой погляд, варта б развіваць і праз асобны інтэрнэт-праект: як у раённым, так і ва ўсебеларускім маштабе. Але пра тое паразважаем іншым разам.
Асаблівая гордасць Кацярыны Муранковай — тое, што ўдалося ў раёне запусціць праект «Новые горизонты», развіць працу пунктаў часовай рэабілітацыі людзей з інваліднасцю: «Цяпер на тое ёсць ужо тры асобныя пляцоўкі. Прычым імкнемся іх пашыраць. Ёсць, напрыклад, і дзённае аддзяленне для інвалідаў 18+: у яго зручны графік работы. Можна там прыняць звыш 90 чалавек, і пастаянна знаходзяцца чалавек 30». Каштоўным таксама быў «Праект па навучанні жанчын Аршанскага раёна асновам аграбізнесу, прадуктыўнаму выкарыстанню зямельных участкаў — для атрымання дадатковага прыбытку для сям’і, адкрыцця малога бізнесу ды ўцягвання іх у працэс самазанятасці». Ён рэалізоўваўся ў 2018 годзе пры падтрымцы замежных спонсараў (Фонду «Кока-Кола») і садзеянні Беларускага дзіцячага фонду. Звыш 50 актыўных жанчын паўдзельнічалі ў практычнай частцы праекта — і пасеяныя такім чынам «зярняты ініцыятывы», адзначае Кацярына Муранкова, далі добрыя ўзыходы: «Як мінімум 10 чалавек з праекта стабільна падпрацоўваюць, рэалізуючы сваю прадукцыю. Сярод тых, хто аформіў сваю справу, Марына Гурбанава і Тамара Шчэрба».
Усё — не пераказаць, пра ўсё — не расказаць, чым жывуць сацработнікі Аршанскага раёна ды іх шматлікія падапечныя. Загляньце на сайт — і самі ў тым пераканаецеся. А яшчэ памятайце: для таго, каб жыць у грамадстве, дзе ўсё ўладкавана па законах дабрыні, спагадлівасці й міласэрнасці — нам патрэбна... самім такімі быць. Добрымі, спагадлівымі ды міласэрнымі. А канкрэтныя мадэлі сацыяльных вытворчасцяў, на якіх выпрацоўваецца дабрыня і спагадлівасць са знакам якасці, можна знайсці ў такіх месцах, які Аршанскі ТЦСАН.
Дзякуй усім, хто нясе службу на Тэрыторыі ратавальніц! Дзякуй усім, хто ўкладвае ў гэтую пачэсную справу — вытворчасць дабрыні — часцінку свайго вялікага сэрца!
Іван ЖДАНОВІЧ
Фотаздымкі прэс-службы Мінпрацы і Аршанскага ТЦСАН
А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.
Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.
«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».